Вы тут

Спецыялісты расказалі пра планы і перспектывы беларускага спорту


Спартыўнае жыццё ў Беларусі кіпіць заўсёды, нягледзячы ні на што. У мінулым годзе было праведзена 720 толькі сумесных з Расійскай Федэрацыяй спартыўных мерапрыемстваў. Траціна з іх прайшла на тэрыторыі Беларусі. Сёлета спартыўны каляндар будзе яшчэ больш насычаным. І што вельмі прыемна, у графік спартсменаў вярнуліся міжнародныя старты. На сёння 28 федэрацый па відах спорту дапушчаны да міжнародных стартаў. Не варта забываць, што 2024 год — алімпійскі. Нагадаем, што Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў беларускіх спартсменаў на галоўныя старты чатырохгоддзя. І няхай, у многіх відах спорту, гэты допуск пакуль фармальнасць, беларусы плённа рыхтуюцца і настройваюцца на выдатны вынік. Так, на сёння нашымі спартсменамі заваяваны 6 ліцэнзій на Алімпійскія гульні. Пуцёўкі ў Парыж маюць прадстаўнікі спартыўнай барацьбы, плавання, лёгкай атлетыкі, акадэмічнага веславання і веласпорту.


Шэраг важных і цікавых спартыўных мерапрыемстваў у 2024 годзе прыме і Беларусь. Адзін іх стартуе ўжо ў гэтыя дні — міжнародны турнір па самба на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 8-9 лютага прыме сталічны Палац спорту. Таксама ў каляндар уключаны турнір па жаночай барацьбе Belneftekhim Women’s Cup, два этапы Кубка Паўла Ляднёва па сучасным пяцібор’і, Кубак дружбы і турнір Belarus Open па караце, Кубак Халіпскага і міжнародны турнір памяці Уладзіміра Рыжанкова па баскетболе, турнір «Хрустальная ружа» па мастацкай гімнастыцы, міжнародныя спаборніцтвы па боксе памяці Віктара Лівенцава, Гран-пры па вольнай барацьбе на прызы Аляксандра Мядзведзя, турнір па грэка-рымскай барацьбе памяці Алега Караваева і мноства іншых спаборніцтваў.

«На сёння Беларусь гатова прымаць спаборніцтвы па многіх відах спорту на сваёй тэрыторыі. Досвед ужо ёсць. Самы свежы прыклад — ІІ Гульні краін СНД, якія адбыліся ў прынцыпова новым фармаце — праходзілі адначасова ў 10 гарадах. І што вельмі важна, гэты мультыспартыўны форум быў накіраваны на тое, каб у многіх відах спорту знайсці маладыя таленты. Досыць шмат спартсменаў паказалі сябе з лепшага боку, і мы ўбачылі наш рэзерв, патэнцыял, які ў далейшым яшчэ сябе пакажа», — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення планавання і арганізацыйнай працы Міністэрства спорту і турызму Яўген Залескі. Ён нагадаў, што канцэпцыя правядзення ІІ Гульняў краін СНД прадугледжвала правядзенне спаборніцтваў у розных гарадах краіны, каб паказаць, што не толькі сталічныя аб’екты могуць прымаць важныя міжнародныя старты, каб паказаць, што не толькі ў Мінску ёсць спецыялісты, здольныя на высокім арганізацыйным узроўні праводзіць такія мерапрыемствы. Акрамя таго, ІІ Гульні краін СНД прадэманстравалі турыстычны патэнцыял нашай краіны і прыязнасць нашага народа.

ІІ Гульні краін СНД уключалі ў сваю праграму традыцыйныя і добра вядомыя аматарам віды спорту. Але паралельна ў Беларусі развіваюцца і новыя спартыўныя напрамкі. «Мы зараз праводзім дзяржаўную акрэдытацыю на права ажыццяўлення фізічнай дзейнасці ў сферы фізічнай культуры і спорту. І дадзеная акрэдытацыя нам дазволіла ўбачыць шэраг новых відаў фізічнай дзейнасці», — заўважыў Яўген Залескі.

Адно з іх — фіджытал — сімбіёз кіберспорту і класічных відаў. Зусім хутка, 21 лютага ў Казані стартуюць Гульні будучыні, першыя спаборніцтвы, якія аб’ядналі рэальны і віртуальны спорт. Беларусь прадставяць чатыры спартсмены: у турніры па фіджытал-адзінаборствах выступіць Аляксандр Кавалёў, па фіджытал-баскетболе — каманда Exponenta Team.

Яшчэ адзін адносна новы для нашай краіны від спорту — скалалазанне. Дарэчы, гэта алімпійскі від спорту. На базе Нацыянальнага алімпійскага стадыёна «Дынама» размешчаны самы вялікі ў краіне скаладром, адзіная ў Беларусі траса, якая адпавядае алімпійскім стандартам. Менавіта на гэытм скаладроме праходзяць чэмпіянаты Беларусі і вучэбна-трэніровачныя зборы.

Важная частка спартыўнага жыцця Беларусі — спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Эпіцэнтр іх — стадыён «Дынама». Як паведаміў генеральны дырэктар стадыёна Аляксандр Бут-Гусаім, сёлета на стадыёне чакаюць людзей з самымі рознымі хобі і захапленнямі — каляндар мерапрыемстваў надзвычай шырокі. Акрамя футбольных матчаў, спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, запланавана мноства кінапаказаў, некалькі канцэртаў і іншых масавых мерапрыемстваў. У мінулым годзе стадыён «Дынама» стаў сэрцам самай маштабнай спартыўна-масавай падзеі краіны — Мінскага паўмарафона. Гэты год выключэннем не стане.

«У мінулым годзе людзям спадабалася ідэя фінішаваць у цэнтры стадыёна. І сёлета мы дадзім усім удзельнікам магчымасць фінішаваць у самым сэрцы стадыёна і адчуць яго атмасферу», — падкрэсліў Аляксандр Бут-Гусаім.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.