Вы тут

Не пазбаўляйце «крывіначку» выбару


Прыяцелька распавяла гісторыю пра тое, як яна паехала ў камандзіроўку, а сына пакінула з мужам. «Вусаты нянь» увесь вечар гуляў з малым, а потым, стаміўшыся, вырашыў уключыць яму за паўгадзінкі да сну мульцік. Сам жа тым часам прылёг адпачыць. Калі мужчына прачнуўся, на гадзінніку было а палове трэцяй ночы. Увесь гэты час, больш як чатыры гадзіны (!), шасцігадовы хлопчык прасядзеў, не адрываючы погляду ад экрана. Прыведзены прыклад яскрава ілюструе, што маленькія дзеці губляюць адчуванне часу, калі да іх у рукі трапялюць гаджэты. І гэта цалкам фізіялагічна, бо сіла волі пачынае фарміравацца толькі з сямі гадоў...


Яшчэ калі я вучылася на журфаку, ад старшакурснікаў пачула гісторыю пра Толіка. Ён «праславіўся» тым, што прапускаў пары, бо начамі сядзеў перад маніторам і гуляў у «Танчыкі». А раніцай адсыпаўся. І так паўтаралася дзень за днём, пакуль маці, западозрыўшы нядобрае, сама не прыехала ў студэнцкі інтэрнат і не ўбачыла ўсё на ўласныя вочы. Прыйшлося забіраць сына дадому, браць акадэмічны адпачынак ад вучобы, праходзіць лячэнне ад гульняманіі... Як склаўся лёс таго Толіка, гісторыя замоўчвае. Але відавочна адно: каб не страціць дзіця ў віртуальным свеце, бацькам з самага нараджэння трэба браць на сябе адказнасць і кантраляваць экранны час сваіх крывіначак.

У мяне ёсць некалькі знаёмых, якія скардзяцца, што іх дочкі-сыночкі — малаежкі. Каб іх накарміць, уся сям’я па некалькі разоў на дзень ладзіць вакол малых ледзь ці не танцы з бубнам. Чаго яны толькі не робяць, каб дзіця паела: і песні спяваюць, і гісторыі расказваюць, і мульцікі ўключаюць. Што датычыцца апошніх, то нядаўна мама дваіх дачушак, біёлаг па адукацыі, на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках напісала пост пра тое, наколькі шкодна карміць дзіця «пад мульцікі». «У будучыні гэта пагражае пераяданнем і атлусценнем, расстройствам харчовых паводзінаў, шантажом і маніпуляцыяй ежай. Важна старацца не карміць дзяцей пад мульцікі. Калі малеча не хоча есці нармальную ежу, то першы крок: мама садзіцца за стол пры дзіцяці і есць сама. Ваш сын (дачка) гэта бачыць і з часам пачне пераймаць. Пад мульцікі ж дзіця будзе адкрываць рот, нават калі паднесці пустую лыжку. Гэта прыкмета таго, што яно паглынае ежу бессвядома, „на аўтамаце“. Трэба паступова сыходзіць ад гэтага, калі не хочаце вялікіх праблем у 5-6 гадоў».

Калі шчыра, не разумею бацькоў, якія даюць свой смартфон дзіцяці ледзь не з самага нараджэння. Маўляў, «гэта ж час такі, без гаджэтаў сёння ніяк». А потым здзіўляюцца, калі ў тры гады сын сумуе без мульцікаў ці ролікаў на YouTube. Любы псіхолаг скажа, што калі ў 5-6 гадоў дзіця можа заняць сябе толькі мульцікам — гэта трагедыя. Здольнасць сябе забаўляць, прыдумваць гульні, фантазіраваць — вельмі важны навык. І ён атрафіруецца, калі ў дзіцяці ёсць лёгкая і даступная альтэрнатыва ў выглядзе тыцкання пальцам у экран. Больш за тое, псіхолагі раяць да трох гадоў выключыць любыя гаджэты, бо ў дзіцяці ў іх няма патрэбы. А прывыканне і залежнасць і ў такім узросце развіваюцца вельмі хутка.

Нядаўна адна шматдзетная маці падзялілася, што яны з мужам падарылі 7-гадоваму сыну смартфон. Адразу ж устанавілі на яго дадатак «Бацькоўскі кантроль». Таму хлопчык можа толькі гадзіну ў дзень глядзець мульцікі ды гуляць у гульні, а потым усё блакіруецца, акрамя званкоў і дадатку па вывучэнні замежнай мовы. «Мы, бацькі, проста абавязаныя стварыць сваім крывіначкам хоць бы магчымасць выбару розных інтарэсаў і заняткаў, — кажа Каця. — Бо калі пакінуць бескантрольна гаджэты, гэта пазбавіць дзяцей выбару і пакіне ім толькі гаджэты». Я згодна з Кацяй, што задача бацькоў — паказаць, што рэальнае жыццё цікавейшае за віртуальнае. Разам гуляць у настолкі, чытаць, дурэць, майстраваць, клеіць, маляваць, гатаваць, прыбіраць, бегаць... І гэта спачатку зусім не пра эканомію бацькоўскага часу і ўвагі. А хутчэй наадварот. Эканомія пачынаецца пазней, бо дзеці, асвоіўшы калейдаскоп розных заняткаў, заўсёды змогуць заняць сябе самі і цудоўна ўзаемадзейнічаюць з іншымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі.

І яшчэ: практыкуйце, калі пакуль гэтага не робіце, «правіла першых трох хвілін» у адносінах з дзіцем. Праверана — яно сапраўды цудадзейнае. У ім няма нічога складанага. Проста забіраючы дзіця з садка ці ад бабулі, схавайце мабільны тэлефон, прысядзьце на ўзровень яго вачэй, абдыміце і скажыце, як вы па ім сумавалі. Радуйцеся так, як быццам сустракаеце сябра, якога не бачылі ўжо шмат гадоў. Бо, як правіла, у першыя хвіліны сустрэчы малеча «выдае» самае галоўнае — што асабліва ўразіла за дзень. Менавіта таму вельмі важна і не ўпусціць гэты момант, штодня па цаглінцы будаваць даверлівыя адносіны і эмацыйную блізкасць са сваімі дзецьмі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.