Вы тут

Як паглядзець тэатральную прэм'еру, не выходзячы з дома?


Так склалася, што, каб трапіць у некаторыя тэатры ці на пэўныя спектаклі, глядач павінен прыкласці намаганні (асабліва гэта тычыцца прэм’ер). Трэба не забыцца на планаванне: пільна сачыць за афішай, выбраць дзень, загадзя набыць білет... Зрабіць усё ў апошні момант наўрад ці атрымаецца.


Што тычыцца Мінскіх тэатральных пляцовак, то ў гэтым рэчышчы найперш у галаву прыходзіць Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. На доўгачаканую прэм’еру ды некаторыя іншыя адметныя пастаноўкі жадаючых завітаць вельмі шмат. У тэатры прапануюць нават запісацца ў «ліст чакання». Да таго на ажыятаж уплывае адносна невялікая ўмяшчальнасць залы. Аднак пра ўсё гэта аматар ведае і без нашых згадак... Хіба што прапусціў ці не заўважыў, што РТБД, у адрозненне ад многіх айчынных тэатраў, імкнецца ісці (ды ідзе) насустрач гледачу, які не паспявае або не мае магчымасці завітаць. Пра гэта сведчыць, напрыклад, праект «РТБДом», які дазваляе знаёміцца з пастаноўкамі ў відэафармаце (так, у лютым можна паглядзець запісы спектакляў «Пачупкі», «Беларусь. Дыдактыка», «Шлюб з ветрам», а таксама «Жанчыны Бергмана»), а яшчэ — супрацоўніцтва з відэасэрвісам VOKA. Тую ж нядаўнюю прэм’еру пад назвай «Забалоцце» трансліравалі ў прамым эфіры. Шкада толькі, што live-трансляцыя была ўсяго адна.

Такім чынам гледачу прадставілі «Забалоцце» — завяршальную частку трылогіі «песень у адной дзеі» ад рэжысёра Яўгена Карняга, кампазітара Каці Аверкавай і мастака Таццяны Нерсісян. Спроба аповеду пра свае карані з’явілася ў 2019 годзе ў гісторыі «Шлюб з ветрам», у цэнтры якой — сувязь маці і сына, што паглынае і разбурае ўсё навокал. Пазней, у 2022 годзе, з’явіўся спекталь «Пачупкі», прысвечаны нараджэнню дзіцяці. І толькі ў канцы мінулага года паўабстрактны філасофскі праект займеў фінал (калі так можна выказацца ў адносінах да структуры «песні ў адной дзеі»). «Забалоцце» — роздум аб завяршальным этапе існавання асобы, — як і папярэднія работы, не мае выразнага сюжэта, няма ў гледача і падказкі ў выглядзе драматургіі: амаль поўнасцю адсутнічаюць рэплікі, дыялогі. Выгук, кліч, просьба і песня... Акцёры падбіраліся з улікам выканання імі даволі складаных кампазіцый. Іграюць у спектаклі Арцём Курэнь, Ганна Семяняка, Максім Брагінец, Дзмітрый Давідовіч, Вераніка Буслаева, Аляксандр Ніканенка, Уладзіслаў Віленчыц, Дзяніс Аўхарэнка, Гражына Быкава, Юлія Гружэўская, Юлія Лазоўская, Ганна Лебедзева, Арсеній Луцкі. Заняты ў пастаноўцы і заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Галіна Чарнабаева і Людміла Сідаркевіч.

Вядома, у асэнсаванні спектакля заўсёды дапамагае веданне першакрыніцы, то-бок п’есы ці празаічнага твора. Аднак, па-першае, перад намі не класічны твор. Па-другое, Яўген Карняг сам піша сцэнарыі, таму форма выказвання заўсёды аўтарская. Але ж пэўная аснова, на якую можна абапірацца пры аналізе, у «Забалоцця» ёсць. Стваральнікі звяртаюцца да рэальнай гісторыі аб васьмі братах, якія не вярнуліся з фронту падчас Вялікай Айчыннай вайны (дэталі не ўдакладняюцца). Узаемасувязь і непазбежнасць страты (іншых і самога сябе), болю і страху ў жыцці любога чалавека пераканаўча і моцна, экспрэсіўна адлюстраваны ў пастаноўцы.

Між тым Яўген Карняг, Каця Аверкава і Таццяна Нерсісян урэшце ўшчыльную падышлі да адной з набольш важных для іх тэм — тэмы вёскі, з якой непарыўна звязаны культура і міфалогія беларусаў. Ды і Забалоццем называюцца рэальныя паселішчы на тэрыторыі Беларусі (і не толькі). З гэтых шматлікіх Забалоццяў, Залессяў, Зарэччаў, Слабодак, Прудкоў і Борак пайшлі многія міфы і легенды, традыцыі і абрады, народныя песні, якія сёння пераасэнсоўваюцца нашчадкамі і выходзяць па-за межы культурнай прасторы адной краіны. У тыя ж народную песню ў апрацоўцы і сучаснае музычнае гучанне неаднаразова ўслухоўваліся гледачы розных краін і высока ацэньвалі.

Наогул, калі дыялог традыцыі і актуальных тэндэнцый атрымліваецца, то ўсё створанае ў выніку, што не прачытваецца з лёгкасцю, не гучыць банальна і літаральна (як у нашым выпадку), перастае быць далёкім, чужым і незразумелым. Да таго ж у «Забалоцці» мацней, чым у папярэдніх частках трылогіі, гучаць агульначалавечыя пасылы, галоўны з якіх сцвярджае каштоўнасць чалавечага жыцця. Гэтая ідэя безумоўна робіць спектакль універсальным. Між тым пластычная мова акцёраў, асаблівасці сцэнаграфіі, шматлікія міні-сцэнкі ўсё гэтак жа даюць гледачу свабодную прастору для трактовак. У тым ліку за такую магчымасць шматлікія гледачы выказваюць падзяку і падтрымку стваральнікам і застаюцца ўважлівыя да ўсяго, над чым яны працуюць.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта rtbd.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.