Вы тут

Калекцыянер імгненняў, гаспадар капібары. Гутарка з кніжным графікам Міхаілам Дайлідавым


«Занадта пастановачна!» — час ад часу заяўляе мастак Міхаіл Дайлідаў, калі мы спрабуем зрабіць яго фота ў ягоным жа працоўным кабінеце, на дзявятым паверсе дома па праспекце Пераможцаў, дзе знаходзіцца выдавецтва «Мастацкая літаратура». А як не зрабіць пастаноўку — калі вось, на карціне чаравікі Міхаіла, а вось тыя ж чаравікі на ягоных нагах…

Ён увогуле валодае дарам, як казаў паэт, ператвараць бутэлечнае шкло і пляўкі ў дыяменты і смарагды. Малюе ўсё, што бачыць вакол сябе, — гэта ягоны візуальны і вельмі эмацыйны дзённік. А кнігі выдавецтва «Мастацкая літаратура», аформленыя Міхаілам Дайлідавым, адразу можна беспамылкова пазнаць — недарэмна яны атрымліваюць узнагароды на кнігавыдавецкіх конкурсах. Дыяпазон — ад тамоў грунтоўнай серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» да яркіх дзіцячых выданняў. І на рабочым месцы малюнкі, малюнкі, малюнкі... На сценах, на стале, у папках...


Пад поглядам капібары

— Вось гэта від з прыбіральні дванаццатага паверха...— перакладвае мастак аркушы. — А на гэтым малюнку мая калега працуе над рукапісам... А вось мая капібара…

Гэта ўжо не малюнак. Міхаіл паказвае на цацачную пухнатую звярынку, накрытую вязанай сурвэткай, што прыстроілася на камп’ютары.

— Мая любімая жывёлка, з самых модных. Сёння дужа папулярныя японскі собаль, яноты, выдры, арыентальныя кошкі, ну і капібары... Адмыслова набыў.

Капібара замілавана касавурыцца на гаспадара пластыкавым вокам.

— А вось плакат з маёй выстаўкі, на ёй былі ілюстрацыі да кніг. Я назваў яе «Ад коркі да коркі» і на плакаце намаляваў апельсін. Вось куфэрак мой музычны…

Міхаіл круціць жалезную ручку неразумелай металёвай штуковіны, адтуль рыпіць мелодыя.

— Ну ты ж і сам іграеш? І песні запісваеш?

— Часам... Іграю на фартэпіяна. Хлопцы рэдка на фано іграюць, усё на гітарах. «Музло» ў нас так, самапальнае.

Паслухаць Мішавы песні можна ў інстаграме... Дэкаданс адчуваецца. Але і музычная адукацыя таксама. На просьбу папазіраваць з капібарай у руцэ мастак зноў сваё — занадта пастановачна…

— Ты цяпер вывешваеш у інстаграме свае дзённікі — сшыткі з малюнкамі. Але там паўнавартасныя, закончаныя творы... Не эскізы, не накіды…

— Гэта мой прынцып. Рабіць карцінку не хвілінную, а дасканалую. Хаця яны па-сутнасці хвілінныя, зробленыя з імгненных уражанняў па памяці. Гуляеш па горадзе, спыніўся, нешта замаляваў і пасля ўжо дома дарабіў.

— І колькі на завершаны малюнак сыходзіць часу?

— Гадзіны дзве. Насамрэч хуткасць павялічваецца з досведам. Каляровыя даўжэй, манахромныя хутчэй... Калі ў галаве карціна абсалютна гатовая, ты яе зробіш вельмі хутка. Але апошні сшытак я зрабіў два гады таму, цяпер проста складаю малюнкі ў папку.

— Кожны дзень малюеш?

— Практычна кожны дзень. Дарэчы, цяпер гэтыя альбомы я прадаю — але не па асобных малюнках, а цалкам. Гэта ж плынь свядомасці. Калі нехта захоча асобны малюнак, адмаўляю. Можна перамаляваць, зрабіць аўтарскую копію... Продаж напачатку быў жартам, але раптам спрацаваў. У мяне ж няма станкавых карцін — каб палатно, алей... Таму што я — з графічнага дызайну, які ўвесь пераплецены з паперай, кніжкамі, паліграфіяй…

— Фактычна, ты калекцыяніруеш імгненні... У Сартра гераіня калекцыяніравала дасканалыя імгненні — там, дзе павінна было супасці шмат фактараў — пахі, колеры, гукі, настрой, дзея…

—У мяне падобная гісторыя. Я калекцыянірую ўспаміны. Праглядаючы свае малюнкі, я магу аднавіць да дробязяў цэлыя тыдні. Здаецца, што гэта незваротна знікла з памяці — але вось, застаецца. У мяне не было такой задумы, я не чытаў кніг па тэорыі мастацтва, філасофіі... У мяне вельмі слабы літаратурны базіс, у мяне адно — маляваць кожны дзень да знямогі. Без гэтага мне складана пражыць.

Авангард і андэграўнд

— Мяне ў свой час уразіла лекцыя мастацтвазнаўцы Паолы Волкавай, якая ўгледзела паралель паміж спробамі супрэматыстаў адлюстраваць форму колеру — пра гэта «Чорны квадрат» і «Чырвоны квадрат» Малевіча і трактаты Кандзінскага — і старажытнакітайскай філасофіяй, бо ў даасізме ёсць канцэпцыя формы колераў, і аказваецца, Кандзінскі быў добра знаёмы з усходнім мыслярствам... У тваіх творах ёсць нейкая філасофская канцэптуальнасць?

— Тэмы мае вельмі простыя: пагружэнне ў жыццё. У мяне няма велягурыстых загадак, мяне заўсёды больш цікавіла не што маляваць, а як ты гэта робіш. Заўсёды было дзіўна, што Кандзінскі, адвакат-юрыст з універсітэцкай адукацыяй, перайшоў на пляцоўку выяўленчага мастацтва. І, канешне, ягоная класічная адукацыя паўплывала. Так, ён прыдумваў філасофскія тлумачэнні сваіх твораў. Але, калі глядзіш на карціны Кандзінскага, бачыш не проста голую тэорыю. Гэта прыгожа, гэта правальна выбудавана і да таго ж надзелена эмоцыяй і пачуццём. Для мяне найперш — эмоцыя, а не намаляваць у адпаведнасці з нейкай канцэпцыяй. Здараецца, падключаецца рацыянальнасць — напрыклад, назапасілася шмат чырвоных матэрыялаў і трэба іх тэрмінова скарыстаць. Значыць, наступную кампазіцыю трэба будаваць на чырвоных танах. Эмацыйны рацыяналізм…

— Ну а цэтлікі якія-небудзь спрабаваў на сябе прымерыць? Постімпрэсіянізм там, экспрэсіянізм, фавізм…

— Ну, натуральна. Экспрэсіянізм, вядома, гэта аголеныя пачуцці — мяне экспрэсіяністам не назавеш, няма ў мяне гэтай пачуццёвай эмоцыі, выплюхнутай з сябе, вывержанай лавы фарбаў... Хутчэй, анімічны рэалізм.

— А мастакі парыжскай школы — Суцін, Царфін?

— На таго ж Суціна гляджу праз прызму мастацтвазнаўчай гісторыі, а хацелася б ведаць, што ён адчуваў, як глядзеў на свет. Таму што капіраваць Суціна немагчыма — абсурдна гучыць «копія карціны Суціна». Там няма тэхналогіі жывапісу, якую можна скапіраваць. Гэта энергетыка, эмоцыя, шок. Але не, Суцін мне ментальна не блізкі. Той перыяд, калі ты ўбіраеш усё як губка, для мяне прайшоў. Феномен — як гэта раптам суцінскі жывапіс, вельмі страшны, з сырым мясам, з па-вар’яцку дэфармаванымі людзьмі і аб’ектамі, — так працуе?

— Ну а калі больш агульна, да авангардыстаў сябе залічваеш?

— Авангард у перакладзе — перадавы атрад... Аднойчы мне мой выкладчык сказаў: «Міша, няважна, што ты малюеш, хоць бярозку, ты ўсё роўна ствараеш сучаснае мастацтва. Пытанне толькі ў ступені твайго развіцця». Знаходзімся мы на самым вастрыі ці ў нейкім эшалоне? Авангард прадугледжвае вядомасць. Мы не ў авангардзе, мы ў андэграўндзе. Грамадства змянілася, у кватэрах людзей не тое што «мішкі ў лесе» на сценах вісяць — у іх там увогуле нічога не вісіць. Голыя сцены, мінімалізм. Для мяне мастацтва — рэч элітарная, ім цікавяцца толькі правільныя людзі, якія бачаць у гэтым паліва культуры.

— Зноў успамінаецца Кандзінскі з ягоным уяўленнем мастацтва ў выглядзе піраміды, дзе заўсёды нехта на вастрыі і яго разумеюць адзінкі, а пасля яго мастацтва апускаецца ўніз, на больш шырокую пляцоўку, пакуль не зробіцца часткай масавай культуры…

— Я не адчуваю сябе на вастрыі. Трэба ж судзіць па гамбургскім рахунку. Трэба проста маляваць, рабіць сваю справу і не спадзявацца на сусветную вядомасць. Усё было... Бананы прыклейвалі да сцяны скотчам у якасці карціны... Куды патрапіць камень, адтуль і пойдуць кругі. Мы задавальняемся кругамі, якія да нас даходзяць. Свет у нейкім сэнсе зрабіўся больш пляскатым, бо інфармацыя даходзіць хутчэй, скарачаюцца разрывы.

— Эксперыментальнае таксама можа мець камерцыйны попыт... Адзін твой выставачны праект меў падзагаловак «апавяданне пра сімбіёз хобі і працы, творчасці і руціны, пра тое, як прапусціць праз сябе сумны заказ і зрабіць тое, што лічыш неабходным».

— Калі мастак-эксперыментатар выходзіць на камерцыйны ўзровень, гэта шчасце ягонае. Каб ты і сябе захаваў, і гэта яшчэ і прадаў. Мастак у прынцыпе можа зарабіць многа, пытанне — чым і як. Можна храмы распісваць, абразы пісаць. Можна гульні камп’ютарныя маляваць. Паўсюль трэба мастак. Але патрэбная яго «прыкладная частка». Ён патрэбны як інструмент. А калі гэты інструмент жыве са сваім розумам... Вось мастак пачынае маляваць кавалак прынтара, як я, а ўсе круцяць гэта ў руках і думаюць — ну, куды гэта прыстасаваць?

Трактар супраць Алісы

— Але ж ты афармляеш кнігі, і ёсць пэўныя патрабаванні, нормы.

— Фармат кніжнай графікі не перашкаджае мастаку выказваць сваё «я». Бывае, вядома, аўтар кнігі заяўляе, што хоча афармленне ў стылі 1950-х — але я гэтага ніколі не зраблю. І мастакі хочуць маляваць толькі нейкія свае жаданні... Напрыклад, праілюстраваць «Алісу ў краіне цудаў». А калі трэба праілюстраваць кнігу, дзе трактар працуе на полі — у іх ужо праблемы... Хоць якая розніца, што маляваць. Той жа трактар можна так намаляваць, што ўсе зачаруюцца.

Міхаіл паказвае адну з першых аформленых ім кніг — зборнік казак Пятра Васючэнкі «Жаласлівая каралеўна».

— Я чытаў і ўяўляў нешта сюррэалістычнае, з перамешваннем сэнсаў, падтэкстамі, падсвядомым. Фон старонак рабіў у выглядзе шпалераў. Прыдумваў падрабязнасці... Фантастычныя шапкі паноў Кубліцкага і Заблоцкага, карова, якая лётае, сад, дзе на галінках прысмакі, штаны, якія выклікаюць навальніцу. Гэта адна з маіх амбіцыёзных задач — кожную аформленую кнігу ператвараць у мой уласны альбом карцін.

Арыгіналы ілюстрацый да кніг знаходзяцца тут жа — нават маленькая карцінка з кнігі насамрэч мае фармат А3.

— Мне не трэба шукаць, што маляваць. Вось трэба была ілюстрацыя на тэму восені. Я пабачыў — сядзіць мой дзядзька Алег, і намаляваў... Вось кампазіцыя «Верасень» — стаяў чалавек на пешаходным пераходзе, я яго і злавіў на аловак... Гэта крама на рагу вуліцы, тапаграфічна дакладная, і тапаграфічна дакладныя каты — яны там увесь час тусуюцца і мой сябар Улад іх корміць. Вось захад сонца на Шпалернай — мне падабаюцца такія рэалістычныя і адначасова псіхадэлічныя рэчы…

— А незвычайныя прэзентацыі прыдумваў? Мне нядаўна распавялі пра перасоўную выстаўку, калі з карцінамі ў руках каталіся людзі на катку…

— Вой, не, я дужа лянівы і кансерватыўны чалавек. Рамка, карціна, сценка. Музей, прастора і чханне наведнікаў. У мяне ж карціны крохкія, з імі на вуліцы не пабегаеш. Папера, да якой трэба шкло, рамка... Я са сваіх карцін пылінкі здзімаю.

— Відаць, таму хочацца пакінуць іх у кнігах? Дарэчы, ведаю, што аформленыя табой выданні не аднойчы атрымлівалі ўзнагароды Рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі»…

— Так, напрыклад, за афармленне серыі «Народная бібліятэка». Вось першая кніга гэтай серыі, том Максіма Багдановіча. Мне падабаецца, як атрымалася. У 2023-м была адзначаная дыпломам І ступені кніга вершаў для дзяцей Міколы Мятліцкага «Сарока з праспекта».

— Працы твае купляюць?

— Не кожны дзень, але купляюць. Ты павісеў на нейкай выстаўцы, пра цябе даведаліся... У галерэі DK у Верхнім горадзе мае карціны. Хутка будзе выстава «Споры года».

— З беларускіх мастакоў гуру ў цябе няма?

— Чаму не, ёсць. Тыя, хто натхняе. Кішчанка вельмі падабаецца, яго проста трэба адкрыць для сябе. Магутна... Грамыка, Вашчанка, Савіцкі... Мне падабаюцца работы, якія яны малявалі маладымі. Я люблю так званы суровы стыль, які быў у ранняга Савіцкага, мне ён здаецца вельмі цёплым, моцным, рухомым, марозным, сталёвым, жалезабетонным. Ранні, суровы Цвірка, які скінуў з сябе лірычны сацрэалізм 1950-х гадоў... А Арлена Кашкурэвіча з графікаў згадаць... Неверагодны крутыя нашы мастакі-шасцідзясятнікі. Трэба разумець кантэкст часу. Усё мастацтва ж нараджаецца ў процідзеянні. Мастацтва 1970-х ужо іншае. Мяне кранае творчасць тых шасцідзясятнікаў, таму што тады ім было столькі ж гадоў, колькі і мне. Стваралі шэдэўры ў маладосці, пад старасць бранзавелі... У кожнага з іх я магу знайсці геніяльныя рэчы — шчырыя, сумленныя, таленавітыя. Міжваенны перыяд вельмі цікавы, але ён не раскрыты. Вельмі падабаецца графіка Аркадзя Астаповіча.

— Нечым нагадвае афармленне тваёй «Сарокі з праспекта»... Напэўна, табе спадабаецца і творчасць Зінаіды Астаповіч-Бачаровай, сястры Аркадзя Астаповіча, якую толькі пачынаюць адкрываць. Яна, дарэчы, усё жыццё малявала ілюстрацыі для кніг — але толькі для сябе.

—Так, вельмі крутая мастачка. Яшчэ падабаецца Альгерд Малішэўскі, таксама шасцідзясятнік. Ранні Май Данцыг, Уладзімір Казакоў... Міхаіл Рагалевіч — беларускі Мадыльяні... Учора чытаў пра Кругера з вялікай цікавасцю. Альпяровіч, Станюта, Філіповіч, Драздовіч... Глядзіш, падсвядома ўсё праз сябе прапускаеш.

— Я ведаю, што зараз ты працуеш над вельмі сур’ёзным выданнем — хронікай падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны «За цябе, Беларусь!» да 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А паралельна для сябе што малюеш?

— Малюю сінюю пальчатку, знойдзеную на вуліцы ў эпоху ковіду. Ёсць ідэя — зрабіць гэткую «хроніку часоў ковіду» ў дэталях. Наступным намалюю мяшок, потым чаравікі, маску я ўжо намаляваў... Малюнкі спалучацца з вось гэтай карцінай, якая называецца «Кармушка», тут таксама сіні колер. Так што атрымаецца, па сутнасці, мой «малы сіні перыяд».

На стале ў Міхаіла Дайлідава ляжаў няскончаны малюнак з сіняй пальчаткай, на маніторы камп’ютара мігцеў эскіз вёрсткі новай кнігі «Мастацкай літаратуры», у куце выратаваны гаспадаром кабінета фікус пабліскваў цёмна-зялёным лісцем пад цьмянымі лямпамі... Жыццё занатоўвалася ў словах, рысах і колерах.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.