Вы тут

Рэлігійны турызм ад А да Я ў новым метадычным дапаможніку


Калі мы кудысьці прыязджаем у якасці турыстаў, нас заўсёды прыцягваюць мясцовыя храмы — звычайна гэта самыя адметныя аб’екты, якія расказваюць пра гісторыю і культуру народа. А ёсць яшчэ і рэлігійны турызм і паломніцтвы, якія займаюць зусім адмысловае месца ў турыстычнай галіне. Тут патрэбны спецыяльныя веды і асаблівая падрыхтоўка. Для таго, каб палегчыць жыццё экскурсаводам, а таксама задаволіць усіх, хто цікавіцца гэта тэмай, па замове Нацыянальнага агенцтва па турызме быў выдадзены дапаможнік ад калектыву аўтараў «Метадычныя рэкамендацыі па распрацоўцы і правядзенні экскурсій па рэлігійных аб’ектах», дзе ўся важная інфармацыя сабраная ў адным месцы.


Сам дапаможнік складаецца з трох асноўных раздзелаў: тэарэтыка-гістарычнага, метадычнага і практычнага. Паводле слоў аднаго з аўтараў, прарэктара па вучэбнай рабоце Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ Андрэя Гаранскага, перад імі стаяла даволі цяжкая задача: даць кароткую характарыстыку мінулага і цяперашняга стану розных канфесій Беларусі.

— Калі казаць толькі пра праваслаўную царкву, то такая гісторыя будзе няпоўнай. Для таго, каб мець уяўленне аб канфесійнай гісторыі Беларусі, нам патрэбны і католікі, і грэка-католікі, і пратэстанты, і мусульмане з іудзеямі, — тлумачыць ён.

У выданні прадстаўлена кароткая характарыстыка розных веравызнанняў, а таксама табліца традыцыйных і найбольш буйных па колькасці вернікаў канфесій нашай краіны. Сярод іх можна знайсці нават армянскую апостальскую царкву і стараабраднікаў.

Метадычнымі распрацоўкамі для выдання займалася экскурсавод Алена Семчанка. Паводле яе слоў, у аснову гэтага раздзела ўкладзена старое добрае экскурсазнаўства. Аднак яе задача заключалася ў тым, каб паказаць менавіта асаблівасці правядзення паломніцкіх паездак, якія ў аснове маюць духоўную сутнасць.

Апошні практычны раздзел у сваю чаргу ўключае ў сябе правілы паводзін на культавых аб’ектах. Адсюль можна даведацца, які дрэс-код трэба выконваць, а таксама што можна і нельга рабіць у хрысціянскіх храмах, мячэцях і сінагогах.

На думку дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрыя Марозава, кніга атрымалася вельмі ўдалай і сістэматызаванай.

— Часам экскурсаводам не хапае ведаў для таго, каб паднесці рэлігійную тэму цікава і даць людзям магчымасць разумець і счытваць гэты вялізны блок аб’ектаў на зусім іншым узроўні, — адзначыў ён. — Гэта выданне здольнае выправіць сітуацыю. Яго хочацца чытаць і выкарыстоўваць на практыцы.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.