Вы тут

Аляксандр Кобрусеў: «У самбістаў характар — мама не бядуй»


Самба, як і іншыя адзінаборствы, мае сваю філасофію. Таму па заслугах яго могуць ацаніць і зразумець толькі тыя, хто займаўся самба, ну ці вельмі адданыя прыхільнікі. Публіцы складаней зразумець і ацаніць усю глыбіню гэтага віду спорту, у адрозненне ад, напрыклад, гульнявых відаў. Але спаборніцтвы па самба не саступаюць ні ў напале эмоцый, ні ў энергіі, ні ў азарце ніводнаму іншаму спорту. І самае галоўнае — самба не саступае ў колькасці медалёў. З усіх важных міжнародных стартаў беларускія самбісты вяртаюцца з узнагародамі. На жаль, пакуль у іх няма алімпійскіх медалёў. У праграму Гульняў самба пакуль так і не ўключана, хоць Міжнародная федэрацыя самба (ФІАС) і атрымала пастаяннае прызнанне Міжнароднага алімпійскага камітэта. Напэўна, медалі з галоўных стартаў чатырохгоддзя для беларусаў — справа часу, як і шырокая цікавасць гледачоў. Тым больш што шмат для гэтага ўжо зроблена. Напрыклад, тыдзень таму на міжнародным турніры па самба на прызы Прэзідэнта Беларусі балельшчыкі актыўна падтрымлівалі спартсменаў. На першым старце сезона беларускія самбісты заваявалі 33 медаля, у тым ліку 8 залатых. Пачатак сезона прыгожы! Пра планы на бліжэйшы час, задачы на будучыню, праблемы і перспектывы айчыннай школы самаабароны без зброі расказаў старшыня Беларускай федэрацыі самба Аляксандр Кобрусеў.


— Аляксандр Аркадзьевіч, мінулы сезон для беларускіх самбістаў быў ураджайны на ўзнагароды. Якую адзнаку вы можаце яму даць?

— Нам заўсёды будзе не хапаць медалёў. Але трэба разумець, што спартсмен не можа быць ідэальна гатовы 12 месяцаў у годзе. Таму будуць старты, на якіх медалёў не будзе ці будзе менш, чым хацелася і планавалася. Гэта аб’ектыўна. У мінулым сезоне мы праводзілі ІІ Гульні краін СНД, вельмі значную падзею для краіны. Нашы спартсмены заваявалі 12 медалёў. На чэмпіянаце Еўропы — 13 медалёў. На чэмпіянаце свету беларускія самбісты заваявалі пяць узнагарод. Гэта значыць, нашы спартсмены стаялі на пастаменце найважнейшых спаборніцтваў. Але, шчыра сказаць, нам мала медалёў, таму што заўсёды хочацца больш. Не варта забываць, што самба — непрадказальны від спорту, у спартсменаў здараюцца траўмы. Ацэньваючы мінулы год, магу назваць яго прымальным. Спартсмены выканалі задачу, якая стаяла перад імі, паказалі, на што здольныя. Ёсць план работы над памылкамі, і ўсе разумеюць, у якім кірунку трэба рухацца, каб у новым сезоне медалёў было яшчэ больш.

— Гэта значыць, на чэмпіянаце свету планавалі больш, чым пяць медалёў?

— Планавалі мінімум пяць. Але наша каманда вельмі моцная, асабліва жаночая. Кожны спартсмен сёння здольны падняцца на п’едэстал. Але трэба разумець, што ў самба (як, напэўна, і ў любым іншым відзе спорту) адной гатоўнасці можа быць недастаткова. Патрабуецца крыху шанцавання, трэба добра ведаць свайго саперніка. Сёння на спаборніцтвы прыязджаюць спартсмены з краін, якія раней самба не развівалі. І яны не проста прыязджаюць — яны робяць сур’ёзную канкурэнцыю.

— Нават для спартсменаў, якія прадстаўляюць краіны, дзе зарадзілася самба?

— Хоць постсавецкія краіны і родапачынальнікі самба, гэта не азначае, што нам няма канкурэнцыі ў свеце. Прайшло нямала часу, і адзінаборства разышлося па свеце. Сёння праводзяцца чэмпіянаты Афрыкі, Азіі. Самба развіваецца ў многіх краінах. Недзе больш развіта спартыўнае, недзе — баявое. Але ў выніку ўсё роўна развіваецца самба, бо гэта захапляльны від спорту, які прыцягвае многіх. Ды нашто далёка хадзіць? У рамках ІІ Гульняў краін СНД спаборніцтвы па самба праходзілі ў Жлобіне. Непасрэдна па ходзе спаборніцтваў было вырашана адкрыць у мясцовай ДЮСШ аддзяленне самба. Прайшло паўгода — аддзяленне працуе, прыехаў малады зацікаўлены трэнер, у снежні правялі першы турнір сярод дзяцей. Дзякуй, канешне, і мясцовым органам улады за тое, што ўключыліся і дапамаглі.

— Рэгіёны зацікаўлены ў адкрыцці ў сябе аддзяленняў па самба?

— Вядома, мне як кіраўніку федэрацыі хочацца, каб у кожным рэгіёне было адкрыта аддзяленне самба. Але ў нас іншы падыход — мы не працуем па прынцыпе «аддзяленне дзеля аддзялення». Для таго каб адкрыць аддзяленне, якое будзе працаваць эфектыўна, трэба найперш знайсці трэнера. Бо дзеці ідуць менавіта да трэнера. 

І калі ёсць чалавек, які жадае працаваць, калі яму ёсць, з кім працаваць, магчымасці адкрыць аддзяленне знаходзяцца. Самае галоўнае — трэнеры.

І другі кірунак, які для нас важны ў развіцці самба, — узаемадзеянне і партнёрства з прыватнымі клубамі. Нельга ігнараваць іх існаванне. Нядаўна федэрацыя самба падпісала дамову з клубамі «Спарта» і Shock. Нам важна, каб прыватныя клубы выхоўвалі рэзерв для далейшага ўмацавання дарослых каманд і нацыянальнай каманды ў тым ліку. Яны праводзяць спаборніцтвы, дзе ўдзельнічае нямала дзяцей, і спецыялісты зборных каманд ужо могуць наглядаць рэзерв. У самба ёсць яшчэ адна перавага перад іншымі відамі. Самба — базавы від спорту для падрыхтоўкі супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, яно там культывуецца і паспяхова развіваецца. І гэта выдатная дапамога для прафесійнага спорту. Даволі часта супрацоўнікі міліцыі аддаюць сваіх дзяцей у секцыі самба, а некаторыя і зусім у вольны ад службовых абавязкаў час трэніруюць дзяцей.

— Вы кажаце, што ўсё пачынаецца з трэнера. А ці хапае спецыялістаў, асабліва маладых, якія жадаюць працаваць?

— Скажу шчыра, нам не хапае маладых спецыялістаў. Гэта, мусіць, праблема не толькі спорту, але і іншых сфер. Не ўсе маладыя трэнеры жадаюць ехаць на работу ў раённыя цэнтры. Дзіцячы трэнер — унікальны спецыяліст, ён не толькі прывівае любоў да спорту — ён фарміруе свядомасць і асобу дзіцяці. Нават з уласнага досведу магу сказаць, што часта трэнер для дзіцяці больш важкі аўтарытэт, чым бацькі. І памыляцца з гэтымі людзьмі нельга.

— Як вядома, у самба шмат падабенстваў з дзюдо. Сёння дзюдо дапамагае самба развівацца?

— У нашым выпадку самба дапамагае дзюдо. Галоўны трэнер нашай зборнай Юры Рыбак выступаў на Алімпійскіх гульнях у спаборніцтвах па дзюдо. Цяперашні галоўны трэнер зборнай па дзюдо Андрэй Казусёнак быў членам нацыянальнай каманды па самба, ён чатырохразовы чэмпіён свету. Гэта значыць, самбісты ўзмацняюць каманду дзюдаістаў. Паколькі адзінаборствы падобныя, часта спартсмены пераходзяць з дзюдо ў самба і наадварот — да чаго больш душа ляжыць. І гэта абсалютна нармальна. У нас няма ніякай канкурэнцыі, мы радуемся поспехам дзюдаістаў. Тым больш іх від спорту ўключаны ў алімпійскую праграму, таму мы можам толькі радавацца поспехам калег і быць заўсёды гатовымі ім дапамагчы.

— Даніэла Ждан, Таццяна Мацко, Святлана Цімашэнка — безумоўныя лідары айчыннага самба. А што наконт моладзі?

— Цяпер у нацыянальных камандах адбываецца змена пакаленняў. Моладзь у нас амбіцыйная, мэтанакіраваная. Яны працуюць побач з лідарамі, праводзяць з імі спарынгі — перад вачыма ў іх вельмі добры ўзор для пераймання. У нас усе спартсмены моцныя, бо лідарам патрэбны моцныя спарынг-партнёры. Але, шчыра кажучы, мне як кіраўніку федэрацыі хацелася б, каб лаўка запасных была большая.

— У беларускага самба мужчынскі твар ці жаночы?

— Усё-ткі жаночы. Дзяўчыны ў нас лідзіруюць. У мужчынскай камандзе ідзе актыўная змена пакаленняў, кар’еры скончылі шэраг вядомых спартсменаў, сярод іх і Юрый Рыбак — легендарны самбіст, які, на шчасце, стаў трэнерам. Жаночая каманда больш стабільная, што выяўляецца і ў колькасці медалёў. Наша жаночая каманда ўваходзіць у тройку наймацнейшых каманд свету. І асабліва прыемна, што дзяўчаты рэалізавалі сябе і ў сям’і, яны становяцца чэмпіёнкамі свету паміж нараджэннем дзяцей. Унікальныя людзі, з неверагоднай працаздольнасцю.

— Аляксандр Аркадзьевіч, самба як від спорту развіваецца менш за сто гадоў. Для гісторыі не вельмі вялікі тэрмін. Але ўсё ж за гэты час паспела сфарміравацца школа беларускага самба?

— Безумоўна. У нас добрая школа, ёсць свае традыцыі. Самае галоўнае, што ёсць моцныя трэнеры, якія знаходзяць таленты і прыводзяць іх да п’едэсталаў. У беларускім самба вельмі шмат куміраў для моладзі, а значыць, традыцыі і школа будуць толькі ўмацоўвацца.

— Хто асабіста ваш кумір у самба?

— Я люблю ўсіх нашых спартсменаў. Таму мае куміры — нацыянальная каманда. І, канешне, нашы легенды. Вераніка Казлоўская, якая сёння займае пасаду намесніка старшыні федэрацыі, сяміразовая чэмпіёнка свету, чым не кумір для моладзі? Уладзімір Япрынцаў — трохразовы чэмпіён свету — чым не кумір? Кожны з нашых легендарных спартсменаў — кумір. Васіль Крываногаў, першы чэмпіён Еўропы па самба ў Беларусі, на адкрыццё аддзялення ў Жлобіне надзеў свае медалі. Дзеці разглядалі яго ўзнагароды з зіхатлівымі вачыма. Кожны з беларускіх чэмпіёнаў сваімі спартыўнымі дасягненнямі ўнёс вялікі ўклад у развіццё самба і працягвае гэта рабіць сёння.

— У чым сакрэт беларускай школы самба?

— У сіле характару нашых спартсменаў і высокай кваліфікацыі трэнераў, якія яго развіваюць. Характар спартсмена — вялікая рэч. У самбістаў характар «мама, не бядуй». Па-за дываном яны спакойныя, але іх мэтанакіраванасць, сіла, рызыка на дыване не пакідаюць сапернікам ніякіх шанцаў. І за гэта вялікі дзякуй трэнерам. Без ведаў і досведу, фанатызму і адданасці трэнераў не будзе ніякіх медалёў. У самба звязка «трэнер—спартсмен» працуе ідэальна. І, вядома, вялікае значэнне маюць адносіны дзяржавы да спорту. Усе цудоўна ведаюць, як шмат увагі ўдзяляецца спорту ў Беларусі, колькі спартыўных аб’ектаў пабудавана і рэканструіравана. Што вельмі важна — заняткі ў дзіцяча-юнацкіх школах абсалютна бясплатныя.

Так што тут казаць, калі моладзь бачыць, што кіраўнік дзяржавы займаецца спортам, нягледзячы на свой шчыльны графік. Канешне, гледзячы на такі прыклад, і моладзь у спорт пацягнецца.

«Хоць постсавецкія краіны і родапачынальнікі самба, гэта не азначае, што нам няма канкурэнцыі ў свеце. Прайшло нямала часу, і адзінаборства разышлося па свеце. Сёння праводзяцца чэмпіянаты Афрыкі, Азіі. Самба развіваецца ў многіх краінах. Недзе больш развіта спартыўнае, недзе — баявое. Але ў выніку ўсё роўна развіваецца самба, бо гэта захапляльны від спорту, які прыцягвае многіх».

— Што для вас самае важнае ў філасофіі самба?

— Тое, што чалавек, які займаецца самба, заўсёды прыйдзе на дапамогу і ніколі нікому не прычыніць шкоды. Гэта закладзена ў вытоках — «самаабарона без зброі». Для мяне самба — стымул рухацца наперад, пастаянна развівацца. Работа нашай федэрацыі пабудавана на добраахвотнай аснове. І для мяне даражэй грошай бачыць медалі нашых спартсменаў, усмешкі гледачоў, высокую адзнаку працы нашых трэнераў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».