Вы тут

Спадчына Казіміра Малевіча ў сучасным мастацтве


Рэспубліканская выстава «1,10 квадрата», прымеркаваная да 110-годдзя «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча, адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.


Экспазіцыя арганізавана сумесна з грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз мастакоў». Гледачам былі прадстаўлены разнастайныя творы віцебскіх мастакоў, натхнёныя як творчасцю Казіміра Малевіча, так і ўвогуле супрэматызмам. Трэба адзначыць, што гэта першая выстаўка агульнага аднайменнага праекту, які будзе праходзіць на працягу года на розных выставачных пляцоўках Беларусі.

— Думаю, у Віцебску кожны мастак лічыць сябе абавязаным хоць адну работу ў сваім жыцці прысвяціць Казіміру Малевічу, бо гэта горад, у якім практычна нарадзіліся Парыжская школа і супрэматызм, — распавядае першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч. — Мне здаецца, што прыцягальнасць авангарда таго часу застаецца і сёння. Мы спрабуем трансфармаваць авангард і паказаць, што ў пэўны момант часу «Чорны квадрат» прарваў мастацтва і даў зразумець: погляд на яго можа быць іншым. Праз піксель, кропку ці экран можна зусім па-іншаму ўспрымаць свет.

Паводле яе слоў, на гэтай выставе прадстаўлены аўтары розных стыляў і розных пакаленняў, але кожны з іх, з аднаго боку, робіць сваё мастацтва эмацыйным, а з другога — вельмі філасофскім. Напрыклад, на выставе прадстаўлены дыптых «Цырк. Сланы ідуць на прышчэпку» Валянціны Ляховіч. Мастачцы 78 гадоў, але яна да гэтага часу не проста працуе, але сапраўды займаецца актуальным мастацтвам. Сярод усіх карцін вельмі вылучаліся сваёй унікальнасцю творы маладой мастачкі Віялеты Някрасавай, выкананыя ў аўтарскай тэхніцы. Гэта неверагоднае спалучэнне тэкстылю, фарбаў і творчай ідэі. Таксама на выставе можна ўбачыць і творы мастака-манументаліста Васіля Васільева, які не толькі піша вялікія манументальныя творы і стварае арт-аб’екты, але і з’яўляецца куратарам шматлікіх мерапрыемстваў, прысвечаных авангарднаму мастацтву.

У некаторых гледачоў можа ўзнікнуць пытанне да назвы выставы: чаму менавіта «1,10 квадрата?»

— Назва выставы вельмі канцэптуальная, як і яе змест. У ім можна ўбачыць алюзію на 110-гадовы юбілей, — тлумачыць загадчыца сектара мастацкіх выставак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вікторыя Харытонава. — Яшчэ «0,10», — гэта назва апошняй футурыстычнай выставы карцін, на якой у 1915 годзе Казімір Малевіч прадставіў свае абстрактныя работы і канцэпцыю супрэматызму.

Паводле яе слоў, нуль сімвалізуе адсутнасць форм, бо напрамак супрэматызму прадугледжваў знаёмства з жывапісам без увагі да контураў і аб’ёмаў твора. А 10 адсылае да дзесяці мастакоў, якія мусілі ўдзельнічаць у выставе ў 1915 годзе. У выніку іх аказалася шэсць чалавек, але назву выставы пакінулі «0,10».

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.