Вы тут

«Ціхія гісторыі» беларускіх фатографаў


Справаздачную выстаўку на пацвярджэнне звання «Народны самадзейны калектыў» прадставіў у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага найстарэйшы ў Беларусі фотаклуб «Мінск». Творчая суполка, што сёння дзейнічае пры дзяржаўнай установе «Мінскканцэрт», была створана ў 1960 годзе і з таго часу аб’ядноўвае фатографаў розных пакаленняў, якія працуюць у розных фатаграфічных жанрах і тэхніках. Сёння ў народны фотаклуб «Мінск» уваходзіць паўсотні аўтараў. Старшыня клуба — Уладзімір Паўлаў.


Валерый Сібірыкаў «IR / Інфрачырвоная энергетыка»

Фотааматары і прафесіяналы мастацтва фатаграфіі прадставілі ў выставачнай зале галерэі Савіцкага экспазіцыю «Ціхія гісторыі» ў рамках праекта «Дарогай Майстра», прысвечанага Яўгену Казюлю (знакаміты беларускі фатограф і выкладчык гісторыі фатаграфіі, а таксама шматгадовы старшыня фотаклуба «Мінск» пайшоў з жыцця ў 2014 годзе). Арганізатары экспазіцыі заўважаюць: менавіта на яго творчую спадчыну шмат у чым арыентуюцца ўдзельнікі фотаклуба. Фотамастак лічыў, што кідкая фатаграфія не кранае, і менавіта гэты погляд вызначыў канцэпцыю справаздачнага праекта «Ціхія гісторыі». Кожны аўтар паспрабаваў напісаць «нягучную фотагісторыю». У ліку ўдзельнікаў выстаўкі — Анатоль Кухарчук, Ларыса Бабіч, Леанардзюс Бёйс, Віктар Ведзень, Валерый Вядрэнка, Аляксандр Рабцэвіч, Вольга Свідзерская, Яўген Гараўскі, Надзея Дзегцярова, Алена Данброва, Анатоль Дрыбас, Сяргей Кавалёў, Валерый Козуб, Аляксей Паўлюць, Віктар Паршын, Алег Пахомаў, Віталь Раковіч, Валерый Сібрыкаў, Віталь Ціхаміраў, Кацярына Сарокіна, Віктар Суглоб, Раман Чанцоў. 

— Мне асабліва прыемна адкрываць гэтую выстаўку, бо яна створана адным з першых партнёраў Музея гісторыі горада Мінска — фотаклубам «Мінск», — адзначыла падчас адкрыцця Галіна Ладзісава, дырэктар установы, у структуру якой уваходзіць Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. — У 2010 годзе, як толькі наш музей адкрыўся, першы вялікі праект мы арганізавалі разам з гэтым фотаклубам. Тады адзначаўся яго юбілей. 

Дарэчы, першая выстаўка праекта «Дарогай Майстра», прысвечанага Яўгену Казюлю, была таксама прадстаўлена ў Музеі гісторыі горада Мінска. Гэта быў 2014 год, нагадвае Уладзімір Паўлаў: 

— Яўген Карпавіч Казюля — чалавек, які для беларускай фатаграфіі значыць тое ж самае, што Янка Купала — для беларускай літаратуры. Вялікае бачыцца на адлегласці... Зробленае Яўгенам Карпавічам сёння мы бачым асабліва выразна. Напрыклад, найбольш знакавыя фотавыстаўкі 1970-х гадоў, якія зрабілі Беларусь, Мінск мекай для аматараў мастацкай фатаграфіі, арганізаваны пад кіраўніцтвам Яўгена Казюлі. Сюды прыязджалі самыя знакамітыя фатографы Савецкага Саюза... 

Ларыса Бабіч «Беларускі бархан»

Леанардзюс Бёйс «Тупік з уловам»

Так, выстаўка «Ціхія гісторыі» з’яўляецца юбілейнай для праекта ў памяць пра Яўгена Казюлю. Сучасныя творцы кожны год прысвячаюць свае работы майстру і быццам звяраюць іх са створаным Яўгенам Карпавічам, з яго поглядам на фотамастацтва. Большасць работ у экспазіцыі ўяўляюць сабой маляўнічыя пейзажы, дзе адлюстравана беларуская прырода ў стане спакою, дзівосныя ў сваіх інтэрпрэтацыях нацюрмотры, красамоўныя партрэты і арыгінальныя калажы. Сапраўды, у гэтых чорна-белых, манахромных і зрэдку яркіх, насычаных рознымі колерамі здымках прасочваецца імкненне аўтараў да яснасці сюжэта, кампазіцыйнай дакладнасці, ідэйнай выразнасці, прастаты выказвання. Ніякага пафасу, гучных заяў ці эпатажу — толькі развагі аб сутнасным і вечным. 

Тамер Малак «Крохкасць»

Не ўпершыню фатографы і ўдзельнікі фотаклуба дзякуюць Музею гісторыі горада Мінска за магчымасць экспанаваць свае работы, з павагай ставяцца да яго выставачных пляцовак, аднак, між іншым, наракаюць, што ў Беларусі пакуль няма музея фатаграфіі, неабходнасць стварэння якога даўно наспела... Між тым любая выставачная прастора дыктуе свае правілы гульні. Часам гэта ідзе на карысць усім зацікаўленым, а, бывае, пэўныя акалічнасці могуць сапсаваць самую добрую экспазіцыю. Гэтым разам вынік атрымаўся станоўчы. Так, звычайна фотаклуб «Мінск» падчас справаздачнай выстаўкі адну з залаў той ці іншай галерэі выдзяляе для фатографа, чыя экспазіцыя цягам года пэўным чынам вылучылася, стала найбольш знакавай. Гэта была традыцыя, ад якой сёлета адышлі. Арганізатары ўлічылі магчымасці выставачнай прасторы і таксама ў рамках праекта «Дарогай Майстра» прадставілі даволі значную па колькасці работ персанальную выстаўку Анатоля Кухарчука. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Падарожжа па Радзме: дзе можа адпачыць беларус?

Падарожжа па Радзме: дзе можа адпачыць беларус?

Умець праводзіць вольны час цікава і з карысцю — свайго роду талент. 

Грамадства

Пачым на рынках прадаюць расаду?

Пачым на рынках прадаюць расаду?

Пакуль у продажы ў асноўным расада кветак, лекавых і духмяных раслін, дэкаратыўных кустоў, а таксама клубніц, суніц і «суніц-клубніц».

Грамадства

Як развіваецца прыдарожны сэрвіс краіны?

Як развіваецца прыдарожны сэрвіс краіны?

Зарадныя станцыі для электрамабіляў, дыстанцыйны заказ ежы, зоны адпачынку.