Вы тут

Новы нумар часопіса «Нёман»: агляд «старонак памяці»


Чалавечая памяць хавае ўсё дрэннае за тоўшчай лёду забыцця, а на паверхню быццам бурнай горнай ракой выносіць добрыя светлыя ўспаміны. Старажытная мудрасць сцвярджае: «Усяму свой час, раніцай слёзы, а ўвечар смех, усё цячэ, усё змяняецца». Часопіс «Нёман» у новым годзе застаецца верным традыцыйным запаветам: надыходзіць час збіраць камяні памяці, каб пабудаваць дом цывілізацыі на трывалым падмурку гісторыі.


Тэма вайны і чалавека на вайне здаецца той канцэптуальнай глыбай, без якой не выстаіць ніводнае літаратурнае збудаванне. Але ў тым і талент, што ўсё новыя аўтары раскрываюць гэтую тэму арыгінальна, прапануючы свой ідэйна-вобразны «падмурак». Калісьці стомлены ад чужыны Аляксандр Купрын у адным з інтэрв’ю казаў, што пісаць трэба творы пра дзяцей і жывёл і шкадаваў, што аўтары ўсё радзей звяртаюцца да гэтых вобразаў у сваёй творчасці. Слязінка і смех дзіцяці, яго душа, як і вобраз прыроды — безабаронная жывёла, — асноўныя арыенціры.

Так, вачыма хлопчыка Максімкі прапаноўвае зірнуць на вайну Алег Ждан-Пушкін у сваёй аповесці «Вызваленне». Яго герой успамінае дзяцінства, якое выпала на апалены вайной горад Мсціслаў. Сэнсастваральным у аповесці з’яўляецца канцэпт дом і яго семантыка-сімвалічныя інварыянты: пакінуты, спалены, апусцелы. Антытэза жыццё — смерць рэалізоўваецца на ўзроўні вобразаў яўрэйскай дзяўчынкі Фрыды і яе маці, якія аказаліся па розныя бакі агульнай ямы і ўпалі ў яе разам з іншымі расстралянымі яўрэямі, і хлопчыка Максімкі, які са сваёй мамай знайшоў прытулак менавіта у доме гэтай Фрыды. Агульная магіла, у якой пахавалі забітых савецкіх салдат з гадамі стане брацкай магілай. Скрозь агонь памяці даносяцца словы маладога капітана: «Не плачьте, матери, не плачьте, сестры». У Максімкі ёсць два найлепшыя сябры — кульгавая старая кабылка Белкака і дзед Іван. У класічных традыцыях мастацкага ўвасаблення «дыялектыкі душы» хлопчык праходзіць этапы сталення праз страх страціць блізкіх людзей, праз смерць родных. Ён плача па Белцы, якую могуць прадаць з-за голаду, увесь час пытаецца ў дзеда: «Ты не умрешь?»

Матыў надзеі на лепшае жыццё рэалізоўваецца на ўзроўні топасаў абгарэлага коміна, які застаецца на попеле спаленага гнязда (як сімвал хатняга ачага), і дарогі, па якой едуць пагарэльцы — сям’я Максімкі, яна ў канцы прывяла іх да перамогі і сустрэчы з мірным жыццём. Пасталелы герой праз гады глядзіць на вечны агонь на святочнай плошчы, і для яго фраза «толькі б не было вайны» — не банальнае выслоўе, як і для мільёнаў дзяцей тых страшных вогненных гадоў.

У сучасным свеце на фоне агульнай заклапочанасці наконт правоў дзіцяці і траўміраванасці дзіцячай душы ўсё часцей можна пачуць меркаванне, што дзеці не павінны ведаць аб вайне, аб канцлагерах, што гэта параніць іх душы. У свой час наведваючы са студэнтамі дамы састарэлых, я пачула ад дырэктара, што ў большасці з жыхароў гэтых прытулкаў ёсць здаровыя і паспяховыя дзеці, якія прыязджаюць раз на месяц наведаць сваю маці або дзеда з шакаладкай і парай шкарпэтак. Тады я ўпершыню задумалася, ці правільна мы выхоўваем сваіх дзяцей, хаваючы ад іх звесткі пра пакуты, гора, быццам нічога і не было ніколі: ні блакаднага Ленінграда, ні Хатыні. І вырастаюць бессардэчныя монстры, якія пазбаўляюцца ад хворай маці ці старога бацькі, не знаходзячы ў іх адчувальнай карысці. Таму мой сын неаднаразова бываў у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, мы глядзім фільмы пра блакаду, і я ўдзячная тым настаўнікам, якія не выбіраюць з гісторыі толькі святочныя падзеі. 

Упэўнена, што сучасная літаратура аб вайне павінна быць максімальна рэалістычнай, блізкай да натуралізму, без метафарычных «блішчынак», каб застацца ў памяці назаўжды. І ў гэтых адносінах аповесць Наталлі Саветнай «Вайна не скончыцца заўтра» ўяўляецца найбольш удалай. Гэта сага аб маці, якія страцілі мужоў, хату, родных, наогул, тыл, любую падтрымку, але ўсімі сіламі імкнуцца зберагчы сваіх дзяцей. Сімвалічнае імя адной з гераінь — Марыя. Яна праходзіць усе выпрабаванні, каб дабрацца да Віцебска, акупаванага немцамі, дзе з бабуляй застаўся яе сын. 

Пісьменніца выбірае кальцавую кампазіцыю — у фінале ўжо пажылыя дзеці вайны ў святочным майскім гарадку ходзяць па мясцінах, дзе хаваліся ў вайну ад немцаў, наведваюць людзей, якія ім дапамагалі выжываць.

Сотні жыхароў і гасцей Мінска штодзень праходзяць міма яшчэ аднаго памятнага знака вайны, які ўзведзены ў гонар загінулых і пацярпелых у Афганскую вайну, — помніка мужнасці і смутку на востраве ракі Свіслач, што ў народзе называецца «Востраў слёз». Напярэдадні 35-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана часопіс «Нёман» знаёміць чытачоў з даследаваннем публіцыста Віктара Іванчыкава, якое прысвечана гісторыі ўзвядзення ў Мінску помніка воінам-інтэрнацыяналістам. Чытач даведаецца аб конкурсе на найлепшы праект, аб тралейбусе і аўтобусе, якія былі спецыяльна пераабсталяваны і нагадвалі аб гісторыі подзвігу афганцаў, а пасажыры маглі ахвяраваць грошы на ўзвядзенне помніка; пра звон «Марыя», які быў усталяваны на мемарыяльным комплексе. І няхай гэтыя слёзы маці і смерць сыноў, можа, не апраўдаліся гісторыяй, іх нельга забываць, таму што афганцы стаяць у шэрагу дзясяткаў тысяч воінаў мінулага і сучаснасці, якія выконваюць абавязак перад радзімай, служаць ёй. 

Калі названыя вышэй аўтары першага ў 2024 годзе нумара «Нёмана» звярталіся да вайны ў гістарычным плане, то творы Генадзя Аўласенкі і Таццяны Дашкевіч узнімаюць экзістэнцыянальныя пытанні барацьбы чалавека з уласным запалам, вайну, якая адбываецца ў сэрцы чалавека, дзе, па словах класіка, «Бог з д’яблам змагаецца». Так, Таццяна Дашкевіч у цыкле апавяданняў «Таямніца» апісвае жыццёвую, цалкам стандартную сітуацыю: удавец, паспяховы бізнесмен Ігар захапляецца новай супрацоўніцай Алінай. У чарадзе шматлікіх палюбоўніц, пра якіх ён успамінае ў гэты час, яе твар здаецца яму знаёмым. Бязладзіца ў кватэры (без жаночай рукі) адлюстроўвае хаос у душы героя. Канцэпт захламленасці прасторы, як і зарослага саду ў міфапаэтыцы, сімвалізуе грахоўнасць душы персанажа. У героя часам узнікае адчуванне віны перад жонкай, якая цярпела яго здрады, непрыемна паколвае сумленне. У нейкі момант яму здаецца, што каханне да Аліны можа стаць ачышчальнай лебядзінай песняй у яго шэрым, перанасычаным эмоцыямі жыцці. ««Господи, да за что мне это? Спасибо, конечно, но не нужно... Не хочу ничего. Нет, я хочу! Хочу! Я хочу быть с ней!» Игорь очнулся окончательно и понял, что не просто говорит вслух, а кричит: сел в кровати, закрыл лицо рукамии... зарыдал. Ему нужна была спасительная шлюпка, чтобы не задохнуться и не умереть». Фінал адлюстроўвае матыў бумеранга: Аліна з’язджае за мяжу, пакінуўшы гора-босу ліст, у якім прызнаецца, што была адным з яго мімалётных захапленняў і нарадзіла ад яго сына, якому ўжо 16 гадоў. Герой суцяшаецца ўнукам і дачкой, але прывід падманутай ім некалі 19-гадовай дзяўчыны стане яго вечнай пакутай. «И только долгими черными ночами мысленно собирал разбитый барельеф лица девушки, какой была Алина лет семнадцать назад. И пытался придумать лицо мальчика, похожего на него в детстве. И не было для него мучительнее наказания на этой земле».

Вобраз жанчыны, якая кідае мужа і дзяцей і едзе на заробкі ў Маскву, стаў тыповым у сучаснай літаратуры. Колькі іх, прыгожых Тань і Мань, якія, падобна гераіні апавядання Таццяны Дашкевіч «Таямніца», едуць у белакаменную з правінцыяльнага мястэчка. Праца гувернанткай, нянькай, прадаўшчыцай, лоўля багатага дзядка, прага разбагацець — увесь гэты кругаварот раптам абрывае каранавірус. Гераіню, якую ў свой час не спыніла смерць маці і слёзы дзяцей («Она умерла счастливой», — скажа дачка на пахаванні), забірае ў палон смяротны вірус. Вярнуўшыся да жыцця ў прамым і пераносным сэнсе, гераіня перажывае экзістэнцыяльны крызіс і вырашае паехаць да дзяцей. Пакаяннымі слязамі гераіні апавяданне заканчваецца і хочацца верыць, што сын-падлетак, які «пахаваў» сваю маці («Она умерла... счастливой», — кажа ён сваёй сяброўцы), даруе ей і дасць новы шанц праявіць сваё мацярынства.

Генадзь Аўласенка ў традыцыях сюррэалізму і містычнага рэалізму Ф. Кафкі, Г. Маркеса, Э. По, О. Уайльда апісвае сітуацыі пошуку чалавекам сябе, сэнсу жыцця і кахання ў апавяданнях «А можа мне гэта падалося» і «Адлюстраванне». У першым апавяданні герой пражывае прыгожую ноч у казачным замку з неверагоднай жанчынай. Гэтая сустрэча для яго становіцца падарункам нябёсаў, але раніцай аказалася, што цудоўная містэрыя — вынік выпітага алкаголю. Так адкрытым застаецца пытанне: была гэтая сустрэча ці здалася ў вакхавым трызненні? Другое апавяданне Г. Аўласенкі — рэцэпцыя на гісторыю Дарыяна Грэя, толькі тут не маладосць і прыгажосць, а ўлада і багацце зачароўваюць герояў, у якіх усяляецца здань люстэрка. Яны гатовы адмовіцца ад мары — стаць лекарам ці акцёрам, каб служыць высокім ідэям і людзям — толькі дзеля таго, каб мець незлічоныя скарбы, якія ў канцы губяць іхнія душы.

Да люстэрка сучаснай беларускай жаночай навелы запрашае чытача Алена Крыклівец у сваёй рэцэнзіі на кнігу «Размова з люстэркам». Кніга ўбачыла свет у 2023 годзе ў рамках сумеснага праекта Саюза пісьменнікаў Беларусі і выдавецтва «Аверсэв» (укладальнік Алесь Карлюкевіч). Прафесар адзначае, што зборнік «увасабляе спробу беларускіх пісьменнікаў зафіксаваць псіхалагічнае аблічча сучасніка, яго сацыяльнае і маральнае «адлюстраванне»». Рэцэнзент падкрэслівае разнастайнасць ідэйнага і мастацкага зместу кожнага з прадстаўленых твораў, дае высокую ацэнку аксіялагічнаму дыяпазону навел, спосабам рэпрэзентацыі жаночага пазнання свету, робіць акцэнт на лірычнай дамінанце многіх апавяданняў, што ў сукупнасці анансуе зборнік шырокаму колу чытачоў.

Лірычны кампанент часопіса прадстаўлены творамі Анатоля Аўруціна (цыкл «З чыстага аркуша»), Міхаіла Пазнякова («Да самай хвіліны апошняй...»), Ларысы Ганчаровай («Печка, ёлка, за акенцам снег...»).

Аўтары нагадваюць аб галоўным — аб памяці, падзяцы, веры.

Годы летят к закату,

Души спешат к рассвету.

Думать о главном надо,

В главном источник света.

(А. Ганчарова)

Гутарка двух рэдактараў — Наталлі Касцючэнкі (часопіс «Нёман») і Уладзіслава Арцёмава (часопіс «Масква») аб галоўным для людзей, у руках якіх лёс тоўстага літаратурнага часопіса, аб сучаснасці і будучыні літаратуры, аб ролі нацыянальнага ў мастацтве, аб сусветным значэнні літаратуры не застанецца па-за ўвагай удумлівага чытача.

Быць чалавекам — вось крэда Уладзіслава Арцёмава, але быць — гэта не значыць прымаць сябе такім, які ёсць, «быць сабой» — гэта значыць імкнуцца да дасканаласці, змагаючыся з грахоўным, наносным у сабе. Гэта адсылае да запавету Францыска Скарыны: хай дасканалы будзе чалавек Божы.

Пра людзей, незаслужана забытых ці незаўважаных у гісторыі літаратуры і літаратуразнаўстве, не стамляецца нагадваць Алесь Карлюкевіч у рубрыцы «Літаратурная садружнасць». Так, у чарговым артыкуле пад назвай «Няскончаныя творы Чынгіза Айтматава: у чым прычына?!» ён прэзентуе арыгінальнае літаратуразнаўчае даследаванне кіргізскага акадэміка-айтматавазнаўца Абдылдажана-Меліса Акматаліева. А. Карлюкевіч знаёміць чытачоў з аспектамі пошуку акадэмікам мастацкіх прыярытэтаў Чынгіза Айтматава, сэнсаў малавядомых твораў вялікага пісьменніка.

Таццяна СІДАРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».