Вы тут

Чароўныя вобразы Паднябеснай


Напярэдадні кітайскага Новага года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачала працаваць выстаўка «Ачышчаецца сэрца маё, ідучы па Чыстай рацэ», якая аб’яднала кітайскі і беларускі культурны код у адной галерэі. Экспазіцыя прызвана адлюстраваць пэўныя аспекты жыцця традыцыйнага Кітая і перадаць ідэю сінкрэтызму, уласцівага светапогляду жыхароў Паднябеснай.


Сюй Бэйхон. Конь

На выставе прадстаўлена больш за 80 твораў з дрэва, бронзы, фарфору з калекцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Усходу Нацыянальнага мастацкага музея. Асобнае месца займае кітайская каліграфія і народная карцінка, сюжэтамі для якіх сталі міфы і традыцыі святкавання Новага года. Прадметы, прадстаўленыя на выстаўцы, ахопліваюць перыяд з XVII да ХХІ ст. Шэраг экспанатаў наведвальнікі ўбачаць упершыню, у тым ліку творы кітайскіх майстроў, якія былі падараваны музею ў 2023 годзе Кітайска-еўрапейскім культурна-адукацыйным цэнтрам «Дуноў». 

«Мастацтва Кітая, яго вобразная структура шматгранныя. Гэта выяўляецца ва ўсіх сферах жыцця. Яго развіццю паспрыяла апора на традыцыйныя маральныя каштоўнасці. У гэтым можна знайці сувязь з нашым беларускім народам, які таксама будуе сваё жыццё на любові да Радзімы і сям’і», — адзначыў на адкрыцці выстаўкі першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада. 

Культура Паднябеснай заўсёды цікавіла жыхароў Еўропы, але першае знаёмства з мастацтвам Кітая адбылося толькі ў ХIV стагоддзі, калі географ і вандроўнік Марка Пола прыбыў да імператарскага двара. Ён доўгі час вывучаў і даследаваў традыцыі і звычаі мясцовых жыхароў. Пасля падарожных нататак Марка Пола Кітай праславіўся як чароўны край з казачнай прыродай і неверагоднымі міфалагічнымі гісторыямі. 

Невядомы майстар. Лубок Мэн-Шэнь

У кітайскай культуры шмат пазычылі суседнія народы Японіі, Манголіі і іншых краін Усходняй Азіі. Гэта іерагліфіка, канфуцыянскія этыка і мараль, вобразна-паэтычнае ўспрыманне свету. Мастацкія творы кітайскіх майстроў часцей за ўсе мінімалістычныя, але за кожным маленькім элементам схаваны свой сэнс. Сімвалізм — адна з рыс культуры Кітая, якая выяўляецца ў мове, жывапісе, скульптуры і архітэктуры. 

Творчасць у разуменні кітайцаў — акт унутранага духоўнага росту, абсалютнай гармоніі свету. Той, хто спасцігае мастацтва, выхоўвае сябе і як асобу, і як грамадзяніна. Адсюль задача творчасці — выхаванне чалавека ў рэчышчы духоўнага акультурвання, у тым ліку праз адкрыццё яго сэрца. У кітайскай традыцыі сэрца — умяшчальня не толькі пачуццяў, але і розуму. Недарэмна выстаўка называцца «Ачышчаецца сэрца маё, ідучы па чыстай рацэ». Гэта радкі знакамітага паэта Лі Бо. Намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Леанід Бацяноўскі на адкрыцці выстаўкі выказаў думку, што «паэзія і выяўленчае мастацтва — два бакі аднаго медаля. Паэт выкарыстоўвае словы для стварэння сваіх вобразаў, а мастак — фарбы». 

Выстаўка Нацыянальнага мастацкага музея знаёміць з кітайскай жыццёвай філасофіяй, распавядае гісторыю праз вобразы простых людзей і саслоўя чыноўнікаў (шы). Экспазіцыя дзеліцца на тры тэматычныя блокі: вобразы, якія адпавядаюць народнай свядомасці; рэлігійна-філасофскія вобразы; вобразы, напрамую звязаныя з саслоўем шы. Аднак трэба адзначыць сінкрэтызм свядомасць кітайцаў — суіснаванне гэтых вобразаў і неаддзельнасць аднаго ад другога. 

Невядомы майстар. Лубок Пажаданне незлічонага багацця

Вобразы народнай свядомасці, якія адлюстроўваюць старажытныя вераванні ў духаў, сімвалы і знакі народных святкаванняў, перададзены праз асаблівы від графікі — лубок. Лубок «Мэн-Шэнь» адлюстроўвае духаў-ахоўнікаў брамы, якія звязаны са светлым і цёмным пачаткам. Па легендзе, спачатку гэта былі два чыноўнікі, якія ўзяліся вартаваць спачывальню імператара Тай-цзуна, бо яго па начах палохалі прывіды. Пасля таго як ноч прайшла спакойна, імператар загадаў намаляваць партрэты чыноўнікаў на ўсіх дзвярах палаца. З тых часоў яны сталі папулярнымі персанажамі, якіх адлюстроўваюць у выглядзе грозных палкаводцаў. Сюжэты народных карцінак не абмяжоўваюцца выявай духаў і багоў. Нярэдка яе аўтары выкарыстоўвалі гістарычныя падзеі, захаваныя ў раманах і паданнях. 

У гэтым тэматычным блоку можна ўбачыць твор «Конь» знакамітага кітайскага мастака Сюй Бэйхуна, які адзін з першых аб’яднаў традыцыі кітайскага і еўрапейскага жывапісу. Любімай тэмай Сюй Бэйхуна былі коні. Гэта стала візітнай карткай майстра. У традыцыйным кітайскім мастацтве конь сімвалізуе хуткасць, моц, росквіт і дасягненне мэт. 

Рэлігійна-філасофскія вобразы паказваюць ролю філасофскіх вучэнняў у жыцці кітайцаў на працягу некалькіх стагоддзяў. Існуе прымаўка: «Кітаец нараджаецца даосам, жыве як канфуцыянец, памірае як будыст». Аднак яе не трэба ўспрымаць як разрыў мыслення на розных этапах жыцця. Бо рэлігіі, філасофскія вучэнні і розныя элементы фальклору ўспрымаюццца жыхарамі Паднябеснай як адно цэлае. Гэты тэматычны блок прадстаўлены скруткамі з пэўнымі філасофскімі цытатамі на кітайскай мове, экспанатамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Творы выраблены з фарфору, дрэва, каменя і ўяўляюць сабой рэлігійна-філасофскія вобразы: Канфуцый, Буда і іншыя. 

Апошні тэматычны блок прысвечаны саслоўю чыноўнікаў — шы. Менавіты гэтыя людзі з асаблівай скрупулёзнасцю і стараннасцю запісвалі гісторыі пра духаў, паданні і легенды. Яны ж удзельнічалі ў развіцці філасофскіх вучэнняў усіх школ. Аб месцы чалавека ў грамадстве расказваюць элементы адзення, фрагмент вышыўкі, вобразы, якія выкарыстоўваюцца ў дэкоры касцюма. У экспазіцыі прадстаўлены мужчынскі штодзённы халат чыноўніка, нагрудны буфан грамадзянскага чыноўніка першага рангу. 

Хэ Юньмін. Канфуцый

У межах выстаўкі пройдуць лекцыі і майстар-класы пры падтрымцы Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выстаўка працуе да 24 сакавіка ў выставачным корпусе на вуліцы К. Маркса. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.