Вы тут

Спікеры абедзвюх палат парламента сустрэліся з удзельнікамі Форуму маладых выбаршчыкаў


Форум, у якім прымаюць удзел больш за сто юнакоў і дзяўчат, што ўпершыню ў жыцці будуць галасаваць на выбарах, праходзіць у Мінску 1–2 лютага. Дыялог Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай з моладдзю адбыўся ў Савеце Рэспублікі. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка размаўляў з юнымі выбаршчыкамі ў Авальнай зале Дома ўрада, дзе працуе дэпутацкі корпус. 


«Гэта справа ўсіх нас — вызначаць будучыню нашай краіны!»

Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, Наталля Качанава зазначыла: «Вы не проста будзеце галасаваць — вы будзеце вызначаць будучыню краіны. Вы і ёсць яе будучыня!» 

Сустрэча моладзі і спікера верхняй палаты парламента адбылася ў Савеце Рэспублікі і стала значнай падзеяй не толькі ў праграме Форуму, але і ў жыцці кожнага з яго ўдзельнікаў. Калі яшчэ ім давядзецца пабываць тут і вось так, блізка, пагаварыць са старшынёй верхняй палаты парламента, задаць ёй свае пытанні і атрымаць грунтоўныя і шчырыя адказы?.. Як заўважыла Наталля Качанава, у нашай краіне ўсё магчыма, трэба толькі адказна ставіцца да працоўных абавязкаў, цаніць людзей і справядлівасць. І такіх людзей у нас абавязкова заўважаць, дапамогуць раскрыць увесь патэнцыял, рэалізавацца абсалютна ў любой галіне. Ці то медыцына, ці то педагогіка альбо палітыка…

Размаўляючы з хлопцамі і дзяўчатамі, спікер закранула шырокае кола пытанняў, расказала аб эканамічнай сітуацыі ў краіне і знешнепалітычнай карціне вакол Беларусі і не толькі. У дачыненні эканомікі яна адзначыла, што мінулы год толькі радуе дасягнутымі паказчыкамі: унутраны валавы прадукт склаў 103,9%, вырас экспарт. Эканоміка ўвогуле працуе ўпэўнена і стабільна, фарміруецца бюджэт, які дазваляе выконваць усе сацыяльныя праграмы. Краіна імкнецца далучыцца да буйнейшых эканамічных саюзаў — ШАС, БРІКС.

«Я пераканана, што цвярозы розум павінен перамагчы», — так пракаментавала Наталля Качанава палітычную сітуацыю ў свеце, у прыватнасці на Блізкім Усходзе. Яна засяродзіла ўвагу моладзі на тым, што сёння як ніколі важна міралюбівая палітыка любой краіны. А наша дзяржава — яскравы прыклад такой палітыкі. І зусім не варта папракаць яе ў адваротным, як гэта робяць некаторыя нашы недобрыя суседзі: «Вы павінны ведаць, запомніць назаўсёды — ніколі Беларусь не была агрэсарам і ніколі ім не будзе».

Таксама старшыня Савета Рэспублікі засцерагла юнакоў і дзяўчат ад неабдуманых дзеянняў і карыстання сумнеўнымі крыніцамі інфармацыі, у прыватнасці ўсялякімі тэлеграм-каналамі экстрэмісцкага кшталту: «Навошта іх чытаць? Яны толькі льюць ваду на млын тых, хто хоча разбурыць нашу краіну. Усё тое, што створана за гады суверэнітэту... А захаваць яго вельмі няпроста, як зазначыў наш Прэзідэнт».

І ўсё ж галоўнай тэмай размовы стала менавіта выбарчая кампанія. Моладзь цікавіла практычна ўсё, што датычыцца выбараў, адзінага дня галасавання і дзейнасці заканадаўчай улады. Наталля Качанава падрабязна расказала аб рабоце Савета Рэспублікі ў заканатворчай сферы і зазначыла: «Канешне, гэта цудоўна, што такое мерапрыемства (Форум маладых выбаршчыкаў — „Зв.“) праводзіцца ў нашай краіне. Калі вы можаце пабываць канкрэтна там, дзе распрацоўваюцца законы, прымаюцца вельмі важныя для нашай дзяржавы рашэнні. Галоўны Закон — Канстытуцыя — гаворыць, што наша дзяржава прававая, а значыць, мы ўсе з вамі жывём па законах нашай краіны».

Асобна яна спынілася на важнасці работы з насельніцтвам. Сустрэчы з працоўнымі калектывамі і асабістыя прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі дапамагаюць заканадаўцам вызначыцца з прыярытэтамі, абазначыць галоўныя напрамкі дзейнасці і, пры неабходнасці скарэктаваць існуючыя планы. Немалая частка мерапрыемстваў прысвечана рабоце менавіта з моладдзю. Рэалізуецца шэраг маладзёжных праектаў, у тым ліку і міжнародных — «Цягнік Памяці» (колькасць краін-удзельніц у ім апошнім часам значна пашыраецца), «Дзеці садружнасці»…

Працягваючы выбарчую тэму, старшыня Савета Рэспублікі растлумачыла маладым людзям асаблівасці адзінага дня галасавання ў кожным рэгіёне, падказала, дзе шукаць дакладную інфармацыю аб выбарчым працэсе. Асобна звярнула ўвагу ўдзельнікаў сустрэчы, на тое, што ў гэтым годзе будзе сфарміраваны новы заканадаўчы орган — Усебеларускі народны сход, які стане вышэйшым органам народаўладдзя і будзе вырашаць усе стратэгічныя для краіны пытанні. У яго склад увойдуць 1200 прадстаўнікоў розных прафесій, грамадзянскай супольнасці, дэпутацкага корпусу. Гэта сапраўды важная падзея ў палітычным жыцці краіны.

Увогуле, на працягу сустрэчы Наталля Качанава адказала на шмат пытанняў (да слова — менавіта адказы на пытанні склалі большую частку размовы), якія тычыліся ледзь не ўсіх сфер жыцця і прафесійнай дзейнасці. Падсумоўваючы вынікі сустрэчы, яна заўважыла, што інтарэс моладзі да жыцця краіны, яе неабыякавасць — гэта вельмі добры знак: моладзь не проста жыве ў дзяржаве, а імкнецца ўдзельнічаць ва ўсіх працэсах: эканамічных, палітычных, грамадскіх. І тым самым імкнецца захаваць краіну, яе мір і спакой, гарманічнае развіццё.

«Важна захаваць грамадскі мір і згоду»

Сустракаючыся з маладымі выбаршчыкамі ў Авальнай зале Дома ўрада, Уладзімір Андрэйчанка расказаў удзельнікамі форуму аб гэтым найважнейшым і знакавым месцы ў нашай краіне. Спікер ніжняй палаты парламента распавёў маладым людзям, што тут прымаюць законапраекты, абмяркоўваюць найважнейшыя пытанні грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця краіны. У гэтай зале перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі з Пасланнем беларускаму народу і Парламенту выступае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Менавіта сюды прыйдуць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання, якіх выберуць у адзіны дзень галасавання 25 лютага. Пакуль у Авальнай зале працуюць дэпутаты сёмага склікання. 

 

«Наша дзейнасць прыпала на асаблівы перыяд у гісторыі сучаснай Беларусі — час прыняцця найважнейшых рашэнняў для будучыні нашай дзяржавы, — звярнуў увагу Уладзімір Андрэйчанка. — Дэпутаты актыўна ўдзельнічалі ў рабоце па правядзенні канстытуцыйнай рэформы, ініцыяванай кіраўніком дзяржавы. У рамках падрыхтоўкі прапаноў па карэкціроўцы Асноўнага закона непасрэдна ў Палаце прадстаўнікоў было разгледжана больш за пяць тысяч ініцыятыў грамадзян. Парламентарыі працавалі ў складзе Канстытуцыйнай камісіі, абмяркоўвалі магчымыя навацыі на дыялогавых пляцоўках ва ўсіх рэгіёнах краіны».

Спікер ніжняй палаты парламента расказаў аб вялікай рабоце дэпутацкага корпуса па прывядзенні заканадаўства ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй. Па словах старшыні Палаты прадстаўнікоў, у адпаведнасць з Асноўным Законам прыведзена каля 90 законаў. Прыняты новыя законы — «Аб Усебеларускім народным сходзе» і «Аб асновах грамадзянскай супольнасці». 

Як падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка, значнае месца ў рабоце парламентарыяў займаюць пытанні абароны суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. «Вы бачыце спробы, якія прымаюцца ЗША і калектыўным Захадам, каб дэстабілізаваць унутраную сітуацыю ў краіне, дэзарганізаваць работу эканомікі, — канкрэтызаваў ён. — Таму дзейнічаць нам даводзілася хутка, аператыўна выпрацоўваючы ў адказ меры, у тым ліку заканадаўчага характару. Дэпутацкім корпусам прыняты законы, накіраваныя на барацьбу з тэрарызмам і экстрэмізмам, абарону права беларускага народа самастойна вызначаць шляхі свайго развіцця. Тым самым былі забяспечаны сацыяльны мір і згода ў грамадстве, што з’яўляецца найважнейшай умовай далейшага развіцця краіны».

Старшыня Палаты прадстаўнікоў расказаў маладым выбаршчыкам аб заканадаўчым забеспячэнні развіцця эканомікі і рэалізацыі ўзважанай сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Дэпутатамі своечасова прыняты шэраг мер, накіраваных на супрацьдзеянне негатыўнаму ўплыву санкцый на паўсядзённае жыццё беларускіх грамадзян. 

 

Уладзімір Андрэйчанка выказаў упэўненасць, што ўдзельнікі форуму — маладыя людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. «Ужо зусім хутка, у адзіны дзень галасавання, вам трэба будзе ўпершыню прыняць удзел у абранні дэпутатаў усіх узроўняў — выбраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў дэпутатаў, — нагадаў ён. — Не сумняваюся, што вы з усёй адказнасцю падыдзеце да свайго рашэння. Народнымі абраннікамі павінны стаць людзі, якія душой і сэрцам хварэюць за нашу краіну і зробяць усё, што ад іх залежыць для яе далейшага росквіту. Сёння як ніколі важна захаваць грамадскі мір і згоду. Толькі так мы зможам забяспечыць будучыню Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы».

Уладзімір ВЯРЭНІЧ, Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».