Вы тут

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з навучэнцамі гімназіі № 13 горада Мінска


«Гэта была вельмі цікавая сустрэча, літаральна ў развіццё нарады ў кіраўніка дзяржавы, дзе Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тое, што трэба як мага больш сустракацца з моладдзю. Размаўляць, расказваць ёй усю праўду. І сённяшняя сустрэча на мой погляд унікальная: на ёй прысутнічалі вучні рознага ўзросту, ад чацвёртага класа да адзінаццацікласнікаў. Былі іх бацькі, настаўнікі. Мяне ўразіла шырыня пытанняў, іх глыбіня: яны датычыліся нашай гісторыі, дзяржаўнасці, перспектыў развіцця нашай краіны ў будучым, міжнароднай палітыкі. Я ўбачыла, што рабяты настолькі дапытлівыя, што мне захацелася сустрэцца з імі яшчэ раз. І гэта абавязкова адбудзецца...» — так ахарактарызавала сустрэчу Наталля Качанава.


Сапраўды, пытанні да Старшыні Савета Рэспублікі былі разнастайнымі, часам па-дзіцячаму непасрэднымі, а часам і зусім дарослымі. Але гэта было пазней. На пачатку сустрэчы Наталля Качанава расказала гасцям пра работу верхняй палаты парламента, яе асаблівасці і прыярытэты, сярод якіх адзін з галоўных — работа з моладдзю. Прычым па словах спікера, гэты накірунак не проста «адзін з...», а асноватворны.

«Мы многа працуем з моладдзю. Такія сустрэчы вельмі важныя для нас, яны дапамагаюць з першых вуснаў даведацца аб праблемах і пытаннях, што вас хвалююць... Сёння кіраўнік дзяржавы правёў нараду з членамі Рэспубліканскага савета рэктараў ВНУ. Хацелася б пачуць вашы думкі наконт пытанняў, што там узнімаліся. Напрыклад, аб уступнай кампаніі, выпускных экзаменах. Бо сапраўды, работа з моладдзю для нас асноватворная», — заўважыла Наталля Качанава.

Як прыклад увагі да маладых, таго, што да іх меркавання прыслухоўваюцца Старшыня Савета Рэспублікі ўзгадала Маладзёжны савет пры Нацыянальным сходзе, які быў створаны ў 2020 годзе. У яго склад уваходзяць прадстаўнікі працуючай моладзі, студэнты, навучэнцы каледжаў: «Спачатку ў Маладзёжны савет уваходзілі па 10 прадстаўнікоў ад кожнай вобласці і Мінска — усяго 70 хлопчыкаў і дзяўчынак. Цяпер яго склад значна пашыраны».

Звярнула Старшыня Савета Рэспублікі ўвагу і на тое, што сёння ў краіне створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі, для гарманічнага развіцця асобы і прафесійнага станаўлення. Асобна спынілася яна на ролі прафарыентацыйнай работы ў школах, адзначыўшы, што сёння яна патрабуе большай актыўнасці. Бо сапраўды, нашы ВНУ, установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі могуць рыхтаваць спецыялістаў, якія запатрабаваны ў эканоміцы. І не толькі нашай краіны. Але пра тыя спецыяльнасці выпускнікі папросту не ведаюць. Як станоўчы момант у пытанні прафесійнага самавызначэння Наталля Качанава адзначыла той факт, што амаль 50 % дзевяцікласнікаў паступаюць у каледжы. Гэта вельмі добра для маладых людзей — яны амаль адразу акунаюцца ў будучую прафесію і ацэньваюць, наколькі правільным быў іх выбар. І калі ён не памылковы, то дарога да вышэйшай адукацыі нікому не закрыта. Такі шлях сапраўды больш эфектыўны, чым паступіць ва ўніверсітэт, а праз год-два зразумець, што «гэта не маё»...

Таксама спікер адзначыла, што наша сённяшняя краіна на з’явілася з ніадкуль. У нас багатая гісторыя, традыцыі, якія сталі моцным і трывалым фундаментам беларускай дзяржаўнасці. І іх — традыцыі і гісторыю — трэба шанаваць, трэба цаніць усё тое, што пабудавана за 30 гадоў незалежнасці. «Жыццё краіны — як жыццё сям’і. Усякае можа здарыцца, але калі ёсць павага адзін да аднаго, калі ў сям’і цэняць адзін аднаго, калі яна адзіная, то ўсё можна пераадолець і быць шчаслівымі. Так і ў краіне. Важна цаніць і берагчы тое, што маем, што стварылі. А нам ёсць што цаніць, чым ганарыцца і што бараніць...» — падкрэсліла яна.

Засяродзіла Наталля Качанава ўвагу ўдзельнікаў сустрэчы і на лічбавай гігіене, засцярогшы ад карыстання сумнеўнымі інфармацыйнымі крыніцамі. Так, сёння ў часы фэйкаў надзвычай цяжка разабрацца дзе праўда, а дзе хлусня. «Трэба вучыцца адрозніваць праўдзівую інфармацыю ад недакладнай. І менавіта таму нам трэба сустракацца з людзьмі, даносіць да іх аб’ектыўную інфармацыю, расказваць, да чаго мы імкнёмся і чаго хочам дасягнуць. Праводзіць такія сустрэчы, як сёння... Асабліва крыўдна і непрыемна, калі людзі з’язджаюць з краіны, якая дала ім усё, і пачынаюць, прабачце, яе «паліваць». Так нельга, і нельга такіх слухаць. Зразумейце, рабяты: гэта краіна ваша. Гэта ваша Беларусь! І тут вы зможаце дасягнуць усяго, аб чым марыце», — звярнулася да ўдзельнікаў сустрэчы Наталля Качанава.

Да слова, іменна яе біяграфію згадаў адзін са школьнікаў як прыклад рэалізацыі магчымасцей і імкненняў. А ўвогуле, як і згадвалася раней, пытанні былі надзвычай разнастайнымі. Так адзін з вучняў пацікавіўся, хто са знакамітых людзей быў прыкладам для Наталлі Іванаўны.

«Калі я вучылася ў школе, для мяне і маіх аднагодкаў прыкладам былі настаўнікі, многія з якіх прайшлі Вялікую Айчынную вайну. Мяне натхнялі бацькі. Магу сказаць, што я ніколі не магла паступіць так, каб засмуціць іх. Гэтым я кіруюся і зараз. Прыкладам для мяне быў і старэйшы брат, які паступіў ваеннае вучылішча. У цэлым скажу, што на кожным жыццёвым этапе хтосьці цябе фарміруе, аказвае ўплыў. А калі я амаль дзесяць гадоў таму прыехала ў Мінск і стала працаваць з Прэзідэнтам, ён стаў для мяне галоўным прыкладам самаахвярнай адданасці сваёй краіне, стойкасці і сапраўднай любові да народа», — адзначыла Наталля Качанава.

Яшчэ адно пытанне тычылася даволі сур’ёзнай тэмы. Вучаніца дзясятага класа пацікавілася, якая ідэя, на думку Старшыні Савета Рэспублікі, з’яўляецца аб’яднальнай для беларусаў. «Я лічу, што фундаментам з’яўляецца наша слаўная гісторыя. Яна ў нас сапраўды гераічная. Акрамя таго, у беларусаў ёсць запыт на справядлівасць. Наогул, працуючы з Прэзідэнтам і аналізуючы яго выступленні, я вызначыла для сябе, што самае галоўнае — гэта людзі і справядлівае стаўленне да іх. Усё проста», — адказала старшыня Савета Рэспублікі.

Былі яшчэ пытанні наконт любімых кніг і першага працоўнага месца, наконт маладзёжных ініцыятыў і важнасці гуманітарнага складніка ў прафесійнай адукацыі і шмат іншых. На ўсе іх вучні атрымалі грунтоўныя і шчырыя адказы.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Прэв'ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».