Вы тут

Для чаго патрэбна вальернае ўтрыманне дзікіх жывёл


Захоўваць і берагчы дзікую прыроду можна па-рознаму. Хтосьці мяркуе, што калі абмежаваць уплыў чалавека, уводзячы розныя забароны і пакаранні, то гэтага будзе цалкам дастаткова для самааднаўлення экасістэмы. Іншыя, лічачы, што антрапагенны фактар ужо дасягнуў такога ўзроўню, калі не ўлічваць яго немагчыма, выступаюць за актыўнае кіраванне біясферай, перабудоўваючы яе пад свае патрэбы. Хто мае рацыю? Хутчэй за ўсё, тыя, хто не кідаецца ў крайнасці і разумна сумяшчае розныя падыходы. Бо не варта забываць, што чалавек — такая ж частка прыроды, як і ўсё, што вакол нас, і мы цалкам залежым ад рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.


Адной з эфектыўных актуальных практык падтрымкі біяразнастайнасці з’яўляецца вальерная гаспадарка. Скарачэнне натуральных месцаў пасялення дзікіх звяроў і птушак заканамерна адбіваецца на іх колькасці, змушае людзей шукаць варыянты прадухілення негатыўных наступстваў. А калі гаворка ідзе пра віды, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў гаспадарчай дзейнасці, то абысціся без вальераў бывае немагчыма. Напрыклад, у мэтах зніжэння паляўнічага прэса на вольнажывучыя папуляцыі, менавіта вальеры прымаюць на сябе частку нагрузкі падчас паляванняў. Ды і стварэнне спрыяльных умоў для ўзнаўлення жывёл, мінімізацыі рызык іх выпадковай гібелі, ажыццяўленне пастаяннага кантролю і аховы ва ўмовах абмежаванай тэрыторыі вядзецца больш рэзультатыўна.

Цяпер у Беларусі налічваецца некалькі дзясяткаў розных вальераў. Адзін з іх, які лічыцца флагманам у сістэме Мінлясгаса, размешчаны на тэрыторыі ДЛГУ «Астравецкі доследны лясгас». Як расказаў вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы лясгаса Віктар Урбановіч, рашэнне аб будаўніцтве вальера было прынята ў 2006 годзе ў рамках выканання мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі на 2006–2015 гг. 

І ўжо ў 2007 годзе першыя 30 асобін аленя высакароднага, узятыя з белавежскай папуляцыі, уладкаваліся на астравецкай зямлі.

Вальер агульнай плошчай 220 га падзелены на некалькі адасобленых участкаў, дзе размяшчаюць розных жывёл. Нягледзячы на тое што ў натуральным асяроддзі многія звяры жывуць на адзінай тэрыторыі, ва ўмовах абмежаванай прасторы далёка не ўсім відам камфортна быць побач. Так, калі папулярна было разводзіць у няволі дзікоў, з-за іх звычкі вытоптваць і ўсё перакопваць гінулі пашы, і алені проста заставаліся без належнага корму, таму дзікоў сялілі асобна. Пасля пэўных праблем ад вальернага ўтрымання дзікоў адмовіліся. І цяпер у вальеры разводзяць высакароднага аленя, еўрапейскую лань, аленя плямістага і муфлона еўрапейскага. Пры гэтым лань спакойна ўжываецца з муфлонамі, а вось высакародных аленяў і плямістых разам утрымліваць нельга, бо яны могуць скрыжоўвацца і даваць гібрыды.

З жывёл, якія ёсць у вальеры, звычайныя для Беларусі толькі алені высакародныя. Лань еўрапейская (часам яе называюць даніэль), як сцвярджаюць навукоўцы, у даўнюю пару насяляла нашу тэрыторыю, але потым знікла, верагодней за ўсё, была знішчана. Цяпер жа ёсць задумка вярнуць даніэль у нашы лясы і палі, як было некалькі стагоддзяў таму. У 2008 годзе ў астравецкі вальер з Літвы завезлі 60 ланяў. За мінулыя гады, паводле слоў Віктара Урбановіча, пагалоўе значна вырасла, і ўжо больш як 250 асобін адправіліся ў іншыя гаспадаркі. У найбліжэйшай перспектыве — планы па выпуску ланяў і фарміраванні мясцовай вольнажывучай папуляцыі.

Алень плямісты і муфлон еўрапейскі — для Беларусі віды нехарактэрныя. Аднак попыт на іх высокі. Яны цікавыя як паляўнічым, так і тым, хто ўтрымлівае вальеры ў дэманстрацыйных мэтах. Радзімай «пятнашкі» (алень плямісты, «алень-кветка») з’яўляецца паўднёва-ўсходняя частка Азіі. На Далёкім Усходзе колькасць дзікіх плямістых аленяў у 20-я гады мінулага стагоддзя складала ўсяго 900–1000 асобін, а да 1946 года яна зменшылася да 300. Катастрафічнае скарачэнне паслужыла прычынай уключэння гэтага віду ў 1974 годзе ў Чырвоную кнігу Міжнароднага Саюза аховы прыроды і Чырвоную кнігу СССР. Работы па акліматызацыі «аленя-кветкі» ў прыдатных прыродных умовах пачалі праводзіць яшчэ ў канцы XІX стагоддзя. Але прайшлі дзесяцігоддзі, перш чым удалося дасягнуць паспяховага выніку. Пэўную станоўчую ролю адыгралі ў гэтым працэсе саўгасы, якія спецыялізуюцца на атрыманні пантоў, і паляўнічыя гаспадаркі, якія паспяхова асвоілі развядзенне «пятнашак». 

У Беларусі плямісты алень з’явіўся дзякуючы Дзяржаўнай праграме па развіцці паляўнічай гаспадаркі ў мэтах узбагачэння відавой разнастайнасці паляўнічых капытных жывёл. У Астравецкім лясгасе «алень-кветка» з’явіўся ў 2007 годзе.

Першыя 30 асобін муфлонаў былі завезены з-за мяжы ў Астравецкі лясгас у 2014 годзе. Нягледзячы на тое што іх гістарычнай радзімай з’яўляюцца астравы Міжземнамор’я — скалістыя горныя прасторы, яны добра адаптуюцца да новых умоў і ўжо даўно інтрадуцыраваны ва ўгоддзі многіх еўрапейскіх краін. Не стала выключэннем і наша. У вальеры бараны паспяхова размнажаюцца, і іх групоўка стабільна павялічваецца. Дарэчы, муфлоны, якія ў снежні мінулага года папоўнілі краявідны склад сафары-парку Нацыянальнага парку «Прыпяцкі», родам з астравецкага лясгаса.

А вось роля вальераў у лёсе аленяў высакародных некалькі іншая. Спачатку колькасць вольнажывучых груповак аленяў была нязначнай. Напрыклад, у 2008 годзе ў паляўнічых угоддзях мясцовага лясгаса налічвалася ўсяго 24 асобіны аленя высакароднага. За першыя пяць гадоў работы вальера на волю было выпушчана 50 галоў. І ўжо да 2013 года, па даных улікаў, ва ўгоддзях жыло 100 аленяў. Акрамя гэтага, шэсць галоў перадалі ў іншы лясгас, і ў вальеры засталася група для далейшага ўзнаўлення і рассялення. 

Рэгулярны выпуск аленяў стаў звычайнай з’явай. Зрэшты, як адзначыў у гутарцы Віктар Урбановіч, адным толькі павелічэннем колькасці мясцовай папуляцыі справа не абмяжоўваецца. Наяўнасць вальера і значнага пагалоўя дае магчымасць весці селекцыйную работу, накіраваную на паляпшэнне трафейных якасцяў звяроў. Мэтанакіраваны абмен аленямі з гаспадаркамі з іншых рэгіёнаў прыўносіць свежую кроў мясцовай групоўцы. Прапрацаваўшы ўжо больш за шаснаццаць гадоў у паляўнічай гаспадарцы, Віктар Мечыслававіч адзначае, як змяніліся за гэты час алені ва ўгоддзях: яны сталі буйнейшымі, больш гарманічнай стала іх канстытуцыя, рогі многіх самцоў вартыя кнігі трафеяў. Работы па абнаўленні і паляпшэнні папуляцыі мясцовых аленяў вядуцца пастаянна, і без вальера тут не абысціся.

Пэўную цікавасць уяўляе вальерная гаспадарка ў справе экаасветы. Магчымасць зблізку ўбачыць лясных прыгажуноў, ацаніць краявідныя адрозненні, даведацца асаблівасці паводзін, кармлення, пачуць ад спецыялістаў займальны аповед аб мясцовых насельніках — усё гэта можна атрымаць на спецыяльных экскурсіях, якія праводзяцца ў Астравецкім лясгасе і на экасцежцы, куды ўваходзіць наведванне вальернага комплексу. Падчас школьных канікул частыя госці вальера — дзеці з найбліжэйшых школ.

Што ж датычыцца палявання, то ў Беларусі на сёння склалася сітуацыя, калі ўгоддзі поўныя самай разнастайнай дзічыны: хочаш трафейнай якасці — калі ласка, хочаш на мяса — няма праблем. Так, кантроль жорсткі, браканьерам спуску няма, але затое і звера шмат. У вальерах таксама палююць. Аднак гэта не такое ўжо масавае захапленне, усё-ткі большасць паляўнічых аддае перавагу паляванню на вольнага звера. Але вось разумець, якую сёння ролю адыгрываюць паляўнічыя вальеры ў захаванні біяразнастайнасці, павелічэнні колькасці дзікіх жывёл, іх рассяленні, — неабходна, таму што менавіта рацыянальнае і беражлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў у выніку вызначае якасны ўзровень нашага жыцця.

Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.