Вы тут

Пенсіянер з вёскі Пільніца — пра сваю аддушыну, брыльянтавае вяселле ды «сустрэчу» з бацькам


Пачалося ўсё з аднаго фотаздымка. Яго даслаў Аляксей Раманоўскі, урач-эндакрынолаг з Мінска. На тым фотаздымку — яго тата Антон Аляксеевіч побач з вялікімі белымі мяхамі з надпісам «Да зімы гатовыя». «Майму тату 83 гады, ён жыве ў вёсцы Пільніца Мінскага раёна. У яго добрая душа, кожную зіму ён купляе семечкі, якімі падкормлівае сініц і іншых птушак. Тата быў бы шчаслівым, калі б яго фота размясцілі ў газеце. Такім чынам ён хоча натхніць іншых клапаціцца пра пярнатых».


«А давайце мы завітаем у госці да вашага таты», — прапанавалі мы па тэлефоне клапатліваму сыну. «Вядома, я сам вас з задавальненнем адвязу. Тата, паверце, вельмі ўзрадуецца. Раней ён быў публічнай асобай. Шмат кантактаваў з рознымі людзьмі, ездзіў па свеце, прымаў важныя рашэнні. Сам медык, шмат гадоў загадваў аддзелам аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама, узначальваў Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа, быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Калі 18 гадоў таму выйшаў на пенсію, яго жыццё кардынальна змянілася. Апошнія гады ён наогул прывязаны да дому, спачатку з-за ковіду не выходзіў нікуды, бярогся, бо ў яго цукровы дыябет. Цяпер у мамы сур’ёзныя праблемы з суставамі, яна перасела на інвалідную каляску. Таму тата ў нас, як ён сам жартуе, і кухар, і медсястра, і санітарка, і сядзелка, і доктар, які лечыць. Мы з сястрой, вядома, як можам дапамагаем, праведваем іх пры кожнай магчымасці. Але ўсё адно тату псіхалагічна вельмі цяжка. На шчасце, у яго ёсць аддушына. Штовосень мы разам з ім садзімся ў машыну і едзем на рынак. Там тата купляе тры бульбяныя мяхі семечак і столькі ж проса. Ён зрабіў кармушку перад домам. 

І да яго злятаюцца розныя птушкі. У асноўным гэта сінічкі і вераб’і. Але часам завітваюць і дзятлы, і попаўзні, і дубаносы, і зелянушкі, і сойкі, і гілі. Прыязджайце, ён вам усё сам з радасцю пакажа і раскажа».

Сталоўка для сінічак

Антон Аляксеевіч адмыслова, пакуль чакаў нас, крыху падкарміў птушак. Таму калі мы пад’ехалі, то ўбачылі, як некалькі дзясяткаў вераб’ёў ды сінічак імгненна пырхнулі з кармушкі на суседнія дрэвы.

— Вы блізка не падыходзьце, яны вельмі асцярожныя, ад людзей стараюцца трымацца на адлегласці. Зараз яшчэ крыху корму падсыплю, і будзем назіраць. Гаспадар ідзе на веранду, дзе стаяць два мяхі семечак і два мяхі проса — усё, што засталося з зімовых запасаў. Зачарпнуў у пластыкавы кантэйнер проса і падсыпаў у кармушку. «Рыхтуюся да зімы я загадзя. Корм для птушак закупляю па восені. Як правіла, дзевяноста кілаграмаў семечак і сто кілаграмаў проса. Гэта, вядома, накладна, але ж, як смяюся, я не куру і не п’ю. І заклікаю беларусаў ды беларусак таксама кідаць дурное, а грошы, якія будуць вызваляцца ад шкодных звычак, пускаць на корм птушкам. Я ўжо шмат гадоў запар семечкі купляю ў аднаго і таго ж мужчыны, дык ён мяне ведае і робіць добрую зніжку, аддае па тры рублі за кілаграм». Антон Раманоўскі распавёў, што не адразу выйшаў на такія аб’ёмы кармлення. Спачатку зрабіў аднаярусную кармушку. Але потым зразумеў, што сінічкам па душы семечкі, а вераб’ям — проса, так у птушынай сталоўцы з’явіўся другі ярус.

«Вой, гляньце, якая прыгажосць!» — паказвае Антон Аляксеевіч на купку вераб’ёў ды сінічак, якая апусцілася падсілкавацца. Твар мужчыны ў гэты момант свеціцца ад радасці. Праз некалькі секунд птушкі зноў пырхнулі на дрэвы. «Гэта ў іх такая абарона. Схапілі семечку і ляцяць даядаць на дрэва, там ужо толькі разлушчваюць яе. Прычым, як вы, пэўна, заўважылі, яны дзеляцца на дзве чародкі: адна ляціць на правае дрэва, другая — на левае. Яны ведаюць, што каршун не дрэмле, таму перастрахоўваюцца».

— Мы, калі пераехалі жыць у вёску, таксама павесілі кармушку перад акном. Але яе чамусьці птушкі ігнаруюць, — дзялюся я.

— У вас, напэўна, адкрыты ўчастак. Птушкам абавязкова трэба абарона: дрэвы, кусты, каб было дзе схавацца. Такая ж праблема і ў майго суседа. Ён таксама вельмі любіць птушак. Штодня прыходзіць да мяне імі любавацца, бо да яго ў двор яны не прылятаюць, не адчуваюць сябе там у бяспецы. Некаторыя кажуць: «Навошта табе гэта ўсё, птушкі самі сабе корм знойдуць». Але я з гэтым не згодны, пярнатым зімой трэба дапамагаць. Я ў кнізе прачытаў, што смяротнасць сярод вераб’ёў асабліва вялікая, шмат маладых птушак гіне ў населеных пунктах яшчэ ў першую зіму, хоць іх сярэдняя працягласць жыцця паўтара года. Дарэчы, верабей — адна з маіх любімых птушак. Яны, як і іншыя пярнатыя, прыносяць вельмі вялікую карысць і для лесу, і для саду. Недарэмна больш як 150 гадоў таму ў Бостане ўстанавілі помнік вераб’ю. А ўсё таму, што гэтыя птушкі знішчылі ўсіх насякомых-шкоднікаў, якія раптоўна напалі на горад. Дарэчы менавіта дзякуючы пярнатым, лічу, у мяне сад здаровы без прымянення ўсялякай хіміі.

Антон Аляксеевіч прызнаўся, што любоў да птушак у яго з дзяцінства. Калі быў падлеткам, пасвіў на лузе з дзедам кароў і слухаў спевы жаўрукоў.

— Каб назіраць увесну і ўлетку за шпакамі, зрабілі з сынам чатыры шпакоўні. Любуюся, як пярнатыя з ранку да вечара бесперастанку кормяць сваіх птушанят. Вось як трэба клапаціцца пра сваю сям’ю. Я абураюся, калі па тэлевізары паказваюць, што мужчыны разводзяцца, дзяцей кідаюць. Як так можна? Людзям шмат чаму можна павучыцца ў птушак... Вяхір улетку тут у мяне гняздзіцца, вунь бачыце гняздо на дрэве. У нас тут лес побач. Чулі б вы, як у сезон тут заліваюцца салаўі! Штораз здзіўляюся: такая малюсенькая птушачка, а так прыгожа спявае!

«Трэба купіць брыльянт...»

— Ну што, не падвёў я вашы чаканні, атрымалі вы задавальненне? — пытаецца ўжо ў хаце Антон Аляксеевіч. — Птушкі на мяне аказваюць псіхатэрапеўтычнае ўздзеянне, гэта цалкам замяняе медыкаментознае лячэнне. Апрануся цёпла, сяду ў крэсла на верандзе і любуюся імі, слухаю птушыныя трэлі. Святлана Васілеўна, жонка мая, падтрымлівае мяне ў маім захапленні. Яна, дарэчы, таксама медык па прафесіі, ужо некалькі гадоў не ходзіць. Дык я яе да акна на калясцы падвязу, і яна таксама любуецца птушкамі.

...Гэтай вясной споўніцца шэсцьдзясят гадоў, як жывём разам. А раз брыльянтавае вяселле, дык трэба купіць брыльянт, — усміхаецца Антон Аляксеевіч. Я раней Свеце любіў упрыгожванні дарыць. Хацеў рабіць свята 3 мая, сабраць гасцей, самых блізкіх. Але ж пост яшчэ будзе, сёлета Вялікдзень позні, прыпадае на 5 мая, таму, відаць, прыйдзецца перанесці святкаванне на пару дзён.

— Антон Аляксеевіч, падзяліцеся сакрэтам доўгага сумеснага жыцця.

— Ствараць сям’ю і нараджаць дзяцей трэба па каханні. Вось галоўны сакрэт. А яшчэ вельмі важна ў сям’і: выпрацоўваць цярпенне, не сячы з-за пляча. Часам, бывала, так раззлуешся, што, здаецца, укусіў бы (смяецца). А потым падумаеш: ты ж сам далёка не анёл. Саступаць трэба, у любой спрэчнай сітуацыі ставіць сябе на месца іншага. Мы са Светай пражылі добрае жыццё. Цяпер нам, вядома, не проста. Здароўе з кожным годам лепш не становіцца. Святлана Васілеўна мяне абагнала. Яна 10 таблетак прымае ў дзень, а я — 9. Але ж я хоць хаджу, а яна, бедная, пакутуе ад болю. Аперыраваць яе суставы нельга, бо ў яе парок сэрца. Я не скарджуся на свой лёс. Дасць бог, яшчэ пажывём. У сакавіку Свеце будзе 83 гады, мне — 84. Дзеці ў нас цудоўныя, прыязджаюць, дапамагаюць. У нас у сям’і шмат медыкаў. Дачка і нявестка — кардыёлагі, зяць — акушэр-гінеколаг. Сын — дацэнт кафедры эндакрыналогіі ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Белдзяржмедуніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук, яго «школа дыябету» набрала больш як 400 тысяч праглядаў на YоuTubе.

...Пасля выхаду на пенсію мы з жонкай жывём у вёсцы. Мець свой кавалак зямлі — гэта шчасце. У мяне ёсць дзве цяпліцы. Дзеці на мяне, вядома, сварацца, перажываюць, каб я пабярог сябе і менш кланяўся градкам. Але я люблю садзіць памідоры, агуркі, бо мне патрэбная фізічная нагрузка. Навошта мне велатрэнажор? Лепш буду паціху корпацца ў агародзе. Люблю, калі дом патанае ў кветках. Раней ружамі ды гладыёлусамі займалася жонка. Цяпер я пад яе кіраўніцтвам (смяецца).

«Калі ехалі на магілу таты, было адчуванне, што гудзіць зямля...»

У доме Раманоўскіх вялікая сцяна завешана фотаздымкамі.

— Я люблю свой стэнд, тут уся мая радня: дзеці, унукі, праўнук і праўнучка. Вось тут вяселлі дачкі і сына. А гэта першы і апошні Усесаюзны з’езд урачоў, бо Савецкі Саюз разваліўся. На наступным фота — як адзначалі маё 80-годдзе. А вось гэта мае ўрадавыя ўзнагароды: за больш як дваццаць гадоў работы ў Гомельскай вобласці я атрымаў Ордэн «Знак Пашаны» і Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Апошнюю ўзнагароду мужчына атрымаў за ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Калі адбыўся выбух на ЧАЭС, Антон Раманоўскі быў загадчыкам аддзела аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама. Знаходзячыся працяглы час у 30-кіламетровай зоне, арганізоўваў адсяленне людзей, іх лячэнне і аздараўленне. Удзельнічаў у стварэнні Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека.

— Многія людзі не хацелі з’язджаць, бо трэба было кідаць хаты, гаспадарку. Як цяпер памятаю, з Хойнікаў прывезлі бабулю, ёй было пад сто гадоў. Яна падышла да мяне і пытаецца з надзеяй у голасе: «Сынок, скажы, вярнуся я ў сваю хату ці не?» Тая бабуля ў мяне і цяпер перад вачыма стаіць. Няпростыя былі часы. Але самае галоўнае, што прайшло ўжо 37 гадоў, і радыяцыя паменшылася амаль у два разы, ідзе паляпшэнне глебы.

Разам са сваімі ордэнамі Антон Аляксеевіч прынёс два фотаальбомы: адзін — працоўны, другі — сямейны. У першым шмат здымкаў, зробленых падчас работы генеральным сакратаром Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.

— Менавіта дзякуючы службе вышуку Чырвонага Крыжа я знайшоў магілу свайго таты, які загінуў на фронце 7 сакавіка 1945 года. Мы тады многім людзям дапамаглі знайсці сваіх сваякоў, якія былі забітыя ці трапілі ў палон падчас вайны. Тата пахаваны ў Гожаве Велікапольскім. Я чатыры разы быў у яго на магіле. Калі першы раз ехаў туды праз вялізны сасновы лес, было адчуванне, што зямля гудзіць, як быццам гэта тата стогне. Калі прачытаў на помніку «Раманоўскі А.», не мог стрымаць слёз. Гэта былі слёзы невымоўнай тугі і радасці, што я ўсё ж такі трапіў на магілу бацькі, як быццам пабачыўся з ім. Я тату зусім не памятаю. Калі ён сышоў на вайну, мне было ўсяго чатыры гады. Але я добра памятаю, як горка плакала мама, калі прыйшла пахаванка. У 30 гадоў яна засталася ўдавой, замуж больш не выйшла, гадавала нас з братам адна. Праз нейкі час яе паклікалі ў ваенкамат і перадалі Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, якім тата быў узнагароджаны пасмяротна.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Мінскі раён

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.