Вы тут

Аб чым расказалі ўдзельнікі гродзенскага этапу рэспубліканскага фестывалю «Час моцных»?


Фестываль роўных магчымасцяў ладзіцца ў нашай краіне ўпершыню. І гэта сапраўды маштабнае відовішча. Напрыклад, у Гродне конкурсная праграма складалася з трох аддзяленняў, а на ўдзел у канцэртнай праграме было пададзена 55 заявак. Фестываль доўжыўся амаль пяць гадзін. Усе заяўнікі змаглі паказаць свае таленты і майстэрства на сцэне Гродзенскай абласной філармоніі. Кожнае выступленне суправаджалася відэакліпамі на вялікім экране. Але найбольшы зарад станоўчых эмоцый сыходзіў ад саміх артыстаў, якія, нягледзячы на цяжкасці, радуюцца жыццю і дораць радасць іншым.


Артыстычны дэсант

Вядома, трапіць на фінальны этап фестывалю, які адбудзецца напачатку мая ў Мінску, давядзецца далёка не ўсім. Але і зараз усіх удзельнікаў можна назваць пераможцамі: і выканаўцы, і калектывы атрымалі дыпломы рэгіянальнага этапу рэспубліканскага фестывалю «Час моцных». Трэба сказаць, што фестываль вельмі дарэчы. Як прызналіся прадстаўнікі цэнтраў сацыяльнай рэабілітацыі, такія выхады «ў свет» для іх падапечных — сапраўднае свята. На сцэне забываецца напружаная падрыхтоўчая работа, якая вялася на працягу некалькіх месяцаў, а застаецца толькі выступленне і гледачы.

Большасць удзельнікаў — наведвальнікі цэнтраў сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў. Але не толькі. Вялікі «дэсант» прадставіла аб'яднанне Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, многія выканаўцы працуюць на прадпрыемстве «Фільтр». Іх выступленні, а гэта амаль 20 нумароў, склалі цэлае аддзяленне канцэртнай праграмы. І старажылам тут можна назваць народны вакальны ансамбль «Іяланта», гісторыя якога пачынаецца з далёкага 1950 года. Тэатральную замалёўку прадставіў народны тэатр мініяцюр «Перасмешнік». Музыканты і вакалісты зачароўвалі сваім выкананнем як беларускіх народных, так і сучасных кампазіцый.

Рытмы на дотык

Каля дзесяці нумароў прадставілі артысты Дома культуры прадпрыемства «Цветліт» грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па слыху». У іх ліку выступіў музычны калектыў «Рытм» Гродзенскай спецыяльнай школы-інтэрната. Яны — самыя юныя ўдзельнікі фестывалю. Педагог-арганізатар Юлія Булыка зазначае, што гэта першае выступленне другакласніц на такой вялікай сцэне, таму дзяўчынкі вельмі хваляваліся, але ім падабаецца выступаць, асабліва рыхтавацца — накручваць валасы, накладваць грым. Сёння яны прадставілі лялек, якія танцуюць. І тут задача — перадаць тыя самыя лялечныя рухі.

— У дзяцей ёсць слыхавыя апараты, але танцуюць нават поўнасцю глухія. Па-першае, ідзе рытм ад падлогі, па-другое, кіраўнік паказвае, што трэба рабіць, — расказвае харэограф Наталля Міхайлава. — Бывае, што дзяўчынка не чуе, але ў яе так развіта пачуццё рытму, што яна лепш будзе выконваць элементы, чым тая, што крыху чуе. У яе моцная мышачная памяць. Наша праграма рытмікі адрозніваецца ад звычайных метадаў навучання, бо заняткі нясуць карэкцыйны характар, яны маюць пэўныя задачы.

Маленькія дзяўчынкі жвава пабеглі пасля выступлення пераапранацца. Ім дапамагалі педагогі. Даведалася, што старэйшыя дзяўчаты гэтага калектыву выступалі ў дзіцячым рэспубліканскім фестывалі «Вясёлкавы карагод», атрымалі некалькі дыпломаў.

Закуліссе

Самыя цікавыя знаёмствы адбыліся там, дзе артысты рыхтуюцца да выхаду на сцэну. Трэцяе аддзяленне сабрала значную колькасць вакальных і танцавальных калектываў. Тут прадстаўлены ўсе раёны вобласці. Звяртаюць на сябе ўвагу яркія самабытныя касцюмы танцораў. За кулісамі віруе адмысловае жыццё: хтосьці рыхтуецца да выхаду, хтосьці пераводзіць дух пасля выступлення. Такая ўзрушанасць зразумелая, кажуць прадстаўнікі творчага клуба «Ліцадзеі» з Воранава. Конкурс вельмі адказны, усім хочацца трапіць у фінал. У Гродна калектыў прывёз адну з вясёлых беларускіх песень з падтанцоўкай. Па словах спецыяліста па сацыяльнай рабоце раённага аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў Дануты Матылёнак, калектыў часта выязджае з канцэртамі па раёне, на святы вёсак, у дамы сумеснага пражывання, прымае ўдзел у фестывалях. Выступалі і на «Славянскім базары». Усе ўдзельнікі па стане здароўя не могуць працаваць, але з задавальненнем займаюцца творчасцю.

— Мне не цяжка тут займацца, наадварот, вельмі цікава ездзіць, выступаць, можна і на людзей паглядзець і сябе паказаць, — дзеліцца сваімі эмоцыямі ўдзельніца калектыву Алеся Кушалевіч. — У мяне многа талентаў, я іх развіла яшчэ падчас вучобы ў Гродзенскай спецыялізаванай школе.

Алеся займаецца бісерапляценнем, яна дыпламант творчых конкурсаў Гродзенскай вобласці, яе работы выстаўлены ў Мінску. А між тым яна інвалід па зроку і амаль не бачыць.

У кулуарах знаёмлюся з калектывам аддзялення дзённага наведвання Кастрычніцкага раёна Гродна. Тэатральны гурток тут — адзін з самых папулярных.

— Гэта нашы мясцовыя зоркі, яны заўсёды на віду, але за гэтым усім стаіць вялікая праца — трэба вывучыць тэкст і словы, справіцца з хваляваннем, але гэта дае стымул быць лепшымі, — расказвае мастацкі кіраўнік Яніна Аўгіжэнь. — Ніхто не адмаўляецца ўдзельнічаць, хоць гэта і складана для многіх, мы рыхтуем адно выступленне не менш за тры месяцы.

На фестывалі калектыў прадставіў кампазіцыю на песню «Бульба дэнс». Гэты нумар яны стварылі, каб сказаць аб вельмі блізкім і зразумелым для ўсіх. «Гэта наша жыццястойкасць, наш эканамічны складнік, усім патрэбны прадукт, мы вырашылі аб гэтым весела, з гумарам расказаць», — паясніла мастацкі кіраўнік.

Школа дабрыні

Калядны настрой стварыў для ўсіх гледачоў абрадавы танец «Заінька», які прадставіў калектыў «Энергія» Шчучынскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Загадчыца аддзялення Алена Краско расказала, што ў іх цэнтры працуе ажно сем гурткоў, дзе займаюцца вырабамі сувенірнай прадукцыі, ёсць тэатральны і рукадзельны гурткі, фларыстычная майстэрня, вядуцца заняткі па прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Прадстаўнікі з Ваўкавыска расказалі аб сваёй салістцы Святлане Журко. Яна з дзяцінства мае інваліднасць па зроку, але ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання вельмі ганарацца сваёй падапечнай. Святлана сама піша музыку і песні. Разам з танцавальным калектывам «Стукі сэрца» прымала ўдзел у «Славянскім базары» і стала яго дыпламантам. А яшчэ тут ганарацца ўмовамі, якія створаны для наведвальнікаў сацыяльнага цэнтра. Па словах спецыяліста Таццяны Кубіцкай, нядаўна адкрыты яшчэ адзін корпус з трэнажорнай залай, душавымі, сэнсарнымі пакоямі. Цэнтр ніколі не пустуе, тут ёсць чым заняцца кожнаму.

Звяртаю ўвагу на вельмі прыгожыя, ну, проста ўнікальныя касцюмы. Аказалася, калектыў прыехаў з Лідскага раёна і складаецца з дзвюх груп — танцавальнай «Рамантыкі» і вакальнай — «Братаны». А касцюмы пашыты з дапамогай саміх удзельнікаў. Па словах загадчыцы раённага аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі Ганны Сергіевіч, закончылі шыць літаральна напярэдадні. А ўсяго ў артыстаў іх тры камплекты. На конкурсе яны выканалі вакальна-харэаграфічную кампазіцыю «Бацькава булка». Кажуць, што песню часта выконваюць на розных святах і фестывалях. Падчас прэзентацыі нумара згадваліся шматлікія іх узнагароды, у тым ліку міжнародныя. Вядомы трэнд набірае папулярнасць і ў музычным жанры, прычым нават за межамі краіны.

Дарэчы, пасля выступлення артыстаў міжволі стала сведкай вельмі кранальнай сітуацыі. Адна з удзельніц калектыву раптам расплакалася, аказалася, што яна збілася падчас танца і вельмі з-за гэтага перажывала. Яе настрой адразу быў заўважаны. Літаральна ўвесь калектыў пачаў яе супакойваць. Работнікі цэнтра паабяцалі, што наступным разам лепш падрыхтуюцца, і тады ніякіх непрыемнасцяў не будзе.

— Нашы выхаванцы вельмі чулыя і спагадлівыя, — заўважыла кіраўнік гуртка Вікторыя Гайдзіс. — Напачатку было складана працаваць, у многіх розныя характары, да кожнага шукалі падыход. Падчас рэпетыцый людзі перажываюць з-за сваіх памылак, але мы падбадзёрваем адзін аднаго, разам вучымся дабрыні.

Менавіта такое ўражанне пакінуў і сам фестываль. Так шчыра і прыгожа даносілі артысты да гледачоў свае эмоцыі ў песнях, вершах і танцах, што было зразумела: толькі дабрыня выратуе гэты свет, і ніяк інакш.

Сняжана Куратчык, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:

— Арганізатарамі фестывалю «Час моцных» з'яўляюцца Міністэрства культуры, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, абласныя выканаўчыя камітэты. Адбор выступленняў у нас праводзіўся экспертнай камісіяй у складзе прадстаўнікоў упраўлення культуры, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама, творчых работнікаў, выкладчыкаў ВНУ і каледжаў. Удзельнікі маглі скарыстацца дапамогай валанцёраў. На рэгіянальны фестываль атрымалі пуцёўкі больш за паўсотню заяўнікаў. Творчыя нумары падзяляліся на некалькі намінацый. Усе атрымалі дыпломы рэгіянальнага этапу. Па выніках экспертная камісія вызначыла творчыя нумары, якія будуць прапанаваны рэжысёру фінальнага рэспубліканскага туру, які адбудзецца напачатку мая ў форме гала-канцэрта ў Мінску. Дзякуючы роўным магчымасцям, людзі з інваліднасцю дэманструюць не толькі свой талент, але з'яўляюцца прыкладам стойкасці і аптымізму.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «У мяне яшчэ шмат талентаў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».