Вы тут

Нацбанк адобрыў Канцэпцыю лічбавага беларускага рубля


У Нацбанку нам растлумачылі, што ЛБР — гэта лічбавая форма беларускага рубля, законны плацежны сродак, які выконвае ўсе функцыі грошай, мае аднолькавую каштоўнасць з наяўным і безнаяўным беларускім рублём, з’яўляецца прамым патрабаваннем да Нацыянальнага банка і эмітуецца ім. Разлікі з выкарыстаннем лічбавага беларускага рубля плануецца адносіць да безнаяўных разлікаў.


Для чаго ён патрэбны?

У цэлым праект разлічаны на тры гады, а сёлета фінансавы рэгулятар зоймецца распрацоўкай платформы новага плацежнага сродку і даследаваннем эканамічных і тэхналагічных аспектаў трансгранічных плацяжоў, адзначыў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый Калечыц.

Цікавасць да тэмы ўзмацняецца ва ўмовах нарастальнай канкурэнцыі з боку фінансавых тэхнічных кампаній, якія не з’яўляюцца банкамі або нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі. Вядзецца актыўная распрацоўка глабальнымі тэхналагічнымі кампаніямі прыватных валют, распаўсюджвання крыптавалют, якія не з’яўляюцца фіятнымі (традыцыйнымі) грашыма і нясуць пэўныя рызыкі фінансавай стабільнасці.

Ва ўмовах імклівых змяненняў, якія абумоўлены актыўным і паўсюдным укараненнем лічбавых тэхналогій ва ўсе сферы эканомікі, фінансавая сістэма нашай краіны павінна адпавядаць сучасным запытам насельніцтва і суб’ектаў гаспадарання ў больш хуткіх, зручных, танных і бяспечных сродках грашовага абарачэння, садзейнічаць укараненню інавацый у эканоміцы, лічаць у Нацбанку.

Аналіз замежных даследаванняў цэнтральных банкаў сведчыць, што лічбавыя нацыянальныя валюты могуць стаць дадатковым інструментам, які задавальняе патрэбы насельніцтва ў больш хуткіх, зручных, надзейных, танных і бяспечных плацежных сродках, а такім чынам, спрыяе інтарэсам развіцця эканомікі. Асноўнай мэтай канцэпцыі з’яўляецца фарміраванне аднастайнага разумення падыходаў да ўкаранення ЛБР, а таксама ўзаемавыгадных перспектыў трансгранічнага ўзаемадзеяння.

Па даных Банка міжнародных разлікаў, каля 86% цэнтральных банкаў знаходзяцца на розных этапах вывучэння гэтага пытання: ад даследавання да пілатавання і ўкаранення. У прыватнасці, у цяперашні час найбуйнейшыя рэгулятары (у тым ліку Федэральная рэзервовая сістэма ЗША, Банк Англіі, Банк Швецыі, Еўрапейскі цэнтральны банк і іншыя) вывучаюць магчымасці выпуску сваіх лічбавых валют. Паўнавартасна ўкаранілі нацыянальныя лічбавыя валюты парадку 11 краін. «Больш за 60 краін знаходзяцца на прасунутых этапах распрацоўкі сваіх лічбавых платформаў (распрацоўка, пілатаванне, укараненне).

Асноўныя краіны-партнёры Беларусі таксама даследуюць мэтазгоднасць і магчымасць укаранення лічбавай формы нацыянальнай валюты, праводзяць пілотныя праекты. Так, Кітай і Расія завяршаюць тэсціраванне сваіх лічбавых валют, Казахстан рэалізоўвае пілотны праект», — падкрэсліў Дзмітрый Калечыц.

У чым плюсы?

Выкарыстанне лічбавага рубля прывядзе з часам да пэўных пераваг як для насельніцтва, так і для суб’ектаў гаспадарання. Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення даследаванняў і стратэгічнага развіцця Нацбанка Міхаіл Дземідзенка, гэта, па-першае, доступ кліентаў да свайго лічбавага рахунку праз любую фінансавую арганізацыю, у якой яны абслугоўваюцца. Лічбавая грашовая адзінка дае магчымасць адначасова выкарыстоўваць дадаткі розных фінансавых арганізацый.

Акрамя таго, будзе выкарыстоўвацца празрыстая тарыфная палітыка. Бо камісіі па аперацыях з ЛБР будуць тарыфікавацца па адзіных правілах. Выкарыстанне гэтай платформы прадугледжвае абсалютную даступнасць пераводаў паміж фізічнымі асобамі і аплаты за тавары, работы, паслугі ў рэжыме афлайн — у выпадку адсутнасці сувязі з платформай ЛБР.

Не варта забываць пра забеспячэнне большага ўзроўню захаванасці грашовых сродкаў. Лічбавы беларускі рубель — гэта прамое абавязацельства Нацыянальнага банка, што робіць яго больш бяспечнай формай грошай у параўнанні з абавязацельствамі банкаў і эмітэнтаў электронных грошай у выпадку іх банкруцтва. Пры гэтым, з’яўляючыся прамым абавязацельствам Нацыянальнага банка, лічбавая грошы валодаюць большай захаванасцю і ў параўнанні з наяўнымі, паколькі зніжаюць рызыку крадзяжоў, махлярства і выкарыстання фальшывак.

Увядзенне такога рубля створыць умовы для больш хуткага развіцця новых інавацыйных плацежных сэрвісаў і фінансавых інструментаў, перш за ўсё дзякуючы выкарыстанню смарт-кантрактаў. Адбудзецца павышэнне даступнасці фінансавых інструментаў і паляпшэнне якасці абслугоўвання кліентаў за кошт павелічэння канкурэнцыі паміж фінансавымі арганізацыямі.

І, напэўна, самае галоўнае, чаго чакаюць ад выкарыстання лічбавага рубля, заключаецца ў зніжэнні валютных рызык пры ажыццяўленні плацяжоў па знешнегандлёвых дагаворах. Вялікая празрыстасць разлікаў і прамая ўцягнутасць цэнтральных банкаў у правядзенне трансгранічных плацяжоў (пераводаў) будуць садзейнічаць зніжэнню нявызначанасці адносна змянення курсаў валют. Гэта будзе прыводзіць да памяншэння кошту валютнай рызыкі па міжнародных здзелках і дагаворах.

Гэта павінна прывесці да павышэння даступнасці трансгранічных плацяжоў з контрагентамі з краін-партнёраў шляхам інтэграцыі платформы ЛБР з аналагічнымі сістэмамі замежных дзяржаў ва ўмовах геапалітычных рызык. А гэта прывядзе да скарачэння колькасці пасрэднікаў, зніжэння кошту і павелічэння хуткасці пры ажыццяўленні трансгранічных плацяжоў.

Трансгранічныя плацежныя аперацыі часта падвяргаюцца крытыцы з-за высокага кошту, недастатковай хуткасці ажыццяўлення, абмежаванай даступнасці і недастатковай празрыстасці, а таксама з-за абмежаванага працоўнага часу фінансавых пасярэднікаў на шляху ажыццяўлення плацяжу, тэхналагічна састарэлых платформ, доўгіх ланцужкоў транзакцый і слабай канкурэнцыі.

Перавагі для бізнесу і дзяржавы

Для фінансавых арганізацый увядзенне гэтай грашовай адзінкі прывядзе да зніжэння парога ўваходу на рынак новых удзельнікаў, пашырыць магчымасці для вядзення бізнесу з дапамогай выкарыстання смарт-кантрактаў. Акрамя таго, адбудзецца зніжэнне патрэбы ва ўнутрыдзённай ліквіднасці і памяншэнне кошту трансгранічных плацяжоў.

Для дзяржавы ў дадзеным выпадку адбудзецца пашырэнне магчымасцяў інтэграцыі нацыянальнай плацежнай сістэмы з плацежнымі сістэмамі краін-партнёраў. Плануецца патанненне адміністравання бюджэтных плацяжоў, павелічэнне магчымасцяў цэнтралізаванага маніторынгу ажыццяўлення плацяжоў усіх удзельнікаў і павышэнне эфектыўнасці кантролю за мэтавым расходаваннем бюджэтных грашовых сродкаў. Для краіны будзе плюсам выкарыстанне лічбавага беларускага рубля пры сацыяльнай падтрымцы насельніцтва і спрашчэнне правядзення трансгранічных плацяжоў.

Функцыянаваць можна і без SWІFTА

«Сумесная работа па тэме лічбавых валют з цэнтрабанкамі іншых краін дазволіць нам укараніць новы механізм трансгранічнага ўзаемадзеяння, такі своеасаблівы альтэрнатыўны канал для трансгранічных плацяжоў. У нас у дадзеным выпадку будуць адсутнічаць рызыкі, звязаныя з неабходнасцю даверу да ўладальніка цэнтралізаванай сістэмы.

Усе ведаюць праблемы, якія ў нас узніклі ў сувязі з санкцыямі, звязанымі са SWІFT, Vіsa і гэтак далей. У гэтай архітэктуры такіх пытанняў узнікаць не будзе», — адзначыў Міхаіл Дземідзенка.

Ён заявіў, што лічбавы беларускі рубель мяркуецца выкарыстоўваць для ўнутраных плацяжоў, але наша краіна сур’ёзна прапрацоўвае магчымасць і трансгранічных плацяжоў. «Архітэктуру сістэмы (лічбавага беларускага рубля) мы выбудоўваем такім чынам, каб яна магла найлепшым спосабам камунікаваць з іншымі падобнымі платформамі. Узаемадзеянне платформаў лічбавых валют дасць магчымасць павысіць даступнасць трансгранічных плацяжоў з контрагентамі з краін-партнёраў. Стратэгічная схема тут — узаемадзеянне лічбавага беларускага рубля з іншымі лічбавымі валютамі цэнтрабанкаў па прынцыпе „сістэма — сістэма“, гэта значыць, мы не плануем укараняць у нас чыюсьці сістэму, мы не плануем замыкацца», — падкрэсліў намеснік начальніка ўпраўлення.

Што ўжо зроблена для рэалізацыі праекта

У якасці мэтавай функцыянальнай мадэлі лічбавага рубля вызначана гібрыдная мадэль, якая прадугледжвае даступнасць ЛБР для фізічных і юрыдычных асоб пры ўдзеле банкаў (фінансавых арганізацый), якія выкарыстоўваюць сваю інфраструктуру для абслугоўвання кліентаў. У гэтым плане гібрыдная мадэль адпавядае характарыстыкам двухузроўневай банкаўскай сістэмы.

Мяркуецца, што платформа гэтага рубля будзе функцыянаваць на аснове тэхналогіі размеркаванага рэестра, што дазволіць паўнавартасна рэалізаваць функцыянал дэцэнтралізаваных фінансаў для нацыянальнай валюты і інтэграваць платформу лічбавага беларускага рубля з платформамі лічбавых валют цэнтральных банкаў краін-партнёраў. Плануецца рэалізаваць смарт-кантракты, афлайн-плацяжы і ананімныя транзакцыі на платформе ЛБР. У рамках ініцыяванага Нацыянальным банкам навуковага даследавання створана дэмаверсія платформы ЛБР, на якой пратэсціраваны канцэптуальныя падыходы да рэалізацыі праекта.

У тры этапы

Паўнавартаснае ўкараненне платформы лічбавага беларускага рубля (ЛБР) плануецца ў 2026 годзе. Па словах Міхаіла Дземідзенкі, у перспектыве нашы грамадзяне атрымаюць магчымасць мяняць наяўныя рублі на лічбавыя праз банкаматы. Акрамя гэтага, бесперапынна будзе праводзіцца абмен ЛРБ на наяўныя і безнаяўныя рублі.

Кожны карыстальнік, як растлумачыў Міхаіл Дземідзенка, зможа зарэгістраваць толькі адзін лічбавы кашалёк. Рахунак ЛБР будзе адкрывацца ў Нацбанку, аднак працаваць з уладальнікамі такіх кашалькоў упаўнаважаць камерцыйныя банкі.

Чакаецца, што лічбавы беларускі рубель будуць укараняць у тры этапы. Сёлета плануецца стварыць яго платформу. Пасля пройдуць аўдыт лічбавага рубля, сертыфікацыя крыптаграфічных алгарытмаў і сродкаў абароны інфармацыі.

Адпаведныя карэктывы ўнясуць і ў заканадаўства, каб замацаваць лічбавы рубель у нарматыўных актах. Налета «плануюцца b2b-плацяжы з рэальным коштам», а да канца 2025 года ЛРБ пратэсціруюць у плацяжах паміж юрыдычнымі асобамі і ў трансгранічных разліках. А ў 2026-м плануецца паўнавартаснае ўкараненне платформы лічбавага беларускага рубля. Таксама з’явяцца кросчэйн-масты, неабходныя для афлайн-плацяжоў. Праўда, у Нацбанку адзначаюць, што гэтыя тэрміны ў працэсе работы могуць мяняцца.

Нацбанк папярэджвае аб магчымым махлярстве

Тэму ўвядзення лічбавага беларускага рубля могуць спрабаваць выкарыстоўваць ашуканцы, заявіў начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка Аляксандр Цімашэнка. Ён падкрэсліў, што пачатак фізічных аперацый з лічбавым рублём — гэта справа не заўтрашняга дня. Больш за тое, выкарыстанне ЛБР будзе добраахвотным. «Калі хтосьці патэлефануе і скажа, што трэба тэрмінова пераводзіць усе грошы на „бяспечны рахунак“ або канвертаваць у лічбавы рубель, то трэба разумець, што гэта падман», — сказаў Цімашэнка.

У сваю чаргу, Міхаіл Дземідзенка растлумачыў, што ашуканцы не могуць, напрыклад, даведаўшыся пароль, карыстацца чужымі лічбавымі рублямі. Аперацыі немагчымыя без крыптаключа, які захоўваецца на прыладзе. Няма тэхнічнай магчымасці перадаць ключ камусьці, тым больш што ён складаецца з 256 розных знакаў і мае сістэму падвойнага шыфравання.

Міхаіл Дземідзенка таксама растлумачыў, у чым адрозненне лічбавых рублёў ад крыптавалют. Па-першае, лічбавыя рублі Нацыянальнага банка — гэта паўнавартасныя грошы. Па-другое, дзяржава будзе кантраляваць эмісію гэтых нябачных рублёў, як і звычайных грошай.

Дзве рызыкі

Прадстаўнік Нацбанка таксама назваў дзве рызыкі ад увядзення лічбавых грошай. Адна з іх з’явіцца, калі дапрацуюць квантавыя камп’ютары. Вялікая хуткасць вылічэнняў на гэтых прыладах і будзе сама па сабе пагрозай.

Ёсць і рызыка адтоку ліквіднасці з банкаўскага сектара. Аднак маюцца інструменты для падтрымання ліквіднасці Нацбанкам. Яны вядомыя. Пра іншыя рызыкі, як растлумачыў Міхаіл Дземідзенка, можна даведацца з канцэпцыі ЛБР, якая апублікавана на сайце Нацбанка.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Праз тры гады насельніцтву дадуць «памацаць» наш лічбавы рубель

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.