Вы тут

Што ў жыцці нармальна, а што — не?


Раніцай панядзелка на Брэст абрынуўся моцны дождж з градам, у нейкі момант не надта гучна, але даволі выразна загрымела. Суседка, з якой сутыкнуліся вечарам у пад’ездзе, спытала, ці чула я грымоту. І, атрымаўшы станоўчы адказ, завойкала: «Гэта ж не нармальна, каб пятага лютага — ды гром. Старыя людзі гаварылі, што такая з’ява не прадракае нічога добрага. Што ж гэта будзе і чаго чакаць?!» Паспрабавала яе супакоіць. Гэта ўсяго толькі прыродная анамалія, якіх цяпер безліч.


Фота з адкрытых крыніц

Сапраўды, клімат памяняўся. Раней пачатак лютага адзначаўся самымі вялікімі маразамі, а цяпер вунь трава зелянее, палеткі з азімымі рунеюць яркім дываном, у апошняй камандзіроўцы назірала. Не дзіва, што і грымота збілася з графіку. Калі добра ўспомніць, то ў апошнія дзесяцігоддзі гэта не навіна, не дзіва. Даводзіцца прызнаваць: тое, што некалі было анамаліяй, становіцца нормай, і наадварот. Не толькі ў прыродзе, але і ў грамадстве, у чалавечых адносінах. І ўсё ж…

Думаць, разважаць аб гэтым выпала раней, некалькі месяцаў таму, калі давялося шмат часу правесці ў бальніцы. З падачы дзяжурнага доктара. Ён не вёў нашу палату, а заходзіў раз у некалькі вечароў, калі выпадала дзяжурства. І ніколі не абыходзіў увагай адну сямейную пару: жонка даглядала ляжачага мужа. Пацыента ён стараўся падбадзёрыць, гаварыў, што ўсё ў яго будзе добра, бо яму вельмі пашанцавала з жонкай, якая ўжо даволі доўга дзень і ноч знаходзіцца пры ім і літаральна выцягвае з таго свету. Завязвалася гаворка, аднойчы яна не стрывала і сказала, што нічога дзіўнага ў сваім учынку не бачыць, і тое, што яна робіць, нармальна. На гэта ён з горкай усмешкай запярэчыў, што па цяперашнім часе апошняе, хутчэй, рэдкасць, а не норма. Для некаторых нормай уяўляецца аддаць блізкага чалавека ў бальніцу, а там ужо, як бог дасць альбо як лёс павернецца. Ды бываюць жа выпадкі, што догляд мае значэнне амаль нароўні з лячэннем. Іншы нават пасля ўдала праведзенай аперацыі не здолее ачомацца сам, без падтрымкі.

У такіх калектывах, як аддзяленне бальніцы, дзе людзі знаходзяцца кругласутачна, інфармацыя распаўсюджваецца хутка. І вось ужо насельнікі суседніх палат заходзілі, каб пагаварыць-папытаць, выказаць ёй сваё спачуванне-захапленне. Аднойчы яна патлумачыла ім, што, на яе погляд, з’яўляецца нормай, расклала, можна сказаць, па палічках:

— Чулі, відаць, пра «героя» гэтага аддзялення, які п’яны зваліўся пад цягнік. Тое, што жыць застаўся, наогул вялікі цуд. Ляжаў ён, літаральна сабраны траўматолагамі па частках, увесь на жалезных штырах, без здольнасці паварушыцца самастойна нават на сантыметр. Жонка сядзела пры ім, мяняла памперсы, рабіла прымочкі, карміла з лыжачкі. А ён... абражаў яе, крыў апошнімі словамі, гарлапаніў на яе, колькі дазваляла моц. Яна ж сядзела і моўчкі рабіла сваю справу, шэптам прасіла быць цішэй, бо саромелася яго таварышаў па палаце. Адзін з іх не вытрымаў і выказаў меркаванне, што і раней ён так абыходзіўся з ёю, і да траўмы гэтак жа «прывячаў» сваю палавіну. Яна маўчала, бо, відавочна, не было чым пярэчыць, — працягвала наша гераіня. — Дык вось я зусім не маці Тэрэза і побач з такім дня не засталася б. Прынесла б пачак памперсаў ды прысыпку якую, а сама ў цырульню: прычоску, манікюр ды — у людзі. А ў маім выпадку інакш і быць не можа, бо за шмат гадоў жыцця слова дрэннага не пачула, бо сама заўсёды адчувала падтрымку, так што не гераіня, не падзвіжніца, а звычайная жонка.

І нічога не заставалася шаноўнай дэлегацыі, як пагадзіцца з ёю, але ж і аргумент доктара наконт таго, што паняцці нормы моцна адрозніваюцца ва ўспрыманні розных людзей, нельга скідваць з рахункаў. Сведчаннем таму выпадак з аднаго пераднавагодняга мерапрыемства. Тое здарэнне можна было б назваць усяго толькі кур’ёзам, але атрымаўся ён з пэўным налётам горычы. Карацей, падчас акцыі «Нашы дзеці» ў дом сямейнага тыпу прыйшлі шаноўныя госці. Як заўсёды — карагоды, падарункі. — А потым дарослыя загаварылі з выхаванцамі аб тым, як лепей сустрэць Новы год, як яны гэта ўяўляюць у сваіх будучых сем’ях. І адзін хлопчык сходу выдаў: «Прыходзіць дадому тата ў дыміну п’яны, потым прыязджае Дзед Мароз нападпітку і аддае падарункі». Маці-выхавальніца спачатку сумелася, потым разгубілася. Адзін з гасцей адвёў яе ў бок і параіў не акцэнтаваць увагу на гэтым. Хлопчык нядаўна паступіў сюды з сям’і, дзе такія паводзіны дарослых былі нормай. Задача новай сям’і ў тым і заключаецца, каб ён навучыўся ўспрымаць за норму іншую рэчаіснасць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.