Вы тут

Подзвігі на зямлі і ў небе


Для гітлераўскага камандавання Калінкавіцкі вузел чыгуначных і шасэйных дарог меў выключную важнасць, а таму вораг прыняў усе меры для ўмацавання сваіх пазіцый. Аднак доўгачасовыя абарончыя збудаванні, канцэнтрацыя вялікай колькасці танкаў, гармат і мінамётаў не спынілі наступленне савецкіх войскаў. Кровапралітныя баі разгарнуліся на зямлі і ў небе. Нягледзячы на тое, што сітуацыю яшчэ ўскладняла цяжкапраходная балоцістая мясцовасць і няўстойлівае надвор’е, калі моцныя маразы раптоўна змяняліся адлігай, чырвонаармейцы паспяхова справіліся з пастаўленымі задачамі. Толькі за вызваленне Калінкавіцкага і Мазырскага раёнаў савецкія войскі заплацілі вельмі высокую цану — у сотнях брацкіх магіл спачываюць тысячы нашых салдат і афіцэраў.


Апошні подзвіг экіпажа

Непадалёк ад Калінкавіч, на ўзбочыне шашы Калінкавічы — Жыткавічы, узвышаецца стэла з зоркай на вяршыні. Гэта помнік гераічнаму экіпажу самалёта 54-га бамбардзіровачнага палка, устаноўлены ў 1975 годзе на месцы яго гібелі. Свой апошні подзвіг члены экіпажа — камандзір падпалкоўнік Мікалай Крыўцоў, штурман маёр Іван Сомаў і стралок-радыст старшына Мікалай Паўлаў — здзейснілі за два дні да вызвалення Калінкавіч. 12 студзеня 1944 года лётчыкі ажыццявілі магутны авіяцыйны налёт на чыгуначны вузел, які быў запоўнены варожымі эшалонамі. Самалёты 301-й бамбардзіровачнай авіядывізіі, у тым ліку машына пад камандаваннем Мікалая Крыўцова, нанеслі вялікую шкоду праціўніку. З паветра было знішчана 52 вагоны з ваеннай маёмасцю, 15 аўтамашын з грузамі. Каля 20 станцыйных пабудоў было разбурана. Свой ахоплены полымем самалёт Мікалай Крыўцоў, Іван Сомаў і Мікалай Паўлаў накіравалі на групоўку варожых эшалонаў... Імёнамі адважных воінаў назвалі вуліцы ў Калінкавічах.

Увогуле, лётчыкі, у прыватнасці, 16-й паветранай арміі, адыгралі вялікую ролю ў вызваленні Калінкавіч. Нягледзячы на дрэнныя метэаралагічныя ўмовы, яны безупынна бамбілі пазіцыі праціўніка, скапленні жывой сілы і тэхнікі, чыгуначны вузел. Паспяхова дзейнічалі авіятары 779-га, 57-га, 54-га бамбардзіровачных, 431-га штурмавога, 517-га знішчальнага і іншых палкоў. Лётчыкі толькі аднаго палка — 779-га, якім камандаваў палкоўнік А. Храмчанкаў, у час баёў за Калінкавічы здзейснілі звыш 200 вылетаў.

Артылерыст-пісьменнік

Аднак не заўсёды можна было спадзявацца на авіяцыю. У выпадку няўстойлівага надвор’я, калі знаходзіцца ў небе было небяспечна, а танкі не маглі прайсці з-за бездарожжа, асаблівае значэнне савецкае камандаванне надавала артылерыі. Невыпадкова з 21 воінскага злучэння і часці, якім у выніку было прысвоена ганаровае найменне «Калінкавіцкіх», дзевяць з’яўляліся артылерыйскімі. Артылерыстам неаднойчы даводзілася ўступаць у смяротныя сутычкі, дуэлі з ворагам, і практычна заўсёды яны выходзілі з іх пераможцамі. Ініцыятыва поўнасцю належала Чырвонай Арміі.

У тых найцяжэйшых баях прымаў удзел і камандзір узвода 20-й Сталінградска-Рэчыцкай артылерыйскай брыгады, дзевятнаццацігадовы малодшы лейтэнант Анатоль Ананьеў. Яму пашчасціла выжыць. Аб тым, што давялося перажыць, пасля вайны франтавік напісаў шмат раманаў і аповесцяў. Адзін з яго раманаў, «Вёрсты любові», прысвечаны жорсткім баям за Калінкавічы, удастоены Дзяржаўнай прэміі РСФСР.

Героі Мазыршчыны

За ўдзел у вызваленні Мазырскага раёна і раённага цэнтра 18 воінскіх злучэнняў і часцей атрымалі ганаровыя найменні «Мазырскіх». Нямала байцоў загінула пры вызваленні Мазыршчыны. Подзвігі многіх навечна ўпісаны ў гісторыю Беларусі.

Сярод іх — і Герой Савецкага Саюза Канстанцін Захараў. 

З першых дзён вайны ўраджэнец Іванава знаходзіўся на фронце, удзельнічаў у абароне Масквы. Лётчык-знішчальнік меў не адну перамогу ў паветраных баях, камандаваў эскадрылляй. У сакавіку 1942 года за баявыя поспехі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Падчас баёў на Курскай дузе самалёт капітана Захарава ўзнімаўся ў паветра па сем-восем разоў на дзень. 21 ліпеня 1943 года эскадрылля авіятара вылецела на перахоп варожых бамбардзіроўшчыкаў у раёне Спаскага. Савецкія лётчыкі імкліва атакавалі ворага і збілі пяць самалётаў. За смеласць і вынаходлівасць, праяўленыя ў баях на Курскай дузе, Канстанціну Захараву была ўручана яшчэ адна ўзнагарода — ордэн Айчыннай вайны І ступені. Малады чалавек здзейсніў 190 баявых вылетаў, удзельнічаў у 41 паветраным баі, збіў 15 варожых самалётаў. Вызваляў Варонеж, Арол, Белград, Лоеў, Гомель і Мазыр.

13 студзеня 1944 года, падчас вызвалення Мазыршчыны, капітан Захараў разам са сваім экіпажам вёў паветраны бой з ворагам. Буйная аўтакалона гітлераўцаў была выяўлена на захад ад Мазыра. Па камандзе Захарава лётчыкі пачалі яе граміць, зніжаючыся да брыючага палёту. Аўтамашыны ўспыхнулі. У разгар бою ў лётчыкаў скончыліся боепрыпасы, і яны пачалі імітаваць атакі. У час аднаго з заходаў на цэль самалёт быў падбіты варожым снарадам і загарэўся. Да свайго аэрадрома было далёка, а сесці на тэрыторыю, занятую ворагам, азначала палон. Лётчыкі на гэта не пайшлі і накіравалі свой ахоплены агнём самалёт на вялікую колькасць гітлераўскіх машын.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 жніўня 1944 года капітану Канстанціну Захараву пасмяротна прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе адважны камандзір залічаны ў калектыў рамонтна-механічнага цэха завода. У гонар Героя на прадпрыемстве ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Сярод тых, хто вызначыўся ў баях на Мазыршчыне і знайшоў там свой апошні прытулак, быў і ўраджэнец Кастрамской вобласці Іван Лапін. У Чырвонай Арміі малады чалавек служыў з 1927 да 1939 года. З пачаткам вайны быў мабілізаваны і пасля заканчэння курсаў маладых лейтэнантаў у 1942 годзе трапіў на фронт. Іван Лапін быў камандзірам мінамётнай батарэі 56-га гвардзейскага кавалерыйскага палка.

Падчас наступлення на вёску Альшанае агнём яго батарэі былі знішчаны сем варожых гармат, два мінамёты. У пачатку кастрычніка 1943 года Іван Лапін знішчыў пяць гітлераўскіх батарэй, што забяспечыла нашым войскам паспяховае фарсіраванне ракі Брагінка. У тым баі было знішчана 120 нацыстаў. Падчас наступлення чырвонаармейцаў на Мазыр 12 студзеня 1944 года каля вёскі Прудок камандзір мінамётнай батарэі загінуў. Пахаваны воін у Гомелі. Яго імя носяць вуліца ў абласным цэнтры і вёска, дзе адважны чырвонаармеец нарадзіўся.

Ленінградзец Валянцін Няжноў у ліку першых фарсіраваў Днепр каля вёскі Глушэц Лоеўскага раёна. Сувязісты пад камандаваннем старшага лейтэнанта, камандзіра падраздзялення сувязістаў 29-га палка 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі праклалі тэлефонную лінію і ўстанавілі сувязь з захопленым плацдармам. У ходзе баёў на пераправе Валянцін Няжноў некалькі разоў падымаў байцоў у атаку. Загінуў пры вызваленні Мазыршчыны 24 студзеня 1944 года. Пахаваны ў Мазыры, дзе яго імем названа вуліца.

Партызаны-вызваліцелі

Удзельнікам Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі дапамагалі і партызаны. Народныя мсціўцы разбуралі варожыя камунікацыі, актыўна ўдзельнічалі ў баях.

Адным з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Палескай вобласці, адміністрацыйным цэнтрам якой з’яўляўся Мазыр, быў Аляксандр Жыльскі. У Чырвоную Армію ён трапіў у 1931 годзе. Калі пачалася вайна, быў накіраваны ў варожы тыл. У лістападзе 1942-га — маі 1943 года Аляксандр Жыльскі з’яўляўся камандзірам партызанскіх атрадаў у Ельскім і Мазырскім раёнах, затым — камандзірам Мазырскай партызанскай брыгады імя Аляксандра Неўскага. У 1944–1948 гадах гэты адважны чалавек, за спінай якога было нямала асабістых подзвігаў, узначальваў Мазырскі райвыканкам. Пасля працаваў у Гомелі і Гомельскай вобласці. На кіцелі партызана ззяла нямала ўзнагарод, сярод якіх — ордэн Леніна.

Камісарам Мазырскай партызанскай брыгады імя Аляксандра Неўскага (у верасні — снежні 1943 года) з’яўляўся Міхаіл Ільінкоўскі. Адначасова ён быў сакратаром Мазырскага падпольнага райкама КП(б)Б. У партызанах даваенны настаўнік і дырэктар школы, старшыня Ельскага райвыканкама знаходзіўся са жніўня 1941 года. За гэты час здзейсніў нямала подзвігаў.

Увогуле, перыяд вызвалення Беларусі — гэта час герояў. Што ні імя, то подзвіг. Савецкія салдаты і афіцэры адчувалі хуткую Перамогу, а таму рабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб выгнаць ворага з нашай шматпакутнай зямлі.

Вераніка КАНЮТА, Барыс ДАЎГАТОВІЧ, кандыдат гістарычных навук

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.