Вы тут

Усё пачынаецца з любві


Менавіта з гэтага пачуцця да кожнай травінкі і кветачкі, да сонца і зорак, да неба і зямлі, урэшце, да чалавека як часткі прыроды пачынаецца будучы мастак. Так гаворыць сваім вучням са сталічнай дзіцячай школы мастацтваў № 1 Святлана Раманава.


Сваім дэвізам Святлана зрабіла словы Альберта Энштэйна: «Ёсць толькі два спосабы пражыць жыццё. Першы — быццам цудаў не існуе. Другі — быццам вакол адны цуды». Цудам для маленькай дзяўчынкі з невялікай вёскі ў Чачэрскім раёне былі кветачкі і галінкі, што збірала па дарозе дадому яе маці-настаўніца, вясновая белая кіпень бабулінага саду... Светачка нават намагалася палятаць з яблыні, як адарваныя ветрам ружова-белыя пялёсткі. 

Яна дагэтуль памятае і балотныя кветкі лотаці, і сонейкі квітнеючага сланечніку, і горыч ягад каліны... І адлюстроўвае свае ўспаміны, як і цуды прыроды сённяшняй.

У дзяцінстве шмат малявала, а яшчэ пачала пісаць вершы. Калі прыйшоў час выбіраць вну, пайшла не ў мастацкую, а на факультэт журналістыкі, дзе няблага вучылі працаваць са словам. Далей жыццё прывяло яе спачатку ў рэдакцыю адной з газет, потым на аддзяленне мастацтвазнаўства Акадэміі мастацтваў... І, нарэшце, на факультэт эстэтычнага выхавання дзяржаўнага педуніверсітэта імя М. Танка, калі яна вырашыла перадаць дзецям свае веды па жывапісе.

«Люблю я вербалозы на лугах! / Старыя вербы й кусцікі-хмызы! / Вясновы іх салодка-млявы пах, / І шаўкавыя чоўнікі-лісты», — радкі з аднаго з паэтычных зборнікаў Раманавай. Дарэчы, вершы яна піша і сёння, трэцяя кніжка ўжо на падыходзе.

У творчым партфоліа Святлны з дзясятак персанальных выстаў жывапісу. У газетах і часопісах з’яўляюцца яе мастацтвазнаўчыя артыкулы, у Беларускім саюзе мастакоў яна сябра секцыі мастацтвазнаўцаў. А вось як прадстаўляюць майстра на вернісажах: «Лёгкасць і прастата сюжэтаў на палотнах знітоўваецца з глыбокай прапрацоўкай дэталяў і „пукатасцю“, жывасцю мастацкіх вобразаў. Кожная з работ напоўнена ўнутраным святлом, якое перадаецца гледачу, напаўняе яго цяплом, стварае ўтульнасць. Знаёмыя пейзажы, вобразы, якія адразу пазнаеш, сакавітыя, яркія фарбы і сонечны настрой, — усё гэта адлюстроўвае няўлоўны свет жыцця Святланы Раманавай». Дарэчы, мастачку называюць спявачкай прыгажосці роднага краю і малой радзімы, бо менавіта беларускія пейзажы, асабліва краявіды Гомельшчыны, сталі аб’ектамі яе палотнаў.

Святлана дзеліцца ўспамінамі: «Карма — маленькая вёска ў Чачэрскім раёне. Там я нарадзілася, там маленства прайшло. Мой райскі куток на Зямлі... 

Карма — мая Карма, мой лёс, / Нос-лязо і карма маёй лодкі жыццёвай. / Не перакульвайся, лодка, плыві…

На Гомельшчыне, на ўлонні Сожа і невялічкай Чачоры, прыемна сустракаць ранішнія промні і чырвоныя аблокі на захадзе...»

На развітанне пытаюся у мастачкі, ці прыйшоў нарэшце спакой: у мастацтве ёсць свая ніша, вершы пішуцца і выдаюцца, вучнёўскія работы ўхваляюць на конкурсах, урэшце ўнучка расце творцам... Раманава ўсміхаецца: «Не, я яшчэ не заспакоілася. Жыццё такое імклівае, хочацца паразмаўляць на мове паэзіі, мове жывапісу; няблага было б авалодаць яшчэ і моваю музыкі».

Лідзія ПЕРАСЫПКІНА

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.