Вы тут

Беларускія мастакі натхняюцца творчасцю Казіміра Малевіча


Пасля даволі працяглага перапынку ў выставачнай дзейнасці Рэспубліканская мастацкая галерэя «Палац мастацтва» радуе гледачоў маштабным праектам «1,10 квадрата», прысвечаным 110-годдзю «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча. Кожная экспазіцыя-раздзел, плён працы сучасных беларускіх мастакоў, прысвечана дню нараджэння знакамітага сімвала новага мастацтва XX стагоддзя. Беларускі саюз мастакоў і яго шматлікія аўтары вырашылі не толькі пайсці шляхам знакамітага супрэматыста, але і паспрабавалі зрабіць крокі наперад. Выстаўкі ў Палацы мастацтва — дэманстрацыя мастакамі найперш сваёй творчасці, уласных пошукаў і знаходак.


 

І як тут не згадаць Віцебск і тых, хто звязаў сваю мастакоўскую дарогу з гэтым слаўным горадам? Сёння работы жывапісцаў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва віцебскага краю, прысвечаныя супрэматызму і «Чорнаму квадрату», можна ўбачыць на выстаўцы, што размясцілася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і ўяўляе сабой частку праекта «1,10 квадрата».

Насуперак рэалізму

Экспазіцыя «Эсперыментальны кантакт» у адной з залаў Палаца мастацтваў прысвечана памяці беларускага мастака-эксперыментатара Алеся Родзіна (1947–2022). Яе куратарам выступае Зміцер Юркевіч, сябар і паплечнік творцы па арганізацыі творчых фестываляў.

Алесь Родзін нарадзіўся ў Баранавічах. Вучыўся ў мастацкай студыі В. Вярсоцкага і мастацкай школе № 1. Працягваў вучобу ў Беларускім дзяржаўным тэатральна мастацкім інстытуце ў Івана Ахрэмчыка, Натана Воранава, Хаіма Ліўшыца. Здавалася б, традыцыйная беларуская адукацыя... Аднак на працягу ўсяго жыцця творца ішоў насуперак рэалістычнаму адлюстраванню рэчаіснасці. Першая персанальная выстаўка Алеся Родзіна адбылася ў 1971 годзе. З таго часу ён зладзіў больш за 40 персанальных праектаў, напоўненых палотнамі буйнога памеру. Некаторыя дасягаюць шасці метраў у даўжыню і двух у вышыню. І кожнае выяўляе складаны свет, у якім знаходзіцца месца і вобразам, знакам, сімвалам будзённасці, звычайнага жыцця, і дзіўным героям, іншаземным прыкметам, нечалавечым пачуццям. Са шматлікіх дробязей і дэталяў вырастаюць складаныя сюжэты, інтэпрэтацыя якіх каштуе намаганняў. Ужо што, а разгадваць і тлумачыць магчымы сэнс той ці іншай работы — занятак займальны.

Алесь Родзін «Мая палітра».

Замілаванне навакольным светам

Аўтарскую кераміку ў гэты дзень прадставілі два выключныя майстры — Валерый і Максім Калтыгіны (першы, дарэчы, атрымаў летась Нацыянальную прэмію ў галіне выяўленчага мастацтва). Бацька і сын, якія часцяком дэманструюць гледачу ўласныя погляды на навакольнае асяроддзе, чалавека і прыроду, гэтым разам сабралі выбраныя творы ў тэматычны выставачны праект «Чатыры чвэрці. Жывёльны свет. Частка ІІ». Дарэчы, ідэя праекта «Чатыры чвэрці» належыць Максіму Калтыгіну, які запрасіў бацьку да ўдзелу. Першая сумесная выстаўка пад назвай «Расліна ў кераміцы» прайшла ў 2021 годзе. Яе працяг — «Жывёльны свет у кераміцы». Мяркуецца, што далей развагі мастакоў будуць скіраваны на чалавека і плён яго працы.

Няхай мастакі разважаюць па-рознаму, няхай стылістычна іх творы непадобныя, усё ж яны блізкія ў адным — у занепакоенасці будучыняй усяго жывога, у незадаволенасці тым, што рабілі папярэднікі і што робяць сучаснікі з планетай. Аднак, уздымаючы сур’ёзныя пытанні, закранаючы складаныя праблемы, яны быццам з дзіцячым замілаваннем глядзяць на навакольны свет, дораць яму творы, напоўненыя святлом і гумарам.

На думку арганізатараў і Валерыя Калтыгіна, з супрэматызмам яго і сына дэкаратыўную кераміку яднае тое, што формаўтваральныя, кампазіцыйна-вобразныя рашэнні ў асацыятыўнай творчасці мастакоў свядома здзяйсняюцца праз абстракцыю, канструктывізм, сюррэалізм, трансфармацыю і іншыя сродкі сучаснага мастацтва, у спалучэнні іх элементаў... Між тым для аўтараў істотны цікавыя, часцей пазнавальныя, хоць і відазмененыя вобразы, творцы імкнуцца перадаць іх дэталі і адметнасці. Метады і прыёмы супрэматызму ім не чужыя.

Валерый Калтыгін. З цыкла «Божыя істоты ў квадраце», 2024 г.

Абмежаванне — плоскасць

Выстаўка керамікі і шкла «Пласт. Квадрат» пад куратарствам Вольгі Сямашкі і Ганны Амбросавай атрымалася даволі сціплай, але абаяльнай. Нягледзячы на тое, што кожны мастак быў вольны ў сваіх думках і пачуццях, абмежаванне, прадугледжанае куратарамі, усё ж счытвалася. І гэтае абмежаванне — плоскасць. Аднак яна не азначала абавязковае прытрымліванне пэўнай формы ці зместу. Хутчэй пад уплывам тэмы мастакі адлюстравалі роздум пра іх. Дзесьці плоскасць — гэта галоўны герой, тое, аб чым ці вакол чаго вядзецца гаворка, у шырокім сэнсе — імкненне да адлюстравання з’яў матэрыяльнага свету. А недзе яна дзейсны спосаб весці гутарку пра ідэі і мары, розныя абстрактныя паняцці.

Жанна Марозава «Нямы крык», 2024 г.

У экспазіцыі — работы членаў Беларускага саюза мастакоў, студэнтаў, запрошаных творцаў. Для кожнага з іх пласт — гэта толькі пачатак шляху да твора. А далей ідуць іншыя прыступкі, такія як выбар колераў, работа з фактурай, эксперыменты з тэкстурай... Як можна выявіць звычайную форму квадрата? Ці варта ўскладняць кераміку і шкло? Наколькі сучасныя аўтары схільны да абагульнення? І ў якіх выпадках прагнуць дэталізацыі? Выстаўка «Пласт. Квадрат» дае прастору для пошукаў адказаў.

Праект «Пласт» праходзіць трэці раз. Новая экспазіцыя, як падкрэсліваюць яе стваральнікі, адрозніваецца ад папярэдніх. Найперш таму, што «Пласт. Квадрат» праходзіць гэтым разам у межах рэпубліканскага выставачнага праекта «1,10 квадрата». Бясспрэчна, «сяброўства» пласта і таго ж квадрата здольна даць неверагодныя вынікі. Да таго ж у праекце прымаюць удзел мастакі розных пакаленняў і розных школ. Экспазіцыя абяцае знаёмства са шмат у чым традыцыйнымі творамі і з сучаснымі эксперыментальнымі работамі. Вядома, творы са шкла, кераміка патрабуюць увагі дасведчанага гледача, хоць многія работы могуць выконваць выключна дэкаратыўную функцыю. І такое мастацтва, цалкам верагодна, можа ўразіць гледача, а можа і пакінуць раўнадушным.

Алена Чэпелева «Крумкач», 2023 г.

1,10 у 2024-м

Тым часам Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае на выстаўку «1,10 квадрата», якая прыходзіць у галерэі «Ракурс». Праект, арганізаваны сумесна з Беларускім саюзам мастакоў, адлюстроўвае сучаснае прачытанне мастакамі Віцебшчыны прапанаванай Казімірам Малевічам новай мастацкай сістэмы.

— Мне здаецца, кожны мастак Віцебска лічыць сябе абавязаным хоць адну работу ў сваім жыцці прысвяціць Казіміру Малевічу, бо гэта горад, у якім практычна нарадзіліся Парыжская школа і супрэматызм, — заўважыла падчас адкрыцця першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч. — Прыцягальнасць авангарда таго часу застаецца і сёння. Мы спрабуем трансфармаваць авангард і паказаць, што ў пэўны момант «Чорны квадрат» даў зразумець: погляд на яго можа быць іншы. Праз піксель, кропку ці экран можна зусім па-іншаму ўспрымаць свет.

На выстаўцы прадстаўлены творы некаторых аўтараў Віцебшчыны. Гэта Васіль Васільеў, Валянціна Ляховіч (Непрыенка), Таццяна Нагавіцына, Віялета Някрасава, Алена Толабава і Генадзь Фалей. Кожны валодае непаўторным почыркам і расказвае ўласную гісторыю, у якой адзін з герояў — Казімір Малевіч.

— Назва выстаўкі вельмі канцэптуальная, як і яе змест. У ім можна ўбачыць алюзію на 110-гадовы юбілей, — тлумачыць загадчыца сектара мастацкіх выставак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вікторыя Харытонава. — Яшчэ «0,10» — гэта назва апошняй футурыстычнай выстаўкі карцін, на якой у 1915 годзе Казімір Малевіч прадставіў свае абстрактныя работы і канцэпцыю супрэматызму.

Дарэчы, нуль у гэтым выпадку выяўляе адсутнасць форм — супрэматызм у пару свайго нараджэння прадугледжваў знаёмства з жывапісам без увагі да контураў і аб’ёмаў твора. Лічба 10 — спасылка на дзесяць мастакоў, якія павінны былі ўдзельнічаць у апошняй футурыстычнай выстаўцы ў 1915 годзе. Так склалася, што прадстаўлялі сваю творчасць шасцёра, а назву пакінулі: «0,10».

P. S. З усімі выстаўкамі ў Палацы мастацтва можна пазнаёміцца да 25 лютага. Экспазіцыя ў Нацыянальнай бібліятэцы будзе працаваць да 1 красавіка.

Валянціна Ляховіч (Непрыенка) «Жоўтае вока адзіноты», 2023 г.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выкарыстаны работы Максіма КАЛТЫГІНА, Валянціны ІВАНЬКОВАЙ, Генадзя ФАЛЕЯ і Валерыя КАЛТЫГІНА

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».