Вы тут

Пад кніжнымі ветразямі


Кніга — з’ява асаблівая. Гэта і частка культуры, інструмент выхавання духоўнасці, і адначасова — тавар, у якога ёсць свае вытворцы і спажывальнікі. Як сёння беларуская кніга даходзіць да пакупніка, якія навінкі варта пашукаць на паліцах кнігарань? Пра гэта гаварылі з журналістамі кнігавыдаўцы і кнігараспаўсюджвальнікі на сустрэчы ў прэс-цэнтры Дома прэсы, якая мела назву «Белкніга» як флагман кніжнага гандлю: вынікі і перспектывы».


ААТ «Белкніга» здзяйсняе оптава-рознічны гандаль кніжнай і іншай друкаванай прадукцыі, якая выпускаецца ў Беларусі і за яе межамі, на розных мовах, а таксама канцылярскімі і офіснымі прыладамі, аказвае паслугі захоўвання друкаванай прадукцыі на тэрыторыі нашай краіны.

— Мы з Саюзам пісьменнікаў Беларусі даўно і вельмі шчыльна працуем і ўзаемадзейнічаем па ўсіх кірунках. Гэта прасоўванне беларускай літаратуры, правядзення розных мерапрыемстваў, арганізацыя сустрэч, пытанні фарміравання кніжнага рынку нашай краіны з пункту гледжання дзяржаўных прыярытэтаў, дзяржаўнай інфармацыйнай і культурнай палітыкі, — адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Уладзімір Матусевіч.

За мінулы год прадпрыемства дасягнула пэўных вынікаў: у няпростых канкурэнтных эканамічных умовах змагло захаваць прыбытковую працу і фінансавую стабільнасць.

— Выручка і тавараабарот у нас таксама падраслі, — падзяліўся Уладзімір Матусевіч. — Агульны рост тавараабароту сёння ў нас дасягае больш за 51 мільён. І больш за 104 працэнты — тэмп росту ў параўнанні з мінулым годам.

Сёння пад кіраўніцтвам ААТ «Белкніга» 89 гандлёвых аб’ектаў, з якіх 16 — у Мінску, тры кіёскі ў навучальных установах, а ўсе астатнія — у рэгіёнах.

— Мы захоўваем рэгіянальную кніжную сетку кнігагандлю, разумеючы, што гэта вельмі важна з пункту гледжання прасоўвання кніг у абласцях, раёнах нашай краіны, — дадаў дырэктар ААТ «Белкніга». — Магчымасць забяспечыць недзе ў крокавай даступнасці, але ў любым выпадку добрай геаграфічнай даступнасці для чытачоў, каб яны маглі знайсці кнігу і пры жаданні набыць яе.

Таксама прадпрыемства займаецца прасоўваннем беларускай кнігі за мяжу, найперш у Расію. Яшчэ летась ААТ «Белкніга» ўстанавіла добрыя партнёрскія адносіны з Домам кнігі Санкт-Пецярбурга і кніжны абмен з Іркуцкам. Найбольшым попытам у Расіі карыстаюцца кнігі пра Беларусь рознай накіраванасці: пра яе культуру, традыцыі і гісторыю. Не адстаюць па запатрабаванасці вытворча-практычная літаратура і мастацкая літаратура як на беларускай, так і на рускай мовах.

Таксама на прэс-канферэнцыі выступіў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. Ён адзначыў, што ёсць цэлы шэраг супольных ідэй з ААТ «Белкніга», якія выяўляюцца не толькі ў прэзентацыях, але і ў тым, што на паліцах кнігарань так ці інакш выдзяляюцца кнігі, выдадзеныя Саюзам пісьменнікаў Беларусі і ВД «Звязда».

Самыя цікавыя кніжныя навінкі розных тэм і жанраў былі прадэманстраваны журналістам. Напрыклад, кніга вядомага расійскага пісьменніка Мікалая Чаркашына «Генералы сорак першага года». Ён стварыў цыкл, які прысвечаны падзеям на тэрыторыі Беларусі ў 1941 годзе, ярка паказаў мужнасць салдат, чырвонаармейцаў, афіцэраў. Дарэчы, гэта другі раман з яго цыкла.

Таксама варты ўвагі «Галавасек» Анатоля Бензерука.

— Гэта кніга створана ў межах той працы, якую праводзяць літаратары па мастацкім выкладанні ўсіх пытанняў, звязаных з генацыдам беларускага народа, — адзначыў Алесь Карлюкевіч.

Аўтар жыве ў Жабінцы, працуе ў жабінкаўскім дадатку да абласной газеты «Заря». Ён збіраў матэрыял пра вёску Драмлёва Жабінкаўскага раёна на працягу 10 гадоў. У выніку атрымаўся цікавы дакументальна-мастацкі твор, заснаваны на дакументальных сведчаннях.

Таксама старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі заўважыў, што шмат увагі ўдзяляецца пошуку сучасных аўтараў, якія працуюць на мяжы публіцыстыкі і мастацкай літаратуры. Сярод іх — доктар педагагічных навук, рэктар БДУ Андрэй Кароль з кнігай «Дарогі vs Сэнсы» і беларускі прадзюсар Алеся Кузняцова са сваім дэбютным раманам «Калі трашчыць лёд».

Да таго ж, па словах Алеся Карлюкевіча, выдавецтва актыўна супрацоўнічае з журналістамі і публіцыстамі. Днямі будзе надрукавана кніга супрацоўнікаў Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» «Ведаем, ганарымся!» Ірыны Аўсеп’ян і яе мастацкага суаўтара Алега Карповіча. Выданне складаецца з нарысаў і мастацка-дакументальных партрэтаў вядомых людзей Беларусі. Прэзентацыя кнігі адбудзецца на XXХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».