Вы тут

Што беларус можа зрабіць для аховы прыроды?


Летась срэбраным прызёрам штогадовага конкурсу на найлепшага грамадскага эколага краіны, які ладзіць Мінпрыроды Беларусі, стаў малады аршанец Аляксей Масаловіч. Яго бурлівая дзейнасць, распачатая ў 2022 годзе, паслужыла добрай нагодай для гутаркі пра поспехі маладзёна на ніве прыродаахоўнай дзейнасці.


Грамадская праца пачалася для Аляксея з добраахвотніцтва ў якасці рупліўца ў галіне абыходжання з адходамі. Часам для гэтага дастаткова зірнуць у акно свайго двара і праявіць клопат, калі заўважаеш, што тваё найбліжэйшае асяроддзе ператвараюць у звалку. Як апавядае сам Аляксей Масаловіч, у адзін з летніх надвячоркаў ён убачыў, што хтосьці скідае будаўнічае смецце ў кар’ер проста пад яго вокнамі. Мясцовыя жыхары гэтую мясціну рэгулярна выкарыстоўваюць як трасу для спаборніцтваў па бегу, аўта- і мотакросе. Таму на наступны дзень будучы грамадскі эколаг распавёў пра ўбачанае начальніку Аршанскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

У хуткім часе ўдалося знайсці зачыншчыка самавольнай звалкі. З нагоды такога поспеху начальнік інспекцыі Андрэй Няфёдаў прапанаваў Аляксею атрымаць афіцыйны статус грамадскага эколага, каб мець большыя паўнамоцтвы ў зберажэнні прыроды ў ваколіцах свайго дома.

Статус грамадскага эколага ў Віцебскай вобласці маюць 155 чалавек, якія складаюць амаль траціну адпаведных асоб ва ўсёй Беларусі. У Аршанскім раёне — восем такіх добраахвотнікаў.

У новай ролі ўдалося здабыць багата інфармацыі пра ахову і захаванне прыроды — Андрэй Няфёдаў стаў сапраўдным настаўнікам. На думку Масаловіча, атрыманыя экалагічныя веды дазволілі яму пераканаць шырэйшае кола моладзі ў Оршы ў важнасці беражлівага стаўлення да прыроднага наваколля дзеля захавання яго багацця.

Галоўную ролю ў папулярызацыі аховы прыроды адыгрываюць рэгулярныя расповеды пра зробленыя справы ў раённых СМІ. А іх за пару гадоў набралася шмат. Найбольшым дасягненнем грамадскі эколаг лічыць аднаўленне адной з крыніц, якая сілкуе Дняпро — Адзінства. Пры гэтым ён заўважае, што адпаведныя помнікі прыроды замілоўваюць сваёй жыццядайнасцю і натхняюць на працяг дзейнасці ў галіне захавання мясцовай экасістэмы:

— Для мяне крыніца — гэта нешта ўнутрана духоўнае. У свой час, калі будавалі свой дом, цэнтральнага водаправода не было, і мы з бацькам увесь час бралі для піцця крынічную ваду. Лічу, што такая вада — аснова даўгалецця. Ёсць у планах аднаўленне яшчэ адной крыніцы, таму не спыняюся на дасягнутым.

У Аршанскім раёне знаходзіцца 18 крыніц, з якіх тры — у Оршы: Гразілаўка, Дняпроўская і Кацюша.

Асноўнай жа дзейнасцю маладога рупліўца пра навакольнае асяроддзе варта назваць правядзенне азелянення ў Оршы і яе ваколіцах. За пару гадоў паспеў узяць удзел у пасадцы чатырох алей: Пакаленняў, Памяці, Народнага адзінства і Грамадскіх аб’яднанняў. Іншай цікавай формай працы стала закладка двух паркаў сямейных дрэў у Оршы і Арэхаўску. Сельскія школы таксама атрымліваюць належную падтрымку, каб высадзіць сады пладовых дрэў. Апрача таго, малады чалавек выкарыстоўвае любую магчымасць, каб дапамагчы Аршанскаму лясгасу. Так, ён ладзіў фотаконкурс елак, якія прапаноўвалася ўпрыгожваць адразу ў лесе або парку без высякання.

Поспеху ў дзейнасці грамадскага эколага спрыяе педагагічная адукацыя, што дапамагае зносінам з маладымі людзьмі. Адным з праектаў, які зацікавіў юнакоў, стаў раённы квэст «Чысты горад», што прадугледжвае раздзельны збор смецця на берагах рэк Дняпро і Аршыца. Перад гэтым удзельнікі праходзяць анлайнтэст на тэму экалогіі. Самога ж арганізатара на распрацоўку такіх праектаў натхняе сын:

— Для сваіх дзяцей мы гатовы на многае. Хачу, каб у іх усё было самае лепшае. Калі ж мы зараз не захаваем і не перададзім досвед беражлівага стаўлення да прыроды, то, баюся, што спажывецкая натура чалавека можа загубіць планету. А хочацца пакінуць прыгажосць прыроды, бо ў Беларусі вельмі хораша.

Масаловіч адзначыў, што верыць у тое, што дачыненні чалавека і прыроды могуць грунтавацца на пошуку раўнавагі інтарэсаў, нават з улікам побытавых і гаспадарчых патрэб грамадства:

— Маё адчуванне, што заканамернасць зводзіцца да таго, што мы карыстаемся прыродай. Але варта сказаць, што затым мы аддаем ёй належнае. Бо нездарма адкрываем заказнікі, ствараем экасцежкі, праводзім зарыбленне вадаёмаў, павялічваем папуляцыю знікаючых прадстаўнікоў флоры і фаўны.

Уладзімір РУСАКОВІЧ

Фота з архіва Аляксея МАСАЛОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».