Вы тут

Да Жукава ў нагрузку...


Кніга мемуараў легендарнага савецкага военачальніка, Маршала Савецкага Саюза, адзінага чатырохкратнага Героя Савецкага Саюза (Генсека ЦК КПСС Леаніда Ільіча Брэжнева ў разлік не бяром. Свае чатыры медалі Героя «Залатая Зорка» ён атрымаў у 1966, 1976, 1978, 1981 гадах, калі вайна даўно завяршылася і ён быў фактычным кіраўніком СССР, а не толькі КПСС) «Успаміны і развагі», упершыню выдадзеная ў 1969 годзе, стала падзеяй і для чытачоў, і для кніжнага гандлю, і для бібліятэк. Жукаўскія мемуары, першы тыраж якіх у 100 000 экзэмпляраў разышоўся імгненна, ужо ў тым самым годзе былі перавыдадзены накладам у 400 000 экзэмпляраў. Пасля кніга пры жыцці «Маршала Перамогі» выйшла яшчэ ў 1971 і 1972 гадах. 


Тое самае выданне 1971 года, якое прадавалася з «нагрузкай»

Не спынілася выданне мемуараў асобы, з якой найперш у масавай свядомасці савецкага чалавека атаясамлівалася перамога ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў, і ў наступныя гады, пасля смерці Георгія Канстанцінавіча (пайшоў з жыцця Жукаў 18 чэрвеня 1974 года)…

Чым прыцягвалі тэксты ўспамінаў военачальніка, які сваім ваенным лёсам прычыніўся літаральна да ўсіх галоўных падзей Вялікай Айчыннай?.. Пра вайну, самога Сталіна, дзейнасць Стаўкі Вярхоўнага, пра падзеі крытычнага характару, якім ён быў непасрэдным сведкам, у якіх напрамую ў большасці выпадкаў удзельнічаў: акрамя сваіх пасад ў якасці начальніка Генеральнага штаба РСЧА (чэрвень—ліпень 1941-га), члена Стаўкі Галоўнага камандавання (з 23 чэрвеня 1941 года), Стаўкі Вярхоўнага камандавання (з 10 ліпеня 1941 года), Стаўкі Вярхоўнага Галоўнага камандавання (з 8 жніўня 1941 года), а з 26 жніўня — намесніка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, з 27 жніўня 1942 года — першага намесніка Народнага камісара абароны СССР, Жукаў яшчэ і франтамі камандаваў: Рэзервовым, Ленінградскім, Заходнім (адначасова быў галоўнакамандуючым Заходняга напрамку), 1-м Украінскім і 1-м Беларускім... 

Гісторыя Вялікай Айчыннай не можа прачытвацца, разглядацца без біяграфіі «Маршала Перамогі»... Жукаў камандаваў савецкімі войскамі ў такіх знакавых наступальных аперацыях, як Маскоўскае контрнаступленне (да 7 студзеня 1942 года), Ржэўска-Вяземская аперацыя (8 студзеня — 20 красавіка 1942 года), Першая Ржэўска-Сычоўская аперацыя (30 ліпеня — 23 жніўня 1942 года), Другая Ржэўска-Сычоўская аперацыя (25 лістапада — 20 снежня 1942 года)... Маршал 8 мая 1945 года ў 22.43 (9 мая ў 00.43 па маскоўскім часе) у Карлсхорце (Берлін) прыняў ад генерал-фельдмаршала Вільгельма Кейтэля капітуляцыю войскаў нацысцкай Германіі. 24 чэрвеня 1945 года ў Маскве на Чырвонай Плошчы Маршал Савецкага Саюза Георгій Жукаў прымаў Парад Перамогі…

Напрыканцы 1960-х — у пачатку 1970-х заставаліся жывымі ўдзельнікі і сведкі Вялікай Айчыннай... І для тых, хто нарадзіўся пасля 1945 года, вайна заставалася важнай тэмай. Таму, зразумела, і цікавасць да падзей 1941–1945 гадоў была надзвычайнай. Прачытаць пра іх у выкладанні чалавека, які меў высокі аўтарытэт і, дарэчы, не вельмі часта з’яўляўся на экранах тэлебачання, не вельмі часта выступаў 
у перыядычным друку, а гадамі — і ўвогуле не з’яўляўся і не выступаў, было надзвычай важна.

І пры тым, што папяровая, друкаваная кніга ўвогуле карысталася ў 1960–1970-я гады выключным попытам. Гэта пры тым, што людзей мала задавальнялі грамадскія бібліятэкі, мільёны чалавек імкнуліся мець уласныя хатнія кнігазборы. Тыражы многіх выданняў, у тым ліку і «Успамінаў і разваг» Георгія Жукава не маглі напоўніцу задаволіць грамадзян. Узнікалі розныя складанасці ў продажы кніг у кнігарнях, а таксама ў набыцці іх бібліятэкамі вялікай краіны. Дарэчы, захавалася такая лічба ў статыстыцы як быццам далёкіх учарашніх дзён: да 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў СССР налічвалася амаль 400 тысяч дзеючых бібліятэк. Калі верыць такой статыстыцы, то можна ўявіць, як цяжка было размеркаваць кнігу Георгія Жукава хаця б толькі па бібліятэках. Несумненна, «Успаміны і развагі» чакалі нават у самай далёкай вясковай глыбінцы. Улічыце пры гэтым, што ў СССР працавала Усесаюзнае аб’яднанне «Міжнародная кніга» — арганізацыя, якая займалася экспартна-імпартнымі гандлёвымі аперацыямі з кнігамі, перыёдыкай, аўдыя- і відэапрадукцыяй. «Міжнародная кніга», імкнучыся зарабляць замежную валюту для дзяржаўнага бюджэту, вывозіла ў замежжа вялікія тыражы найбольш папулярных кніг на рускай мове. Такі істотны попыт, паверце, існаваў. І не толькі ў краінах сацыялістычнага лагера... Што ўжо казаць пра айчынны, савецкі кніжны гандаль!.. Дарэчы, кніга Жукава, якая народжана ў многім дзякуючы ініцыятыве маскоўскага Агенцтва навін і друку, дзе яна і выйшла ўпершыню і выйшлі наступныя шматтыражныя выданні, ужо ў самыя першыя гады пасля з’яўлення пабачыла свет у 30 краінах свету ў перакладзе на 18 моў…

6 верасня 1971 года першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Пётр Міронавіч Машэраў атрымлівае неспадзяваны ліст ад Георгія Канстанцінавіча Жукава. Цытуем яго на мове арыгінала:

«...Уважаемый Петр Миронович! Неоднократно из разных мест я получаю письма о спекулятивной торговле моей книгой „Воспоминания и размышления“. Среди многих писем есть и такие письма, в которых указывают о том, что мою книгу продают с нагрузкой неходовых книг. Такая практика имеет место и в г. Минске, о чем указано в газете, вырезку из которой высылаю Вам.

Прошу Вас дать указание о прекращении подобной практики. Приложение: вырезка из газеты „Подарок... в нагрузку“.

Г. Жуков.

4 сентября 1971 г.»

Машэраў накладвае рэзалюцыю сакратару ЦК КПБ па ідэалогіі А. Т. Кузьміну — з патрабаваннем навесці ў «гэтай справе» патрэбны парадак. Што ж за публікацыя патрапіла на вочы Маршалу Перамогі?.. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захавалася і гэтая нататка, дасланая Георгіем Канстанцінавічам, — сціплая карэспандэнцыя з апошняй старонкі «Советской Белоруссии», змешчаная ўжо перад самым рэдактарскім подпісам. «Подарок... в нагрузку» — назва публікацыі М. Шраера. Аўтар звяртае ўвагу на факт, які яму стаў вядомым на прыкладзе кнігарні № 10 падпісных выданняў горада Мінска. Згадваецца і імя загадчыцы. «...Проявляя торгашеские тенденции, продавцы предлагали в принудительном порядке вместе с „Воспоминаниями и размышлениями“ Г. К. Жукова путеводитель на английском языке „От Бреста до Москвы“ стоимостью свыше рубля. Книга В. Бережкова „Тегеран“ „шла в паре“ с „Евангелием от Робеспьера“. Когда тт. Рахкин, Горбачевская купили так называемый „Подарок“ и попросили заменить путеводитель какой-нибудь другой книгой на русском языке, старший продавец <...> забрала покупку и вернула деньги.

29 июня работники Центрального книжного магазина управления книжной торговли продавали литературу на улице. „Воспоминания и размышления“ Г. К. Жукова предлагали тоже только вместе с путеводителем на английском языке.

В киоске № 15 от магазина № 11 Миноблкниготорга также продавали книгу маршала Г. К. Жукова с уже упомянутым путеводителем.

Узнав о нарушениях правил советской торговли, республиканское управление госторгоинспекции и управление госторгоинспекции города Минска предложили раскомплектовать так называемые подарки. Однако работники книжной торговли ушли от этого.

Вместо принудительного сбыта литературы надо организовать культурную торговлю книгами и обеспечить уважительное отношение к покупателям».

Факты, выкладзеныя ў газетным выступленні, відавочна, разглядаліся ў Дзяржкамдруку рэспублікі і да звароту Георгія Канстанцінавіча Жукава ў вышэйшую партыйную інстанцыю Беларусі. Бо 29 чэрвеня 1971 года старшыня Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па друку Г. Канавалаў выдаў загад пад нумарам 158 з назвай «Аб фактах парушэння правіл гандлю ў Мінскім аблкнігагандлі»... Чытаем у загадзе «кніжнага міністра»: «...Выяўлены факты, калі работнікі асобных кнігарняў г. Мінска парушаюць правілы савецкага гандлю. Гэта парушэнне выяўляецца ў продажы выданняў павышанага попыту „з нагрузкай“, што выклікае законныя прэтэнзіі пакупнікоў. Так, напрыклад, кніга Г. Жукава „Успаміны і развагі“ прадаецца з пуцевадзіцелем „Брэст-Масква“ на англійскай мове і г. д.

Загадваю:

1. Упраўленню кніжнага гандлю (т. Леўшуноў Я. П.), аблкнігагандлям катэгарычна забараніць работнікам кніжнага гандлю продаж літаратуры „з нагрузкай“ пад якой бы там ні было нагодай і прыняць неабходныя меры па недапушчэнні падобных фактаў надалей.

2. Указаць дырэктару Мінскага аблкнігагандлю т. Дашкевічу на слабы кантроль з боку аблкнігагандлю за выкананнем парадку і правіл гандлю літаратурай у кнігарнях.

3. Загад давесці да ведама ўсіх работнікаў кнігагандлёвай сеткі рэспублікі...»

Праўда, у дакладной запісцы намесніку загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КП Беларусі С. Я. Паўлаву «кніжны міністр» выклаў сітуацыю больш падрабязна. І пісалася запіска ўжо пасля звароту Георгія Канстанцінавіча Жукава. Ужо адпаведна і розгалас «справы» зусім іншы... Дык вось... Чытаем у запісцы: «У чэрвені г. г. прадстаўнік АДН прапанаваў Мінскаму аблкнігагандлю для рэалізацыі 10 тыс. экзэмпляраў кнігі Маршала Савецкага Саюза Г. К. Жукава „Успаміны і развагі“ з умовай, калі дадаткова да гэтай кнігі будуць прыняты для рэалізацыі 25 тыс. экз. пуцевадзіцеля „Брэст — Масква“ на англійскай мове і 400 экз. Атласа Кубы коштам па 14 руб. за экзэмпляр...» Лічбы сур’ёзныя. На 14 рублёў можна было ў той час купіць каля 100 боханаў чорнага хлеба (кошт аднаго складаў у рамках 14–16 капеек). Пенсіі некаторыя ўчарашнія калгаснікі атрымлівалі ў рамках 12–14 рублёў. За месяц. Праўда, ім, пэўна, было не да набыцця «Успамінаў і разваг» нават самога Жукава. Яны яшчэ і на свае вочы бачылі вайну, з уласных хат, уласных зямлянак, з акопаў... Чытаем далей у запісцы: «Кіраўніцтва Мінскага аблкнігагандлю, прыняўшы гэту прапанову, дазволіла дырэктарам некаторых крам прадаваць кнігу Г. К. Жукава з дадаткам падарожніка «Брэст — Масква» і другіх выданняў. Як толькі Дзяржкамітэту па друку БССР сталі вядомыя факты продажу кнігі Жукава Г. К. «з нагрузкай», па гэтым пытанні 29 чэрвеня быў выдадзены загад, які катэгарычна забараняў падобную форму гандлю…

Газета «Советская Белоруссия», папярэдне не высветліўшы пытання аб прынятых Дзяржкамітэтам па друку БССР мерах, 6 жніўня г. г. надрукавала заметку т. Шраера «Падарунак... „у нагрузку“.

Рэдакцыі „Советской Белоруссии“ ў сувязі з публікацыяй заметкі Дзяржкамітэтам па друку было дадзена адпаведнае тлумачэнне».

Канфлікт, здаецца, вычарпаны. І газета, маўляў, паспяшалася, і ўсё ўжо ведалі яшчэ да ліста «Маршала Перамогі»... Вось толькі пра Агенцтва друку і навін нічога болей не напісалі, не сказалі... Паступілі, пэўна, па прынцыпе: «... навошта чапаць пастаўшчыка дэфіцытнай літаратуры...» Наперадзе — новыя запатрабаваныя кнігі. Наперадзе — новыя выданні жукаўскіх мемуараў, якія могуць патрапіць і ў іншыя рэгіёны, іншыя рэспублікі бязмежнай савецкай прасторы... Навошта псаваць адносіны?! Ды і выдавецтва такога маштабу — гэта ўжо клопат іншага ЦК, клопат Цэнтральнага Камітэта КПСС, маскоўскага, словам, кіраўніцтва.

Але ж Жукаву трэба адказваць. І ў выніку нараджаецца наступны ліст: «Чатыры разы Герою Савецкага Саюза, Маршалу Савецкага Саюза таварышу Жукаву Г. К.

Паважаны Георгій Канстанцінавіч!

На жаль, прыкры факт продажу Вашай кнігі з дадаткам (так званай нагрузкай) меў месца ў г. Мінску. Па ўказанні ЦК КПБ Дзяржаўны камітэт Савета Міністраў БССР па друку строга перапыніў падобную практыку рэалізацыі літаратуры, прыцягнуў да адказнасці вінаватых у парушэнні правіл савецкага гандлю...» Спярша на зацвярджэнне Пятру Міронавічу панеслі ліст за яго подпісам: «П. Машэраў, першы сакратар ЦК КП Беларусі». Партыйны кіраўнік рэспублікі выкрасліў сваё прозвішча і слова «першы» і дадаў уласнаручна: «З павагай і найлепшымі пажаданнямі А. Кузьмін».

Такая гісторыя жукаўскага звароту ў беларускі ЦК. Гісторыя, на першы погляд, не дужа значная, а вось у справе фарміравання грамадскай думкі месца ў яе асаблівае…

Кастусь ЛЕШНІЦА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.