Вы тут

Пісьменнік з Магілёва расказвае пра ўласнае стагоддзе


У горадзе на Дняпры зусім невялікім тыражом выйшла кніга старэйшага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктара Арцём’ева. 

Аўтару ўспамінаў пра ўласнае жыццё — «Я — доўгажыхар» — 21 сакавіка 2024 года споўніцца 97 гадоў. «Я, Арцём’еў Віктар Іванавіч, нарадзіўся ў беларускай сям’і сялян-сераднякоў 21 сакавіка 1927 года ў Шклоўскім раёне, на хутары з шасці двароў Чарэйцаў Круг (у маім пасведчанні аб нараджэнні — вёска Радзішына, у сясцёр Надзеі і Марыі — вёска Ордаць»... Так пачынаецца расповяд чалавека з жывой, фактаграфічнай памяццю і з актыўнай сацыяльнай, грамадзянскай і палітычнай пазіцыяй. У біяграфіі Віктара Іванавіча ўсяго хапіла — і галоднае дзяцінства, і нястомная, з маленства, сялянская праца, і служба ў Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі, і выключэнне з шэрагаў Камуністычнай партыі, і ўзнаўленне ў партыі, і бязбожніцтва, і праваслаўная вера, паразуменне з якой пісьменнік шукае ў сталым веку ... Чытаеш успаміны пра эпізоды жыцця аднаго з жыхароў Магілёва, Магілёўшчыны, чытаеш згадкі пра добра вядомых у айчыннай культуры дзеячаў — а перад табою паўстае ўсё XX стагоддзе з яго палітычнымі і сацыяльнымі складанасцямі. 
 
Але акцэнт аўтар «народных мемуараў» робіць не гэтулькі на вялікіх падзеях, колькі на звычайным, уласным жыцці, на жыцці блізкіх родзічаў, сялянаў з той старонкі, якая дала яму шырокую дарогу ў вялікі свет. Мне думаецца, што такая кніжачка будзе і крыніцай этнаграфічнага характару на доўгія дзесяцігоддзі наперад. 
 
Аўтар расказвае пра тое, што елі ў 1930-1940-я ў вёсцы: «Ежа ў нашым доме была толькі свежая. Яна, магчыма, была б запатрабавана і назаўтра, але трэба было карміць кабанчыка. Варылі ежу ў вялікай сялянскай печы: гэта суп з бульбы, крупеня з малаком, кулеш з пшанічнай мукі, летам суп са шчаўя ці буракоў, зімой кіслую капусту. А яшчэ бліны і скавароднікі. Хлеб ржаны, але мукі заўсёды было мала і дабаўлялі бульбу, а летам — казелец-траву. Ежу расходвалі эканомна. Сытымі былі не заўсёды...»
 
Расказвае, як і ў якім аб’ёме ўжывалі раней спіртное. Часам сярод побытавых дэталяў праскокваюць сведчанні, пераказ пачутага Арцём’евым пра падзеі, якія дзесяцігоддзямі на слыху, аўтар, ведаючы пра тое, што ў іншых крыніцах пра іх пішацца, даволі часта аспрэчвае добра вядомыя факты. Як — і з дэталямі забойства легендарнага акцёра Саламона Міхаэлса... У гэтым плане хацелася б параіць зазірнуць у кнігу і беларускім гісторыкам, а мо і гісторыкам культуры ўвогуле — і беларускай і расійскай. 
 
За час свайго доўгажыхарства Віктар Іванавіч як бібліятэкар, бібліёграф, аўтар шматлікіх выступленняў у друку, сустракаўся з многімі пісьменнікамі Беларусі і Расіі. У яго хатнім кнігазборы захоўваюцца аўтографы шмат каго з паэтаў і празаікаў: Андрэя Вазнясенскага, Ігара Шклярэўскага, Васіля Быкава, рыгора Барадуліна... А з некаторымі з іх магілёўскі літаратар і сябраваў — як, напрыклад, з паэтам Аляксеем Васільевічам Пысіным, якога чамусьці зараз паціху забываюць. Яркі франтавы лірык, яркі мастак слова, ён пакінуў для нашчадкаў выключна трывожныя, здольныя ўзяць за самыя глыбіні сардэчных, душэўных струн паэтычныя радкі. «Палім мы маршанскую махорку,/ Бачым мы Дняпроўскую граду./ Будзе сёння бой. На тым узгорку,/ Можа, я таксама упаду./ Будуць травы над курганам. Будуць/ Адлятаць у вырай жураўлі./ Нас, напэўна, у свеце не забудуць,/ Успомняць, што на свеце мы жылі./ ... Я гляджу на даўняе курганне./ На траву, на рыжых мурашоў./ Ведайце, калі мяне не стане — / Я ў сваю дывізію пайшоў». 
 
У невялікага памеру, але даволі фактаграфічна насычаанай кнізе, — і шмат фотаздымкаў. Вось Віктар Арцём’еў з Аляксеем Пысіным у 1950-я, Віктар Іванавіч і Ігар Шклярэўскі на Усесаюзных Сіманаўскіх чытаннях у Магілёве ў ліпені 1988 года, В. Арцём’еў і Віктар Карамазаў ля дома мастака М. В. Неўрава ў Круглянскім раёне (вёска Лыскаўшчына), Віктар Іванавіч з сябрамі-пісьменнікамі — Міколам Леўчанкам і Мікалаем Барысенкам...
 
Віктар Арцём’еў ліставаўся з народным пісьменнікам Беларусі Янкам Брылём, быў знаёмы з Фёдарам Міхайлавічам Янкоўскім, сябраваў з шмат маладзейшым паэтам Алесем Пісьмянковым... 
 
Многія старонкі шчырай жыццёвай споведзі «Я — доўгажыхар: Хроніка даўгалецця» — вельмі асабістыя, пра сямейнае жыццё, пра зусім блізкіх людзей, стасункі з імі, пра лекаванне ў бальніцах і паліклініках... І ўсё ж і яны чытаюцца з пункту гледжання абагульнення, разумення, што, шчыруючы ў раскрыцці ўласнага, часам вельмі інтымнага, аўтар дзеліцца жыццёвым вопытам, мяркуе, што заснаваныя на ўласна перажытым тыя ці іншыя высновы пададуцца карыснымі наступнікам. 
 
Нагадаем, што ў ранейшыя гады пабачылі свет кнігі Віктара Арцём’ева «Вянок Аляксею Пысіну», «Радзішанскі летапіс вайны», «Чарэйцаў круг», «Палкоўнік Пётр Асмалоўскі», «Вянок Анатолю Сербантовічу», «Урокі Аляксея Пысіна», «Мова родная — беларуская», «Цячэ рэчка Бася»... Віктар Іванавіч Арцём’еў сваёй нястомнай працай, сваімі памкненнямі стварыць летапіс літаратурнага жыцця Магілёва, Магілёўшчына зрабіў выключны ўнёсак у краязнаўства Беларусі, найперш — у літаратурнае краязнаўства нашай Айчыны. Нястомная, паслядоўная праца патрабуе высокіх адзнак, высокага ўшанавання. 
 
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Прэв'ю: pixabay.com​

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.