Вы тут

Як набыць жылы дом за адну базавую


Як знайсці пусты дом? Па першае, трэба скарыстацца адзіным рэестрам пустых дамоў на сайце Дзяржкаммаёмасці. Рэестр дзейнічае з пачатку мінулага года, ён агульнадаступны і бясплатны. Інфармацыя аб пустых дамах у рэестры размяшчаецца пасля іх выяўлення камісіяй мясцовага выканкама.


Фота з адкрытых крыніц

Тут жа можна даведацца аб пераліку пустых дамоў у пэўнай мясцовасці або населеным пункце Беларусі. Фільтры дапамогуць задаць неабходныя параметры: вобласць, раён, горад, стан. Можна глядзець усе прапановы запар або выбраць толькі тыя дамы, якія прадаюцца. Дарэчы, з дапамогай рэестра можна знайсці звесткі не толькі пра дамы, але і пра пустыя кватэры. Там вы даведаецеся фактычны адрас, месцазнаходжанне на карце, характарыстыкі дома (матэрыял сцен, плошча, памер і іншае). Там жа ёсць інфармацыя пра ўзрост дома і яго стан, знешні выгляд і плошчу зямельнага ўчастка.

Потым трэба звяртацца ў мясцовы выканкам (раённую адміністрацыю ў горадзе) па месцы знаходжання дома або ў арганізацыю, якая праводзіць аўкцыён. Купіць пусты жылы дом могуць у тым ліку замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы.

Пустыя дамы прадаюць на аўкцыёнах (у тым ліку шляхам электронных таргоў) або шляхам прамога продажу. Інфармацыя пра спосаб продажу (з аўкцыёну або без яго) і кошт дома размяшчаецца ў рэестры на старонцы «Інфармацыя аб продажы». Рашэнне аб выкарыстанні дома, у тым ліку аб яго продажы, выканкам прыме праз 30 дзён з дня ўступлення ў сілу рашэння суда аб прызнанні пустога дома безгаспадарным і перадачы яго ў дзяржуласнасць.

Выканкам праводзіць аўкцыён самастойна альбо даручае яго правядзенне спецыялізаванай дзяржарганізацыі. Пачатковую цану продажу фарміруе, зыходзячы з рынкавай, арганізацыя па дзяржрэгістрацыі нерухомасці.

У выпадку, калі на аўкцыён з’явіўся адзін удзельнік, прадмет аўкцыёну прадаецца яму па пачатковай цане, павялічанай на 5%. Калі аўкцыён не адбыўся, прызначаць паўторныя таргі з паступовым зніжэннем цаны: спачатку — на 50%, затым — на 80% і гэтак далей аж да 1 базавай велічыні.

Населеныя пункты, у якіх пачатковы кошт продажу з аўкцыёну або без яго можа быць адразу роўны 1 базавай велічыне, вызначаюць аблвыканкамы. Выключэнне — Мінск і абласныя цэнтры.

Дагавор аб куплі-продажы з пераможцам заключаць толькі пасля таго, як ён на працягу 10 дзён пасля зацвярджэння пратакола цалкам выплаціць цану дома і звернецца ў выканкам па выдзяленне зямельнага ўчастка.

Пераможцу аўкцыёну (адзінаму ўдзельніку) могуць даць растэрміноўку аплаты да трох гадоў без індэксацыі плацяжоў.

Калі на працягу месяца не будзе заявак на набыццё дома, кошт пачнуць паступова зніжаць: спачатку да 50%, яшчэ праз месяц — да 80% і 1 базавай велічыні ўключна.

Прэтэндэнт на куплю дома павінен прадставіць у выканкам:

— заяўку на куплю дома;

— копію дакумента, які сведчыць асобу грамадзяніна, без натарыяльнага засведчання;

— даверанасць, калі дакументы падае прадстаўнік;

— іншыя дакументы. Іх пералік прадстаўляецца для ўдзелу ў аўкцыёне.

Па выніках аўкцыёну або прамога продажу з пакупніком заключаецца дагавор куплі-продажу. Права ўласнасці на дом, набыты на падставе дагавора з выканкамам аб куплі-продажы, узнікае ў пакупніка з дня падпісання дагавора бакамі.

Ці ёсць асаблівыя ўмовы

На працягу года з дня рэгістрацыі дагавора куплі-продажу неабходна пачаць рэканструкцыю або капітальны рамонт дома або знесці яго, калі дом аварыйны, разбураны ці пагражае абвалам. Пры гэтым можна спачатку зарэгістраваць свае правы на зямельны ўчастак, а на дом — пасля рэканструкцыі. Выканкам падоўжыць названы тэрмін пры наяўнасці перашкод і дакументаў.

Былы ўладальнік дома мае права ў судовым парадку адмяніць рашэнне аб прызнанні дома безгаспадарным і перадачы яго ў дзяржуласнасць. Пры гэтым выканкам за кошт сродкаў бюджэту пакрые былому ўладальніку па яго патрабаванні цану прададзенага жылога дома і зямельнага ўчастка.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.