Вы тут

«Жанчына шчаслівая, калі ёсць на каго абаперціся»


«Чатыры мушкецёры і іх спадарожнікі: сальманелёз, парадантоз і астэахандроз...» Так з гумарам, невычарпальным пазітывам і вялікай любоўю, кранальна і шчыра расказвае гамяльчанка Алена Бартноўская пра сваю сям’ю, у якой любімай справе жыцця — медыцыне — прысвяцілі сябе тры пакаленні. Усе даказваюць, што доктар — не толькі гучыць ганарова, але і выглядае вельмі стыльна і прыгожа!


Любоў да прафесіі — у спадчыну

— Мая маці Зінаіда Сцяпанаўна Філімонцава — зубны ўрач, — прадстаўляе першаадкрывальніцу сямейнай дынастыі медыкаў з Гомеля Алена Бартноўская. — Мама больш за 50 гадоў у прафесіі і цяпер працягвае працаваць і вельмі любіць сваю справу. Яна заўсёды была для мяне ўзорам чалавека, які сапраўды на сваім месцы, у сваёй прафесіі, яе шануюць, паважаюць калегі і пацыенты. З дзяцінства я была пераканана, што чалавек у белым халаце — гэта гонар. І любіць сваю працу ў нашай сям’і — заразна.

Медыцынская справа ў гэтай сям’і пакуль што ідзе толькі па жаночай лініі. Сама Алена Пятроўна — урач-інфекцыяніст, намеснік галоўнага ўрача па лячэбнай рабоце Гомельскай абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы. Старэйшая дачка Алены Пятроўны — Юлія — неўролаг. Яна працуе ў Гомельскай абласной кансультатыўнай паліклініцы. Малодшая дачка Аліна — студэнтка Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта. Бабуля Зінаіда Сцяпанаўна пераманіла яе ў сваю спецыяльнасць: дзяўчына вучыцца на стаматолага.

— Так, мы прадстаўнікі розных спецыяльнасцяў. У свой час, калі мае дзяўчынкі вызначаліся з выбарам прафесіі, не здолела прапанаваць нічога лепшага, чым урач. Ведаю ўсе падводныя камяні і цяжар, адказнасць гэтай няпростай працы і не ўяўляю нічога лепш, чым прафесія ўрача, — пераконвае Алена Пятроўна.

Нягледзячы на вельмі напружаны ўчастак работы ў бальніцы, які вядзе ўрач-інфекцыяніст, намеснік галоўнага ўрача, ужо больш як 20 гадоў яна знаходзіць час займацца творчасцю. Натхняе і натхняецца сваёй сям’ёй і работай.

— Так, мінімум 12 гадзін у суткі — на працы. Для медыка вельмі важна захоўваць станоўчы эмацыянальны настрой, каб не здаралася тое самае прафесійнае выгаранне. Таму ў нашай прафесіі трэба ўмець пераключацца. Гэта важна і маладым спецыялістам, і медыкам са стажам. Момант пераключэння — выратавальны астравок, які дапамагае перазагрузіцца пасля працоўнага дня і назаўтра ісці на змену зноў з добрым настроем. Калегі і пацыенты мае часта кажуць: «Алена Пятроўна, вы такая аптымістка, мы дзівімся! Вы свеціцеся энергіяй, і мы ад вас зараджаемся». Мне вельмі прыемна чуць гэта, безумоўна, — дзеліцца Алена Пятроўна.

Медык яе спецыялізацыі мае справу з вострымі выпадкамі: пацыенты прыходзяць зусім хворымі, а выпісваюцца здаровымі. Выздараўленне чалавека — таксама вельмі важны стымул для аптымізму ўрача.

— У мяне, лічу, мужчынская пасада і шмат мужчынскіх рыс у натуры. Як ні дзіўна, любоў да творчасці, мае хобі — магчымасць у тым ліку кампенсаваць гэта, захаваць утульную жаноцкасць, прыгажосць, стыль, рамантыку, — дадае суразмоўца. Кажа, што яе хобі — «размалёўваюць» працоўныя будні. Гэта вышыўка і догляд кветкавага саду.

Прыгажосць прыносіць задавальненне

Мама Алены Пятроўны заўсёды вязала, а цётачка па татавай лініі вышывала. 

З дзяцінства будучы ўрач вельмі любіла хатнюю ўтульную эстэтыку: з вышыўкамі на сценах, карункамі і вязанымі рэчамі. Вышываць сама Алена Пятроўна паспрабавала толькі бліжэй да апошніх курсаў універсітэта. А больш за 20 гадоў таму ў жыцці нашай гераіні з’явілася сапраўдная страсць — вышыўка крыжыкам. Гэта хобі, без якога ёй фізічна нават цяжка.

Алена Пятроўна ніколі спецыяльна не лічыла, колькі ўжо стварыла работ. За гэты час яе рукой вышыты не толькі карціны, але і дэкаратыўныя падушкі, абрусы, куфэркі, самы разнастайны навагодні дэкор.

— У мяне заўсёды пытаюцца: адкуль столькі цярпення? Я не ведаю, што адказаць, бо вышыўка для мяне — гэта не пра цярпенне, а пра вялізнае задавальненне, — натхняе творчасцю ўрач. — Большасць маіх карцін — праца не аднаго месяца. Ёсць вялікія работы — карціны памерам 30 на 40 сантыметраў. Яны, як правіла, займаюць у мяне ад 6 да 9 месяцаў.

Алена Пятроўна тлумачыць, што ў вышыўцы не заўсёды складанасць работы ацэньваецца колькасцю адценняў нітак. Можна зрабіць шэдэўр трыма колерамі мулінэ, а можна спалучыць на палатне не менш за сотню адценняў нітак або блэндаў, калі гэтыя ніткі змешваюцца.

— Для мяне аднолькава любімыя і каштоўныя як вялікая карціна, так і малюсенькая вышытая сурвэтка, якую можна пакласці побач з кубкам кавы і любавацца. Любоў да вышытай работы ўзрастае за час працы над ёй, душа адгукаецца ўжо на гатовы сюжэт, які атрымалася перадаць ніткамі. Майстрыхі ўвогуле адрозніваюцца перавагамі ў сюжэтах вышыўкі. Я вельмі люблю ружы ва ўсіх іх праявах. Збіраю калекцыю фарфору з ружамі, вырошчваю ружы ў садзе, вядома, люблю і ружы ў вышыўцы. Таму мне падабаюцца французскія сюжэты, дзе ёсць далікатныя кветкі. Яшчэ абажаю тэму новага года. У мяне маса навагодніх сюжэтаў: боцікі, падушкі, прыкладныя работы — скрыначкі, чамаданчыкі для ёлачных цацак, падарункаў, — распавядае Алена Бартноўская. — Я, на шчасце, не вышываю «ў шафу». Афармляю кожную сваю работу, таму што хочацца, каб гэта прыгажосць была навідавоку і прыносіла задавальненне. Былі часы, калі вышывала адну ці дзве вялікія карціны ў год. Цяпер дзеці выраслі, з імі не трэба рабіць урокі, часу ўвечары стала больш на вышыўку. У год тры-чатыры вялікія работы ў мяне атрымліваюцца. Буйной працай лічыцца не толькі вышытая карціна. Летась амаль 8 месяцаў я вышывала навагодні боцік, было складана. У цэлым за мінулы год вышыла дзевяць работ. Гэта вельмі мала ў асяроддзі вышывальшчыц, якія выдаюць і 40, і 50 работ. Але я задаволена любым вынікам. Для мяне вышыўка — свабодная тэрыторыя творчасці. У вышывальшчыц ёсць сумесныя праекты, калі яны робяць справаздачу аб зробленым кожны тыдзень. Гэта такі стымуляцыйны дубец, каб паспець вышыць да нейкага часу. Я ў гэтым сэнсе не прымаю ніякага гвалту, раблю ў сваім рытме. Пры гэтым у мяне часта пытаюцца, як урач знаходзіць час на такое хобі. Кажу, што я — сава. З 9 гадзін вечара да апоўначы — мой любімы час на вышыўку. Упэўнена: на тое, што табе вельмі падабаецца, заўсёды знойдзеш час. Вышыўка у мяне — гэта любы вольны момант дома.

На працу — у добрым настроі

У працоўным кабінеце ўрач свае работы-вышыўкі не выстаўляе. Але навінкі прыносіць паказаць калегам, бо тыя просяць. Сёння ўжо некалькі калег таксама захапіліся такім хобі. Матыватарам для іх, безумоўна, стала Алена Пятроўна.

Яна, дарэчы, не робіць вышыўку на заказ і не прадае. Кажа, кожная работа для яе — як дзіця, з якім не можа развітацца. Так, вышывае толькі ў падарунак для родных.

— Зрабіла для брата вясельную метрыку. Гэта калі вышываецца карціна на вясельную тэму, імёны мужа і жонкі, дата іх шлюбу. Быццам і карціна, але таксама прыкладная рэч. Для дачкі, напрыклад, інтэгравала вясельную вышыўку-метрыку ўнутр шкатулкі. Атрымалася памятная рэч. Шкатулку можна аздобіць вышыўкай самымі рознымі спосабамі. Напрыклад, абцягнуць ёю кардонную нарыхтоўку, дадаць для аб’ёму сінтэпон, карункі. А можна саму шкатулку зрабіць у тэхніцы дэкупаж, пакрыць лакам, каб не пылілася, а вышыўкай аздобіць шкатулку ўнутры, — тлумачыць аўтар вытанчаных работ.

Тым, хто хоча таксама пачаць вышываць, яна раіць цікавіцца, шукаць у інтэрнэце парады для пачаткоўцаў, дзе распісана ўсё, у тым ліку з якіх работ лепш пачаць і як не кінуць, не «паставіць крыж» на крыжыках.

— Мая творчасць уплывае на прафесію. Раніцай я іду на працу ў добрым настроі, а іншы чалавек можа прыйсці раздражнёны, са сваімі праблемамі, якія круцяцца ў галаве. Хобі дапамагае супакойвацца, пераключацца, зазямляцца, эмацыянальна адпачыць. Гэты добры настрой адчуваеш не толькі ты, але і пацыенты, — кажа Алена Пятроўна.

Хапае часу і на сад

Між тым у гэтай сям’і ёсць агульнае месца сілы, дзе можна адпачыць душой, натхніцца прыгажосцю. Алена Бартноўская і яе муж Андрэй каторы год ствараюць свой кветкавы сад на лецішчы.

— Дача з’явілася, калі мне было пяць гадоў. Гэта сямейнае гняздо, дзе, на шчасце, збіраюцца ўсе пакаленні, — тлумачыць Алена Пятроўна.

Любоў да вырошчвання кветак да жанчыны прыйшла пасля нараджэння другой дачкі, калі лета ў дэкрэтным адпачынку маладая мама праводзіла за горадам.

— Марыла ператварыць нашу старую дачу з бабулінымі градкамі ў сад са старонак часопіса. Я планамерна ішла і працягваю ісці да гэтага. Можна сказаць, што цяпер толькі на сярэдзіне шляху да таго візуальнага эфекту, аб якім мару. Але гэта таксама тое, што сапраўды дорыць задавальненне. Калекцыянірую і хосты, якіх у мяне больш за 200 відаў. Руж больш за сто, але лічыць іх я ўжо даўно перастала, ёсць гартэнзіі. 

За гэтым хараством — праца ўлетку ўсе выхадныя. Але, калі ты бачыш прыгажосць з вясны і да позняй восені, імкнешся ствараць кветкавыя кампазіцыі, садовы дэкор, гэта неймавернае задавальненне, — пераконвае гераіня.

Як і ў выпадку з вышыўкай, стварэнне саду для жанчыны — працэс саманавучання. Улетку ў адпачынку яна ўмудраецца сумяшчаць працу над вышыўкамі і догляд саду. А яшчэ Алена Пятроўна знаходзіць час для вядзення сваёй старонкі ў сацсетцы.

— Некалькі гадоў таму я была вельмі закрытай у гэтым плане, не карысталася ніякімі сацыяльнымі сеткамі ўвогуле. Але натхнілася старонкамі дачок. Яны казалі: «Мам, у цябе столькі ўсяго прыгожага, чаму не дзелішся, выкладзі фатаграфіі, каб і іншыя любаваліся таксама». Старонку вяду хутчэй для сябе, не здымаю спецыяльна нейкі кантэнт, бо на гэта няма часу. Паказваю свае вышыўкі, кветкі, прыгажосць, якая мяне асабіста натхняе. Не чакала столькі станоўчых водгукаў і на маю творчасць, і на вынік працы ў садзе. Пакідаюць каментарыі госці маёй старонкі з Беларусі, Расіі і Украіны, але «заходзяць да мяне», сочаць за працамі і фатаграфіямі з саду, пакідаюць водгукі і жыхары Партугаліі, Іспаніі, ЗША, Германіі. Мне вельмі прыемна, — шчыра дзякуе Алена Пятроўна.

Сям’я гамяльчанкі, безумоўна, ганарыцца тым, як жанчына — заняты спецыяліст — змагла творча сябе рэалізаваць яшчэ і акрамя асноўнай работы. А яна сілы чэрпае якраз у любові да родных. Імкнецца быць прыкладам і для сваіх любімых дочак.

— А яшчэ ў нашай сям’і сціплыя мужчыны. Так, яны не маюць дачынення да медыцыны, да творчасці, «не свецяцца» ў сацсетках, але гэта наша сцяна, самы надзейны тыл. Любая жанчына заўсёды шчаслівая, можа і тварыць, калі ёй ёсць на каго абаперціся. Мне пашанцавала быць другой паловай чалавека, які больш за 30 гадоў увасабляе ў жыццё ўсе мае творчыя фантазіі, без яго не было б і ўсяго таго, чым я сёння магу дзяліцца, — дадае Алена Бартноўская, якая знайшла сваю апору ў трох самых надзейных «кітах»: сям’і, творчасці і працы.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».