Вы тут

У Кітаі сустрэлі 4722 год


Чароўны святочны настрой ахапіў увесь Кітай, адзначае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».


Жоўты імператар

Амаль сярэдзіна лютага на календары, а чарада свят усё працягваецца. У Паднябесную прыйшло Чуньцзэ — Свята вясны. Так рамантычна тут называюць пачатак новага года. Сёлета гэта 4722-гі. У адпаведнасці з кітайскай традыцыяй гады адлічваюцца ад пачатку праўлення Хуан-дзі — з 2698 года да н. э. Такім чынам і атрымліваецца, што сёлета настаў 4722-гі. Хуан-дзі, або Жоўты імператар, — легендарная асоба, ён лічыцца заснавальнікам даасізму і — ні больш, ні менш — першапродкам усіх кітайцаў. 

Прынята лічыць, што жоўты колер суадносіцца з характэрным адценнем вады ракі Хуанхэ. Цікава, што гэты колер у Кітаі стаў імператарскім, кіраўнік насіў адзенне залаціста-жоўтага колеру, на спіне звычайна вышываўся залатымі ніткамі іншы сімвал імператарскай улады — лун, які з’яўляецца адначасова і адным з рачных божастваў.

Дасюль захаваўся маўзалей Хуан-дзі — месца, дзе быў пахаваны легендарны Жоўты імператар. Ён размешчаны за 140 кіламетраў па аўтатрасе на поўдзень ад цэнтра гарадской акругі Яньань правінцыі Шэньсі. Маўзалей з’яўляецца адным з першых аб’ектаў, якія былі ўключаны ў спіс ахоўваемых аб’ектаў культурнай спадчыны Кітая. Ён складаецца з дзвюх частак — Храма Хуан-дзі і залы маўзалея. 
Паводле легенды, імператар узышоў на неба, таму ў маўзалеі захоўваюцца толькі яго адзенне і капялюш. Шматлікія кіраўнікі Кітая са старажытных часоў прыязджалі сюды ўшанаваць Хуан-дзі.

Шчасце і дабрабыт

Падчас свята краіна літаральна расцвітае кумачом. Паўсюль вісяць плакаты з вытанчана выпісанымі на іх іерогліфамі «фу» (шчасце) і «сі» (радасць), гірлянды ліхтароў і іншыя ўпрыгажэнні, і ўсе яны — выключна чырвонага колеру, які азначае поспех і дабрабыт. На дзвярах жыхары налепліваюць парныя каліграфічныя надпісы, выкананыя чорнай тушшу на чырвонай паперы. Змест зводзіцца да выказвання жыццёвых ідэалаў гаспадара хаты або добрых пажаданняў на новы год. На дзверы налепліваюць таксама выявы духаў-ахоўнікаў і бажаства багацця ў надзеі, што яны прынясуць у хату шчасце і дабрабыт.

Паводле паданняў, у пачатку года ў кожны дом зазірае міфічная істота Нянь і знішчае запасы збожжа, жывёлу, а ў некаторых выпадках — нават дарослых і дзяцей. Таму ў першы дзень Чуньцзэ на ганку пакідаюць трохі ежы, каб задобрыць Няня і такім чынам адкупіцца ад яго. Паводле адной з легендаў, яшчэ ў старажытныя часы кітайцы аднойчы ўбачылі, як ненасытная істота спалохалася маленькага дзіцяці ў чырвонай вопратцы. Тады людзі вырашылі, што Нянь апасаецца гэтага колеру, і з тых часоў падчас Свята вясны яны апранаюць нешта чырвонае. Акрамя таго, кітайцы з першага да апошняга дня святкавання ўзрываюць феерверкі і петарды, каб гучным шумам адпудзіць злых духаў.

«Хунбаа» ў падарунак

На Свята вясны ў Кітаі прынята абменьвацца падарункамі. Самым распаўсюджаным з’яўляецца чырвоны канверт з грашыма — «хунбаа». Яго прэзентуюць родным і сябрам, а таксама традыцыйна кіраўніцтва кампаній віншуе такім чынам сваіх падначаленых. Чырвоныя канверты — гэта не толькі грошы, але і пажаданне ўдачы і працвітання іх атрымальніку. 
З развіццём тэхналогій рабіць такія падарункі стала яшчэ прасцей. Той жа WeChat з 2015 года даў сваім карыстальнікам магчымасць адправіць грашовыя «хунбаа» ў асабістыя і публічныя чаты. У старадаўнія часы грошы дарылі ў выглядзе караляў, якія складаліся са ста манет. Гэта было своеасаблівае віншаванне — пажаданне пражыць да ста гадоў. Дарэчы, каралі са ста манет і сёння вельмі папулярныя ў Кітаі.

Меню з сэнсам

Навагодняя вячэра адрозніваецца не толькі багаццем і разнастайнасцю страў, але і старадаўнімі традыцыямі. Напрыклад, меню не абыходзіцца без страў з курынага мяса, рыбы і «доўфу» — соевага тварагу (у нас яго называюць «тофу»), бо ў кітайскай мове назвы гэтых прадуктаў сугучныя са словамі, якія азначаюць «шчасце» і «дабрабыт».

На поўначы Паднябеснай на Новы год прынята есці пельмені, а на поўдні — «няньгаа» (скрылькі, прыгатаваныя з клейкага рысу). Паўночнікі аддаюць перавагу пельменям, бо на кітайскай мове слова «цзяацзы» сугучнае са словамі «праводзіны старога і сустрэча новага». Таксама лічыцца, што пельмені нагадваюць сваёй формай традыцыйныя зліткі з золата і срэбра і сімвалізуюць пажаданне багацця. З той жа прычыны жыхары поўдня ядуць «няньгаа», якія сімвалізуюць паляпшэнне жыцця.

Падчас святаў кітайцы пераапранаюцца ў ільвоў і драконаў, а таксама ладзяць свае знакамітыя выступленні ў маляўнічых касцюмах і на хадулях. Прынята хадзіць у госці да сяброў, блізкіх і сваякоў і ўручаць падарункі ў чырвонай упакоўцы. Існуе традыцыя, паводле якой, прыходзячы ў госці на Новы год, трэба прыносіць два мандарыны. А падчас сыходу ўжо гаспадары аддаюць свае два мандарыны. Уся справа ў тым, што фраза «пара мандарынаў» на кітайскай гучыць практычна як слова «золата». І атрымліваецца, што такім чынам і госці, і гаспадары жадаюць адзін аднаму дабрабыту.

Дракон прыносіць поспех

Настаў год зялёнага драўлянага дракона. У кітайскай культуры дракон лічыцца адной з самых магутных, бясстрашных і высакародных істот. Ён таксама сімвалізуе смеласць, уладу, мужнасць, упартасць і артыстызм. Год Дракона, па кітайскіх прыметах, прыносіць поспех, новыя магчымасці і дапамагае ў фінансавых пытаннях.

Зараз сустрэлі кітайскі Новы год не толькі на яго «радзіме». Яго таксама ад усёй душы адзначылі ў многіх краінах, дзе жыве значная колькасць кітайцаў, перш за ўсё ў дзяржавах Усходняй Азіі. У Кітаі з гэтай нагоды распачаліся вялікія святочныя канікулы.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».