Вы тут

Што адбываецца ў Польшчы?


У Польшчы разгортваецца востры палітычны крызіс. Супрацьстаянне паміж прэзідэнтам краіны Анджэем Дудам і прэм’ер-міністрам, лідарам парламенцкай большасці Дональдам Тускам працягвае абвастрацца. Сітуацыя ў суседняй краіне часам нагадвае «тэатр абсурду», калі рэальныя дзеянні падмяняюцца палітычнай «буфанадай». Пасля абвяшчэння летась у кастрычніку вынікаў парламенцкіх выбараў такі расклад прагназаваўся, аднак простым палякам, якія спадзяваліся на змены да лепшага, аптымізму гэта зусім не дадае. Што ж адбываецца ў Польшчы, якія перспектывы далейшага развіцця падзей?


План Баднара

Днямі стала вядома, што польскі ўрад на чале з прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам мае намер ажыццявіць судовую рэформу, у тым ліку перапрызначыць лаяльных былым уладам краіны суддзяў Канстытуцыйнага суда, з мэтай пераканаць ЕС адмяніць санкцыйную працэдуру ў дачыненні да Варшавы. Пра гэта заявіў міністр юстыцыі Польшчы Адам Баднар у інтэрв’ю газеце Fіnancіal Tіmes, паведаміла ТАСС. «Наша задача — зрабіць усё магчымае наяўнымі інструментамі», — падкрэсліў міністр. Ён адзначыў, што планы новага ўрада могуць наткнуцца на супрацьдзеянне з боку прэзідэнта краіны Анджэя Дуды, які прадстаўляе былую партыю ўлады «Права і справядлівасць» (ПіС). У прыватнасці, прэзідэнт можа накласці вета на запланаванае рашэнне кіруючай кааліцыі памяняць усіх 15 членаў Канстытуцыйнага суда (КС), якія былі прызначаныя папярэднім урадам ПіС. У гэтым выпадку, сказаў Баднар, перастаноўкі ў КС давядзецца адкласці да наступных прэзідэнцкіх выбараў у 2025 годзе.

Польскі міністр таксама паведаміў выданню аб намеры да канца месяца прадставіць крокі па судовай рэформе сваім калегам па Еўрасаюзе для таго, каб пераканаць Брусель спыніць у дачыненні да Варшавы санкцыйную працэдуру па артыкуле 7 Дагавора аб ЕС. «Сваімі наступнымі дзеяннямі я пастараюся пераканаць [ЕС. — „Зв.“], што артыкул 7 павінен быць адменены для Польшчы — і Канстытуцыйны суд з’яўляецца толькі часткай гэтай дыскусіі», — заявіў палітык.

План Баднара, акрамя змены складу КС, будзе ўключаць «па меншай меры пяць-шэсць законапраектаў» па аднаўленні незалежнасці судовай сістэмы, у тым ліку органа, які прызначае суддзяў. Раней міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў у эфіры радыёпраграмы Polskіe Radіo, што ўрад мае намер змяніць асноўны закон краіны, унёсшы ў яго папраўкі, звязаныя з сістэмай правасуддзя.

Як вядома, у сярэдзіне снежня 2015 года польскі Сейм (ніжняя палата парламента), большасць месцаў у якім было ў ПіС, прыняў папраўкі да закона аб Канстытуцыйным судзе. Змены прадугледжвалі прыняцце рашэнняў дзвюма трацінамі галасоў супраць звычайнай большасці раней. У 2017-м парламент Польшчы прыняў законы аб рэформе Нацыянальнага судовага савета краіны і Вярхоўнага суда, па якіх 15 членаў савета, які прызначае ўсіх суддзяў, пачалі абірацца на чатырохгадовы тэрмін Сеймам (які, нагадаем, тады кантраляваў ПіС), а не ў судовым асяроддзі, як гэта рабілася раней.

Вярхоўны суд атрымаў права па прадстаўленні мясцовых судоў пераглядаць справы, рашэнні па якіх былі ўжо вынесены на працягу апошніх 20 гадоў. У снежні таго ж года Еўракамісія ўпершыню ў гісторыі ЕС запусціла санкцыйную працэдуру ў дачыненні да Польшчы за парушэнне фундаментальнага прынцыпу незалежнасці судовай сістэмы, якая можа прывесці да пазбаўлення краіны права голасу ў Савеце ЕС у адпаведнасці з 7-м артыкулам Дагавора аб ЕС.

А Дуда супраць

Раней прэм’ер Дональд Туск заявіў, што не разумее паводзінаў Анджэя Дуды. Пра гэта ён паведаміў у Бруселі, куды прыбыў на пазачарговую сустрэчу лідараў дзяржаў Еўрасаюза. «Я не разумею паводзінаў прэзідэнта, паколькі яны нясуць рызыку як для яго самога, так і для нашай Айчыны. З такімі паводзінамі нельга пагадзіцца. Мне крыху сумна, паколькі ў нас [наперадзе] яшчэ больш за год супрацоўніцтва», — цытуе Туска польскі інтэрнэт-партал onet. pl. «Мне шкада, што прэзідэнт Дуда мае намер перашкаджаць ураду», — дадаў прэм’ер.

На мінулым тыдні Дуда падпісаў закон аб дзяржаўным бюджэце на 2024 год і адначасова адправіў гэты дакумент у Канстытуцыйны суд (КС) для высвятлення, ці не быў парушаны закон пры прыняцці ў Сейме гэтага бюджэту, паколькі ў галасаванні не прымалі ўдзел дэпутаты Марыюш Каміньскі і Мачэй Вонсік, якія знаходзіліся ў турме. Па законе КС не абмежаваны па часе ў разглядзе дакументаў. Адпраўляючы прынятыя Сеймам і ўрадам Туска законы на разгляд у КС, прэзідэнт такім чынам атрымлівае магчымасць тармазіць работу ўрада.

Акруговы суд Варшавы адхіліў іск да журналіста Яраслава Мазанека, які назваў былую партыю ўлады ў Польшчы «Права і справядлівасць фашысцкай. На думку суддзі Дароты Газалба-Гангалевіч, карэспандэнт «рэалізаваў канстытуцыйны прынцып свабоды слова». Скандал разгарэўся летась падчас парламенцкіх выбараў. Тады журналіст «Газеты Мышкуўскай» (ад горада Мышкуў у Сілезскім ваяводстве) Яраслаў Мазанек назваў «Права і справядлівасць» «фашысцкай партыяй», за што на яго падалі ў суд. І вось цяпер акруговы суд Варшавы адхіліў іск цалкам, абавязаўшы ПіС выплаціць 737 злотых у якасці судовых выдаткаў. Аб сваёй перамозе журналіст напісаў на сайце «Газеты Мышкуўскай». Журналіст падкрэсліў, што для яго самае галоўнае тое, што ён зараз «мае права называць „Права і справядлівасць“ фашысцкай партыяй». Адным з экспертаў у судзе стаў выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта прафесар Мацей Гурэцкі, які заявіў, што ПіС «культурна таксічная».

Небяспечная сітуацыя

Польшча стаіць на парозе анархіі з-за прававых канфліктаў, якія ўспыхваюць паміж галінамі дзяржаўнай улады, лічыць першая старшыня Вярхоўнага суда краіны Малгажата Маноўская, паведаміла РІА «Новости». Нягледзячы на тое што летась восенню партыя «Права і справядлівасць» Яраслава Качыньскага прайграла парламенцкія выбары і пайшла ў апазіцыю, у краіне дзейнічаюць суды, склад якіх быў сфарміраваны падчас праўлення ПіС. Гэта часта прыводзіць да прававых канфліктаў з цяперашняй уладай. Дзеючы прэм’ер Дональд Туск абвінавачвае сваіх палітычных апанентаў у спробе падпарадкаваць сабе суды ў краіне. Яны адказваюць яму абвінавачваннямі ў тым, што ён пачаў кіраваць краінай, часта прымаючы рашэнні ў абыход права.

«Яшчэ не ў поўнай сіле і не ў поўнай красе, але зародкі анархіі ў нас пэўна ёсць, — адзначыла Маноўская ў інтэрв’ю парталу Onet. — Я думаю, што калі б кожны дзяржаўны орган і суб’ект рабілі тое, што павінны былі рабіць, і паважалі свае паўнамоцтвы, хаосу, безумоўна, было б менш». Маноўская не змагла назваць вінаватых у бягучай сітуацыі: «Давайце памятаць, што цяперашняя сітуацыя з’яўляецца адным з наступстваў вялізнай сацыяльнай палярызацыі, і тут ёсць свае „заслугі“ ў абодвух бакоў канфлікту, а не толькі ў палітыкаў».

«Усе разам прывялі да гэтай небяспечнай для Польшчы сітуацыі. Вядома, наш нацыянальны характар, наша сварлівасць і няздольнасць дамовіцца паміж палітыкамі ўсіх масцяў. Я кажу не толькі пра той варыянт, які быў ва ўладзе тады, ці пра той варыянт, які ва ўладзе зараз, таму што ў мяне такое ўражанне, што цяперашняя кіруючая кааліцыя ўступіла ў фазу балансавання на грані закону, часам нават выходзячы за яе межы», — ацаніла суддзя, заклікаўшы палітыкаў усіх палітычных перакананняў «мець смеласць сесці і прадметна пагаварыць аб вырашэнні праблем, замест таго, каб імкнуцца да большай палярызацыі».

На думку Маноўскай, краіна апынулася на краі прорвы: «Я сапраўды ў жаху ад таго, што можа здарыцца ў будучыні». Паводле слоў суддзі, спачатку яна ўспрымала супрацьстаянне паміж галінамі ўлады «хутчэй як жарт з доляй горычы», але цяпер гэтая сітуацыя выклікае ў яе трывогу. Маноўская патлумачыла, што баіцца «ардынарнага парушэння прынцыпу законнасці», калі кожны «можа лічыць сябе Цэзарам, які стаіць над законам».

Крызіс на крызісе

Усе гэтыя падзеі разгортваюцца на фоне найцяжэйшага дэмаграфічнага крызісу. Колькасць насельніцтва Польшчы скарацілася летась на 137 тысяч чалавек, сведчаць звесткі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення краіны. Летась нарадзіліся 272 тысячы дзяцей, што на 11 працэнтаў менш за паказчыкі годам раней. Скарачаецца таксама і колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту.

Радыёстанцыя RMF24 прыводзіць меркаванне сацыёлагаў, якія адзначаюць, што палепшыць сітуацыю з нараджальнасцю ў краіне не дапамагло нават узмацненне жорсткасці закона аб абортах — забарону перарываць цяжарнасць у выпадку выяўлення паталогіі плода. На думку навукоўцаў, каб выправіць становішча, неабходна падтрымка моладзі, перш за ўсё жыллёвыя праграмы, а таксама сацыяльная работа з дваццацігадовымі. «Вельмі малая колькасць людзей гэтага ўзросту ў прынцыпе дэкларуе жаданне мець дзяцей, няма станоўчай атмасферы. Хутчэй, усе думаюць пра дзяцей, як пра фактар, які адымае час, грошы і ўвогуле гэта непажадана», — з горыччу заўважыў доктар навук з аддзела дэмаграфіі Галоўнай гандлёвай школы Польшчы Кшыштаф Тыміцкі, словы якога прыводзіць радыё. Паводле яго слоў, сярод людзей старэйшага ўзросту мала тых, хто вырашаецца на другое дзіця, прычына часцей за ўсё ў недахопе сродкаў і жыллёвых умовах.

Цяперашні дэмаграфічны крызіс — праблема для пенсіённай сістэмы, дадаў эксперт, калі ў бліжэйшыя гады сітуацыя не зменіцца, усё менш маладых будуць працаваць на забеспячэнне пенсіі, са складанасцямі сутыкнецца таксама і рынак працы, якому давядзецца прыцягваць усё больш мігрантаў. «Паводле ацэнак, каб захаваць бягучы ўзровень эканамічнага развіцця, да 2050 года нам трэба каля 5 мільёнаў чалавек», — сказаў кіраўнік Саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Цэзарый Казмерчак радыёстанцыі RMF24.

Не змяншаюцца і пратэсныя настроі. Да прыкладу, польскія фермеры з 9 лютага плануюць пачаць забастоўку ў знак пратэсту супраць еўрапейскай аграрнай палітыкі. Пра гэта заявілі ініцыятары акцыі з прафсаюза «Салідарнасць», паведаміў партал Agropolska. Чакаецца, што стачка працягнецца месяц. Пачаць акцыю пратэсту аграрыі плануюць з перакрыцця польска-ўкраінскіх памежных пераходаў, таксама ў іх планах — блакада дарог і аўтастрад у асобных ваяводствах.

«Сяляне, давайце аб’яднаемся ў дзеянні. Наша цярпенне скончылася. Пазіцыя Бруселя ад студзеня 2024 года не можа быць прынятая нашай аграрнай супольнасцю. Акрамя таго, пасіўнасць польскіх улад і дэкларацыі аб супрацоўніцтве з Еўракамісіяй, а таксама заявы аб выкананні ўсіх рашэнняў ЕС адносна імпарту сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання з Украіны не пакідаюць нам іншага выбару, акрамя як аб’явіць усеагульную забастоўку», — заявілі прадстаўнікі прафсаюза.

Аграрыі запэўнілі, што будуць «змагацца да канца». «Польскія сямейныя фермы з’яўляюцца асновай харчовай бяспекі краіны. Здаровая ежа, якая вырабляецца польскімі фермерамі, з’яўляецца асновай харчавання і здароўя грамадзян Рэспублікі Польшча, — заявілі пратэстоўцы. — Мы змагаемся за агульную карысць, спрабуючы прадухіліць банкруцтва польскіх сямейных хатніх гаспадарак, якія часам налічваюць некалькі пакаленняў».

Ва ўлады — зусім іншыя прыярытэты. Стала вядома, што Варшава ўзмацняе ваенную актыўнасць на ўсходняй граніцы. Аператыўнае камандаванне ўзброеных сіл Польшчы распаўсюдзіла навігацыйнае папярэджанне для пілотаў у прыграніччы з Беларуссю, Расіяй і Украінай. А таксама на ўчастку Балтыйскага мора на ўсход ад Гданьска. Раней паведамлялася, што ў рамках маштабных вучэнняў НАТА Steadfast Defender — 2024 Польшча правядзе нацыянальныя вучэнні Dragon-24 з удзелам 20 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку з іншых краін альянсу. Як заявіла прэс-служба польскага абароннага ведамства, манеўры пройдуць на мяжы лютага і сакавіка. Гіена не губляе агрэсіўнасці.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.