Вы тут

Прыродазнаўца быў паяднаны і з Віцебшчынай


Міхаіл Антонавіч Крукоўскі (1856 ці 1865— 1936), чый жыццёвы шлях завершыўся ў Ташкенце (Узбекістан), нарадзіўся ў Рэжыцы Віцебскай губерні. Сёння — гэта тэрыторыя Латвіі. 
Зразумела, у часіны Расійскай імперыі сувязі паміж губернскім Віцебскам і павятовай Рэжыцай (цяпер паселішча носіць назву Рэзекне) самыя што ні ёсць цесныя. Хаця і адлегласць паміж Віцебскам і колішняй Рэжыцай — каля 300 км па трасе, па прамой крыху меней — 231 км. У Рэзекне (Рэжыцы) нарадзілася нямала славутых людзей, так ці іначай звязаных з Віцебшчынай, Беларуссю. У Рэжыцкім павеце ў 1875 годзе нарадзіўся Рыгор Міранскі (1875 — 1942), адзін з першых мінскіх фотарэпарцёраў (у 1913 ггодзе яму было прысвоена званне «Ганаровы патомны грамадзянін Мінска», а ў 1928-м — званне «Герой Працы»). У час акупацыі Мінска фашыстамі знаходзіўся ў гета, дзе і памёр ад голада ў студзені 1942 года. Рэжыца — радзіма рускага савецкага пісьменніка, драматурга Юрыя Тынянава (1894 — 1943), бацькі якога паходзілі з Беларусі: бацька — з Бабруйска, маці — ураджэнка Докшыц Віцебскай губерні. З рэжыцкіх мясцін — і мовазнаўца, цюрколаг, літаратуразнаўца беларус Аляксандр Пацалуеўскі (1894 — 1948), які ў 1914 годзе закончыў Віцебскую класічную гімназію. А са снежня 1918 па чэрвень 1922 гг. быў выкладчыкам англійскай і французскай моў ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута. Пасля год выкладаў на курсах Віцебскага губернскага аддзела народнай адукацыі...
 
Міхаіл Антонавіч Крукоўскі — рускі пісьменнік, фатограф, географ, пісьменнікі і этнограф, музейны дзеяч. З’яўяляецца аўтарам белетрызаваных, навукова-папулярных нарысаў, цэлага шэрагу альбомаў па энаграфіі. Падрыхтаваў і выдаў серыю геаграфічных выданняў, якія звычайна ілюстраваў уласнымі фотаздымкамі. Некаторы час выдаваў у Санкт-Пецярбургу штомесячны дзіцячы часопіс «Товарищ». Быў першым дырэктарам Каменскага гарадскога краязнаўчага музея. І зараз многія працы ўраджэнца Віцебскай губерні захоўваюцца ў Музеі антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага (Кунсткамера) у Санкт-Пецярбургу. 52 фатаграфічныя выявы з калекцыі Міхаіла Крукоўскага перададзены супрацоўнікамі Кунсткамеры ў Башкірскі музей Салавата Юлаева. Літаратурны псеўданім падарожніка і пісьменніка — М. Дзеравяншчыкаў. 
 
У Пецярбургу суджэнцы — муж і жонка Міхаіл Крукоўскі і Соф’я Бурэ жылі на Васільеўскім востраве (15 лінія, дом 38). Пазычыўшы неабходныя сродкі, маладыя людзі пачалі выдаваць часопіс «Товарищ». Першы нумар пабачыў свет у снежні 1899 года. Рэдактарам-выдаўцом лічылася Соф’я Карлаўна. А Крукоўскі выступаў у ролі асноўнага літаратурнага супрацоўніка. Міхаіл Антонавіч пісаў аповесці і апавяданні, разлічаныя на дзіцячага чытача. Арганізаваў невялікую цынкаграфію і самастойна рабіў клішэ, каб друкаваць у часопісе ілюстрацыі. 
 
У 1903 журналісты-прыродазнаўцы прынялі рашэнне выдаваць дадатак да часопіса — альбом «Мир в картинках». Першыя 12 выпускаў насілі назву «Россия в картинках». Вокладку альбома аформіў легендарны мастак і кніжны ілюстратар Іван Білібін. Першы выпуск выдаўцы прысвяцілі краявідам Пецярбурга і Прыбалтыкі. У другі ўвайшлі матэрыялы, прысвечаныя Фінляндыі і Паўночнаму краю. А ўжо ў чацвёрты выпуск расійскага альбома з «Мира в картинках» патрапілі ілюстрацыі якія расказвалі пра Беларусь, Літву, Польшчу. У 1904 годзе часопіс зачынілі... 
 
Разыйшоўся з Соф’яй Бурэ, Міхаіл у хуткім часе пакінуў Пецярбург. Працаваў «перасяленчым агентам» у Сяміпалацінскай вобласці. Новая жонка Крукоўскага была земскім доктарам. Гэта і прадвызначыла новыя вандроўкі, новыя адрасы ў жыцці пісьменніка-прыродазнаўцы: вёска Хоцімль Уладзімірскай губерні, вёска Усе-Сцяпанаўка Уфімскай губерні. Большую частку сваіх кніг, якія выдаваліся Альфрэдам Даніе, Маўрыкіем Вольфам, Іванам Сыціным, іншымі кнігавыдаўцамі, Міхаіл Антонавіч якраз і напісаў у гэты час. Асабліва шмат кніг пабачылі свет у выдавецтве Клаўдзія Ціхамірава (1864 — 1929). На Віцебшчыне і зараз памятаюць гэтую яркую асобу. Старонкі яго жыццяпісу — і ў альманаху бібліяфілаў «Свіцязь», які выйшаў у 1989 годзе, і ў матэрыялах канферэнцыі «Адукацыя на Віцебшчыне: гісторыя на Віцебшчыне» (даклад дасведчанага збіральніка віцебскай гісторыі Аркадзя Падліпскага «Выдатны педагог К. І. Ціхаміраў»)... Нарадзіўся Клаўдзій Іванавіч у 1864 годзе ў вёсцы Славініха Старарускага павета Наўгародскай вобласці. Закончыў Наўгародскую духоўную семінарыю, затым — гістарычнае аддзяленне Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У 1895 — 1903 гг. быў інспектарам народных вучылішч Магілёўскай губерні. 18 студзеня 1903 года Клаўдзій Ціхаміраў — дырэктар настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы, на Гродзеншчыне. Праз два гады — дырэктар настаўніцкай семінарыі ў Полацку. У жніўні 1910 года Ціхаміраў быў прызначаны першым дырэктарам Віцебскага настаўніцкага інстытута. У 1921 — 1924 гады Клаўдзій Іванавіч — дырэктар сельскагаспадарчага практычнага інстытута ў Віцебску. 
 
К. Ціхаміраў сабраў вялікую бібліятэку. У ёй было шмат кніг пра гістарычную мінуўшчыну Беларусі. Пад рэдакцыяй Клаўдзія Іванавіча выйшлі другі і трэці тамы «Полацка-Віцебскай даўніны». Прыродазнаўства і геаграфію лічыў важнейшым сродкам барацьбы з забабонамі, прымхамі. У друкарні К. Ціхамірава выйшлі «Людзі думкі і працы:пяць біяграфій для юнацтва» М. Рубакіна (1910), «Педагагічныя сачыненні» Л. М. Талстога (1914), «Вялікая дыдактыка» Я. А. Каменскага... І — кнігі Міхаіла Крукоўскага. 
 
У час грамадзянскай вайны Крукоўскі разам з сям’ёю пераязджае на Алтай. Спярша загадвае Баранавульскім краязнаўчым музеем. Затым знайшоў прытулак у сяле Камень (зараз паселішча называецца Камень-на-Абі). Міхаіла Антонавіча прызначылі загадчыкам земскім аддзелам народнай адукацыі, а праз некаторы час — загадчыкам Першай бібліятэкі. Захаваліся сведчанні пра тое, што хаваючыся ад белагвардзейцаў, калчакаўцаў, у 1918 ці 1919 годзе настаўнікі з народнага аддзела адукацыі Алфёраў і Лапусцін каля вёскі Аллак знайшлі захаванне костак маманта, бізона, іншых старадаўніх жывёл. Знаходкі былі надзейна схаваны, а калі белагвардзейцы сыйшлі — коскі былі перададзены Міхаілу Антонавічу, які ў адным з пакояў размясціў ацалелыя калекцыі мясцовага музея. Затым у музей паступілі партызанскія пікі, якія мясцовыя рупліўцы кавалі ў вясковых кузнях. Каб пашырыць калекцыю, Крукоўскі ўвесну 1919 года выправіўся з двума памочнікамі ў навуковую экспедыцыю. Даследчык ведаў, што трэба раздабыць: узоры флоры і фаўны павета, прадметы быта і этнаграфіі (па 16 узораў з кожнай воласці). Канешне ж, у час экспедыцыі яе кіраўнік вёў і фатаграфічныя здымкі. У 1920 годзе Каменскі краязнаўчы музей набыў афіцыйны статус. Крукоўскага, які сыйшоў з Алтайскага губернскага музея і пераехаў у Камень, у 1921 г. прызначылі дырэктарам новай асветніцкай установы. Сваю працу кіраўнік ацэньваў наступным чынам: «Калекцыю сваю я строга сістэматызую, не ганяючыся за колькасцю, а фатаграфуючы толькі тое, што лічу на месцы неабходным для навукі з уласнага пункту гледжання... <...> каб калекцыя мая ў кожным музеі была прадстаўлена цалкам, як завершаная, цэласная праца аднаго вучонага...» Але не ўсё ішло гладка. Савецкая рэчаіснасць напружана прымала этнографа і музейшчыка, а яшчэ — двараніна па паходжанню. Крукоўскага выключылі з культасветсаюза, Міхаіла Антонавіча абвінавацілі ў «акадэмізме». Дырэктар тройчы пісаў заявы аб звальненні з пасады загадчыка Каменскага краязнаўчага музея, але іх адхілялі. У кастрычніку 1927 г. чарговую заяву ўсё ж задаволілі.
 
У 1933 годзе Крукоўскі разам з сям’ёю пераехаў у сталіцу Узбекістана — Ташкент. Памёр ураджэнец Віцебскай губерні у 1936 годзе. Творчую спадчыну Міхаіла Крукоўскага складаюць кнігі «Аланецкі край», «Прыгоды Сёмкі», «Маленькія людзі» (у адным з апавяданняў літаратар апісвае, як бацька прадае свайго сына за пяць рублёў — ва ўслужэнне ці «у навучанне» дробным гандлярам, што было распаўсюджанай з’явай у Расійскай імперыі), «Паўднёвы Урал», «Ва ўцёках», «Жыццё ў прыродзе. Біялагічныя нарысы для дзяцей старэйшага ўзросту», «Свет цудаў. Геаграфічная хрэстаматыя», «Маленькія людзі», «Маленькія людзі» і іншыя выданні. Істотная частка іх пабачыла свет у друкарні Ціхамірава... Крукоўскі выступаў і як перакладчык — у прыватнасці, выдаў «Лісты з Афрыкі» Генрыха Сянкевіча, «Уцёкі» Вінцэнта Сянкевіча... Шмат што з напісанага Крукоўскім засталося ў рукапісах. Аднаму са сваіх карэспандэнтаў ён пісаў, што з’яўляецца аўтарам 50 кніг. А па інфармацыі расійскіх бібліёграфаў вядома пра выданне 24 кніг М. Крукоўскага. Мо ў рукапісных творах ёсць і ўражанні пра вандроўкі па Беларусі, Віцебскай губерні. Пра прыродазнаўчую белетрыстыку Крукоўскага, пра яго анімалістычныя кнігі захавалася такое сведчанне: «...Апавяданні М. Крукоўскага павінны быць залічаны да лепшых кніг так званай геаграфічнай белетрыстыкі. Яны заўсёды маюць у аснове жывое, жыццёва-праўдзівае апавяданне з рэчаіснасці, і на фоне яго натуральна, без нацяжак, чытач знаёміцца з цэлым шэрагам малюнкаў рускай прыроды, побытам рускага насельніцтва».
 
Ад першай жонкі — Соф’і Карлаўны Бурэ ў Міхаіла Антонавіча — адна дачка і тры сыны. Дачка — Соф’я Міхайлаўна Крукоўская (1896 — 1984) — гісторык-мастацтвазнаўца. Сын — Усевалад Мізайлавіч Крукоўскі (1897 — 1940) — супрацоўнік Усесаюзнай надзвычайнай камісіі — Аддзела дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення — Наркамата ўнутраных спраў, быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга Узбекскай ССР. Быў арыштаваны ў красавіку 1939 года і расстраляны 21 студзеня 1940 года. Другі сын — драматург, паэт, празаік, нарысіст Юрый Міхайлавіч Крукоўскі (1901 — 1938). Яшчэ адзін сын — Леў Міхайлавіч Крукоўскі (1899 — 1943), па праектах якога былі пабудаваны шэраг мастоў ва Узбекістане. 
 
Памяць пра Міхаіла Крукоўскага жыве ў Башкартастане (Расія) і ва Узбекістане. У музеі Салавата Юлаева ва Уфе 4 лютага 2019 года была праведзена фотавыстаўка прац Міхаіла Антонавіча. 
    
Кастусь ЛЕШНІЦА
Прэв’ю: ethnomuseum.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».