Вы тут

У Магілёве прайшоў конкурс грамадскіх ініцыятыў


Не першы год жыхары Магілёўскай вобласці разам з абласной Асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў увасабляюць у жыццё свае мары і памкненні. Актывісты пішуць праекты, ацэньваюць, якія спатрэбіцца панесці выдаткі, каго прыцягнуць да справы, і, самае галоўнае, заручаюцца згодай насельніцтва, што яно пакрые 10 % ад агульнай сумы праекта.


Праект, які ўжо ўвасобіўся ў жыццё. Веласіпеды для сацыяльных работнікаў у Чэрыкаве.

Прызавы фонд павялічваецца

Грамадскія ініцыятывы ў Магілёўскай вобласці рэалізуюцца з 2019 года, за гэты час атрымалася правесці з падтрымкай Асацыяцыі 206 ініцыятыў на агульную суму каля 530 тысяч рублёў. У асноўным гэта датычылася стварэння дзіцячых пляцовак, акультурвання водных крыніц, аднаўлення памятных знакаў і воінскіх пахаванняў. Асацыяцыя ўнесла 10 тысяч рублёў пры будаўніцтве мемарыяльнага комплексу ў Борках у гонар памяці аб спаленых вёсках, фінансава падтрымала праект «Нашчадкам Вялікай Перамогі», падчас якога ў кожным раёне з дапамогай насельніцтва і арганізацый ствараліся інтэрактыўныя пляцоўкі з магчымасцямі вывучаць гісторыю рэгіёна.

Добрыя традыцыі працягваюцца. Сёлета на конкурс у аблсавет паступіла 56 грамадзянскіх ініцыятыў, з якіх конкурсны адбор прайшлі 36. На працягу двух дзён ініцыятары абаранялі свае праекты перад камісіяй, якую ўзначальвае старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Ірына Раінчык. Яна нагадала, што грамадзянскія ініцыятывы дапамагаюць фарміраваць камфортныя ўмовы жыцця на месцах і настройваюць насельніцтва на беражлівае стаўленне да ўсяго, зробленага з іх удзелам.

Сёлетні конкурс праводзіўся з навацыямі.

— Змены адбыліся пасля таго, як у Законе «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» быў зацверджаны механізм падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў, — удакладняе дырэктар Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Паліна Церашкова. — Гэта дае магчымасць пашырыць нашы магчымасці і больш грунтоўна праводзіць гэты штогадовы адкрыты конкурс. Сёлета прызавы фонд ад рэспубліканскага і абласнога бюджэту складае 300 тысяч рублёў. Скарыстацца ім змогуць толькі сапраўды самыя народныя і запатрабаваныя ў насельніцтва ініцыятывы.

З акцэнтам на патрыятызм і гістарычную памяць

Нядзіўна, што абарона праектаў была вельмі эмацыянальнай і гарачай. Журы жадала ведаць усю паднаготную ініцыятыў і пераканацца, што за стварэннем кожнай з іх стаіць менавіта насельніцтва. Абаронцам праектаў прыйшлося вытрымліваць націск часам не вельмі простых для іх пытанняў.

Праекты датычацца добраўпарадкавання тэрыторый, арганізацыі дзіцячых і спартыўна-гульнявых пляцовак, у тым ліку для асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Шмат хто казаў пра важную для народнай памяці дату, якую мы адзначаем сёлета, — 80-годдзе вызвалення Магілёўскай вобласці і Беларусі. У першы конкурсны дзень лідзіравалі ініцыятывы па добраўпарадкаванні месцаў воінскай славы, пахаванняў ахвяр фашызму, устаноўцы або рэканструкцыі памятных знакаў. Напрыклад, у Дрыбінскім раёне збіралі грошы на рамонт воінскага пахавання ў вёсцы Шчокатава. А ў вёсцы Вялікая Грава Асіповіцкага раёна ініцыіравалі ўстаноўку памятнага знака «Яны не вярнуліся ў родную вёску». Прадстаўніца ініцыятыўнай групы з Чавус папрасіла падтрымаць іх ідэю са стварэннем смарт-асяроддзя ў адным са шматлюдных месцаў райцэнтра. Яна прадугледжвае афармленне зоны прадметамі дзяржаўнай сімволікі, падсветку і ўстаноўку смарт-куба з QR-кодамі, праз якія можна будзе даведацца пра гістарычнае мінулае раёна, падзеі падчас Вялікай Айчыннай вайны, ураджэнцаў, якія праславілі раён. Па падліках ініцыятараў, праект каштуе 26 800 рублёў. Як адзначалася, ініцыятыва не раз разглядалася на сустрэчах з жыхарамі, і яны гатовы падтрымаць яго рублём.

Жыхары аграгарадка Муравілле Касцюковіцкага раёна жадаюць адрэстаўрыраваць памятны знак у гонар Вялікай Айчыннай вайны, які з’яўляецца галоўнай славутасцю гэтага населенага пункта. Работы па рэканструкцыі знака і стварэнні новых яго элементаў ацэньваюцца ў 9970 рублёў.

Непасрэдна ў Касцюковічах збіраюцца ўвекавечыць у помніку подзвіг пагранічнікаў усіх пакаленняў. Ён стане дапаўненнем да сімвалаў памяці на Алеі Герояў па вуліцы Ленінскай. Сярод ужо існуючых — бюст бацьку ПДВ, легендарнаму стваральніку і камандуючаму паветрана­дэсантных войскаў СССР, генералу арміі Васілію Маргелаву, які некаторы час жыў і вучыўся ў Касцюковічах. На думку ініцыятыўнай групы, памятны знак пагранічнікам з адпаведным кампазіцыйным афармленнем дадасць цікавасці месцу і будзе фарміраваць сярод маладога пакалення пачуццё патрыятызму і іх грамадзянскую пазіцыю.

Месцы агульных інтарэсаў

На другім месцы па колькасці заявак — ініцыятывы, звязаныя з добраўпарадкаваннем тэрыторый, уладкаваннем дзіцячых і спартыўных пляцовак.

Шматдзетная маці з аграгарадка Гарбавічы Чавускага раёна ўжо выступала раней ініцыятарам па стварэнні дзіцячай пляцоўкі. Яна была зроблена пры фінансавай дапамозе абласной Асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Цяпер жанчына паведаміла, што людзі хочуць заняцца будаўніцтвам спартыўнай пляцоўкі. «Дзяцей у нашай школе болей чым 100, — аргументавала яна. — Нам патрэбныя валейбольнае поле і трэнажоры. Заадно пачысцім вадаём, які непадалёк. Там вельмі любяць адпачываць жыхары».

Бабруйчане выступілі з ініцыятывай добраўпарадкаваць спартыўную пляцоўку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У Крычаве мараць пра шматпрофільную пляцоўку для катання на скейтах, роліках і веласіпедах.

У Кіраўскім раёне жыхары просяць садзейнічання ў добраўпарадкаванні дзіцячай пляцоўкі ў аграгарадку Баравіца і спартыўнай — у аграгарадку Скрыпліца.

Гучалі таксама прапановы падтрымаць з аднаўленнем гістарычнага аб’екта — храма-каплічкі ў аграгарадку Сідаравічы Магілёўскага раёна, адкрыццём інклюзіўнай экалагічнай майстэрні ў Мсціславе, дапамагчы з рэканструкцыяй гарадскога пляжа ў Чавусах, уладкавання дзіцячай пляцоўкі ў аграгарадку Новыя Максімавічы Клічаўскага раёна.

Вельмі актыўнае насельніцтва жыве ў аграгарадку Падсолтава Мсціслаўскага раёна. Тут ужо сабралі 300 рублёў на аднаўленне крынічкі. Гэта нават болей чым 10 % ад агульнай сумы — 2565 рублёў — кошту ініцыятывы. Дарэчы, насельніцтва аграгарадка штогод рэалізоўвае па некалькі грамадскіх ініцыятыў. Населены пункт знакаміты слаўнай гісторыяй, яму 575 гадоў.

Праект, які ўжо ўвасобіўся ў жыццё.  Дзіцячы парк у аграгарадку Леніна Горацкага раёна.

Ініцыятывы з размахам

Некалькі раёнаў заявілі вельмі маштабныя ініцыятывы, якія не абмяжоўваюцца адным дворыкам ці мікразонай. Напрыклад, жыхары вёскі Мурын Бор Касцюковіцкага раёна пажадалі з дапамогай Асацыяцыі мадэрнізаваць абедзенную залу ў сваёй школе. Іх праект мае на ўвазе замену сталовай мэблі, вокнаў, устаноўку інфармацыйных стэндаў для прапаганды здаровага харчавання, касметычны рамонт памяшкання. Цана пытання 7991 рубель.

Ініцыятыўная група ад Чавус прапанавала правесці рэнавацыю прыпыначных павільёнаў і зрабіць іх зачыненага тыпу з антывандальнымі прыстасаваннямі, камерамі відэаназірання, велапаркоўкамі і гэтак далей. Усё гэта ацэньваецца ў 109 тысяч рублёў. Адпаведна, узнос ад насельніцтва павінен скласці каля 11 тысяч рублёў. Ініцыятары ўпэўнены, што жыхары іх падтрымаюць.

Яшчэ адна чавуская ініцыятыва датычылася стварэння шасці закрытых кантэйнерных пляцовак. На думку яе распрацоўшчыкаў, так будзе больш эстэтычна і экалагічна. Кошт адной пляцоўкі, дарэчы, 16 583 рублі.

Нятаннымі атрымаліся ініцыятывы турыстычнага фармату. У Чавускім раёне мараць зрабіць яшчэбольш цікавым фестываль «У госці да радзімічаў». Фестываль эпохі ранняга Сярэднявечча, які праводзіцца на тэрыторыі аграгарадка Радамля, летась адзначыў сваё 10-годдзе. На мерапрыемства збіраецца шмат гасцей, якім цікава даведацца, як жылі радзімічы. Свята праводзіцца на старажытным гарадзішчы. У 2019 годзе праект быў адзначаны грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што дало магчымасць удасканаліць базу для правядзення гэтага мерапрыемства, стварыць музей пад адкрытым небам і іншыя цікавыя аб’екты. Але, як лічаць удзельнікі ініцыятыўнай групы, тут патрэбна яшчэ пабудаваць кузні, сярэднявечную браму, сцэну, навесы для майстроў і гэтак далей на агульную суму 65 тысяч рублёў.

Старажытны Слаўгарад таксама прапаноўвае павысіць цікавасць да горада шляхам развіцця яго турыстычнага патэнцыялу. Прадстаўнікі мясцовага Маладзёжнага парламента выступілі з праектамі па развіцці паркавай зоны ў раёне старажытнага парку і стварэнні набярэжнай на папулярным месцы адпачынку, дзе зліваюцца дзве ракі Сож і Проня. Першая ініцыятыва ацэнена ў 122 тысячы рублёў, другая — у 88 тысяч рублёў. Усе праекты цудоўныя і патрэбныя, але, як нагадалі арганізатары, па ўмовах конкурсу яны павінны быць рэалізаваны за кароткі тэрмін — на працягу года. І каб насельніцтва прагаласавала за іх рублём. Немалаважна таксама ведаць, хто потым возьме «народны» аб’ект на сваё ўтрыманне.

Як стала вядома, пераможцамі конкурсу грамадскіх ініцыятыў сталі 13 ініцыятыў. Сярод пераможцаў — праекты з Краснаполля, два — з Бабруйска, Шклова, Крычава, Слаўгарада, Быхаўскага, Дрыбінскага, Шклоўскага, Чавускага і два — з Кіраўскага раёнаў. Тэмы — добраўпарадкаванне, рамонт помнікаў і ўстаноўка памятных знакаў, спартыўныя пляцоўкі, развіццё старадаўняга парку і выданне кнігі ваенных мемуараў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з сайта mogіlev-regіon.gov.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».