Вы тут

У Мінскім дзяржаўным каледжы рамесніцтва і дызайну адкрыўся гісторыка-этнаграфічны музей


У Мінскім дзяржаўным каледжы рамесніцтва і дызайну ўрачыста адкрыўся гісторыка-этнаграфічны музей «На межах часу». За паўтара года, як з’явілася ідэя аб стварэнні такой установы, ужо назбіралася каля 170 экспанатаў. Гэта рэчы, якія зберагаліся ў сем’ях выкладчыкаў і навучэнцаў. Пераважная большасць з іх зроблена ў пасляваенны час, але ёсць тут і больш старыя экспанаты: лапці 1936 года; самавар, што распальваўся вугельчыкамі; саматканы абрус.


Асаблівы гонар музея — калекцыя ручнікоў, перададзеная адной з выкладчыц каледжа, якія жанчына атрымала ў спадчыну ад сваёй бабулі з Хоцімска 1941 года нараджэння. Адным з найбольш цікавых падаецца ручнік, на якім маладая дзяўчына пакінула запіс пра сваю бяду — вышыла словы «Около розы я ходіла. Розой любовалася. Как разлуку получила, слезами вмывалася. Чтоб не забыть своё имя, я ставлю его, Нина».

На адкрыцці музея дырэктар каледжа Ганна Бойка ўзгадала, як калектыў установы ездзіў у Строчыцы ў музей пад адкрытым небам:

— Я ўбачыла цікавасць маіх калег да беларускіх хатак, людзі пачалі расказваць пра тое, якія рэчы ў іх захаваліся, і тады зразумела, што мы на правільным шляху.

Многім сучасным хлопцам і дзяўчатам ужо не знаёмы той традыцыйны уклад, які быў у іх продкаў, таму адкрыццё такога музея — гэта спроба вярнуць звычаі і сэнсы, якія нашы продкі ўкладалі ў пэўныя дзеянні, звязвалі з рэчамі, што іх акружалі. Дарэчы, пры каледжы працуе аб’яднанне па інтарэсах «Спадчына», удзельнікі якога не проста вывучаюць абрады, але і рэканструююць іх, паказваюць сваім равеснікам на сцэне і робяць відэазапісы. У відэатэцы каледжа ўжо чатыры вучэбныя фільмы. Адзін з абрадаў, звязаны са сватаннем, хлопцы і дзяўчаты прадэманстравалі гасцям падчас адкрыцця музея. Яны ж падрыхтавалі і невялікую экскурсію па вясковай хаце — менавіта так аформлены першы пакой вучэбнага музея. Дзяўчаты распавялі пра некаторыя сакрэты рэчаў, якія маюцца ў экспазіцыі. Напрыклад, расказалі пра звычаі і паданні, звязаныя з печчу, падзяліліся, як «прыручыць» новую дзяжу, падказалі, якая рэч магла сведчыць пра здольнасці маладой, гарантавала дзяўчыне добрую долю — нездарма ж узнікла прымаўка «шчасце ў куфар не пакладзеш». Багата юныя гаспадыні ўжо ведаюць пра ручнікі, могуць нават патлумачыць, што было зашыфравана ва ўзорах, і чаму раней дзяўчаты верылі, што вышытыя папараць-кветка і пеўнік маглі спраўдзіць іх мары.

Акрамя залы «Хата з матчынай душой», ёсць тут і выставачны пакой, дзе размяшчаюцца часовыя экспазіцыі — дыпломныя і конкурсныя работы навучэнцаў каледжа. У планах стварыць тэатральны гурток з батлейкай, праводзіць інтэрактыўныя гульні і лекцыі для навучэнцаў каледжа ды школьнікаў, якія прыходзяць сюды на экскурсіі.

Як падзялілася кіраўнік музея, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Спадчына» Антаніна Казлоўская, у музеі стараліся аднавіць інтэр’ер вясковай хаты, бо ён спрыяе адраджэнню традыцыі. Дзеці з задавальненнем ходзяць сюды на заняткі, добра размаўляюць па-беларуску і вельмі радуюцца, калі апранаюць нацыянальныя строі. Уласна, адной з задач музея якраз і было стварэнне ўмоў для патрыятычнага і духоўнага навучання падлеткаў. Рэчы дапамагаюць больш даведацца пра тое, як і чым жылі продкі, у што верылі, на што спадзяваліся.

У цырымоніі адкрыцця музея ўзяў удзел старшыня камітэта па адукацыі Мінскага гарвыканкама Андрэй СТРЫГЕЛЬСКІ. Ён паведаміў, што гэта ўжо 114-ы музей у сталічных установах адукацыі. Большасць з іх размяшчаюцца ў школах і гімназіях, але і каледжы сёння вядуць актыўную работу па захаванні гістарычнай памяці. Збіраюцца экспанаты, вывучаюцца побыт і традыцыі, вядзецца сур’ёзная краязнаўчая і даследчыцкая работа.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».