Вы тут

Двайняты Кацярына і Лізавета Марзан больш за паўгода працуюць ветэрынарнымі фельчарамі сельгаспрадпрыемства


Каця і Ліза не проста вясёлыя, сімпатычныя 19-гадовыя дзяўчаты. Кацярына Андрэеўна і Лізавета Андрэеўна — спецыялісты, яны ветэрынарныя фельчары сельгаспрадпрыемства. І пакуль іх равеснікаў маці нават яшчэ і не думаюць будзіць на заняткі, нашы гераіні падхопліваюцца а палове шостай, хуценька збіраюцца, п’юць чай, бо ў шэсць раніцы нярэдка трэба ўжо быць на ферме.


— Усё залежыць ад вытворчай неабходнасці, — гаворыць Кацярына. — Часам на ферму трэба прыходзіць у шэсць, а іншы раз дастаткова ў сем раніцы.

— У нас на ферме ўтрымліваецца 1600 галоў буйной рагатай жывёлы. І ўсе — целяняты, каровы, цялушкі — павінны быць здаровыя. Таму нашым клопатам з’яўляецца вакцынацыя, прафілактыка, лячэнне. Работы многа, — дапаўняе сястру Лізавета. — работа вельмі нялёгкая, але мы спраўляемся, прызвычаіліся ўжо.

На працу ў філіял «Камароўка Агра» ААТ «Батчы» Брэсцкага раёна дзяўчаты прыйшлі ў маі мінулага года адразу пасля заканчэння аграрнага каледжа Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Каледж знаходзіцца ў вёсцы Лужасна пад Віцебскам. Двайняткі, брастаўчанкі, гарадскія дзяўчынкі, якія не асабліва ўяўлялі сабе сельскае жыццё, паступілі туды пасля дзевяці класаў.

Мама іх, вядома, адразу спужалася, калі сёстры аб’явілі аб сваім рашэнні ехаць на вучобу. Стала адгаворваць, яно і не дзіва: дзяўчынкам толькі па 15 гадоў было. Але ж потым рашылася адпусціць дачок, бо яны, па-першае, удзвюх, а па-другое, заўсёды былі адказныя, мэтанакіраваныя. Ну і вельмі любяць катоў, сабак, іншую жыўнасць. Лячылі дамашняга коціка, яшчэ калі малыя былі. Ужо потым, калі Кацярына і Лізавета будуць працаваць, а несвядомыя грамадзяне падкінуць на ферму двух кацянят, дзяўчаты адвязуць іх у Брэст, да бацькоў. 

І мама пагодзіцца да сваіх двух дамашніх катоў узяць яшчэ двух падкідышаў…

Ну а вучыліся ў каледжы яны вельмі старанна і адказна, сведчанне таму — дыпломы з адзнакай. Вядома, маглі б з такімі дыпломамі адразу ў акадэмію паступаць, працягваць вучобу. Але Каця з Лізай былі на практыцы ў Брэсцкім раёне, па звычцы сваёй стараліся, і іх заўважылі. Старэйшыя таварышы параілі пачаць з працоўнай дзейнасці, каб адчуваць сябе самастойнымі і заадно ўпэўніцца, што абраная спецыяльнасць — тое, што трэба, тое, што можа стаць справай жыцця.

Так і зрабілі. Праўда, на практыцы яны былі ў «Мухаўцы» — прыгараднай гаспадарцы, і толькі апошні месяц — у «Камароўцы», якая ад Брэста амаль за 60 кіламетраў. Тут і давялося працаваць. І, як ва ўсіх працаўнікоў аграрнай галіны, у юных ветфельчараў адзін выхадны дзень. Але ж нічога, прызвычаіліся, усе справы ў Брэсце плануюць на гэты дзень і праводзяць яго актыўна, з карысцю. І на шопінг, і на сустрэчу з сябрамі часу хапае.

— Зарплата ў нас добрая, — дзеляцца Ліза і Каця. — Гэта, несумненна, станоўчы бок работы. Мы адчуваем сябе незалежнымі ў матэрыяльным плане. Жыллём нас забяспечылі, на дваіх выдзелілі пакой у двухпакаёвай кватэры з добрым рамонтам, наборам мэблі, бытавой тэхнікі. Адным словам, усё неабходнае для жыцця маем. Гатуем сабе самі, яшчэ падчас вучобы навучыліся.

Далей у планах двайнят — атрыманне вышэйшай адукацыі. Абедзве паступілі на завочнае аддзяленне ветэрынарнай акадэміі. І літаральна праз тыдзень збіраюцца на сесію.

Тое, што з іх атрымаюцца добрыя ветурачы, упэўнена галоўны ветэрынарны ўрач філіяла «Камароўка Агра» ААТ «Батчы» Вераніка Майсеня:

— Дзяўчаты вельмі старанныя, адказныя, цікаўныя. Калі нечага не ведаюць, не саромеюцца лішні раз папытаць, удакладніць, зазірнуць у літаратуру на карысць справы. І яшчэ што цікава – у іх хутчэй, чым у іншых прайшоў перыяд адаптацыі. Ведаеце, у нас напачатку ўсе баяцца. Бо справу трэба мець не з кацянём альбо сабачкам, а з буйной рагатай жывёлай. Да яе не кожны з маладых супрацоўнікаў адразу наўпрост падыдзе, а тут яшчэ трэба разумець, што нясеш адказнасць за здароўе гэтай жывёліны. Словам, неабходна прывыкнуць, настроіцца. Ну і вядома, патрэбныя веды, навыкі, спагада да жывой істоты. Усё гэта ў маладых фельчарак ёсць.

«Таму ў свой час я сама ўгаворвала іх паспрабаваць сябе ў рабоце. І не памылілася!» – дадае яна.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Брэсцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».