Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


Сухарыкі з зяленівам у духоўцы


Спатрэбіцца: батон, зяленіва — 1 пучок, алей — 60 мл, соль і перац чорны молаты — на смак.

Пасячыце зяленіва. Дадайце алей. Пасаліце і папярчыце.

Хлеб нарэжце кубікамі. Уліце алей з зяленівам і акуратна змяшайце.

Разагрэйце духоўку да 220°C. Бляху заслаць паперай для выпечкі.

Выкладзіце хлеб на бляху роўным пластом. Выпякайце 10 хвілін. Перамяшайце і гатуйце яшчэ каля 10 хвілін да румянасці.


Тарцінкі з селядцом

Спатрэбіцца: вараныя яйкі — 3 шт., зялёная цыбуля — пучок (грам 100), філе селядца, чорны хлеб, кроп і маянэз — на смак.

Хлеб наразаецца невялікімі кавалачкамі (калі ў вас цаглінка, можна кожную лусту падзяліць на чатыры часткі), па жаданні хлеб можна абсмажыць з невялікай колькасцю алею.

Змяшаць надзёртыя на буйнай тарцы адвараныя яйкі, дробна нарэзаныя цыбулю і кроп з маянэзам, саліць не трэба.

Філе селядца парэзаць папярок кавалачкамі.

Хлеб намазаць яечна-цыбульнай масай, зверху пакласці лустачку селядца.


Рулька ў піве

Спатрэбіцца: свіная рулька — 1,5-2 кг; піва — 2 л, пажадана выкарыстоўваць цёмнае, але можна і светлае; морква — 150 г; корань сельдэрэя — 150 г; цыбуля — 150 г; часнок — 5-7 зубчыкаў; чорны перац — 10 гарошын; духмяны перац — 5 гарошын; кмен — 0,5 ч. л.; лаўровы ліст — 3 шт.; гваздзіка — 3 бутончыкі; соль — 2 ст. л. Соус: гарчыца (паста) — 2 ст. л.; мёд — 2 ст. л.; піўны булён (у якім варылася рулька) — 100 мл.

Рульку заліць півам, давесці да кіпення.

Цыбулю, часнок моркву і сельдэрэй буйна нарэзаць і дадаць да рулькі.

Пакласці чорны і духмяны перац, кмен, лаўровы ліст, гваздзіку, соль.

Накрыць.

Варыць на невялікім агні дзве гадзіны.

Рульку дастаць.

Разагрэць духоўку да 180?С.

Пакуль яна грэецца, гатуем соус.

Працадзіць 100 мл булёну, у якім варылася рулька. Дадаць мёд, змяшаць. Дадаць гарчыцу, змяшаць.

Рульку выкласці ў форму для запякання. Паліць 2-3 ст. л. соусу. Паставіць у духоўку.

Запякаць пры тэмпературы 180 градусаў на працягу 30 хвілін, паліваючы соусам праз кожныя 5 хвілін.


Рыба, запечаная ў смятане

Спатрэбіцца: белая рыба — 1 кг; смятана — 200 мл; цыбуля рэпчатая — 2 шт.; яйка — 2 шт.; сыр цвёрдых гатункаў — 100 г; алей для смажання; кроп — невялічкі пучок; соль і спецыі — на смак.

Нарэзаць рыбу на невялікія кавалачкі. Цыбулю пачысціць, нарэзаць паўколамі і абсмажыць на алеі. Зрабіць паніроўку з мукі, солі і спецый для рыбы. Абкачаць рыбу ў паніроўцы і выкласці ў гарачатрывалую форму.

Злучыць смятану, яйкі, смажаную цыбулю, дробна сечаны кроп. Усё добра перамяшаць. Атрыманай падліўкай заліць рыбу.

Сыр надзерці на буйной тарцы і пасыпаць рыбу. Паставіць у загадзя разагрэтую духоўку і запякаць пры 200 градусах прыкладна 15-20 хвілін (да румянай скарыначкі).


Утапілі тэлефон?

Некалькі парад па яго выратаванні.

Калі смартфон зваліўся ў ваду ці ў яго трапіла вільгаць, лепш за ўсё адразу звярнуцца ў сэрвісны цэнтр. Калі такой магчымасці няма, трэба адразу адключыць тэлефон і дастаць батарэю. Таксама лепш дастаць сім-карту, флэшку.

Праверце ўсе дынамікі і пры неабходнасці выдаліце з іх вільгаць мяккімі сродкамі. Напрыклад, ватнай палачкай ці папяровымі сурвэткамі, цвёрдыя ж прадметы могуць толькі пашкодзіць прыладу.

Пасля ўсіх працэдур неабходна пакінуць смартфон на роўнай паверхні ў цёплым памяшканні. Рэкамендуецца не ўключаць смартфон як мінімум суткі — за гэты час вільгаць выпарыцца, і ёсць шанц, што прылада запрацуе.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».