Вы тут

Аляксандр Быкаў. «Аўтобус з прыгожага жыцця»


Аляксандр Быкаў — ураджэнец Барысава, скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў карэспандэнтам у шматтыражцы завода «БАТЭ», у Мядзельскай раённай газеце «Нарачанская зара». Аўтар зборнікаў вершаў «Кветка папараць», «Пад небам бусліным», «Барысаўскі тракт» і іншых, кнігі гумару «Пегас на сотках», кнігі прозы «Бабуліны макі».

Для Аляксандра Быкава як аўтара прозы не бывае лёсаў, нявартых увагі: аднолькава цікавыя яму і вясковая бабуля Ніна, якая страціла пасля распаду СССР усе свае зберажэнні, і малады інжынер Сяргей Найдзін, што ў познесавецкія часы прыехаў працаваць у глыбінку, але не знайшоў там блізкіх па духу людзей. Герояў нібыта бачыш перад сабой. Бадай, у кожнага ёсць падобныя знаёмыя, суседзі, аднавяскоўцы. Дзякуючы назіральнасці аўтара, якая не дае згубіцца ніводнай дэталі паўсядзённага жыцця, два кароткія апавяданні Аляксандра Быкава малююць нядаўнія часы з пераканаўчай дакладнасцю.

Алена БРАВА


Жалезная баба

Такіх спраўных кароў, як у яе, не было, бадай, ні ў каго ў раёне. Не кажучы ўжо пра калгасных. Выглядалі буйнейшымі за быка, бакі ў іх аж блішчэлі. Яна іх не пасвіла: летам карміліся на чужых сенажацях ды агародах, а ўзімку сенам, накрадзеным гаспадыняй з чужых стагоў і калгасных рулонаў, кінутых там-сям у полі. Да таго ж, гэтыя каровы ніколі не цяліліся, раслі ялаўкамі, вось і таўсцелі.

Імя жанчыны было Ніна, але ва ўсёй акрузе ўжо з дзясятак ці больш гадоў звалі яе Жалезная Баба. Сакрэт гэтай мянушкі просты. Ніна мела незвычайнае хобі — штодня цягала ў сваю хату, што месцілася на хутары за некалькі кіламетраў ад горада, рознае ламачча. Летам грузіла на кольцы ад дзіцячай каляскі, зімой — на санкі і цягнула ўздоўж імклівай шашы.

— Ну, нашто табе гэта здалося? — пыталіся зрэдку ў жанчыны знаёмыя, але яна толькі махала ў адказ рукой і моўчкі рухалася далей.

Апраналася Жалезная Баба як бадзяга, спала на панцырным, яшчэ, мусіць, пасляваенных часоў ложку, на зрудзелым матрацы. У хаце не было падлогі, печ моцна дыміла, гаспадыня яе практычна не паліла. Ды і не было чым. Закручвалася ў халады ў свае рызманы і накрывалася падранай коўдрай. Хаця, як многія ведалі, мела Ніна ў горадзе аднапакаёвую кватэру, а на ашчаднай кніжцы — немалыя па тым часе грошы.

— Дзеля чаго табе гэтыя рублі, калі, акрамя батона ды кавалка каўбасы, нічога сабе не дазваляеш?! — кпілі з яе.

Жалезная Баба зноў жа толькі махала ў адказ рукой. Здаецца, былі ў яе недзе ў свеце сваякі, толькі жанчына ніколі пра іх не расказвала. І ўвогуле ні з кім не дзялілася сваімі думкамі.

Але раней было па-іншаму. Старажылы ўспаміналі, што працавала колісь Ніна бухгалтарам у раённым камбінаце бытавога абслугоўвання. Была прыгожай, годнай дзяўчынай і ад кавалераў не мела адбою. Толькі чамусьці так і засталася незамужняй. Працавала старанна, мела пашану. 

І кватэру атрымала замест знесенай бацькоўскай хаты. Ды з цягам часу зрушылася нешта ў яе галаве. Хто кажа, што праз гэту самую бухгалтэрыю, хто спасылаецца на няўдалае асабістае жыццё. Дапрацаваўшы да пенсіі, кінула гарадскую кватэру з усёй маёмасцю, пасялілася на закінутым хутары. Ніхто не цікавіўся яе лёсам, і адзінай роднай душой быў звычайны дваровы сабака, якога яна, не шкадуючы грошай, рэгулярна карміла лівернай каўбасой проста на ганку крамы.

Нашумелая гарбачоўская «перабудова» з яе няўцямным для многіх «цвярозым ладам жыцця» неўзабаве завяршылася прымітыўным, няўдалым путчам, пасля якога ў хуткім часе распалася на асобныя дзяржавы і вялікая краіна. Былыя каштоўнасці і лозунгі сталі раптоўна не- актуальныя. Як сталі нічога не вартыя і тыя грошы, што ляжалі на рахунках гэтай жанчыны: ператварыліся ў звычайныя паперкі. Толькі цяпер міма Жалезнай Бабы замест «жыгулёў» і «масквічоў» усё часцей праляталі бліскучыя іншамаркі — бы з іншага вымярэння. А яна па-ранейшаму — і ў снег, і ў дождж — упарта цягнула па абочыне свой «скарб». Аднойчы патрапіла пад колы аўто — кіроўца не заўважыў яе ў восеньскай цемрадзі. Але выжыла, хаця і доўга зрасталіся старыя косці. І занятку свайго не кінула. Толькі хада стала больш маруднай: не дазваляла траўмаваная нага.

Аднойчы завіталі да Жалезнай Бабы ветэрынары з раёна і паставілі ўльтыматум: «Дастала ты ўжо ўсіх, старая! Людзі закідалі нас скаргамі. Карацей, трэба, каб здала сваіх „быкоў“ на мяса. Грошы выплацім адразу, не хвалюйся».

Жалезная Баба, якая раней на такія прэтэнзіі проста не рэагавала, нечакана пагадзілася і толькі ціха папрасіла:

— Трэба дык трэба, забірайце кароў. Вось толькі, дзеткі, я жывёлу з хлява не павяду. Самі ўжо неяк…

Як выводзілі рагуль, Ніна таксама не глядзела. Але не магла не чуць, як тыя зацята раўлі, прадчуваючы свой незайздросны лёс. Адна з кароў, калі яе цягнулі, каб пагрузіць у кузаў аўтамашыны, звалілася мёртвая тут жа на зямлю — не вытрымала, пэўна, ад стрэсу сэрца ў жывёліны.

Неўзабаве памерла і сама Ніна. Калі нябожчыцу падымалі з ложка, з-пад падушкі бязгучна выслізнулі тры ашчадныя кніжкі на яе імя...


Аўтобус з прыгожага жыцця

Самавіты «Ікарус», бессаромна пыхнуўшы чорным з’едлівым дымам, прыпыніўся на ўскраіне гарадскога пасёлка. Выйшлі з яго двое: хлопец і дзяўчына, і запыталіся ў першага сустрэчнага, як прайсці да мэты іх падарожжа.

— Сюды вось, налева, збочце і якраз патрапіце, — ахвотна падказаў мужчына сталага ўзросту ў спецвопратцы пажарнага.

Сцежка павяла ўгору, і там, на мяжы, што аддзяляла пасёлак ад пустэчы, Сяргей і Тамара ўгледзелі будынак з патрэбнай шыльдай. Па ўсім было бачна, фшто пабудаваны ён даўно і перажыў шмат гаспадароў.

Дырэктар Аляксандр Кандратавіч Сашын сустрэў гасцей ветліва, як сустракаў і папярэдніх маладых спецыялістаў. Кіраваў ён тут ужо дзве пяцігодкі і ніколі не быў асабліва рады новым работнікам. Сашыну цяжка было дагадзіць. Ён на поўным сур’ёзе лічыў, што можа справіцца на службе, калі што, і ўдваіх з прыбіральшчыцай. Астатнія ж — проста лайдакі, здатныя толькі распісацца ў грашовай ведамасці. Гэтым разам кадравая праблема была даволі сур’ёзнай, бо не надта хто са спецыялістаў спяшаўся на перыферыю. Абставіны патрабавалі ад Сашына як кіраўніка пэўных захадаў. І зараз ён, пазіраючы крадком раз-пораз у акно, пакутліва думаў, што рабіць з маладым інжынерам Сяргеем Найдзіным: прымаць на працу ці не? Ад нялёгкіх разважанняў, усярэдзіне нешта балюча торгалася, Кандратавіч моршчыўся, як ад зубнога болю, твар яго на нейкае імгненне рабіўся спалохана-бездапаможным.

— Ну вось, такая справа, — нарэшце выціснуў ён. — Прыходзьце, калі ёсць жаданне. Працаваць у нас можна.

— А як усё ж з кватэрай? — нерашуча запытаўся Сяргей, якога жонка ўжо даўно непрыкметна штурхала ў бок.

— З жыллём увогуле цяжкавата, я і сам доўгі час па чужых кутках аціраўся. Дапаможам, канешне, але гады са два давядзецца пачакаць.

Сказаўшы гэта, Сашын зноў кінуў позірк у акно. Там пажарныя без асаблівага імпэту разгортвалі па жнівеньскай траве свае шлангі, падобныя на таўшчэзных вугроў. «Ну і лайдакі!» — звыкла падумаў ён, а ўслых прамовіў:

— А цяпер, калі маеце час, можаце прайсціся і азнаёміцца крыху з нашым пасёлкам.

І ветліва праводзіў маладую пару да дзвярэй кабінета.

Развітаўшыся, яны ўжо праз дзве хвіліны апынуліся на галоўнай вуліцы райцэнтра і паволі рушылі наперад. Вуліца неўзабаве закончылася невялікай плошчай, дзе месціліся ўнівермаг, вузел сувязі, будынак гарсавета, а яшчэ Дом культуры. Крыху далей быў «Гастраном», на паліцах якога ляжалі мяса і каўбасы, хоць і па цэнах кааператыўнага гандлю.

— Мо хопіць, астатняе даглядзім іншым разам, а то на аўтобус спознімся, — прапанавала Тамара, і яны паспяшаліся на аўтавакзал. Не ведалі тады Сяргей і Тамара: тое, што яны паспелі агледзець, і быў, па сутнасці, увесь Пяціазёрск. На зваротным шляху яны так і не сказалі адзін аднаму нічога наконт канкрэтнага рашэння, але кожны паасобку ведаў: прыедуць сюды жыць і працаваць.

Зрэшты, арганізацыя нічым не адрознівалася ад іншых, хоць і была спецыфічнай. Панавала штодзённая мітусня, дырэктар не прымаў ні жывога слова, ні самастойнай думкі. Адзіным, хто не зусім упісваўся ў складзены гадамі шаблон, быў Эдзік Галубовіч. Ён меў пэўны інжынерны талент і рабіў сваю справу хоць і няспешна, але дасканала. Сталы Сяргея Найдзіна і Эдзіка стаялі насупраць адзін аднаго. Аднойчы будзённым сонечным днём, калі спякота асабліва даняла і зусім нічога не хацелася рабіць, Эдзік прамовіў:

— Зірні хутчэй у акно, вунь едзе аўтобус з прыгожага жыцця. — І паказаў на «Ікарус». — Калісьці я жыў у сталіцы і працаваў не абы-дзе, а ў Акадэміі навук! Там нават у прыбіральні такая чысціня, што і ў пакоях не заўсёды бывае.

— Чаму ж ты драпануў ад такой прыгажосці?

— Не было дзе жыць, як і табе. Толькі не вер моцна абяцанкам. Праўда, я хоць аднапакаёўкі дабіўся. Цяпер думаю, што рабіць далей. Абрыдла мне тут, нягледзячы на цудоўную прыроду. Ды і ў калег ніякіх здольнасцяў. Дыпломы, пэўна, за рыбу набылі, а колькі форсу!

Сяргей у нечым быў згодзен з такімі высновамі, але ўсё ж яму не падабалася, як пагардліва ставіўся Эдзік да сваіх таварышаў па працы.
У кабінеце зазваніў тэлефон. Галубовіча патурбавала сястра, якая па рабоце часта бывала за мяжой.

— Як з’ездзіла, Света? Прыдбала сёе-тое? Ну і добра. Фірма ёсць фірма. За цацкі для майго хлапчука вялікі дзякуй! Ён жа на нашы і глядзець не хоча, малы, а разбіраецца. Тэрмас, што ты з Балгарыі прывезла, я прадаў, нашто нам два? А калготкі аўстрыйскія абавязкова дашлі, і начную кашулю таксама. Мая жонка айчынныя насіць не можа…

Тэлефонная размова працягвалася, але Найдзін больш не слухаў. Яго мала цікавіла ўсё гэта. Раптам прыгадаў, што ўжо даўно не чытаў добрых вершаў ды ўласныя паэтычныя спробы закінуў. Быццам зламаўся жыццёвы стрыжань. Новае асяроддзе было не тое што чужым, а быццам з іншага вымярэння, да якога немагчыма прыстасавацца, нешта перайначыць.

З Сашыным Сяргей не сышоўся ні характарам, ні поглядамі. Да таго ж дырэктар быў увесь адданы рабоце, заседжваўся ў кабінеце дапазна, прыхопліваў і выхадныя, хоць асаблівай патрэбы ў гэтым не было. Нельга сказаць, што ён рабіў нешта надта карыснае ў пазаўрочныя гадзіны. Маляваў шматлікія табліцы і графікі, ладзіў стэнды. Што, на думку шэфа, павінна было скіраваць падначаленых на эфектыўную працу: быць, як кажуць, на ўзроўні патрабаванняў.

Сашын здзіўляў сваёй працавітасцю і за межамі канторы. Выехалі неяк у калгас ратаваць лён. Сумленна папрацавалі амаль да абеда, і тут нечакана пайшоў дождж. Прыселі на ўскрайку поля, распалілі вогнішча, каб перакусіць і сагрэцца. І толькі дырэктар працягваў у адзіноце драць той лён. Падышоў пасля доўгіх угавораў да імправізаванага стала і найперш з дакорам сказаў:

— Не зарабілі мы яшчэ на абед, трэба было папрацаваць трохі.

У Аляксандра Кандратавіча была таямніца, якую ён нёс па жыцці як цяжкі крыж. Ён баяўся людзей. Нават калі хто шчыра вітаўся ці звяртаўся з пытаннем, Сашын скаланаўся ўсім нутром, як спуджаны конь, насцярожана ўзіраўся у твар. Так, пэўна, першабытны чалавек глядзеў бы на нашага сучасніка, не ведаючы, чаго ад яго чакаць. 

Гэты незразумелы страх штодзённа варочаўся ў сутарэннях душы Сашына. А яшчэ ў яго была непрыхаваная гатоўнасць выканаць любое ўказанне ці просьбу вышэйшага кіраўніцтва. Нават слова, кінутае чыноўнікам незнарок, лічыў за загад. А вось у калектыве заўсёды імкнуўся, каб выходзіла па-ягонаму. «Можа, так будзе не лепш, але і не горш», — не раз даказваў сваю спрэчную пазіцыю Найдзіну. А калі наступіла ўсім вядомая «перабудова», з такім жа імпэтам падхапіў ідэі, з якімі яшчэ ўчора рашуча змагаўся.

Галубовіч нарэшце закончыў сваю працяглую размову з сястрой. Пачаў нешта чарціць на лісце ватману, але спыніўся.

— Паслухай, Сяргей. У мяне выпадкова засталіся фінскія шпалеры, мо возьмеш?

— Дзякуй, не трэба. Мне і звычайныя падыдуць, абы было дзе іх клеіць.

— Цікавы ты чалавек, нават імпарт цябе не вабіць, — вынес сваё рэзюмэ Эдзік і рашуча ўзяўся за аловак.

Прайшоў час, Сяргей ехаў у чарговы адпачынак на сваю малую радзіму. Камфартабельны аўтобус імчаў яго па звілістай шашы ў напрамку сталіцы, дзе трэба было яшчэ перасесці на знаёмую электрычку. З дзяцінства родны горад, даволі значны па памерах, запомніўся яму чамусьці ціхім і нейкім недагледжаным. І толькі царква ў старой яго частцы выдзялялася сваімі бліскучымі купаламі, быццам кідаючы выклік шэраму падабенству сапраўднага жыцця. А за рэчкай распластаўся шырокі выган, праз які пралягала некалі гразкая і ўлетку сцяжынка — туды, на самы ўскраек горада, дзе праходзіла яго бестурботнае дзяцінства.

Жыццё, як ні круці, паступова змяншаецца, бы той выган пад націскам гарадскіх гмахаў. З вагоннага дынаміка пачуўся хрыплаваты голас машыніста электрычкі: «Наступная станцыя...»

Вось ён і прыехаў. А можа, і не з’язджаў нікуды? Проста ў чарговы раз вяртаецца з доўгай камандзіроўкі, адкуль, акрамя збалелай, адзінокай душы, нічога больш не вязе…

Аляксандр БЫКАЎ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.