Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Самае важнае — мы захавалі пераемнасць і якасць класічнай адукацыі»


Стратэгічна важная дзяржаўная задача і асноўная мэта работы сістэмы адукацыі — падрыхтоўка і выхаванне высокаадукаваных і высокакваліфікаваных спецыялістаў для эканомікі і сацыяльнай сферы краіны. Праблемы і шляхі ўдасканалення сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з прадстаўнікамі Рэспубліканскага савета рэктараў. Размова атрымалася адкрытай і прынцыповай. Пры гэтым, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, тэма размовы ні для каго не стала сюпрызам. Нарада з прадстаўнікамі Рэспубліканскага савета рэктараў неаднаразова анасавалася. 


Фота: БелТА

Ці стала колькасць якасцю?

«Пытанняў, пагадзіцеся, назапасілася дастаткова. І мы павінны выйсці з гэтай залы з выразным алгарытмам іх вырашэння. Я хацеў бы, каб вы прапанавалі гэты алгарытм, і мы выйшлі з гэтай залы з прынятым рашэннем», — задаў тон нарады Прэзідэнт. Ён нагадаў, што ў 90-х было зроблена немагчымае, каб захаваць навуковыя школы і кампетэнцыі па падрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Бераглі кожную капейку, укладвалі ў сферу немалыя сродкі. І як вынік — колькасць вышэйшых навучальных устаноў вырасла з 33 да 50, а студэнтаў — у паўтара раза.

«На жаль, колькасць не стала якасцю. Аб гэтым мы таксама павінны пагаварыць», — заўважыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што былі створаны ВНУ у рэгіёнах. У 2004-м годзе быў адкрыты ўніверсітэт у Баранавічах, у 2006 годзе — у Пінску. «Вышэйшая адукацыя стала яшчэ больш блізкай і даступнай у кожным кутку Беларусі. Прычым у перыяд, калі эканоміка толькі-толькі пачала аздараўляцца пасля фінансавага калапсу першых гадоў незалежнасці», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Але па яго словах, сёння пытанне ў тым, наколькі гэтыя ўніверсітэты загружаныя, асабліва ў Баранавічах і Пінску. «Тады губернатары слёзна прасілі адкрыць гэтыя ВНУ для таго, каб на рэгіянальным узроўні рыхтаваць спецыялістаў. Які вынік?» — спытаў беларускі лідар. 

Ён падкрэсліў, што тады быў не проста вызначаны стратэгічны прыярытэт дзяржаўнага развіцця, а стаў практыкай: «Усё прадугледзелі: умацавалі матэрыяльна-тэхнічную базу, абнавілі лабараторыі і навучальныя аўдыторыі, пабудавалі і працягваем будаваць новыя карпусы і інтэрнаты, абнаўляем старыя. Работы вядуцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ), БНТУ, БДУІР і іншых установах. Самае важнае — мы захавалі пераемнасць і якасць класічнай адукацыі. Была рызыка кінуцца ў рэформы і эксперыменты. Нас вельмі актыўна спрабавалі ўцягнуць у іх дзеячы разнастайных замежных фондаў. Гэта рабілася невыпадкова. І давайце шчыра казаць, недзе мы туды ўступілі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Будзем шчырымі: савецкая вышэйшая школа дала свету геніяльныя адкрыцці, услаўленыя на ўвесь свет імёны. Тады атрыманыя ў нашых ВНУ веды былі на вагу золата. І зараз у Беларусь едуць вучыцца, таму што мы захавалі найлепшыя савецкія традыцыі». Па словах кіраўніка дзяржавы, для нашай кампактнай краіны 30 тысяч студэнтаў з больш чым 100 краін свету — прыстойны паказчык. Экспарт адукацыйных паслуг за 2023 год склаў больш за 90 мільёнаў долараў. Гэта па словах Прэзідэнта, таксама не дрэнна. 

Праграма, падручнікі і выкладчыкі 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што многія вострыя пытанні адукацыі вырашаны. Прыняты канчатковыя рашэнні па арганізацыі ўступнай кампаніі ў ВНУ, разабраліся са школьнай адукацыяй. У гэтай тэме паставілі кропку. Цяпер трэба дашліфаваць канкрэтныя падыходы. Менавіта на гэта і зарыентаваў удзельнікаў нарады Прэзідэнт. 

«Сёння перад намі стаіць задача — ускалыхнуць ВНУ, адукацыю ў ВНУ, навуку ў ВНУ — усё, чым займаюцца ВНУ. Адразу хачу сказаць: да 1 верасня рэктары ВНУ павінны разам са сваімі калектывамі прыняць неабходныя рашэнні. Як вынік — якасныя выпуснікі і адсутнасць ўсялякіх уцёкаў за межы краіны. Вашы выпускнікі павінны дакладна разумець і ўсведамляць: наша адукацыя ў ВНУ — найлепшая. Многія, хто збег туды за адукацыяй, хутка пачынаюць разумець розніцу. Многія вяртаюцца, але не ўсе. Гэтага хістання быць не павінна. А гэта праграмы, гэта выкладчыкі і якасны вынік. Як вы будзеце гэта рабіць — вашы праблемы. Але да верасня, папярэджваю ўрад, Адміністрацыю і міністра, мы, як па школе, збярэмся і спытаем з кожнага», — паставіў задачу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў і асноўную для ўсіх задачу — наша моладзь павінна вучыцца і працаваць тут. «І спыняйце бегаць да мяне з нейкімі чарговымі навацыямі. Народ разброду і хістання ў адукацыі не прыме. Таму ціха, спакойна працуем ў ВНУ, — падкрэсліў ён. — Яшчэ раз падкрэсліваю: праграма, падручнікі і выкладчыкі. І выходзіць нармальны, здаровы выпускнік, які можа працаваць у тых сферах вытворчасці, дзе ён марыў да паступлення».

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз паўтарыў, што для сферы вышэйшай адукацыі зроблена шмат, створаны ўсе ўмовы. Навуковыя школы, інтэлектуальны патэнцыял зберагаюцца. «Таму мы ўсе: абітурыенты, студэнты, іх бацькі, нашы прадпрыемствы і арганізацыі, ды і я ў тым ліку, маем права чакаць аддачы», — канстатаваў ён. 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што дэвіз Года якасці агучаны: мы павінны перасягнуць сябе, каб нармальна канкурываць на ўсіх рынках і выжыць. «То бок падымаем планку патрабаванняў да сябе і сапраўды прызнаём, дзе недапрацавалі», — сказаў ён. Гэта, безумоўна, адносіцца і да сферы вышэйшай адукацыі. 

«Пытанні жыццё ставіць нам з вамі прынцыповыя і вострыя. Вы людзі разумныя, вучоныя са ступенямі, разумееце і меру сваёй адказнасці, і сутнасць гістарычнага моманту. Ведаеце, як важна не ўпусціць яго ў эпоху змены пакаленняў. Трэць стагоддзя таму нам удалося прайсці па краі бездані, не збочыўшы з дарогі, якую пракладалі нашы продкі. Паглядзіце на тых, хто збочыў, — на Прыбалтыку, Украіну і іншых. Загублены прамысловасць і сельская гаспадарка. Куды рыхтаваць кадры? Зразумела: для тых краін, на чые падачкі жывуць. Вось такая нацыянальная ідэя. Гэта не наш шлях», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт расказаў, што падчас яго нядаўняга візіту ва Узбекістан, падчас перагавораў неаднаразова падымалася пытанне якаснай адукацыі. Паколькі разам з сучаснымі тэхналогіямі, для развіцця краіны неабходныя і кампетэнтныя кадры. 

«Нам расслабляцца нельга ні ў якім разе і недаацэньваць выклікі сённяшняга дня», — звярнуў увагу беларускі лідар. Ён нагадаў, што ў жніўні мінулага года на нарадзе, прысвечанай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, быў абазначаны шэраг праблем вышэйшай адукацыі. Прайшло паўгода, і прыйшоў час акрэсліць, што зроблена для іх вырашэння. Аляксандр Лукашэнка канкрэтызаваў гэтыя праблемы. 

Праблема першая. Разрыў паміж попытам і прапановай на рынку працы

«Крый вас бог рыхтаваць тое, што нам не патрэбна ў краіне. Мы як быццам забыліся, як у 90-я пачалі рыхтаваць натоўпы юрыстаў, эканамістаў, якія, атрымаўшы дыплом, пайшлі працаваць таксістамі і разносчыкамі піцы. Ды і зараз пасля заканчэння ВНУ многія выпускнікі працуюць не па профілі. Неаднаразова звяртаў увагу на гэтую тэму. Падрыхтоўка няпрофільных спецыялістаў, нізкая замацавальнасць на першым працоўным месцы, сыход з прафесіі — гэта недазваляльная раскоша для дзяржавы. Што, нам грошы няма куды траціць? А калі ўлічыць, колькі дзяржава плаціць, то што гэта, як не эканамічнае злачынства?» — заявіў Прэзідэнт. 

Ён пацікавіўся, як рэктары могуць растлумачыць факты ўхілення ад адпрацоўкі, а яшчэ горш — «дагаварнякі» паміж наймальнікамі і ВНУ? Прычым на паперы не падкапаешся. «Дзе ваш кантроль? Атрымліваецца: выпусцілі і забыліся. Так справа не пойдзе. І нагадаю: вы не камерсанты — вы рэктары ВНУ і думаць абавязаны па-дзяржаўнаму. У першую чаргу вы павінны рыхтаваць кадры пад патрэбы айчыннага рэальнага сектара. Пакуль сістэмнай работы Мінэканомікі, Мінпрацы і Мінадукацыі, ды і губернатараў у гэтым пытанні не бачна», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, урад, як і іншыя адказныя, не стаў каардынатарам тых працэсаў, якія адбываюцца ў адукацыі. 

Другая праблема. Імкненне выпускнікоў атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ёсць такая тэндэнцыя, не катастрафічная, але ёсць. «Што гэта — мода? Ці аб’ектыўны выбар?» — пацікавіўся ён. «Трэба разумець, што тыя, каго мы рыхтуем у ВНУ — гэта будучая эліта дзяржавы. Нашай дзяржавы. Як вы за іх змагаецеся? Канкрэтнае пытанне, на якое я хацеў бы пачуць канкрэтны адказ. Вядома, яны могуць вярнуцца, але з цалкам перавернутым свядомасцю. І чаму БДУ, БНТУ, медыцынскія ўніверсітэты ці БДУІР не з’яўляюцца для нашых студэнтаў-вундэркіндаў прыярытэтам для паступлення? Ці, можа, няма такой праблемы. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што ёсць», — сказаў беларускі лідар. Ён таксама пацікавіўся, як ВНУ працуюць са школамі, прэзентуюць сябе выпускнікам, узаемадзейнічаюць з прадпрыемствамі, якія павінны быць заказчыкамі кадраў? Аляксандр Лукашэнка спытаў, як адказныя асобы могуць растлумачыць дэфіцыт кадраў па запатрабаваных спецыяльнасцях. Па яго інфармацыі, мэтавая падрыхтоўка не вырашае праблему. «І для чаго мы стварылі столькі профільных класаў, калі менш за 39 працэнтаў выпускнікоў гэтых класаў паступае па профілі?» — задаў яшчэ адно пытанне кіраўнік дзяржавы. 

Шмат праблем звязана і з вучэбнымі праграмамі ў ВНУ. Аляксандр Лукашэнка спытаў, ці своечасова яны абнаўляюцца. Ён пацікавіўся, ці ўкараняюцца найноўшыя тэхналогіі ў навучанне. «У мяне ёсць даныя: ледзь не палова студэнтаў сёння незадаволены якасцю адукацыі. Мы апыталі і старшакурснікаў і першакурснікаў. Чым там займаецеся? Дакладваюць, што вы не паспяваеце за тэхналогіямі, маладыя спецыялісты давучваюцца на вытворчасці. А мы патрабуем у заказчыка гарантаваць першае працоўнае месца. Каму патрэбныя такія «спецыялісты»? — спытаў кіраўнік дзяржавы. — Але, з іншага боку, калі спецыялісты не адпавядаюць запытам заказчыкаў, то дзе іх удзел у працэсе навучання? Гэтых самых заказчыкаў. Чаму яны не прыходзяць у ВНУ і не вязуць сваіх будучых спецыялістаў да сябе? Чаму вытворцы самі не ідуць ва аўдыторыі? Пытанні ўсім: рэктарам, галіновым міністэрствам, ураду». 

Трэцяя праблема. Моладзь не надта ахвотна ідзе ў навуку і выкладанне. 

«А мы пры гэтым яшчэ і дазваляем сабе раскідвацца высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Не думайце — звяртаюся да кіраўнікоў ВНУ, — што на ваш век хопіць выкладчыкаў», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым, Прэзідэнт не выключае, што пры належным размеркаванні кадраў і пераўтварэнні навучальных праграм можна сустрэцца не з дэфіцытам кадраў, а з, наадварот, незадзейнічанымі кадрамі. Па яго словах, у першую чаргу, гэта зона адказнасці рэктараў, якія незадзейнічаныя кадры. Гэта найперш сфера адказнасці рэктараў ВНУ, якія павінны ініцыяваць як абнаўленне праграм навучання, так і ўзмацніць попыт з выкладчыкаў. «Калі выкладчыкі хочуць вялікую заработную плату, як на захадзе, значыць і працаваць трэба як на захадзе. Працаваць трэба як на захадзе, з ранку да ночы, асабліва моладзі, каб зарабіць», — заявіў ён. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сферы вышэйшай адукацыі трэба стварыць незалежную групу, якая б праверыла ВНУ, як гэта было зроблена ў ахове здароўя. Па яго словах, неабходна разварушыць ВНУ, якія «закасцянелі да неймавернасці». У першую чаргу Прэзідэнт запатрабаваў звярнуць увагу на змест і якасць праграм навучання і разгледзець магчымасць скарачэння часу падрыхтоўкі па асобных спецыяльнасцях: «Нам трэба дакладна паглядзець у ходзе работы гэтай рабочай групы, якія будуць праграмы і пад гэтыя праграмы — адпаведную адукацыю. Можа быць, не пяць гадоў недзе, не чатыры гады, а тры і чатыры гады».

Наступная праблема, якая апынулася ў полі зроку Прэзідэнта — падручнікі. У прыклад ён прывёў падручнік па філасофіі, па якім вучыцца яго малодшы сын Мікалай. Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта жах. «Савецкія падручнікі давалі дакладныя структураваныя адказы на ўсе пытанні. А там такі хлам, ні адзін студэнт гэта не вывучыць», — заўважыў ён. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ён кожны год патрабуе прывесці падручнікі ў парадак, напісаць іх нармальнай мовай, зразумелай і даступнай для навучэнцаў. 

«Мне дакладваюць, што прафесарска-выкладчыцкі склад старэе. Але праблема не ва ўзросце. Мы заўсёды беражліва ставімся да напрацаванага гадамі досведу і мудрасці. Дай Бог многім сіл і здароўя як мага даўжэй дзяліцца сваімі ведамі з моладдзю, калі гэтыя веды ёсць і яны ўдасканальваюцца ў нашых мудрых выкладчыкаў. Не жоўтыя канспекты рукамі, якія трасуцца, трымаць на трыбуне, а нармальныя каб былі выкладчыкі. — выказаўся беларускі лідар. — Непакоіць іншае. Хацелася б бачыць годную змену. Заўтра пасля нас хто будзе? Асабліва па тых спецыяльнасцях, у якіх мае вострую патрэбу наша краіна сёння і ёсць перспектыва ў будучыні». 

Прэзідэнт папярэдзіў, што пакуль не будзе новай методыкі, новых праграм і новых падручнікаў і выкладчыкаў, якія хочуць працаваць, аб высокай зарплаце не можа ісці гаворка. Па словах кіраўніка дзяржавы, галоўнае — гэта якасны вынік. «Спакойнага жыцця ў вас з гэтага дня не будзе. Пачынайце круціцца, вярцецца. Вы ведаеце самыя сучасныя ўзоры і ўзроўні адукацыі — зрабіце ў сябе лепей. Вось і Год якасці. — расставіў прыярытэты Аляксандр Лукашэнка. — Вядома, нельга сказаць, што сітуацыя крытычная, аднак па асобных напрамках, у першую чаргу тэхнічным, скажу шчыра, насцярожвае». Ён папярэдзіў, што рэктары сабраліся не дзеля справаздач, а для таго, каб унесці канкрэтныя прапановы па абазначаных праблемах. «Не павінна быць самазаспакоенасці. Нідзе не павінна быць самазаспакоенасці. Гэта тычыцца ўсіх», — канстатаваў Прэзідэнт. Таму, насцярожанасць па ўсім пытанням вышэйшай адукацыі вельмі сур’ёзная. 

Чацвёртая праблема. Адукацыя не можа быць па-за палітыкай 

«Бачу па дакладах, што не ўсе ўразумелі маё прынцыповае патрабаванне да сістэмы адукацыі. Адукацыя ніколі не была і не можа быць па-за палітыкай. Вы не проста даяце прафесію, вы фарміруеце светапогляд маладых людзей. Скажу прама: вы першыя адказваеце за нацыянальную бяспеку і нясеце адказнасць за захаванне суверэнітэту краіны. Калі сярод вас да гэтага часу працуюць людзі, якія не падзяляюць нашы падыходы, нашу палітыку і дзяржаўную ідэалогію, калі вы працаўладкоўваеце ўчарашніх хістацеляў «рэжыму», то якія высновы я павінен рабіць пра вас? Пытанне для разважання і прыняцця рашэнняў, — сказаў Прэзідэнт. — Гэта вашых студэнтаў, адурманеных заходнімі каштоўнасцямі, мы бачылі на плошчах у 20-м. І многія сэнсы, якія іх вывелі на вуліцу, былі закладзеныя, на жаль, у вашых аўдыторыях. Ці не ў вашых і закладзены не вамі. Думаю, вы мяне пачулі».

Пятая праблема. Нездавальняючая ідэалагічная і выхаваўчая работа з моладдзю. 

«Махровы бюракратызм. Усё для адчэпкі: і маладзёжныя арганізацыі, і прафсаюзы, і студэнцкія парады, і іншае!» — заўважыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што ў сувязі з гэтым у яго шмат пытанняў да ўсіх: да ВНУ, мінадукацыі, урада, Адміністрацыі Прэзідэнта, нашай маладзёжнай арганізацыі. І адразу даручэнне — спыніць фармалізм, бо, па словах кіраўніка дзяржавы, нікому нічога для птушачкі не трэба. 

«Пра што казаць, калі асобныя выкладчыкі, мякка кажучы, самі не з’яўляюцца ўзорам патрыятызму. Што мы можам патрабаваць ад студэнтаў, калі, напрыклад, прафесар не можа ці не хоча кампетэнтна адказаць ім на складаныя жыццёвыя, палітычныя пытанні? У такой сітуацыі ніякія канцэрты, шоў-праграмы і іншыя флэшмобы не навучаць дзяцей шчыра любіць Радзіму, паважаць старэйшае пакаленне, берагчы гістарычную праўду», — заўважыў Прэзідэнт. Таксама, па яго словах, яскравых мерапрыемстваў, якія б сталі падзеяй і згуртавалі моладзь, не бачна, у першую чаргу на ўзроўні ВНУ.

Часта адказныя за сферу вышэйшай адукацыі захапляюцца статыстыкай і самасправаздачамі, як крытычна заўважыў кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, міністр адукацыі Андрэй Іванец да гэтага часу не прапанаваў кандыдатуру на вакансію намесніка міністра па ідэалогіі, хаця яна была адкрыта па яго просьбе ў лістападзе 2023 года. 

Да 1 верасня неабходна вызначыцца

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што самасправаздачы, самалюбаванне і «вялікія дасягненні» на гэтай нарадзе не патрэбныя. Савет рэктараў павінен прапанаваць далейшыя шляхі ўдасканалення нашай адукацыі. Шляхі развіцця іншых узроўняў адукацыі ўжо вызначаны. Наступіў час ВНУ. «Да 1 верасня мы павінны дакладна вызначыцца, што будзем рабіць. І калі трэба (а хутчэй за ўсё, трэба будзе), сустрэнемся ў канцы жніўня пасля работы той камісіі, якая будзе створана і прашэрсціць усе ВНУ, паглядзіць, як і ў ахове здароўя. Мы падвядзем вынікі і зробім высновы, з кім далей будзем працаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што Савет рэктараў — гэта інтэлектуальны пул краіны: «У вашых руках сотні тысяч маладых людзей. За кожнага вы нясеце адказнасць. Мной прынята рашэнне аб стварэнні Рэспубліканскага савета рэктараў з такімі паўнамоцтвамі шырокімі не для таго, каб ён пераўтварыўся ў нейкі дыскусійны фармальны клуб. Вы павінны былі стаць лакаматывам развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі». 

Пры падрыхтоўцы студэнтаў трэба ісці ад жыцця

Сёння сістэма вышэйшай адукацыі прадстаўлена 49 ВНУ, у якіх навучаецца 230 тысяч студэнтаў і магістрантаў. Адукацыйны працэс забяспечвае больше за 17 тысяч выкладчыкаў. Універсітэты сёння рыхтуюць кадры для ўсіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы. Аб прынятых мерах па павышэнні якасці вышэйшай адукацыі далажыў міністр адукацыі Андрэй Іванец. 

Першае — сёння назіраецца сыход ад агульнай вышэйшай адукацыі. «Працу гэтую мы пачынаем яшчэ са школы. Толькі за апошнія тры гады колькасць выпускнікоў дзевятых класаў, якія паступілі ў каледжы, вырасла з 30 да 50%. Фактычна кожны другі выпускнік дзевятага класа выбірае траекторыю атрымання адукацыі ў каледжы. Гэта не гаворыць аб тым, што ім мы закрываем дарогу ў вышэйшую адукацыю. Ствараем адпаведныя дадатковыя траекторыі — толькі ў мінулым годзе ВНУ прынялі 10 тысяч выпускнікоў каледжаў», — расказаў міністр. Таксама па яго словах, праводзіцца ранняя прафарыентацыя школьнікаў, у мінулым годзе вярнулі профільную падрыхтоўку ў восьмыя і дзевятыя класы. Развіваюцца і профільныя классы. Міністр адукацыі заўважыў, што працэнт паступлення пасля такіх класаў 20-30 працэнтаў, найбольш высокі вынік — у педагагічных класах. Па яго словах, гэтую работу трэба працягваць і па іншых профілях — аграрным, спартыўна-педагагічным. У гэтым годзе стварылі інжынерныя класы. Андрэй Іванец адзначыў, што без увагі не застаюцца школьнікі, якія вучацца ў базавых класах. Сёлета праходзяць працоўнае навучанне 30 тысяч школьнікаў па рабочых прафесіях, 90 працэнтаў з якіх атрымліваюць адпаведны дакумент і рабочую прафесію. 

Міністр адукацыі расказаў, што яго турбуе лічба восем тысяч. Менавіта столькі студэнтаў кожны год адлічваюць з ВНУ. Палова — за непаспяховасць, палова — па ўласным жаданні. «Гэта кажа аб тым, што з прафарыентацыяй мы істотным чынам недапрацоўваем. І гэта неарэлізаваны патэнцыял для эканомікі краіны», — адзанчыў Андрэй Іванец. Міністр расказаў, якія меры прымаюцца для ўдасканалення прафарыентацыйнай работы. «Што самае галоўнае. Мы павінны прыходзіць да нашых школьнікаў і іх бацькоў не толькі з установамі адукацыі, з рэктараскім корпусам, кіраўнікамі коледжаў, але і павінны прыходзіць заказчыкі кадраў. Сёння бацькі хочуць разумець, не дзе будзе вучыцца іх дзіця, а дзе ён будзе працаваць, якія ўмовы будуць для прафесійнага росту і развіцця», — падкрэсліў Андрэй Іванец.

Па словах міністра адукацыі, сёння пры падрыхтоўцы студэнтаў трэба ісці ад жыцця, даваць ім тое, што спатрэбіцца непасрэдна падчас працы. «Для студэнтаў сёння ўжо з першага курса ўведзены практыкі. Наколькі яны якасна выконваюцца, пытанне пакуль што адкрытае. Мы ведаем, што ёсць і фармальны падыход, калі на прадпрыемствы прыходзяць студэнты, іх адпраўляюць дадому і пры гэтым адзначаюць, што практыка пройдзена. Тут яшчэ вялізнае поле для нашай працы», — сказаў Андрэй Іванец. Ён заўважыў, што сёння студэнты 3-4 курсаў актыўна прыцягваюцца да працоўнай дзейнасці. Таксама ў ВНУ разам з прафесарска-выкладчыцкім саставам лекцыі студэнтам чытаюць практыкі. «Упэўнены, што сёння кіраўнік прадпрыемства ў першую чаргу павінен быць зацікаўлены, каб яго вядучы спецыяліст прыйшоў ва ўстанову адукацыі, пачаў працаваць са студэнтамі. Таму што заўтра гэты студэнт прыйдзе працаваць да яго на прадпрыемства і стане яго спецыялістам», — падкрэсліў Андрэй Іванец.

Важным элементам павышэння эфектыўнасці падрыхтоўкі спецыялістаў з’язляецца мэтавы прыём. Міністр адукацыі прызнаў, што тут ёсць шмат крытыкі. Разам з тым, дзякуючы мэтаваму прыёму выпускнік 11 класа ўжо ведае, дзе будзе працаваць і ўжо з першага курса прыцягваецца для праходжання практыкі на прадпрыемстве, дзе будзе працаваць. «Але не заўсёды на прадпрыемствах ствараюцца адпаведныя ўмовы, каб замацоўваўся малады спецыяліст. Трэба замацаваць настаўніка, трэба прадаставіць адпаведныя ўмовы працы, недзе з жыллём дапамагчы. Простай мовай кажучы — зацікавіць маладога чалавека», — звярнуў увагу міністр. Найбольшы мэтавы прыём — да 60 працэнтаў — ажыццяўляецца па педагагічных, медыцынскіх і аграрных спецыяльнасцях. Сёння дзейнічае каля 11,5 тысяч дагавораў мэтавай падрыхтоўкі, 3,6 тысячы чалавек набралі ў гэту прыёмную кампанію. «Галоўнае наша патрабаванне адно — якасць падрыхтоўкі. Для гэтага ўзмоцнены патрабаванні да набору і адпрацоўка — не менш за 5 гадоў», — сказаў Андрэй Іванец. 

Яшчэ адзін важны аспект — размеркаванне маладых спецыялістаў. Толькі ў 2023 годзе падлягалі абавязковаму размеркаванню 17,3 тысяч выпускнікоў ВНУ. «Ці ўсё дайшлі да першага працоўнага месца? Толькі 16 тысяч гэта значыць каля 90 працэнтаў маладых спецыялістаў прыйшлі на прадпрыемствы. Гэта амаль двухразовы рост за гэты год колькасці выпускнікоў, якія не пачалі адпрацоўку. Спаганяем сродкі — сёння каля 70 працэнтаў такіх маладых спецыялістаў ужо кампенсавалі, 5,7 мільёнаў беларускіх рублёў накіравана ў бюджэт. Гэта работа будзе прадоўжана, персанальная адказнасць ускладзена на рэктараў», — рэзюмаваў міністр адукацыі.

Пашырана траекторыя для паступлення ў ВНУ таленавітай моладзі

Вялікае знаячэнне мае кадравы патэнцыял ВНУ. Па словах Андрэя Іванца, сёння ў многіх ВНУ моцна не хапае выкладчыкаў. Але, па яго словах, справа не ў колькасці кандыдатаў ці дактароў навук, а ў іх якасці, наколькі якасна яны працуюць са студэнтамі. «Што для гэтага які робіцца? Безумоўна, у ВНУ мы актыўна развіваем не толькі адукацыйнае асяроддзе, але і навуковую, інавацыйную сферу. Актыўна працуюць 34 галіновыя лабараторыі, якія створаны на базе буйных прамысловых прадпрыемстваў, функцыянуюць 7 навукова-тэхналагічных паркаў. У даследчую дзейнасць уцягнуты каля 5 тысяч чалавек з прафесарска-выкладчыцкага складу. Пры гэтым асаблівую ўвагу ўдзяляем маладым вучоным, — прадоўжыў ён. Штогод прымаем у аспірантуру 500 чалавек, каля 80 — у дактарантуру, каля 150 кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый у сістэме нашых ВНУ праходзяць штогод абарону, фактычна гэта кожная другая дысертацыя ў нашай краіне. Але патэнцыял тут яшчэ вялікі», — сказаў міністр адукацыі. Па яго словах, для ўкаранення навуковых распрацовак удасканальваецца інфраструктура ВНУ. З гэтага года адкрываецца цэнтры кампетэнцый, якія будуць выконваць не толькі адукацыйную функцыю, але і прыцягваць маладых вучоных для ўкаранення вынікаў сваіх распрацовак у рэальны сектар эканомікі. 

Сёння праводзіцца дыверсіфікацыя экспарта адукацыйных паслуг. Па словах міністра адукацыі, актыўна развіваецца супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Створана 10 сумесных навукова-адукацыйных структур, рэалізуецца 40 сумесных адукацыйных праграм. Сёння больш чым 10 тысяч замежных студэнтаў — гэта студэнты з Кітая. Актыўна развіваецца супрацоўніцтва з краінамі СНД, пераважна гэта Узбекістан, Туркменістан, Таджыкістан. «Адкрываем Афрыканскі кантынент. Сёння гэта пакуль каля 7 працэнтаў нашага экспарту. Нараўне з традыцыйнымі афрыканскімі краінамі — Нігерыя, Марока, Камерун — развіваем супрацоўніцтва з Зімбабвэ і Экватарыяльнай Гвінеяй. Ужо сёння першыя студэнты з Зімбабвэ прыехалі вучыцца ў нашы ВНУ. Так, гэта яшчэ невялікая лічба, але патэнцыял — вялікі», — падкрэсліў Андрэй Іванец. З гэтага года прадугледжаны прыём расійскіх абітурыентаў па выніках АДЭ за кошт бюджэту з наступным размеркаваннем на беларускія прадпрыемствы. У асноўным гэта запатрабаваныя спецыяльнасці — будучыя інжынеры, педагогі, работнікі сельскагаспадарчага профілю. 

Кажучы пра працу з моладдзю, Андрэй Іванец падкрэсліў, што тут праблем шмат. І самая галоўная — фармальны падыход да гэтай работы. «Так, у нас ёсць чатыры слупы, якія мы вызначылі па працы з моладдзю ў нашых універсітэтах — гэта саюз моладзі, гэта студэнцкія саветы, гэта прафсаюзы і парады маладых навукоўцаў. — адзначыў міністр. — Сёння мы гаворым не аб колькасці, а аб якасці. Мы павінны праз студатрадаўскі рух, навуку, творчасць, спорт, вольны час дайсці абсалютна да кожнага студэнта з нашай дзяржаўнай пазіцыі. Таму што менавіта дзяржава для моладзі стварыла ўсе неабходныя умовы не толькі для атрымання адукацыі, але і для яе развіцця, і для наступнай сацыялізацыі».

Па словах кіраўніка ведамства, адным з крытэрыяў эфектыўнасці дадзенай работы з’яўлецца адток моладзі за мяжу. Па яго словах, сёлета менш выпускнікоў школ з’ехала за мяжу за вышэйшай адукацыяй, чым летась. Але тэндэнцыі застаюцца адмоўнымі. Андрэй Іванец расказаў, што зроблена для таго, каб іх выправіць. «Самае галоўнае — пашырана траекторыя для паступлення таленавітай матываванай моладзі ў ВНУ па льготах, без экзаменаў. Створаны асаблівыя ўмовы для медалістаў. Упэўнены, што і сёлета гэта дасць вельмі сур’ёзны вынік для таго, каб самыя лепшыя і самыя разумныя маладыя людзі засталіся ў нашай краіне», — падкрэсліў Андрэй Іванец. 

Для замацавання кадраў на працоўных месцах пасля заканэчння ВНУ прапаноўваецца кратна павысіць суму кампенсацыі маладым спецыялістам у выпадку неадпрацоўкі па размеркаванні, а ў нейкіх выпадках, можа быць, поўнасцю адысці ад магчымасці кампенсацыі затрат за вучобу. «Таму што, скончыўшы ўніверсітэт, ты павінен стаць спецыялістам, а для гэтага мінімум два гады ты павінен адпрацаваць па сваёй прафесіі. Па асобных спецыяльнасцях, магчыма, мае сэнс разгледзець павелічэнне тэрмінаў адпрацоўкі маладымі спецыялістамі, у тым ліку і мэтавікамі», — растлумачыў міністр. 

Па словах кіраўніка ведамства, неабходна вызначыць перспектывы развіцця вышэйшай школы. Тут вялікае значэнне мае аптымізацыя структуры падрыхтоўкі. «Важна вызначыць аптымальную структуру, выключыць дубліраванне спецыяльнасцей, а самае галоўнае — кожная ВНУ павінна атрымаць свой профіль падрыхтоўкі і павінна рыхтаваць тых спецыялістаў, якіх у стане рыхтаваць», — сказаў ён. З гэтай мэтай праводзіцца інвентарызацыя адкрытых у ВНУ спецыяльнасцей з аналізам узаемадзеяння з заказчыкамі і размеркавання выпускнікоў. Гэта работа, па словах міністра, пакуль толькі пачата і наперадзе трэба шмат зрабіць.

Міністр адукацыі ўказаў на важнасць удасканалення зместу падрыхтоўкі спецыялістаў. У 2022 годзе быў прыняты новы класіфікатар спецыяльнасцей, згодна з якім была значна скарочана колькасць спецыяльнасцей. За гэты год былі перапрацаваны адукацыйныя стандарты. «Але ці ўсё ў гэтыя кароткія тэрміны было зроблена на тым якасным узроўні, якога ад нас сёння патрабуе сітуацыя? Не. Мы правядзём поўную інвентарызацыю ўсіх адукацыйных стандартаў і вучэбных праграм, планаў з тым, каб сапраўды выйсці на якасную падрыхтоўку спецыялістаў, якія сёння ад нас чакаюць заказчыкі кадраў», — заявіў Андрэй Іванец. 

Прэзідэнт звярнуў увагу на фінансава-эканамічны складнік дзейнасці ВНУ, кошт платнага навучання і рэнтабельнасці работы ўстаноў вышэйшай адукацыі. «Паглядзіце эканоміку дзейнасці ВНУ», — паставіў задачу ён. Аляксандр Лукашэнка жорстка запатрабаваў, у тым ліку ад Урада і Міністэрства адукацыі вырашаць існуючыя праблемы дакладна, своечасова і з улікам сучасных патрабаванняў.
Умацаванне сувязі адукацыі, навукі і вытворчасці

Сваімі поглядамі на праблемы і перспектывы сферы вышэйшай адукацыі падзяліліся і адказныя за гэта асобы — рэктары. Аб ролі Рэспубліканскага савета рэктараў і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы вышэйшай адукацыі далажыў старшыня Савета, рэктар БДУІР Вадзім Богуш. «За апошнія два гады мы правялі вялікую работу па ўкараненню новых адукацыйных стандартаў і ў цесным супрацоўніцтве абнаўляем кваліфікацыі, распрацоўваем новыя спецыяльнасці», — адзначыў ён. Напрыклад, толькі ў 2023 годзе сумесна з міністэрствам прамысловасці праведзена работа па адкрыцці новых спецыяльнасцей, надзвычай важных для вядучых прадпрыемстваў. Па словах Вадізма Богуша, у мадэрнізацыі вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў спецыялісты ідуць ад зямлі. У гэтай дзейнасці задзейнічана тэхналагічная база прадпрыемстваў і спецыялісты-практыкі. «Мы мяркуем, што такая практыка павінна пашырацца і падтрымлівацца з боку прадпрыемстваў», — адзначыў Вадзім Богуш. 

Старшыня Савета рэктараў адзначыў праведзеную работу ў частцы пашырэння магчымасцей для падбору матываваных абітурыентаў, але канстатаваў, што трэба больш актыўна дзейнічаць яшчэ на ўзроўні школ. Не менш важная тэма — умацаванне сувязі адукацыі, навукі і вытворчасці, уцягванне студэнтаў у прафесійную дзейнасць. Па словах Вадзіма Богуша, намаганні Савета рэктараў засяроджаны на працы з таленавітай моладдзю і развіццю кадравага патэнцыяла вышэйшай школы. Ва ўніверсітэтах усе студэнты маюць магчымасці для заняткаў навуковай і творчай дзейнасцю. Распрацоўкі моладзі падтрымліваюцца міністэрствам адукацыі рамках штогадовага конкурса навукова-даследчых работ аспірантаў і студэнтаў. «Прапаную разглядзець магчымасць правядзення падобных конкурсаў і выдзелення грантаў галіновымі міністэрствамі ці вядучымі прадпрыемствамі з улікам спецыфікі галіновых задач. Гэта будзе дадаткова звязваць навуку, адукацыю і вытворчасць, прыцягваць моладзь да рашэння акутальных прыкладных праблем», — прапанаваў Вадзім Богуш.

Старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Аляксандр Гучок расказаў аб праблемах павышэння эфектыўнасці ўзнаўлення кадравага патэнцыялу навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. Цэнтральная з трывожных тэндэнцый — павелічэнне сярэдняга ўзросту навуковых кадраў і зніжэнне колькасці прысуджаных вучоных ступеняў кандыдата навук. 

Нягледзячы на ўсе складанасці, Прэзідэнт падкрэсліў, што зніжаць планку патрабаванняў да суіскальнікаў на атрыманне той ці іншай вучонай ступені недапушчальна. «Абы кандыдаты, абы доктара — яны нам не патрэбны, — сказаў ён. — Вы павінны жорстка стаяць на варце нарматыўна-прававой базы, якая фарміруе патрабаванні да гэтых суіскальнікаў. Ніякага тут паслаблення быць не павінна. Нам не патрэбны дысертацыі дзеля дысертацый. Жорсткі попыт тут павінен быць. «Ах, у нас менш кандыдатаў будзе!» Ну няхай будзе менш, але гэта будуць сапраўдныя навукоўцы. Дакладна так, як і дактары навук. Доктар навук — гэта свяціла». 

Ірына Кітурка, рэктар Гродненска дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, выступіла на тэму ролі вышэйшай школы ў выхаванні асобы і грамадзяніна. Па яе словах, сёння ўспрымаць работу па ідэалагічным і патрыятычным выхаванні моладзі нельга ўспрымаць як нешта другараднае. Асабліва важную роль у гэтым адыгрывае выкладанне сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Але, акрамя гэтага, па словах рэктара неабходна праводзіць дадатковыя мерапрыемствы. Напрыклад, дыялогавыя пляцоўкі, адкрытыя размовы, віктарыны і іншыя формы прамой працы з моладдзю. 

«Правільна вы сказалі — дыялогавыя пляцоўкі. Жывое слова. Да людзей трэба ісці. У нас кіруемая краіна, мы можам дастукацца да кожнага. Прыйсці і абвергнуць тое, што яны ўбачаць уу сваіх смартфонах. — адзначыў кіраўнік дзяржавы- У гэтае поле пераходзіць барацьба. Там і палітыка, і фінансы. Усё будзе там. І выбары, і нявыбары. Таму нам трэба рыхтавацца тут працаваць. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што моладзь трэба акунуць у жывую працу, даць маладым людзям жывое слова. па яго словах, сёння ад інтэрнету ўжо нікуды не падзецца. Але інтэрнет можа быць і вялікай дапамогай. Трэба толькі правільна навучыцца працаваць з моладдзю. 

Рэктар Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі Віталь Веліканаў расказаў аб развіцці сістэмы падрыхтоўкі кадраў з улікам патрэбнасцей рынкаў працы. Тут таксама на першым плане — практыкаарынтаваны падыход і стварэнне прывабных умоў для работы маладых спецыялістаў. Што тычыцца сельскагаспадарчай галіны, то па словах рэктара, у школах створаны аграрныя классы. У мінулым годзе ў ВНУ на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці было залічана 343 выпускніка такіх класаў. Але гэта толькі 20 працэнтаў вучняў такіх класаў. Для павелічэння гэтай лічбы намаганні павінны прыкласці і самі ВНУ, і заказчыкі кадраў, трэба ўзмацніць працу з выпускнікамі і бацькамі. «Лепей да паступлення ў ВНУ зразумець, што гэта не тваё (калі яны ў аграрным классе ўбачылі, якая прфесія і спецыяльнасць іх чакае), чым адвучыцца чатыры гады і не прыйсці ў прафесію», — адзначыў Віталь Веліканаў. Па яго словах, для замацаванасці маладых спецыялістаў неабходна ствараць ім умовы для працы, падтрымліваць фінансава, дапамагаць вырашаць жыллёвыя пытанні. 

Прэзідэнт пацікавіўся, ці не баяцца паступаць у Акадэмію людзі, якія ўжо працуюць у сельскай гаспадарцы. Віталь Веліканаў адказаў, што такія студэнты нават больш матываваныя і зацікаўленыя ў атрыманні ведаў і ўласным прафесійным развіцці, чым учарашнія выпускнікі школ. Кіраўнік дзяржавы таксама спытаў, як арганізавана вучоба такіх студэнтаў. Па яго словах, важна не адпудзіць людзей завышанымі патрабаваннямі або перагружанай адукацыйнай праграмай, а мэтанакіравана даваць студэнтам менавіта тыя веды, якія ім неабходны. Кіраўнік дзяржавы абазначыў гэта пытанне ў тым ліку на ўласным вопыце, таму што ў свой час скончыў сельгасакадэмію па эканамічнаму профілю. «Гэта трэцяя ўжо была адукацыя пасля палітычнай (першая — гістарычная). Я свядома прыйшоў на эканамічны факультэт, таму я ведаў, што ў сельскай гаспадарцы мне і патрэбна будзе эканомка. Усё астатняе — раслінаводства, жывёлагадоўля і іншае, — я там асвою на практыцы. Я — вясковы», — сказаў ён. Аднак, як успомніў Аляксандр Лукашэнка, падчас вучобы прыйшлося сутыкнуцца з прадметамі, якія зусім непрофільныя для сельскай гаспадаркі. «Статыстыка на такім узроўні! Я, Прэзідэнт сёння, успамінаю — і тое думаю: «Навошта гэта мне было?» Таму задаю пытанне і прад’яўляю патрабаванні да вашых праграм і бачу загадчыцу фермы, якая папрацавала крыху пасля каледжа. Выдатны спецыяліст, але да вас яна не пойдзе — яна баіцца вашай праграмы, яна баіцца вучыцца ў гэтай акадэміі, — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, важна не спрашчаць праграму, а даваць студэнтам тыя веды, якія ім сапраўды патрэбныя. 

Ніякай не можа быць якасці без навукі і адукацыі

Падводзячы вынікі нарады, Прэзідэнт растлумачыў, чаму ён так жорстка ставіць гэтае і іншыя пытанні.: У нас ідзе змена пакаленняў. Усе, якія сядзяць тут, рана ці позна сыдуць. А хто прыйдзе за намі? Зможам мы спакойна жыць на пенсіі? Ці не будзем мы сябе дакараць, што нешта не зрабілі? Трэба ўсім заварушыцца, ускалыхнуцца! Ад нас жа з вамі залежыць, што будзе заўтра ў Беларусі». Па словах кіраўніка дзяржавы, сёння трэба выбудаваць нармальную сістэму і пакінуць яе наступным пакаленням. «І мы ж не паміраем. Мы будзем глядзець збоку, будзем локці кусаць: чаму мы гэтага не зрабілі, чаму не вырашылі. Трэба прывесці ў пачуцці вышэйшую школу. Без гэтага мы нікуды не рушым», — сказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ў наступным годзе будзе сур’ёзны попыт з усіх за прыём абітурыентаў і камплектаванне ВНУ. «У адваротным выпадку навошта рэктар патрэбны? А ўжо рэктар павінен закруціць усіх. Гэта ж не справа: збіраемся і тут адзін аднаму расказваем, якія ў вас праблемы і складанасці. Ну вы іх вырашайце на сваім узроўні. І трэба спыніць гэтую балбатню і ўсякія размовы». 

Кажучы пра практыкаарыентаваны падыход у падрыхтоўцы спецыялістаў, беларускі лідар адзначыў, што ўжо падчас навучання ва ўніверсітэце малады чалавек павінен убачыць сваю спецыяльнасць на практыцы, пабываць на прадыпрыемстве ці ў полі. Ён павінен паглядзець на сваю будучыню. Але часта перашкодай для рэалізацыіі такога падыходу, ды і іншых становіцца фармалізм. Кіраўнік дзяржавы настойвае на тым, што ніякага фармалізму быць не павінна, ва ўсіх аспектах. 

Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на дзейнасць студэнцкіх аб’яданнняў. «Як кажуць: «Ну, не кожны павінен быць у БРСМ». Не кожны там будзе, натуральна. Не хоча і іншае. Але змагацца БРСМ павінен за кожнага. Але не проста прыйсці там, казку нейкую расказаць ці зацягнуць сілай, а сваімі мерапрыемствамі. Нармальнымі, нефармальнымі. Не толькі для таго, каб у тэлевізары паглядзеў Прэзідэнт ці яшчэ нехта. Трэба не фармальна», — падкрэсліў беларускі лідар. Ён выказаўся і наконт працы іншых маладзёжных аб’яднанняў, якія дзейнічаюць у ВНУ. «Няхай гэта будзе на базе БРСМ, прафсаюзаў, студэнцкіх саветаў пры ВНУ і гэтак далей. Трэба, каб кожны займаўся сваёй справай. Каб дубляжу не было. Вызначыцеся. Вось аб’ём работы са студэнтамі: гэты кавалак — БРСМ, гэты — прафсаюз, гэты — студэнцкая рада. Кожнаму сваё. Тады не будзе дубляжу. І разам яны павінны працаваць. Усё гэта накіроўвае рэктар», — сказаў беларускі лідар. 

Прэзідэнт заўважыў, што вучоба ў ВНУ — няпросты перыяд у жыцці маладога чалавека. Але гэтым перыядам нельга палохаць людзей. Па яго словах, рэктары павінны ствараць такія ўмовы ў сваіх ВНУ, каб людзі хацелі да іх паступаць, распрацаваць цікавыя вучэбныя праграмы. 

«Для мяне важна, каб мы не страцілі яшчэ і прывабнасць беларускай адукацыі. Я жорстка стаўлю гэтае пытанне не таму, што ў нас зусім дрэнна. Не. 30 тысяч навучаюцца з-за мяжы і плацяць добрыя грошы. Значыць, не ўсё дрэнна. Але трэба ўзварухнуцца, каб было лепш. Таму што заўтра страцім той узровень, які ёсць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Вярнуўся беларускі лідар і да пытання падручнікаў. Дысцыплін, у якіх гэта пытанне патрабуе перагляду не так шмат. Напрыклад, у дакладных навуках такой неабходнасці няма, гэта больш тычыцца гуманітарных дысцыплін. Падрыхтоўку абноўленых падручнікаў Прэзідэнт прапанаваў даручыць рэктарам. Па яго словах, матэрыял павінен выкладацца зразумелай мовай. Калі трэба, нешта варта ўзяць з савецкіх падручнікаў. 

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз канстатаваў, што ўсе праблемы, агучаныя на нарадзе, рэктары, вышэйшыя службовыя асобы павінны перагледзець і да 1 верасня вырашыць. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што навуцы рэба ўдзяліць першачарговую ўвагу. «Трэба спланаваць маю работу ў ВНУ, Акадэміі навук, навуковых установах», — сказаў ён. Прэзідэнт падкрэсліў, што калі на парадку дня стаяла вырашэнне практычных пытанняў, яму больш важна было працаваць на палях і на прадпрыемствах. Але сёння, калі многія з гэтых пытанняў вырашыны, трэба працаваць на больш высокім узроўні. «Навука — вось, што нам трэба. Гэта асноўнае звяно, за якое, ухапіўшыся, мы можам выцягнуць увесь ланцуг. І адукацыя. Ніякай не можа быць якасці без навукі і адукацыі», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Для гэтага, па яго словах, неабходна пераарыентаваць фінансаванне і грашовыя патокі, дзе неабходна. «Але толькі пад канкрэтны вынік. І вельмі жорсткі попыт за выкананне», — папярэдзіў Прэзідэнт. Па яго словах, неабходна прывесці ў пачуцці вышэйшую школу, адладзіць работу з моладдзю. І гэта праца, як арыентуе беларускі лідар, павінна праводзіцца пастаянна, бо без руху не будзе развіцця. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.