Вы тут

Аляксандр Пракоф’еў: «А Лявону гулка ўтораць дудары...»


У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваюцца многія матэрыялы, якія сведчаць пра стасункі дзеячаў культуры Беларусі і Расіі, пра дружбу беларускіх і расійскіх пісьменнікаў. Сярод іншых пажоўклых ад часу папер — і зварот у Саюз пісьменнікаў БССР (копія была адпраўлена ў Дзяржаўны камітэт па друку пры Савеце Міністраў Беларускай ССР) Камісіі па літаратурнай спадчыне А. А. Пракоф’ева за подпісам старшыні Камісіі М. С. Ціханава. Зварот датаваны 25 ліпеня 1972 года. 


Аляксандр Пракоф’еў (1900 — 1971) — рускі савецкі паэт і журналіст, ваенны карэспандэнт, грамадскі дзеяч. Герой Сацыялістычнай Працы. Лаўрэат Ленінскай прэміі і Сталінскай (Дзяржаўнай прэміі СССР) другой ступені. Нарадзіўся ў сям’і ладажскага селяніна-рыбака. Закончыў сельскую школу. З 1913 па 1917 гады вучыўся ў Пецярбургскай настаўніцкай семінарыі. Вярнуўся ў родную вёску Кабона ў Новаладажскім павеце. Спрабаваў займацца сялянскай гаспадаркай. Удзельнік грамадзянскай вайны. З 1923 года — у літаратурнай студыі Ленінградскага Пралеткульта. Друкуецца з 1927 года. У 1931 годзе выйшла першая кніга вершаў Аляксандра Пракоф’ева — «Полдень»...

Аляксандр Андрэевіч — выразна савецкі паэт, які, аднойчы ўступіўшы ў Камуністычную партыю, стаў трыбунам тых падзей, якія характарызавалі Савецкую краіну на працягу многіх дзесяцігоддзяў... І ва ўсе гады сваёй творчай біяграфіі Пракоф’еў быў вельмі блізкі да беларускай літаратуры, беларускіх пісьменнікаў. З ліста Мікалая Ціханава: «Камісія па літаратурнай спадчыне лаўрэата Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій, Героя Сацыялістычнай Працы Аляксандра Андрэевіча Пракоф’ева звяртаецца да Вас з наступнай просьбай. 

У творчасці А. А. Пракоф’ева значнае месца займаюць пераклады з беларускай на рускую мову. Паэт не толькі рабіў пераклады, ён таксама шмат пісаў пра пісьменнікаў Беларусі. Дзякуючы гэтаму вершы многіх паэтаў Беларусі сталі вядомымі рускаму чытачу. 

А. А. Пракоф’евым зроблены пераклады з беларускай на рускую мову: 

— Антон Бялевіч. «Паэмы», пераклад з беларускай. Ленінград, Советский писатель. 1949. 

— Віталь Вольскі. «П’есы», пераклад з беларускай. Масква. Искусство, 1954. 

Ім зроблены таксама пераклады з беларускай на рускую мову твораў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, П. Глебкі, П. Броўкі, М. Лужаніна, А. Зарыцкага, М. Танка, П. Панчанкі, А. Вялюгіна, М. Калачынскага і іншых. 

А. А. Пракоф’евым напісаны шэраг вершаў на беларускія матывы: «Беларусі», «Сябрам», «Лявоніха», «Ой, ляціце думы да Беларусі мілай» і іншыя...» 

«У мяне вароты насцеж кожны час — /Запрашае хата ветлівая вас./ На стале хапае піва і яды,/ І падлога чыста вымыта заўжды./ Хоць кладзі на ёй ты пульхныя бліны,/ Хоць сярэбранай падкоўкаю звіні./ Там Лявон мой выпіў чарку за гасцей,/ Каб гулялася часцей і весялей./ Сам гуляе, грае, ў танец сам ідзе/ І Лявоніху за ручку вядзе./ А Лявону гулка ўтораць дудары.../ Пра што ведаеш — другім не гавары!..» («Лявоніха», пераклаў Максім Танк). 

Чытаем далей у звароце Мікалая Ціханава: «...Шэраг перакладаў з беларускай на рускую мову (вершы М. Танка і іншыя) пакладзены на музыку. 

А. А. Пракоф’еў шмат працаваў над укладаннем «Анталогіі беларускай паэзіі». 

Улічваючы вялікую працу, праробленую А. А. Пракоф’евым па перакладу вершаў беларускіх паэтаў на рускую мову, а таксама творчыя сувязі, якія ён меў з беларускімі пісьменнікамі, Камісія па літаратурнай спадчыне просіць Сакратарыят Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Камітэт па друку пры Савеце Міністраў БСМСР аб выданні аднатомніка вершаў А. А. Пракоф’ева на беларускай мове.

Ваша рашэнне просім паведаміць...» 

Рэзалюцыя старшыні Дзяржкамітэта Рыгора Канавалава (пісьмо патрапіла ў пошту 27 ліпеня) імгненная і станоўчая: «...Просьба тав. Ціханава М. С. падтрымліваецца ў Саюзе пісьменнікаў БССР. Падрыхтуйце пісьмо тав. Ціханаву». 

7 жніўня 1972 г. датаваны адказ у Маскву за подпісам Р. Канавалава ( а копія адпраўляецца дырэктару выдавецтва «Мастацкая літаратура» М. Ткачову): «Паважаны Мікалай Сямёнавіч! 

Дзяржаўны камітэт Савета Міністраў БССР па друку падтрымлівае просьбу камісіі па літаратурнай спадчыне Аляксандра Пракоф’ева аб выданні на беларускай мове зборніка вершаў паэта і даручыў выдавецтву «Мастацкая літаратура» выпусціць указаны зборнік у серыі «Паэзія народаў СССР» у 1971 годзе». Ясна і лаканічна! А іначай і не павінна было быць... Не маглі не выказаць і беларускія пісьменнікі, і беларускія кнігавыдаўцы сваю ўдзячнасць ленінградскаму творцу, сябру сінявокай Беларусі... Вось што напіша праз некалькі гадоў у прадмове да «беларускай кнігі» А. Пракоф’ева Антон Бялевіч, які быў знаёмы з рускім паэтам з першых пасляваенных гадоў: «Вельмі шчыра ён любіў наш народ, нашу старонку. Тут нарадзілася маці паэта, тут пасябраваў з нашымі беларускімі песнярамі Янкам Купалам і Якуба Коласам. Ён яшчэ ў далёкія гады перакладаў іх творы, пісаў да іх кніг прадмовы. Трохі пазней вялікі рускі паэт многім нашым паэтам, іх творам, паэтычным зборнікам, пераклаўшы на рускую мову, даўшы пуцёўку ў жыццё, у шырокую дарогу, у паход па ўсёй Расіі, па ўсіх рэспубліках нашай Радзімы. З яго дапамогай, па яго ініцыятыве ў пасляваенным Ленінградзе ўпершыню на рускай мове выйшла двухтомная Анталогія беларускай паэзіі. Не засталіся ў даўгу перад Аляксандрам Андревічам і паэты нашай рэспублікі. Яны перакладалі яго паэмы, вершы... <...> У 1968 годзе нашаму другу і дарадчыку было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры БССР. Ацэньваючы яго працу, каштоўны, вялікі ўклад у савецкую літаратуру, народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка сказаў: 

«І вось, калі цяпер я думаю аб нашай Радзіме, аб шляхах развіцця і станаўлення нашай савецкай літаратуры, міжволі ўспамінаецца класічнае вызначэнне перадавога мастацтва: «Магутная кучка». Сярод «Магутнай кучкі» савецкіх літаратараў я заўсёды бачу непараўнальнага, сапраўды народнага песняра вялікай Радзімы Аляксандра Пракоф’ева». 

І яшчэ — з прадмовы Антона Бялевіча: «Давялося мне з ім пабываць у Вязынцы — на мясціне маленства Янкі Купалы, у Мікалаеўшчыне — на радзіме Якуба Коласа. Аляксандр Андрэевіч быў замілаваны навакольнай прыродай. Ён, нібыта з жывымі людзьмі, з добрымі сябрамі, гаварыў з кустамі чарэмшыны, з бярозамі, з магутнымі дубамі. <...> Прыгадваецца, як гаварыў ён пра сілу зямлі, пра хараство прыроды, якія далі магутнасць і красу творам Янкі Купалы і Якуба Коласа, творам нашых лепшых паэтаў...»

Беларуская кніга Аляксандра Пракоф’ева — «Святло над светам» — была выдадзена ўсё ж не ў 1974, а ў 1976 годзе. Але, як і пісаў Канавалаў у Маскву, — у серыі «Паэзія народаў СССР». Дарэчы, праз год, у 1977-м, у гэтай самай серыі пабачыць кніга яшчэ аднаго ленінградскага паэта — Мікалая Браўна: «Ленінградскае неба». 

У зборнік Аляксандра Пракоф’ева ўвайшло болей 80 твораў. Сярод іх — і урыўкі з паэмы «Расія». У кнізе — і «беларускія» вершы: «Беларусі», Лявоніха«, «Яшчэ пра дружбу», «...Ой, ляціце, думы...», «Петрусю Броўку»...

Дзесьці крыкнулі гусі

За сінечай тайгі. 

На тваёй Беларусі 

Задымілі снягі. 

Беларускія вёсны

Назаўсёды з табой, — 

Залацістыя сосны

Над блакітнай вадой. 

І няхай нам зарніцы,

Чараты ля ракі,

І лясы, і крыніцы

Шэпчуць вершаў радкі.

(«Петрусю Броўку», пераклаў Хведар Жычка). 

Некалькі слоў пра кнігу «Святло над светам». Уражвае — нават па тых часінах — тыраж: 5 000 экзэмпляраў. Дарэчы, зборнік таксама ленінградскага паэта Мікалая Браўна «Ленінградскае неба» ў гэтай самай серыі праз год выйшаў тыражом 2 000 экзэмпляраў. Зборнік Пракоф’ева пачынаецца ўступным словам, прадмовай Антона Бялевіча — «Салаўінае горла Расіі». У кнізе змешчаны, відавочна, і пераклады, якія раней друкаваліся ў перыёдыцы. Гэтым, пэўна, і выкліканы той момант, што перакладчыкаў у кнігі аказалася даволі шмат — Максім Танк, Еўдакія Лось, Рыгор Барадулін, Артур Вольскі, Міхась Калачынскі, Кастусь Кірэенка, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Шахавец, Сяргей Грахоўскі, Ніна Тарас, Міхась Клімковіч, Хведар Жычка, Максім Лужанін, Язэп Семяжон, Пятро Глебка, Піліп Пестрак, Кастусь Кірэенка, Нічыпар Чарнушэвіч, Пімен Панчанка, Алесь Звонак, Анатоль Вялюгін, Рыгор Няхай, Ніл Гілевіч,Мікола Арочка, Іван Калеснік, Уладзімір Паўлаў, Мікола Аўрамчык. Пагадзіцеся, усе — з кагорты аўтарытэтных творцаў. Укладальнікам кнігі выступіў Алесь Звонак. Рэдактар зборніка — Рыгор Барадулін. Мастак кнігі — вядомы графік Мікалай Лазавы, які намаляваў наўмысна для зборніка графічны партрэт Аляксандра Пракоф’ева. 

Зазіраючы ў тэматычную сутнасць вершаў вядомага рускага паэта, бачыш, наколькі яны прасякнуты прасторамі бязмежнай Расіі, наколькі цесна звязаны з рознымі старонкамі Савецкага Саюза. Яны, Аляксандр Пракоф’еў, Мікалай Ціханаў, Уладзімір Лугаўскі, Яраслаў Смелякоў, Сцяпан Шчыпачоў, Міхаіл Святлоў, сотні іх паплечнікаў стваралі мастацкі партрэт краіны, якой цяпер няма... Яны шчыра, пранікліва пісалі пра дружбу, сцвярджалі ідэалы супольнага жыцця ў адным вялікім доме. Яны і боль трагедый і драм не дзялілі, а ўзважвалі сваімі паэтычнымі сэрцамі як боль усіх савецкіх народаў. І пры гэтым не гублялі свайго роднага... Як і ў вершы «Спяць салдаты Расіі», напісаным Пракоф’евым пад уражаннем адкрытага, знойдзенага ім надпіса на сцяне Брэсцкай крэпасці: «Паміраем без ганьбы»: «Моўчкі тут супыняюцца людзі,/ Ловяць словы, што канулі ў бездань./ Не знайсці іх імён./ Невядомы/ Ляжыць пад плітою./ Але рот Іванова Івана/ Не сціснуты нематою./ Не, Іван Іваноў — / Запявала,/ Пявун,/ Яраславец,/ Спісак славы ўзначаліў,/ Яго нельга нічым абясславіць!/ Ружы ў Брэсце растуць?/ Пасадзіце іх весняй парою,/ Дзе ля ціхагага Буга/ Спяць салдаты Расіі,/ Героі...»

... Сёння паэтычнае слова расійскіх творцаў у Беларусі прадстаўляе кніжная серыя «Сябрына: паэзія народаў Расіі». Пабачылі свет сем вершаваных зборнікаў — кнігі гароднага паэта Татарстана Роберта Мінуліна, народнага пісьменніка Удмурцкай Рэспублікі Вячаслава Ар-Сяргі, чачэнца Адама Ахматукаева, чувашоў Мішы Сеспеля, Юрыя Семяндэра, Валеры Тургая, калектыўны зборнік «Карэнні сілы берагуць»... Можа быць, ланцужок паэтычнай дружбы, заснаванай папярэднікамі, зробяць не меней трывалым нашы сучаснікі — беларускія перакладчыкі і кнігавыдаўцы..?

Кастусь ЛЕШНІЦА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».