Вы тут

Старшыня Жабінкаўскага райвыканкама пра перспектывы развіцця горада-спадарожніка


Пра набыткі і перспектывы сельскагаспадарчай галіны, мадэрнізацыю і абнаўленне аб’ектаў аховы здароўя і адукацыі, будаўніцтва жылля ў горадзе-спадарожніку наша сённяшняя размова са старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама Андрэем Кузьмічом.


— Ведаю, што на леташніх Дажынках Жабінкаўскі раён не раз адзначалі ў ліку лепшых. Раскажыце, Андрэй Мікалаевіч, пра асноўныя вынікі земляробаў у мінулым сезоне, а таксама пра дасягненні жывёлаводаў і складнікі іх поспехаў.

— Сапраўды, наш аграпрамысловы комплекс спрацаваў летась вельмі нядрэнна. Прывяду некалькі лічбаў у якасці ілюстрацыі таго, што сказана. Мы занялі другое месца ў вобласці па тэмпах росту валавой вытворчасці збожжавых, з улікам кукурузы атрымалі амаль 72 тысячы тон. Гэта вельмі дастойны вынік для нашага раёна. Рэкордным стаў мінулы год па вытворчасці алею насення рапсу. Мы атрымалі дзевяць тысяч тон і занялі першае месца ў вобласці. Другая пазіцыя — па тэмпах росту валавой вытворчасці цукровых буракоў, іх атрымана 79 тысяч тон. Нашы аграрыі ўвайшлі ў тройку лідараў па тэмпах росту вытворчасці насення шматгадовых траў.

У галіне жывёлагадоўлі вынікі раёна таксама пераўзыходзяць сярэднеабласныя. Ад кожнай каровы летась атрымана 7731 кілаграм малака. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы склалі 726 грамаў. І адзін, і другі паказчыкі займаюць чацвёртае месца ў вобласці, а па сярэднясутачных прывагах свіней (1933 грамы) мы — у лідарах. Не буду больш стамляць лічбамі, адзначу толькі, што пералічанае дасягаецца працай канкрэтных людзей на кожным з жывёлагадоўчых аб’ектаў. Апошнія мадэрнізуем на сістэмнай аснове. З нядаўна ўзведзеных: прафілакторый для маладняку ў ААТ «Жабінкаўскі», жывёлагадоўчае памяшканне для ўтрымання дойнага статку ва ўнітарным прадпрыемстве «АграАзяты». Летась пачалося будаўніцтва малочнатаварнага комплексу ў вёсцы Падлессе ААТ «Хмелева», а таксама рэалізацыя інвестыцыйнага праекта ў ААТ «Мацеевічы» па будаўніцтве двух цялятнікаў на ферме Карды. Сёлета работу плануецца завяршыць і здаць названыя аб’екты. На гэты год таксама распрацавана праграма далейшай мадэрнізацыі шэрагу жывёлагадоўчых аб’ектаў. Зараз вядуцца праектныя работы па ўзвядзеннні малочнатаварных фермаў у ААТ «Ракітніца» і ААТ «Вазнясенскі». У абодвух выпадках будзе па два будынкі кароўнікаў, даільна-малочныя блокі. У перспектыве разгорнецца будоўля ў ААТ «Рагазнянскае», ААТ «Арэпічы». Па кожнаму сельгаспрадпрыемству ёсць праграма далейшай мадэрнізацыі для таго, каб паляпшаць умовы ўтрымання жывёлы, нарошчваць аб’ёмы вытворчасці і аб’ёмы рэалізацыі.

А яшчэ — плаціць людзям належную заработную плату. Сёння па тэмпах росту зарплаты ў сельскагаспадарчай галіне мы на першым месцы ў вобласці. І гэта адзін з галоўных паказчыкаў работы эканомікі. Работа аграрнага сектара, прамысловасці, будаўнічых арганізацый дазволілі нарасціць падатковыя паступленні ў бюджэт. Летась іх паступленне на 28 працэнтаў перавысіла план, што дазволіла зрабіць дадатковыя інвестыцыі ў сацыяльную сферу.

— У краіне традыцыйна надаецца вялікая ўвага стану ўстаноў аховы здароўя і адукацыі ў рэгіёнах. Што робіцца ў гэтым накірунку?

— На шляху мадэрнізацыі цэнтральнай раённай бальніцы праведзена вялікая работа. Бягучы рамонт будынка галоўнай установы аховы здароўя раёна, скажам, абышоўся прыкладна ў 1 мільён 200 тысяч рублёў. Бліжэй да канца мінулага года пасля рэканструкцыі было адкрыта аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі, праект каштаваў бюджэту каля 2,2 мільёна рублёў. Зараз падыходзіць да канца рамонт хірургічнага аддзялення, вядзецца рамонт цэнтральнай раённай паліклінікі. Згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы, у раёне былі адрамантаваны ўсе ФАПы і амбулаторыі, іх у нас адпаведна — дзевяць і пяць. Праведзены бягучы рамонт сельскіх медыцынскіх устаноў, закуплена дадатковае абсталяванне. Для гэтага прыцягвалі спонсарскія сродкі, як правіла, дапамогу аказвалі сельгаспрадпрыемствы. Работа па паляпшэнні аб’ектаў аховы здароўя працягваецца. Сёлета, напрыклад, атрымалі новы аўтамабіль хуткай дапамогі.

Ва ўстановах адукацыі таксама шмат чаго зроблена. Летась правялі капітальны рамонт Ракітніцкай сярэдняй школы коштам у 1,2 мільёна рублёў. З укараненнем пілотнага праекта арганізацыі школьнага харчавання па новай сістэме яе падхапілі ўсе школы. На набыццё абсталявання накіравана 700 тысяч рублёў з раённага, абласнога, рэспубліканскага бюджэтаў.

— З нядаўняй пары на развіццё Жабінкі зацікаўлена пазіраюць і брастаўчане, сёлета спаўняецца акурат дзесяць гадоў, як горад атрымаў афіцыйны статус спадарожніка Брэста з усімі наступствамі. Што новага ў жыцці спадарожніка?

— Са снежня 2021 года з абласнога цэнтра да нас ходзіць гарадскі аўтобус № 77. Раней ён ажыццяўляў тры рэйсы ў дзень. Улічыўшы, што маршрут надзвычай запатрабаваны — аўтобусам ездзяць і студэнты на вучобу, і многія людзі на працу — з 19 студзеня дабавілі яшчэ адзін, чацвёрты рэйс. І ён аказаўся дарэчы. Яно і не дзіва, камунікацыі з абласным цэнтрам узрастаюць, бо павялічваецца аб’ём будаўніцтва жылля. Летась мы ўвялі ў строй 18 тысяч квадратных метраў жылля, у тым ліку 13 тысяч — у горадзе-спадарожніку. Здадзены два шматкватэрныя жылыя дамы і 50 індывідуальных жылых дамоў. На гэты год таксама стаіць задача ўводу ў эксплуатацыю двух шматпавярховых жылых дамоў — на сем і дзевяць паверхаў, якія ўзводзяцца ў новым мікрараёне. Названыя дамы размешчаны ў новым квартале. Прыкладна палова жылля рэалізуецца жыхарам Брэста, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў. У снежні мінулага года распачалося будаўніцтва гандлёвага цэнтра на 2,5 тысячы квадратных метраў.

У тэму развіцця горада-спадарожніка арганічна ўпісваюцца яшчэ два праекты, намечаныя на гэты год. Першы — рэканструкцыя прывакзальнай плошчы. Жабінка ўяўляе сабой даволі буйны чыгуначны вузел. У ходзе рэканструкцыі будуць раздзеленыя зоны чыгуначнага і аўтавакзалаў. У райцэнтры будуецца храм у імя Кірылы Тураўскага. Мяркуем, што сёлета ўдасца ўвесці яго ў эксплуатацыю.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».