Вы тут

Што вырошчваюць «садоўнікі» ад генеалогіі, або Заняткі па радаводзе


Аднойчы настане дзень, калі пасля гары прачытаных кніг самым захапляльным раманам на свеце, самай цікавай дакументальнай аповесцю, з якой захочацца даведацца пра ўсіх сваіх продкаў, стане гісторыя твайго роду. І неадольна пацягне паглыбіцца ў яе настолькі, наколькі дазволяць уласныя здольнасці да пошуку. Самыя нязначныя звесткі, даты, імёны, прозвішчы ў гэтай кнізе набудуць для цябе неацэнны сэнс.


Сёння ж паспрабуем намаляваць сваё першае дрэва. Але спачатку вырашым, па якой методыцы будзем яго ствараць: па ўзыходзячай ці сыходзячай лініі? Высветлім, якіх сваякоў уключаць — толькі прамых ці яшчэ і пабочных? Пры гэтым будзем намагацца рабіць складанае цікавым і простым!

Дагары нагамі — вы ўсур’ёз?..

Ёсць два варыянты складання генеалагічнага дрэва.

Узыходзячае будуецца ад нашчадка да продкаў. Унізе, каля каранёў, у якасці пачатковага элемента схемы выступае складальнік радаводу, умоўнае «Я», напрыклад, вы самі ці ваш сын, а можа, унучка (малюнак № 1). 

№ 1. Шаблон дрэва па ўзыходзячай лініі

Такі спосаб зручны для тых, хто толькі пачаў вывучэнне сваёй сям’і. Пачатковец валодае інфармацыяй у асноўным аб сваіх найбліжэйшых сваяках: бацьках, дзядулях, бабулях, прадзядулях, прабабулях... — і паступова паглыбляецца ў мінулае. Калі вы збіраецеся, напрыклад, падарыць свайму дзіцяці першая родавае дрэва, каб зацікавіць яго ўласным паходжаннем, то «вырошчванне» па ўзыходзячай лініі — выдатны варыянт: на такім малюнку малому будзе ўсё наглядна бачна і зразумела.

Сыходзячае дрэва мае супрацьлеглы напрамак. 

У гэтым варыянце каля каранёў адлюстроўваюць першага з вядомых нам продкаў, самага далёкага ў часе ад нас, ён і будзе вашым родапачынальнікам. Зразумела, побач з ім павінна знаходзіцца яго жонка — калі вам пашанцуе адшукаць аб ёй звесткі, але тут існуюць, на жаль, пэўныя складанасці, аб якіх пагаворым ніжэй. Каб пабудаваць дрэва па сыходзячай лініі, трэба валодаць даволі вялікімі ведамі аб сваяках. Між іншым, такі варыянт выглядае больш натуральным з пункту гледжання законаў прыроды. Ад трывалых каранёў — продкаў — уздымаецца ўвысь ствол з пышнай кронай — іх нашчадкі. А ў выпадку з узыходзячай схемай дрэва расце быццам дагары нагамі: ад нашчадкаў да продкаў. Аднак не буду нікога запэўніваць, што такіх незвычайных дрэў у раслінным свеце не сустракаецца. Бо яны... сапраўды існуюць! І зараз убачым таму гістарычна-батанічнае пацвярджэнне.

Пра вязы, вікінгаў і Гутэн-Чапскіх

У старым графскім парку каля сядзібы Гутэн-Чапскіх у Станькаве яшчэ нядаўна стаяла дрэва 130-гадовага ўзросту з загадкавай назвай: ільм горны «Кампердоўні» (Ulmus glabra «Camperdownіі»), прасцей кажучы, вяз голы, ці шурпаты. Цікава, што з-за яго гібрыднай шырока-плакучай формы ў выглядзе парасона, пры якой асноўныя галіны растуць вертыкальна ўніз і з часам пачынаюць звісаць аж да самай зямлі, у народзе хадзілі ўпартыя чуткі, што гэта дрэва было пасаджана каранямі ўверх. Разбівалася паркавая кампазіцыя па загадзе Эмірыка фон Гутэн-Чапскага ў 1864 годзе. І вось адно з трох дрэў жыло-зелянела аж да 1994 года. А потым высахла і ў 2004-м знікла зусім (фотаздымак № 2).

№ 2. Дрэва ільм шурпаты на фоне палаца Гутэн-Чапскіх.  Фотаздымак зроблены ў 1954 годзе і быў перададзены  Алегу Масліеву ў 2012 годзе Эстрыніным і Аксёнавай, якія ў маладыя гады жылі ў Станькаве. Фотаздымак з гістарычнага блога czapskі.by

Малодшы сын Эмерыка Чапскага — Георгій (Ежы) Эмерыкавіч у ХІХ стагоддзі і да 1917 года быў уладальнікам роднай вёскі майго мужа — у Валодзьках Станькаўскай воласці (цяпер Уздзенскі раён), а за некалькі кіламетраў ад яе знаходзіліся маёнтак Каралёва і лясная дача Георгія Чапскага. 

І вось на тых лясных абшарах аднойчы ўзнікла паміж сялянамі наваколля і графам Георгіем Чапскім вялікая шматгадовая спрэчка з-за... пасадкі 120 тысяч саджанцаў яго леснікамі на абцяжараных сялянскім сервітутам землях. І ўсё адбывалася як у вострасюжэтным рамане. Аб гэтай цяжбе я даведалася выпадкова, падчас таго ж няспыннага пошуку каранёў. І, гартаючы пажаўцелыя старонкі найцікавейшых арыгіналаў архіўных судовых спраў за 1874–1911 гады, была ўражана, колькі яшчэ таямніц нам прызначана адкрыць на гэтым шляху...

Аднак, калі вернемся да нашага батанічнага пошуку дрэў, якія былі пасаджаны літаральна дагары нагамі, то сустрэнем і бясспрэчныя таму пацвярджэнні.

У расійскай вёсцы Белагорцы Гатчынскага раёна Ленінградскай вобласці, у закінутай сядзібе купца Елісеева захаваліся дзве алеі стагадовых з лішкам ліп, пасаджаных менавіта такім чынам — дагары нагамі — у 1911 годзе. Дарослая алея з часам ператварылася ва ўражвальны прыгожы тунэль. Але цяпер пакінутыя без догляду засмучаныя дрэвы перажываюць заняпад.

Аб гэтай інфармацыі я даведалася ад бабулі маёй нявесткі — кандыдата сельскагаспадарчых навук Лідзіі Якаўлеўны Паляковай, якая там жыве і працавала з 1967 года ў Навукова-даследчым інстытуце сельскай гаспадарцы ў Белагорцы, займаючыся насенняводствам шматгадовых траў.

Дарэчы, першымі апрабавалі такі спосаб пасадкі «дагары нагамі» на нізкарослай карлікавай бярозе старажытныя вікінгі. Саджанцы выкопвалі з зямлі, падразалі галіны і карані, перакульвалі і закопвалі крону ў зямлю, пакінуўшы карані наверсе. Пры ўдалай пасадцы на каранях з’яўляліся парасткі і лісце, а ранейшыя галіны пускалі новыя карані. Гэты метад распаўсюдзіўся ў Нідэрландах, Вялікабрытаніі і іншых краінах. Дарэчы, у хвойных раслін шанц прыжыцца пры такой перасадцы зусім мізэрны — адзін з тысячы. А сярод лістападных саджанцаў выжываў кожны пяцідзясяты.

Каб адчуць асалоду розніцы

Але мы нічога не будзем рабіць дагары нагамі! Калі настроены сур’ёзна займацца сваёй генеалогіяй, то менавіта па сыходзячай лініі пабудуем родавае дрэва, як толькі набудзем дастатковыя для гэтага веды.

А зараз прапаную вам згуляць у «садоўніка» па генеалогіі. У інтэрнэце існуе шмат гатовых бясплатных шаблонаў дрэў на любы густ. Вы можаце спампаваць і раздрукаваць рамантычнае старажытнае дрэва ці забаўнае, з вясёлымі «вочкамі», якое прывабіць ваша дзіця, і яно абавязкова захоча размаляваць яго самастойна. Паспрабуйце запоўніць ячэйкі, гэта вельмі натхняе, асабліва калі рабіць разам, сям’ёй. Умова задання — пазначыць прозвішча, імя і імя па бацьку, дзявочае прозвішча жаночых асоб, дату нараджэння — як мага дакладней. Гэта будзе ваш першы тэст — адказаць самому сабе: што я ведаю цяпер? Раю захаваць гэты чарнавік, каб потым, калі пройдзеце пэўны пошукавы шлях, параўнаць свае дасягненні і адчуць асалоду розніцы.

Сідарыха, Гаўрыльчыха і Аксеня

Я таксама пачала менавіта з упадабанага раздрукаванага шаблона — вельмі не цярпелася, як выдатніцы, запоўніць усе клетачцы. Асноўныя галіны майго радаводу ўключалі з боку маці прозвішчы: Паўловіч, Баешка, Васілеўская, Прановіч; з боку бацькі — Пятрыла, Ваўпшас. І я вырашыла рабіць усё так, як патрабуе навуковая генеалогія: памясціць каля каранёў свайго родапачынальніка, памятаючы пры гэтым, што дзеці жанчыны пазначаюцца на дрэве яе мужа, а не на дрэве яе бацькоў. Але адразу ўзнікла загваздка. Каго з родапачынальнікаў мне выбраць галоўным, калі я хачу пакінуць радавод сваім дзецям?

Па лініі майго бацькі пачынальнік роду — прадзядуля Антанас Пятрыла. Калі б я нарадзілася сынам, то захавала б яго прозвішча і перадала б дзецям. Але ў шлюбе я змяніла сваё дзявочае прозвішча, і таму абодва мае сыны на бацькоўскім дрэве Пятрылаў на правілах генеалогіі ўжо не пазначаюцца. Можа, тады мне ўнесці ў шаблон родапачынальніка па матулінай лініі — Мірона Паўловіча? Але і тут падсцерагае тая ж пастка. Калі мая маці пабралася шлюбам, то яе дзеці, то-бок мы з братам, «пераскочылі» на сямейная дрэва нашага бацькі, Віктараса Пятрылы.

Атрымліваецца нейкі парадокс: жанчына з’яўляецца прадаўжальніцай сямейнага роду, але сама пры гэтым губляе ўласнае прозвішча і быццам некуды знікае з родавага дрэва.

Вывучаць продкаў па жаночай лініі — наогул складаная справа: і ў старажытных архіўных дакументах, ды і цяпер на магільных помніках у жонкі звычайна пазначаецца толькі прозвішча яе мужа. 

Жанчына некалі страчвала нават сваё ўласнае імя. 

У вёсках існаваў звычай называць жонак па імені мужа: Сідарыха, Свірыдзіха, Гаўрыльчіха, а іх дзяцей — Гаўрыльчыкавымі, Сідарчыкавымі, Мірончыкавымі... На дзіва, мая бабуля Ксенія (Аксеня) Васільеўна Паўловіч нейкім чынам «здолела парушыць» гэтую «завядзёнку»: яе дзяцей, а сярод іх маю матулю звалі Аксенчыкавымі.

Дзякуючы таму, што я пачала шукаць сваё ўмоўнае месца на тым трэніровачным шаблоне, я зразумела дзве рэчы: асоб жаночага роду намагаецца скінуць з родавага дрэва сама выбудаваная ў адпаведных традыцыях сістэма генеалогіі, і з гэтым, напэўна, нічога не зробіш.

І калі я хачу пакінуць радавод сваім сынам (які, спадзяюся, яны калі-небудзь працягнуць), то маім галоўным прыярытэтам становіцца дрэва майго мужа. Яго карані я павінна даследаваць не менш дасканала, чым свае, і пабудаваць радавод, пачынальнікам якога будзе Ануфрый Іонаў Жур.

Так атрымаўся пошук адразу па чатырох прозвішчах мужа: Жур—Скарына, Букаты—Сакаў. За апошнія два гады ў маёй табліцы з’явілася 176 прадстаўнікоў галіны Жур (без жонак і мужоў гэта 116 кроўных сваякоў). 

І цяпер я нават называю ўсіх яго продкаў — нашы.

І, безумоўна, мне нічога не замінае апантана працягваць вывучаць кожную галіну маіх уласных радаводаў. Яны, мае кроўныя, грэюць сэрца і надаюць моцы! Я мару вырасціць цэлы сад генеалагічных дрэў!

Кроўныя, блізкія ці пабочныя

Складаючы родавае дрэва, трэба вырашыць, якіх сваякоў будзем уключаць — толькі прамых ці яшчэ і іншых?

Блізкія сваякі — гэта прамыя кроўныя продкі і нашчадкі па вертыкальнай і гарызантальнай лініях. Па вертыкальнай лініі блізкімі сваякамі прызнаюцца дзеці і бацькі, бабулі, дзядулі і ўнукі. Па гарызантальнай лініі блізкімі лічацца браты і сёстры, у тым ліку і тыя, якія маюць толькі агульнага бацьку ці маці.

Пабочнымі сваякамі, нягледзячы на кроўнае далучэнне іх да блізкай радні, з’яўляюцца прабабулі і прадзядулі; праўнукі і праўнучкі; цёткі і дзядзькі; пляменнікі і пляменніцы; стрыечныя ці траюрадныя браты і сёстры.

І напрыканцы шпаргалка для тых, хто яшчэ блытае, як лічыць пакаленні ў родзе: я — першае пакаленне; бацькі — другое; дзядуля і бабуля — трэцяе...

Жадаю абавязкова дайсці нам усім не менш чым да сёмага калена!

Ала ЖУР

(Працяг будзе.)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.