Вы тут

Выстава пра ўклад беларусаў у асваенне космасу адкрылася ў Маскве


Выстава «Арбіты дружбы», якая расказвае пра ўклад беларусаў у асваенне космасу і пра касмічны палёт экіпажа з удзелам прадстаўніцы Беларусі, які мае адбыцца ў другой палове сакавіка, адкрылася 14 лютага ў Маскве ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі, перадае БелТА.


Фота БелТА

Экспазіцыя падрыхтавана рэдакцыяй часопіса «Усход. Шлях да зорак», якая займаецца папулярызацыяй касмічных даследаванняў. Як паведаміў журналістам галоўны рэдактар часопіса Руслан Цітоў, экспанаты выставы ён збіраў амаль 40 гадоў. На ёй прадстаўлены 12 стэндаў з паштовымі карткамі, канвертамі, маркамі на тэму космасу, выпушчанымі ў розны час у СССР, а таксама аўтографамі і іншымі ўнікальнымі матэрыяламі.

«У 2022 годзе адзначаўся юбілей, 115 гадоў з дня нараджэння канструктара Сяргея Каралёва, яго карані таксама сыходзяць у Беларусь, паколькі бацька Сяргея Паўлавіча паходзіць з Магілёўскай вобласці. Мы зрабілі першыя 5 стэндаў, прысвечаных яму, і паступова пачалі дадаваць матэрыял. На астатніх стэндах мы прадставілі аўтографы, карткі, канверты, мініяцюры, якія маюць дачыненне да беларусаў, якія ляцелі, і тых, якія паляцяць у космас. Пачынаючы з Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка, Алега Навіцкага і да Марыны Васілеўскай. Таксама прадстаўлены стэнд касманаўтаў Антона Шкаплерава, яго бацькі з Беларусі, і Алега Арцем’ева, бацькі якога жывуць у Віцебску», — распавёў Руслан Цітоў.

Важнай падзеяй для папулярызацыі касманаўтыкі і беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў касмічнай сферы назваў выставу намеснік начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Буча. «З 1999 года ў рамках Саюзнай дзяржавы рэалізавана 8 праграм у сферы космасу, яшчэ адна цяпер у стадыі рэалізацыі і дзве перспектыўныя. У агульнай колькасці саюзных тэхнічных праграм касмічная тэматыка займае дамінуючае месца, гэта вельмі значна», — адзначыў ён.

«Выстава можа пазнаёміць тых, хто яшчэ не знаёмы, з выхадцамі з Беларусі. Я сябе, натуральна, таксама асацыірую з Беларуссю, таму што мае тата і мама нарадзіліся і выраслі ў Магілёўскай вобласці. І я не бачу межаў паміж нашымі краінамі», — заявіў герой Расіі лётчык-касманаўт Антон Шкаплераў, які цяпер адказвае за падрыхтоўку беларуска-расійскага экіпажа да палёту ў космас.

Герой Расіі лётчык-касманаўт Алег Арцем’еў падкрэсліў, што супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў касмічнай сферы мае вялікае значэнне для ўсяго свету. «У нас шмат касманаўтаў, якія маюць беларускія карані, мае бацькі і сястра жывуць у Беларусі. Думаю, што сяброўства паміж Беларуссю і Расіяй будзе працягвацца бясконца. Я хачу пажадаць экіпажу, напярэдадні палёту якога адкрываецца выстава, удачы, добрай працы і паспяховага вяртання», — дадаў ён.

Як паведаміў на цырымоніі адкрыцця арганізатар выставы «Арбіты дружбы», плануецца, што пасля Масквы яна будзе экспанавацца ў Мінску. А ў далейшым яе плануецца перадаць у дар беларускаму боку.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.