Вы тут

Якія турыстычныя маршруты на Міншчыне самыя папулярныя?


Пра папулярныя маршруты і незвычайныя мясціны Мінска і Мінскай вобласці вялі гутарку спецыялісты падчас прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы. Вынікамі 2023 года і некаторымі планамі на сёлетні падзяліліся Уладзімір Губарэвіч, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, і Аляксей Русакевіч, дырэктар Інфармацыйна-турысцкага цэнтра «Мінск». Звесткі пра санаторнакурортныя арганізацыі агучылі прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ірына Яўсеева і Ірына Салаўёва.


 

Сталіца запрашае 

Натуральна, турыстычным цэнтрам Беларусі па праве лічыцца сталіца, праз якую часта і фарміруецца імідж краіны за мяжой. Сёння ў Мінску дзейнічае 55 гасцініц, 15 аналагічных і каля 1000 індывідуальных сродкаў размяшчэння турыстаў. 17 тэатраў, 30 музеяў і болей за 10 галерэй — культурная праграма будзе залежаць ад уласных пераваг падарожнікаў. Што тычыцца пешаходных і аўтобусных экскурсій, то разнастайныя арганізацыі прапануюць прыкладна 40 праграм. Сертыфікаты Нацыянальнага агенцтва па турызме маюць 19 экскурсійных маршрутаў. 

Самы папулярны маршрурт сярод турыстаў, не дзіва, — аглядная экскурсія па Мінску. Яе асноўныя прыпынкі — Верхні горад, плошча Незалежнасці, Траецкае прадмесце і Нацыянальная бібліятэка. Цікава, што вельмі распаўсюджаным сярод жыхароў сталіцы і гасцей горада стаў веласіпедны турызм. Так, сёння ва ўсіх раёнах Мінска існуюць вела-пешаходныя дарожкі працягласцю ад 5 да 10 кіламетраў, якія ўяўляюць сабой вялікі сталічны вела-пешаходны маршрут. «Мы не спыніліся на яго стварэнні, — расказаў дырэктар Інфармацыйна-турысцкага цэнтра „Мінск“ Аляксей Русакевіч. — Цяпер праводзіцца конкурс на найлепшы сталічны веламаршрут. У кожным раёне вучнямі сярэдніх і спецыяльных устаноў адукацыі распрацаваны тэксты экскурсій. На гарадскі этап конкурсу пададзена каля 30 заявак. У сакавіку пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў, а бліжэй да летняга сезона найлепшыя маршруты з’явяцца на турыстычным партале Мінска і будуць прэзентаваны ў прэсе». 

Паводле слоў Аляксея Русакевіча, найбольшую цікавасць турыстаў выклікае гістарычны цэнтр горада (Траецкае прадмесце, Верхні горад, Ракаўскае прадмесце). Сёння ўвага прадстаўнікоў турыстычнай сферы скіравана менавіта на Ракаўскае прадмесце: на сакавік там запланавана адкрыццё новага цэнтра керамікі; да таго ж вядзецца работа па стварэнні Мінскага гарадскога фальклорнага цэнтра. Яго мяркуюць размясціць у межах гістарычнага цэнтра горада — па вуліцы Ракаўскай, 17. «У ім мы прадставім фальклор усёй Беларусі. Там будуць праводзіцца майстар-класы і гастранамічныя вечары», — удакладніў дырэктар Інфармацыйна-турысцкага цэнтра «Мінск». 

Адметна, што набыў папулярнасць прамысловы турызм. У 2024 годзе 21 прадпрыемства Мінска прапануе паслугі па арганізацыі экскурсій. Мінскі трактарны завод і музей гадзіннікавай справы на Мінскім гадзіннікавым заводзе, які зусім нядаўна пачаў сваю працу, — у лідарах па наведвальнасці. Падчас экскурсіі ў апошнім можна даведацца пра тэхналогіі стварэння гадзіннікаў, убачыць сучаснае абсталяванне, наведаць механічны і зборачны цэхі, участкі друку цыферблатаў і аэраграфіі. 

Дарэчы, на прэс-канферэнцыі анансавалі далёка не ўсе цікавосткі, якімі сталіца будзе радаваць жыхароў горада і гасцей. Больш навінак сезона абяцаюць прадставіць на выстаўцы «Адпачынак-2024», што пройдзе з 18 да 20 красавіка ў Мінску. 

Патэнцыял рэгіёна 

Начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Уладзімір Губарэвіч упэўнены: ацаніць турыстычны патэнцыял Мінскай вобласці няцяжка — для гэтага створаны ўсе ўмовы. Напрыклад, у рэгіёне болей як 120 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, 116 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый, 365 аграсядзіб... Сваю дзейнасць ажыццяўляюць 99 турыстычных арганізацый. 

Найбольш перспектыўным кірункам развіцця індустрыі турызму ў вобласці спецыялісты лічаць менавіта аграэкатурызм. Аграсядзібы прапаноўваюць не толькі паслугі па размяшчэнні падарожнікаў, але і вядуць актыўную дзейнасць па прасоўванні гастранамічнага турызму: праводзяць экскурсіі, майстар-класы, дэгустацыі прадуктаў уласнай вытворчасці... 

Апошнім часам даволі актыўна распаўсюджваецца экалагічны турызм — на Міншчыне існуе 280 асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. «Аматары экалагічнага турызму маюць магчымасць атрымаць асалоду ад некранутай прыроды, наведаўшы заказнікі, помнікі прыроды, якія лічацца эксклюзіўнымі. Нацыянальны парк „Нарачанскі“ — адна з самых ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі. Асаблівы здабытак — канцэнтрацыя на яго тэрыторыі вялікіх і малых разнавіднасцяў азёр. Унікальнасць заключаецца ў тым, што гэта самая вялікая ў Беларусі культурна-аздараўленчая зона. Таксама ў нацыянальным парку распрацавана віртуальная экскурсія на паветраным шары», — расказаў Уладзімір Губарэвіч. 

Ён таксама звярнуў увагу на буйны штучны вадаём Беларусі — Вілейскае вадасховішча (па велічыні яно саступае толькі возеру Нарач). Вадасховішча стала адным з самых папулярных месцаў адпачынку. На яго ўзбярэжжы ёсць усе аб’екты для камфортнага баўлення часу, адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення спорту і турызму абласнога выканкама. 

Запатрабаваны турыстамі і музеі Міншчыны (сетка дзяржаўных музеяў налічвае 23 установы), а таксама шматлікія памятныя мясціны. Лідарства па наведвальнасці не губляе Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь», дзе летась была адкрыта пастаянная экспазіцыя новага музея. У 2023 годзе комплекс наведалі больш за 520 тысяч беларусаў і больш за 11 тысяч грамадзян бліжняга і далёкага замежжа.

Што тычыцца прамысловага турызму, то найбольшай папулярнасцю карыстаецца ААТ «БЕЛАЗ». Па апошніх даных, на прадпрыемстве ў 2023 годзе пабывалі больш за 50 тысяч наведвальнікаў. Дарэчы, каб папулярызаваць гэты кірунак падарожжаў, галоўнае ўпраўленне спорту і турызму Мінаблвыканкама выдала спецыяльны даведнік, дзе прадстаўлена інфармацыя аб 22 прадпрыемствах вобласці, якія запрашаюць на экскурсіі. 

Не меней запатрабаваны сёння рэлігійны турызм. На Міншчыне функцыянуе больш за 500 культавых будынкаў, чатыры праваслаўныя манастыры, распрацавана больш за 200 турыстычных маршрутаў з наведваннем храмаў і святых месцаў. Таксама ў 2023 годзе, дзякуючы намаганням галоўнага ўпраўлення спорту і турызму і Беларускай праваслаўнай царквы, з’явіўся даведнік па рэлігійным турызме «Міншчына праваслаўная». 

Актуальныя звесткі — прыярытэтны кірунак галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама. Найбольш важныя навіны і неабходную для падарожжаў інфармацыю можна знайсці на турыстычным партале, у Telegram-канале «Мінская вобласць — турыстычная». 

Дарэчы, за 2023 год у 50 здраўніцах, размешчаных на тэрыторыі вобласці, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне прайшлі 346 тысяч чалавек (выручка ад рэалізацыі паслуг склала 352 мільёны рублёў). Гэта на 8 тысяч чалавек болей, чым у 2022-м. Летась здраўніцы вобласці наведалі 70,3 тысячы замежных грамадзян. 93% з іх — грамадзяне Расіі. Сярод маршрутаў і экскурсій, якія прапаноўваюць адпачывальнікам, — «Жамчужына Беларусі — ваколіцы возера Нарач», «Архітэктурная спадчына Нарачанскага краю», культурны комплекс «Наносы Адпачынак». 

Збочыць са звыклага маршруту 

Чым вандроўнікаў прываблівае Міншчына, якія яе мясціны без перабольшання можна назваць папулярнымі ў беларускіх і замежных турыстаў, дык гэта, без сумневу, Нясвіжскі замак, парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула», гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», музейны комплекс «Дудуткі», музей гісторыі Слуцкіх паясоў, сядзіба Гутэн-Чапскіх у вёсцы Станькава, музей народнай архітэктуры і побыту «Азярцо», сядзіба Чапскіх у вёсцы Прылукі, сядзіба ДруцкіхЛюбецкіх у Новым Полі, гісторыка-культурны музейзапаведнік «Заслаўе», касцёл Бернардынаў у Будславе... 

Аднак што меней заўважнае і незвычайнае ёсць на тэрыторыі вобласці? Спецыялісты па турызме падчас прэс-канферэнцыі амаль не закранулі гэтай тэмы. Так і падарожнікі часам выпускаюць з-пад увагі тое, што побач са славутымі мясцінамі ці па дарозе да іх можна знайсці не зусім тыповых і не меней адметных «сведкаў» даўняй гісторыі. Так, гаворка перш-наперш пра гісторыка-культурны напрамак турызму, які прываблівае ў тым ліку крохкай архітэктурнай спадчынай. Унікальныя ў сваёй захаванасці альбо амаль разбураныя, яшчэ крыху — і старачаныя, многія будынкі здольны зацікавіць усіх неабыякавых да мінулага і сучаснасці Беларусі. 

Возера Нарач. Фота Яўгеніі Шыцькі

Напрыклад, непадалёк ад вёсак Баравое і Новая Рудзіца (Дзяржынскі раён) знаходзіцца даволі незвычайная капліца-пахавальня роду Дыбоўскіх. Адсутнічаюць дакладныя звесткі аб даце яе пабудовы, ды і ўвогуле лёс цьмяны... Дакладна, што капліца-пахавальня дайшла да нас з XIX стагоддзя і паўстае прыкладам такога віду збудаванняў. А ў вёсцы Першамайск (Уздзенскі раён) можна знайсці яшчэ болей каштоўны для гістарычнай спадчыны Беларусі Кальвінскі збор, які лічыцца адным з самых яркіх узораў кальвінісцкай архітэктуры на тэрыторыі краіны, рэдкім помнікам перыяду Рэнесансу. Будынак, што цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Уздзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, невялікі, але трывалы, узвялі ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Прыцягвае ўвагу яшчэ адна цікавая пабудова рэлігійнага прызначэння — касцёл Святога Іосіфа ў вёсцы Рубяжэвічы (Стаўбцоўскі раён). Збудаванне з прыроднага каменя ўзведзена ўжо ў 1911 годзе ў стылі неаготыкі. Вышыня яго дасягае 45 метраў. У касцёле, адметна, ёсць старажытны арган, дастаўлены сюды ў 1928 годзе з Вільні. 

Летась вялікую ўвагу падарожнікаў і людзей, якія цікавяцца адметнымі добра захаванымі архітэктурнымі помнікамі, выклікаў рымска-каталіцкі касцёл Божага Цела ў вёсцы Багушэвічы (Бярэзінскі раён), пабудаваны ў XVIII стагоддзі ў стылі неаготыкі. Вядома, што першы каталіцкі храм быў заснаваны там яшчэ ў 1644 годзе Рыгорам Друцкім-Горскім. Новы будынак быў пабудаваны як сямейны магільны склеп Свентаржэцкіх. Ён уваходзіў у склад сядзібна-паркавага ансамбля, які належаў сям’і да 1863 года і быў спалены па загадзе губернатара Мураўёва як уласнасць кіраўніка паўстання 1863–1864 гадоў на Ігуменшчыне. У 1875 годзе будынак храма быў перададзены праваслаўнай царкве. Стагоддзе пасля, у 1989 годзе, там здарыўся пажар. А 20 гадоў таму касцёл Божага Цела быў пераасвечаны, адрэстаўрыраваны пасля пажару і вернуты католікам. 

Падарожжа па гэтых і падобных мясцінах, як правіла, трэба здзяйсняць самастойна. Натуральна, можна паўдзельнічаць і ў арганізаванай турагенцтвам экскурсіі: знайсці належныя варыянты сёння няма складанасці. Галоўнае, каб яны задаволілі законны інтарэс. А ў гэтым і ёсць загваздка — чаканні ад наведвання помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны не заўсёды апраўдваюцца. Занадта мала інфармацыі, празмерныя патрабаванні... Гэта не тыя надзейныя цэнтры прыцягнення турыстаў, якія абяцаюць пэўныя ўражанні і эмоцыі. Усцешна, што з’яўляецца ўсё болей выданняў, прысвечаных не толькі славутасцям, але і меней знакамітым куткам Міншчыны. Напрыклад, на тым жа партале minoblturism. gov. by змешчаны добрыя турыстычныя даведнікі. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.