Вы тут

«Ваш сын — геній!»


А вы ўжо вынеслі навагоднюю ёлку? Так гучыць адно з самых папулярных пытанняў у сацыяльных сетках у гэтым месяцы. Мы сваю самаробную драўляную схавалі на антрэсолі толькі на мінулых выхадных. Разам з ёй знялі з вокнаў і сцен ды склалі ў скрынкі да наступнага года рознакаляровыя агеньчыкі, папяровыя сняжынкі, падсвечнік з Дзедам Марозам... Са святочнай аздобы на кухні засталіся толькі расцяжка з ільняных сцяжкоў, якую я пашыла сама яшчэ восенню, перад днём нараджэння сына. Вырашыла яе пакінуць — як напамін пра тое, што не варта адмаўляцца ад сваіх жаданняў проста таму, што хтосьці ў нас не верыць.


Кожны дзень, гледзячы на тую расцяжку, згадваю, як моцна я спачатку загарэлася яе пашыць. Як уяўляла, што буду ўпрыгожваць ёю пакой падчас сямейных святаў. Абавязкова хацелася зрабіць тую гірлянду менавіта самой. Бо не па чутках ведаю, што ніякая купленая рэч не будзе так радаваць, як зробленая ўласнаручна... І вось пасля працы я, натхнёная, забегла ва ўнівермаг: думала, хуценька куплю тканіну. Але завісла там больш як на гадзіну. Доўга не магла вызначыцца з колерам, а потым у працэсе выбару наогул засумнявалася, што змагу пашыць тыя сцяжкі. Я ж ніколі гэтага не рабіла. А раптам не атрымаецца? А льняная тканіна не танная... У гэты момант патэлефанавала прыяцелька. Я неабдумана падзялілася з ёй сваёй роспаччу. І пачула катэгарычнае: «Я б на тваім месца не замарочвалася, а купіла б што-небудзь гатовае». Тым самым усяліла ў мяне яшчэ большыя сумненні. Я скончыла размову і пачала шукаць у інтэрнэце гатовы варыянт расцяжкі. Але, як цяпер разумею, на шчасце, не знайшла таго, што мне спадабалася б. У выніку ўсё ж купіла два адрэзы тканіны жоўтага і гарчычнага колеру і, стомленая ды спустошаная, выйшла з крамы.

Калі села майстраваць з паперы выкрайкі-трохкутнікі, а потым выразаць іх з тканіны, зноў засмуцілася. Я ж планавала спачатку рабіць аднаслойныя сцяжкі, хуценька абмятаўшы краёчкі на швейнай машынцы. Але тканіна вельмі моцна сыпалася... У выніку прыйшлося спыніцца на двухслойных трохкутніках. Апошнія ж, пасля таго, як я іх вывернула на добры бок, выглядалі, мякка кажучы, зусім не так, як я задумвала. Карацей, разоў дзесяць парывалася са слязамі на вачах усё кінуць, але потым зноў брала сябе ў рукі і працягвала. Калі я была ўжо на мяжы правалу, веру ў свае сілы мне падарыў чатырохгадовы сын. Ён так узрадаваўся, калі ўбачыў штук сорак яркіх «шапачак», якія я ў роспачы раскідала па падлозе! І адразу знайшоў ім прымяненне: надзеў на сваіх драўляных лосікаў, зайчыкаў ды вавёрак, якія адразу сталі нагадваць маленькіх казачных гномікаў. У гэты момант у пакой зайшоў муж і сказаў: «А чаму ты так расперажывалася? Хто сказаў, што твая расцяжка павінна быць ідэальнай трохкутнай формы, як ва ўсіх? Асабіста мне падабаюцца гэтыя ўнікальныя вясёлыя шапачкі-гномікаў». Расцяжку я дашыла ў той жа вечар, і цяпер яна для мяне самая прыгожая ў свеце. Бо сімвалізуе маю перамогу над уласнымі сумненнямі. А таксама нагадвае аб тым, што самае галоўнае — захоўваць веру і трымацца выбранага шляху, калі гэта шлях Любові. Верыць у сябе і сваім прыкладам натхняць свайго сына.

Магчыма, хтосьці з вас ужо чуў неверагодную гісторыю пра тое, як адзін маленькі хлопчык вярнуўся са школы і перадаў маці пісьмо ад настаўніка. Яна прачытала яго і заплакала. Хлопчык вельмі здзівіўся і спытаў, што было напісана ў гэтым пісьме. Мама зачытала ўслых: «Ваш сын — геній. Гэта школа надта малая і тут няма настаўнікаў, здольных яго чамусьці навучыць. Калі ласка, вучыце яго самі». ...Праз шмат гадоў пасля смерці маці ён пераглядаў старыя сямейныя архівы і наткнуўся на тое самае пісьмо, якое калісьці прынёс са школы. Адкрыў яго і прачытаў: «Ваш сын — разумова адсталы. Мы не можам больш вучыць яго ў школе разам з усімі. Таму рэкамендуем вам вучыць яго самастойна дома». Хлопчыка звалі Томас Эдысан, і да таго часу ён ужо стаў адным з найвялікшых вынаходнікаў стагоддзя. Эдысан прарыдаў некалькі гадзін запар. Затым ён запісаў у свой дзённік: «Томас Алва Эдысан быў разумова адсталым дзіцем. Дзякуючы гераічнай маці ён стаў адным з найвялікшых геніяў свайго стагоддзя»...

Я плачу штораз, калі перачытваю гэту гісторыю ў сваім нататніку. І не стамляюся захапляцца неверагодна мудрай мамай, якая не апусціла рукі. Замест гэтага яна падарыла свайму «асабліваму» сыну крылы...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.