Вы тут

Як Магілёўская арганізацыя Чырвонага Крыжа дапамагае бежанцам?


Сужэнцы з Індыі Сінгх Мастан і Каур Гурджэй трапілі ў Магілёў не падчас падарожжа. Іх разам з маленькай дачкой Керам прывяло сюды цяжкае жыццёвае становішча. Пакуль вырашаецца пытанне з аднаўленнем іх дакументаў, яны жывуць у сценах крызіснага цэнтра Магілёўскага аддзялення Чырвонага Крыжа. І ўдзячныя добрым людзям, што не кінулі іх у бядзе.


Астравок бяспекі

Сінгх і Каур не ведаюць англійскай мовы, размову вядзём праз мабільны перакладчык з рускай мовы на хіндзі. Даведваюся, што сям’я накіроўвалася ў Германію, іх падманулі, сужэнцы трапілі ў непрыемную сітуацыю і засталіся без дакументаў. У крызісны цэнтр іх накіравала міграцыйная служба. Грамадзяне Індыі чакаюць, калі ім зробяць пашпарты. Цяпер яны на поўным забеспячэнні Чырвонага Крыжа.

— У Індыі засталіся нашы бацькі і родныя, якія вельмі перажываюць за нас, — кажа Каур. — Мы з нецярпеннем чакаем моманту, калі зможам вярнуцца назад і абняць іх. І калі б не Чырвоны Крыж, напэўна, не змаглі б з імі сустрэцца. Мы вельмі ўдзячны арганізацыі за тое, што дала нам прытулак. У нас нават грошай няма.

Да лістапада мінулага года ў Магілёве не было крызіснага цэнтра ўвогуле, а офісныя памяшканні абласной і раённых місій Чырвонага Крыжа знаходзіліся па розных адрасах. Пасля таго як арганізацыя атрымала памяшканне былой дзіцячай паліклінікі плошчай амаль 500 квадратных метраў, магчымасці значна пашырыліся.

Старшыня Кастрычніцкай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, а па сумяшчальніцтве яшчэ і куратар па крызісным цэнтры Андрэй Вігура паказвае ўмовы пражывання для мігрантаў. У іх распараджэнні чатыры пакоі, кухня, душавыя, санвузел. 

У пакоях новая камфортная мэбля, у памяшканнях агульнага карыстання сучасная бытавая тэхніка. У санітарным пакоі, напрыклад, усталяваны пральная і сушыльная машыны. На кухні — электрапліта, у шафах — набор розных круп і макароны, у халадзільніку — кансервы і іншыя прадукты.

Па суседстве — памяшканні для правядзення розных трэнінгаў і семінараў, бяспечная прастора для дзяцей — так званая аранжавая зона. Тут створаны ўмовы, каб яны маглі пазбавіцца ад стрэсу, які атрымалі. Пры неабходнасці з непаўналетнім можа папрацаваць псіхолаг і іншыя спецыялісты.

У крызісным цэнтры могуць аднамомантна размясціцца да 15 чалавек, перыяд пражывання складае месяц. З часу адкрыцця яго паслугамі скарысталіся восем чалавек. Нядаўна ён быў прытулкам яшчэ і для сям’і з Данбаса — Артура, Аксаны і дзвюх іх дачок. Сужэнцы ўжо атрымалі рэгістрацыю і пераехалі на здымнае жыллё. Артур па прафесіі будаўнік, Аксана — цырульнік, будзе рабіць прычоскі магіляўчанкам. А яшчэ яна выказала жаданне рабіць сацыяльныя стрыжкі ўразлівым катэгорыям насельніцтва. Пасля таго што яе сям’я перажыла, жанчына поўная рашучасці стаць валанцёрам і дапамагаць іншым.

Не толькі замежнікі

Дапамога мігрантам — адзін з найважнейшых кірункаў работы Чырвонага Крыжа, адзначае старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Андрэй Мартыноўскі.

— Гэта людзі, якія засталіся без жылля, маёмасці, і ім вельмі неабходныя дапамога і падтрымка, — кажа ён. — Мы ім дапамагаем прадуктамі харчавання, сродкамі гігіены, адзеннем. Аказваем псіхасацыяльную падтрымку, садзейнічаем аднаўленню сямейных сувязяў, дапамагаем знайсці жыллё, работу. Для мігрантаў вельмі неабходна часовае жыллё. І стварэнне крызіснага цэнтра значна павысіла якасць гэтай дапамогі. Людзі атрымліваюць не толькі магчымасць часова пажыць на тэрыторыі цэнтра, але і скарыстацца кансультатыўнай або псіхалагічнай падтрымкай.

Часовы прытулак гарантаваны не толькі мігрантам або бежанцам, але і беларусам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

— Напрыклад, згарэў дом — няма дзе жыць, і чалавек можа звярнуцца да нас, — кажа Андрэй Уладзіміравіч. — Мы арыентаваны на ўсю вобласць. Можам пасяліць чалавека і з раёна. У кожным раёне ёсць наша прадстаўніцтва, і пацярпелы мае магчымасць звярнуцца да нашага прадстаўніка або непасрэдна да нас. Пра наш крызісны цэнтр ведаюць і партнёры з МНС, сацыяльнай службы.

За 2022–2023 гады Магілёўская арганізацыя Чырвонага Крыжа аказала дапамогу 362 мігрантам з Украіны. Прытулак атрымалі дзевяць мігрантаў з Афганістана, Самалі, Эфіопіі, якія сёння жывуць у Слаўгарадзе. Жанчына з Эфіопіі трапіла ў крызісны цэнтр на апошніх днях цяжарнасці. Ёй дапамаглі ў родах і забяспечылі ўсім неабходным.

— А яшчэ мы аказваем дапамогу мігрантам, якія знаходзяцца ў ізалятарах часовага ўтрымання за парушэнне міграцыйнага заканадаўства, — удакладняе суразмоўнік. — Наведваем іх, даём магчымасць трымаць мабільную сувязь з роднымі, забяспечваем прадуктамі харчавання, гігіенічнымі сродкамі.

Добрай традыцыяй стала правядзенне абласнога валанцёрскага форуму на базе Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі раз на два гады. Тут людзі вучацца, дзеляцца вопытам, знаёмяцца адзін з адным.

Арганізацыя аказвае не толькі маральную і гуманітарную дапамогу — дае часовы прытулак і дапамагае знайсці работу. Пры ўдзеле міжнародных партнёраў па лініі Міжнароднай федэрацыі Чырвонага Крыжа, Міжнароднага камітэта ЧК пацярпелыя атрымліваюць яшчэ і грашовую дапамогу. Летась грамадзянам Украіны былі выдзелены сродкі на суму больш чым 200 тысяч рублёў.

— Гэта дапамога часовая, выдаецца на першых парах, каб чалавек працаўладкаваўся і меў магчымасць сам зарабляць грошы, — удакладняе суразмоўнік.

Чырвоны Крыж заклікае далучыцца да добрай справы ўсіх — насельніцтва, арганізацыі, прадпрыемствы. Заўсёды ёсць патрэба ў адзенні, абутку, прадуктах харчавання, санітарных сродках. Пэўны час у адным з буйных гандлёвых цэнтраў Магілёва стаяў кантэйнер для збору адзення ад Чырвонага Крыжа. Але людзі панеслі туды ўсё, што шкада было выкінуць на сметнік. Новага там наогул нічога не было, як і цацак, канцылярскіх вырабаў. Пры гэтым сам кантэйнер быў завалены пакетамі з непатрэбнымі гараджанам рэчамі. Прыйшлося яго прыбраць, каб ён не псаваў сваім выглядам прастору. Ахвотныя дапамагчы могуць звяртацца наўпрост у арганізацыю Чырвонага Крыжа. Але адзенне павінна быць новым або амаль новым. У першую чаргу ёсць патрэба ў зімовым адзенні для мужчын вялікіх памераў, дзіцячых рэчах.

Клоўнатэрапія

У Лізы Сень вельмі рэдкая спецыяльнасць — трэнер па клоўнатэрапіі. Яна не аніматар, не цыркавы клоўн — яна менавіта той светлы анёл, побач з якім цяжкахворым дзеткам становіцца крыху лягчэй.

— Калі даведалася, што ёсць пры Чырвоным Крыжы такая форма работы, захацела гэтым займацца, — расказвае яна. — Пайшла на трэнінг, дадала ў чат хлопцаў і дзяўчат, якія маглі б стаць мне патэнцыяльнымі памочнікамі па справе, ездзіла на навучанне ў Мінск, запрашала ў Магілёў трэнера па клоўнатэрапіі. Цяпер у мяне свая каманда.

— Ніколі не забуду наш першы выхад у аддзяленне гематалогіі дзіцячай абласной бальніцы, — успамінае Ліза. — У нас няма плана або выразнага сцэнарыя. Гэтым мы адрозніваемся ад аніматараў і цыркавых клоўнаў. Мы павінны хадзіць па палатах, а нас запрасілі ў гульнявую, дзе было шмат дзяцей. Дзякуй маім памочнікам, што не разгубіліся. Спачатку займаліся ўсімі разам, потым размеркаваліся па групках.

Задача клоўнатэрапеўтаў — не проста забаўляць дзяцей, а яшчэ і суправаджаць іх. Яны працуюць з тымі, хто знаходзіцца ў аддзяленні траўматалогіі, гематалогіі і анкалогіі. Там, дзе найбольш цяжкія.

— Наша галоўная мэта — не шкадаваць дзяцей, а адцягваць іх увагу ад усяго дрэннага, што адбываецца, — расказвае Ліза. — Ім жалю і без нас хапае. Наша задача — падарыць ім радасць хоць на 10 хвілін, каб яны забыліся пра ўсё, што іх прыгнятае. Пры гэтым нельга паддавацца эмоцыям, паказваць свае слёзы. Дзеці ўсё адчуваюць. Тут павінна працаваць правіла: не нашкодзь.

Ліза таксама курыруе маладзёжны клуб па міжнародным гуманітарным праве пры МДУ імя А. Куляшова, у які ўваходзяць 18 чалавек. Пішуць розныя навуковыя работы, удзельнічаюць у конкурсах. Клуб з’яўляецца арганізатарам абласных семінара і квізу па міжнародным гуманітарным праве сярод ВНУ вобласці.

Пры надзвычайнай сітуацыі

Свежая вада ў спякотныя летнія дні, гарачы чай у перыяд моцных зімніх маразоў — гэта таксама работа Чырвонага Крыжа, але ўжо прафілактычная. Як напамін пра тое, што не трэба забываць надзяваць шапку, сачыць за водным балансам. Місія Чырвонага Крыжа па рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі больш грунтоўная.

Спецыяліст аддзела рэагавання на надзвычайныя сітуацыі Аліна Мамошка ў якасці кіраўніка групы валанцёраў выязджала на беларуска-польскую граніцу падчас міграцыйнага крызісу.

— Спачатку мы дастаўлялі гуманітарны груз, а потым спатрэбілася наша дапамога ў рабоце з мігрантамі, — расказвае яна. — Некалькі разоў ездзілі туды на тыднёвыя дзяжурствы. Жылі ў транспартна-лагістычным цэнтры на пагранпераходзе «Брузгі», дзе звычайна прыпыняюцца дальнабойшчыкі. Трэба было рана падымацца і ў 8 гадзін раніцы і карміць бежанцаў. Па адзін бок жылі жанчыны ў вялікай палатцы, па другі — мужчыны. У 8 раніцы дзве вялікія чаргі выстройваліся па харчаванне. Гатоўкай ежы займалася іншая структура, мы ў асноўным выдавалі яе мігрантам. Звярталі ўвагу на тое, што прыярытэт мелі мужчыны. Жанчыны і дзеці давалі ім магчымасць паесці ў першую чаргу, потым елі самі. У вольны час займаліся з дзецьмі, гулялі з імі ў мяч, малявалі.

Суразмоўца ўспамінае таксама пра ўдзел у аперацыі па аказанні дапамогі хасідам на ўкраінска-беларускай граніцы на Гомельшчыне. Вернікаў не прапускалі ва Украіну ў сувязі з ковідам. Аліна тады была яшчэ валанцёрам, прызнаецца, што працавалі вельмі напружана, а начавалі ў велікагрузных машынах МНС на раскладушках.

Дапамога магілёўскай арганізацыі спатрэбілася і калі ва Украіне прапалі беларускія дальнабойшчыкі.

— Да нас звярталіся іх родныя, і мы працавалі з імі, — удакладняе Аліна.

Сёстры міласэрнасці

Часцей за ўсё доглядам інвалідаў і цяжкахворых людзей займаецца сацыяльная служба. Але і Чырвоны Крыж не застаецца ўбаку. Спецыяліст па медыцынска-сацыяльнай службе Лідзія Захарэнка расказвае, што сёстры міласэрнасці бяруць на сябе ўвесь цяжар догляду гэтых хворых — мыюць іх, дапамагаюць ажыццяўляць санітарна-гігіенічныя працэдуры.

— Працуем па заказах ад райвыканкамаў, даглядаем у асноўным інвалідаў І-ІІ груп, — расказвае суразмоўца. — Летась абслугоўвалі 66 чалавек. Нашы сёстры міласэрнасці паспяваюць даглядаць адразу некалькіх кліентаў. Ды яшчэ, бывае, сваіх знаёмых і родных прыцягваюць да дзейнасці ў якасці валанцёраў. Для большасці з нашых супрацоўніц гэта работа для душы. Бо грошы за яе яны атрымліваюць сімвалічныя. Людзі спачуваюць бядзе незнаёмых так, што, нават калі патрэба ў іх паслугах заканчваецца, працягваюць з імі кантактаваць. Я працую тут не так даўно, і мяне вельмі ўразіла, як адна наша сястра міласэрнасці плакала, калі памерла яе падапечная.

У вобласці на 9 лютага працавала сёстрамі міласэрнасці тры чалавекі за членскія ўзносы Чырвонага Крыжа, а калі адкрыюцца дзяржзаказы, дадасца яшчэ некалькі чалавек. Попыт жа на іх паслугі перавышае прапанову. І служба вельмі зацікаўлена ў валанцёрах. Магчыма, хтосьці гатовы ўзяць на сябе такі цяжкі, але вельмі гуманны крыж?

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Таццяны ПАДЛІПСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».