Вы тут

Чым адметны аграгарадок Ракітніца, у якім колькасць насельніцтва не памяншаецца, а расце


Ракітніцкі сельсавет адзіны ў Жабінкаўскім раёне, дзе колькасць насельніцтва не памяншаецца, а паступова расце. Сваю станоўчую ролю, несумненна, адыгрывае блізкасць галоўнай дарогі краіны — трасы М1, якая ўплывае на камунікафцыю як з раённым, так і з абласным цэнтрам. І ў чарзе на атрыманне ўчасткаў пад будаўніцтва, акрамя вяскоўцаў, стаяць жыхары Жабінкі і нават брастаўчане. Будуюць жыллё маладыя сем’і, у іх нараджаюцца дзеці. Не дзіва, што тутэйшы дзіцячы садок перапоўнены, і зараз вядзецца гаворка аб неабходнасці яго пашырэння.


Вуліца ў Ракітніцы

Добраўпарадкаванне і камунікацыі

Сам аграгарадок Ракітніца хоць і не належыць да ліку прыгарадных пасёлкаў, якія будаваліся пад канкрэтнае прадпрыемства, накшталт Астрамечава ці Белавежскага, але ўсё неабходнае для жыцця тут ёсць. Праведзены газ, ёсць цэнтральнае водазабеспячэнне і водаадвядзенне, маецца станцыя абезжалезвання вады, пракладзеныя інжынерныя камунікацыі. Пералічанае, як вядома, у першую чаргу становіцца перадумовай належнай якасці жыцця. Праўда, далёка не ўсюды ёсць тратуары, але ж над гэтым пастаянна працуюць. І вось, скажам, па вуліцы 24 з’езда КПСС, даволі ажыўленай, падчас нядаўняй рэканструкцыі не праклалі тратуар, але дарогу значна пашырылі і зрабілі ўздоўж яе пешаходную зону.

— Работа па добраўпарадкаванні заўсёды стаіць на парадку дня, — гаворыць выконваючая абавязкі старшыні Ракітніцкага сельскага Савета Святлана Цяльпук. — На працягу мінулага года зроблена даволі шмат па шэрагу аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння. У планах — яшчэ больш. І ў гэтым сэнсе пэўную надзею ўскладваем на падрыхтоўку да раённых Дажынак, якія сёлета павінны прайсці ў Ракітніцы. На мінулым тыдні на пасяджэнні нашага сельвыканкама прысутнічаў старшыня райвыканкама Андрэй Мікалаевіч Кузьміч. Было прынята рашэнне аб пачатку падрыхтоўкі да будучых Дажынак. Цяпер складаюцца і ўдакладняюцца планы. Спадзяёмся, што пад мерапрыемства будуць выдзелены сродкі, за якія зможам правесці пэўную работу па паляпшэнні аграгарадка. Бо восеньскі фестываль працаўнікоў вёскі любога ўзроўню даўно стаў сацыяльным праектам: усё зробленае застаецца жыхарам населенага пункта, у якім праходзяць Дажынкі. У гэтым сэнсе спадзяемся на асфальтаванне пэўнага адрэзку вуліц, уладкаванне цэнтральнай плошчы, іншыя добрыя справы. І тады жыць стане яшчэ больш камфортна. Хоць і зараз у нашай вёсцы ўсё неабходнае для жыцця ёсць.

Выконваючая абавязкі старшыі сельскага Савета Святлана Цяльпук і бібліятэкар Надзея Давідзюк

Ахова здароўя і адукацыя

З кіраўніком мясцовай улады заходзім у амбулаторыю ўрача агульнай практыкі. Медыцынская ўстанова размешчана ў кампактным двухпавярховым будынку, які некалі ўзводзіўся як філіял раённага КБА. Даўно перапрафіляваны, ён многа гадоў служыць справе аховы здароўя. А летась, паводле слоў Святланы Цяльпук, тут правялі належны рамонт. І праўда, у памяшканні чыста і ўтульна, кабінеты цалкам прыстасаваны для работы медыцынскага персаналу. Зараз амбулаторыяй загадвае малады спецыяліст Дзмітрый Пусташыла. Дзмітрый Уладзіміравіч працуе ў Ракітніцы першы год, але паспеў заслужыць павагу мясцовых жыхароў. Некалькі чалавек пенсіённага ўзросту, якіх мы папрасілі выказаць меркаванне, у адзін голас адзначылі, што малады доктар вельмі ўважлівы, чулы. Настаўніца мясцовай школы Алена Шыла, што прыйшла на прыём, падкрэсліла вельмі важны фактар знаходжання амбулаторыі на месцы: «Не трэба ехаць у райцэнтр, калі захварэў, бальнічны адкрыюць і закрыюць на месцы. Тут жа праводзяць асноўныя аналізы, робяць кардыяграму. Па графіку прыязджае і праводзіць прыём стаматолаг».

Загадчык амбулаторыі сказаў, што работы многа, у прыватнасці, цяпер, калі назіраецца сезонны ўздым вірусных захворванняў. Асабліва часта хварэюць дзеці, штодня на прыёме бывае больш за дзясятак юных пацыентаў. Што і не дзіўна — да амбулаторыі прыпісаны каля 500 дзяцей. Доктару дапамагаюць медсёстры, лабаранты, усяго ў амбулаторыі працуе сем чалавек.

Загадчык амбулаторыі Дзмітрый Пусташыла

Калі чалавек выбірае для жыцця той ці іншы населены пункт, то найперш яго цікавяць магчымасць медыцынскага абслугоўвання і наяўнасць школы, асабліва як у сям’і ёсць дзеці. У Ракітніцкай сярэдняй школе зараз навучаюцца 230 хлопчыкаў і дзяўчынак. Школа, узведзеная па тыповым праекце дваццаць гадоў таму, мае ўсё неабходнае для навучання і развіцця дзяцей. Вось толькі да канца мінулага года памяшканне было халаднаватым, гэта адчувалася ў зімовыя месяцы. У другой палове 2023 года правялі цеплавую рэабілітацыю будынка. Школа цалкам змяніла знешні выгляд, зроблены рамонт фасада, абноўлены дах. Абнаўленне атрымалі спартыўная зала і фае, а таксама некаторыя кабінеты, напрыклад, кабінет працы, кабінет хіміі.

Дом культуры і бібліятэка

Культурнае жыццё вёскі даволі разнастайнае. Для заняткаў студый, гурткоў па інтарэсах ёсць двухпавярховы будынак СДК. У ім жа размяшчаюцца класы музычнай школы. Тут праходзяць сустрэчы дарослых і школьнікаў у гуртках па інтарэсах, адбываюцца рэпетыцыі ансамбля палескай народнай песні «Вярбічанька», якім кіруе вядомы на Брэстчыне работнік культурнай галіны Уладзімір Літвінчук. Ансамбль ведаюць і любяць у Ракітніцы ды навакольных вёсках, самадзейныя артысты не раз выступалі на раённых, абласных мерапрыемствах, ездзілі з канцэртамі ў суседнія раёны.

Папулярнасцю ў маладых жанчын карыстаецца студыя здаровага ладу жыцця «Берагіня», а ў старэйшага пакалення — гурток аматараў скандынаўскай хадзьбы. Тыя ж, хто мае мастацкую жылку, цікавіцца мінулым свайго краю, наведваюць школу ткацтва. У школе маюцца адмысловыя кросны, на якіх могуць навучыць старадаўняму беларускаму рамяству.

Адукацыйным, асветніцкім цэнтрам сельскай установы культуры многія гады з’яўляецца бібліятэка. «Некалі, як запісалася сюды ў пачатковых класах, — расказвае Святлана Цяльпук, — так і застаюся чытачкай да гэтага часу. Брала літаратуру школьніцай, студэнткай, потым падчас настаўніцкай работы прыводзіла сюды вучняў на ўрокі краязнаўства. Наша бібліятэка традыцыйна праводзіла вялікую работу па вывучэнні гісторыі населеных пунктаў і людзей свайго краю, мясцовых славутасцяў і памятных мясцін. Цяперашні бібліятэкар Надзея Давідзюк работу паспяхова працягвае. У Год гістарычнай памяці школа асабліва плённа працавала разам з бібліятэкай».

Новы выгляд школы

Надзея Антонаўна расказвае, што бібліятэку зараз наведвае 520 чытачоў. Выстаўкі, падборкі, альбомы — цэлае багацце па гісторыі малой радзімы — да ўвагі чытача. Паводле слоў бібліятэкара, усё гэта запатрабавана як у рабоце з вучнямі пачатковых, сярэдніх, так і старэйшых класаў. А сама бібліятэкар актыўна працуе на карысць справы прапаганды кнігі. Кніжныя навінкі рэкламуе ў сацыяльных сетках, ходзіць з прэзентацыямі не толькі ў школу, але нават і ў садок.

— Мне важна, што вакол бібліятэкі віруе жыццё: пастаянна ідзе камунікацыя з людзьмі, старэйшыя тэлефануюць, цікавяцца літаратурай, маладзейшыя задаюць пытанні ў сацсетках, а потым ідуць за кнігай. Настаўнікі прыводзяць выхаванцаў на мерапрыемствы, урокі, — гаворыць сельскі бібліятэкар.

Паслугі і новы квартал забудовы

Для вызначэння якасці жыцця надзвычай важным уяўляецца гандлёвае ды бытавое абслугоўванне насельніцтва. Па ходу нашай экскурсіі Святлана Цяльпук расказвае, што у самой Ракітніцы тры гандлёвыя аб’екты:

— Дзве вялікія — прадуктовая і гаспадарчая — крамы і невялікі прыватны павільён, які таксама карыстаецца папулярнасцю ў пакупнікоў. А ўсяго на тэрыторыі сельсавета пяць стацыянарных магазінаў. У вёсцы Стрыганец вядзецца рамонт крамы, астатнія былі прыведзены ў парадак раней. Невялікія населеныя пункты абслугоўваюць аўтакрамы.

— У Ракітніцы працуе цырульня, — працягвае суразмоўніца. — Пры гэтым на месцы можна зрабіць не толькі стрыжку альбо прычоску, але і манікюр, педыкюр, што вельмі цэняць нашы жанчыны. А мужчыны ахвотна наведваюць лазню.

Не тратуар, але пешаходная зона

Мы рады, што ўвосень мінулага года паявілася велапешаходная дарожка Ракітніца—Стрыганец. Цяпер ад аграгарадка ў бліжэйшы населены пункт можна бяспечна дабрацца на веласіпедзе. Развіццё нашых тэрыторый ідзе менавіта ў гэтым кірунку. Напрыклад, зараз вядзецца распрацоўка квартала Стрыганец-Паўднёвы пад забудову. Там распланавана 49 участкаў, шэсць з якіх будзе размеркавана сярод тых, хто стаіць у чарзе, астатнія пойдуць з аўкцыёну. Да квартала ўжо падведзены вада і электрычнасць, застаецца толькі падвесці дарогі. Будаўніцтва дарог пачнецца, калі ўжо будуць раздадзены ўчасткі. Людзі ахвотна будуюцца ў нас, працуюць фактары невялікіх адлегласцяў да Брэста і Жабінкі, развітай інфраструктуры, наяўнасці ўсяго неабходнага для жыцця, — падсумоўвае кіраўнік мясцовай улады.

У тэму

Старшыня Жабінкаўскага раённага Савета Анатоль Шалтанюк:

— Ракітніца, дзе пражывае больш за 870 чалавек, з’яўляецца прыкладам сучаснага сельскага населенага пункта, альбо аграгарадка, дзе ўсё патрэбнае для жыцця ёсць. Тут пастаянна вядзецца добраўпарадкаванне, нямала зроблена летась на аб’ектах сацыяльна-культурнага прызначэння. Варта адзначыць, што мясцовая ўлада мае добрыя стасункі з тутэйшым сельгаспрадпрыемствам ААТ «Ракітніца». Ведаю, што гаспадарка выступае спонсарам добрых спраў і мерапрыемстваў накшталт святаў вёскі, а зімой, калі здараліся снегапады, тэхніка ААТ аператыўна расчышчала дарогу там, дзе прыпазняліся дарожнікі і службы ЖКГ. Апошняе таксама важна ў кантэксце гаворкі пра якасць жыцця вясковага жыхара.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.