Вы тут

Мінчанка Лізавета Канстанцінава малюе пялёсткамі і травінкамі


Кветкавыя кампазіцыі, пейзажы, цудоўныя кісейныя паненкі ў вытанчаных сукенках. Гледзячы на карціны мінчанкі Лізаветы Канстанцінавай, не адразу і здагадаешся, што «намаляваны» яны не маслам, гуашшу ці акварэллю, а пялёсткамі, лісточкамі, травінкамі.


На працягу многіх гадоў Лізавета Ільінічна выкладала ў СШ № 73 г. Мінска чарчэнне, маляванне і сусветную мастацкую культуру. А яшчэ пасля ўрокаў вяла гурткі па інтарэсах, на якіх вучыла хлапчукоў і дзяўчынак тварыць прыгажосць з самага рознага матэрыялу.

— Аднойчы калега, выкладчык біялогіі, прапанавала мне сушыць расліны з прышкольнага ўчастку і выкарыстоўваць іх для фларыстычных кампазіцый, — успамінае мая суразмоўніца. — Я падтрымала яе. Чаго толькі мы не назапасілі! І дзецям спадабалася: на мае заняткі прыходзілі нават з іншых школ. Уся сцяна на адным паверсе была ўпрыгожана фларыстычнымі работамі вучняў.

З таго часу прайшло ўжо шмат гадоў. Але і сёння, на пенсіі, Лізавета Ільінічна не пакінула сваё хобі. Матэрыял для ўвасаблення задум збірае падчас прагулак у парках і скверах, атрымлівае ў падарунак ад знаёмых і сяброў.

— У сваіх карцінах ужываю часам нават абломкі раслін, — дзеліцца сакрэтамі творчай кухні Лізавета Канстанцінава. — Але ў асноўным імкнуся мець справу з цэлымі лісточкамі і пялёсткамі. Мне падабаецца іх структура. Не разразаю, ніколі не фарбую іх. Навошта? Часам расліны самі мяняюць колер пасля таго, як высыхаюць. І я лічуся з іх метамарфозамі. Прырода — найлепшы мастак, самы непераўзыдзены творца.

Вядома, Лізавеце Ільінічне дапамагае адукацыя, пачуццё колеру, густ. Часам яна раскладвае прыродны матэрыял і адразу ўяўляе вытанчаных паненак з тонкімі станамі ў раскошных бальных сукенках. Вось гэты пялёстак — цудоўны капялюш, вось гэты — парасон, а гэтыя пойдуць на карункі. Выявы прыгажунь ва ўборах XIX стагоддзя – увасабленне вечнай жаноцкасці – вельмі натхняюць мастака-фларыста.

— Складаней за ўсё выканаць пейзаж, — прызнаецца Лізавета Канстанцінава. — Па-першае, каб ён атрымаўся рэалістычным, трэба выконваць законы кампазіцыі, выбудоўваць далягляд. Па-другое, трэба падабраць шмат блізкіх адценняў, каб дамагчыся гарманічных колеравых пераходаў. Фларыстычныя карціны нельга перарабіць. Калі нешта няўдала прыклеіш — работа сапсавана. Таму спачатку раскладваю, мяркую, як усё будзе выглядаць, а потым ужо замацоўваю.

За любімым заняткам майстар не сочыць за часам — карціны выконваюцца літаральна на адным подыху. Час для творчасці — час для рэлаксацыі. Па словах маёй суразмоўніцы, ствараючы свае карціны, яна літаральна «лечыцца», пазбаўляючыся ад усяго эмацыянальнага негатыву.

Работы Лізаветы Канстанцінавай выклікаюць эмацыянальны водгук не толькі ў нас, але і за мяжой. Майстар брала ўдзел у выстаўках дэкаратыўнага мастацтва ў ЗША і, паводле яе слоў, двойчы займала прызавыя месцы ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», пра яе нават пісалі ў мясцовай прэсе.

У свой час Лізавета Канстанцінава чым толькі не захаплялася: шыла, вышывала, вязала, займалася бісерапляценнем, стварала ўпрыгожванні. Часта эксклюзіўныя рэчы дарыла дарагім і блізкім людзям з нагоды розных свят і ўрачыстасцяў. Не дзіўна, што многія свае фларыстычныя карціны яна таксама раздарыла. Тыя, што засталіся дома, Лізавета Ільінічна лічыць патрэбным час ад часу «выводзіць» у свет. Каб людзі, гледзячы на яе работы, вучыліся заўважаць прыгажосць у навакольным свеце, любаваліся ім і самі пачыналі тварыць.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота дадзена Л. Канстанцінавай

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.