Вы тут

«Таму я зноў вяртаюся сюды, да родных ніў, да звонкай той крыніцы»


Беларусы спакон вякоў імкнуліся жыць у міры і згодзе, не квапіліся на чужое, застаючыся міралюбівым, працавітым, спагадлівым народам. Найдаражэйшым скарбам для нашых продкаў заставалася родная зямля, той лапік, дзе нарадзіўся, сталеў, мужнеў, набіраўся сіл, каб пасля ўзяць на сябе бярэмя клопатаў па гаспадарцы, стаць руплівымі, разумнымі, самаадданымі гаспадарамі, гаспадарнікамі, удзячнымі дзецьмі, якія не кідалі на волю лёсу сваіх бацькоў, не адракаліся спадчынных каранёў. Асаблівая, сакральная прывязанасць да роднай зямлі — у нашай генетычнай памяці, у нашай крыві. Так ужо сталася адвеку, што Радзіма для нас — гэта тая зямля, што ўзгадавала, бацькоўская хата, блізкія і дарагія людзі, мілыя і любыя сэрцу краявіды.


Маючы ўсе гэтыя каштоўнасці, пачуваеш сябе ў значнай ступені абароненым, больш упэўненым, угрунтаваным, стабільным. Гэта надае моц і сілу, прывівае адчуванне незалежнасці, годнасці, самапавагі, самадастатковасці. Менавіта глыбіннае, сакральнае пачуццё Радзімы складае падмурак нацыянальнай самасвядомасці, нацыянальнага пачуцця, умацоўвае спадчынныя карані, тую генетычную повязь-яднанне, што дазваляе напоўніцу пачувацца адзінай супольнасцю людзей — народам, нацыяй. Толькі яно, святое пачуццё Радзімы, дае адчуць трывалы грунт пад нагамі, тую аснову, на якой здаўна трымаецца жыццё, спаконвечнае адчуванне радзіннасці, адзінакрэўнасці, людскасці. І ў наш імклівы, вірлівы, прагматычны час так важна захаваць любоў і прыхільнасць да сваёй Бацькаўшчыны, роднай зямлі, мовы, традыцый, ушаноўваць памяць пра сваіх продкаў, берагчы сваю спадчыну. 

Малая радзіма — гэта яшчэ і веданне гісторыі менавіта гэтага кавалачка зямлі, яго паданняў, паходжання яго назваў, дасціпных і павучальных здарэнняў з удзелам тваіх землякоў, лёсаў гэтых людзей. З такога ведання нараджаецца гонар — яшчэ адзін надзвычай важны складнік любові да роднай зямлі. Без гэтага няма чалавека. Без гэтага нельга адчуць даастатку сваё сапраўднае зямное пакліканне, сваю прыналежнасць-далучанасць да таго шчымлівага, жыццядайнага, жыццяабярэжнага, што заключана ў слове Радзіма. 

Неабходнасць прывіваць любоў і замілаванне да сваёй радзімы, культываваць пачуццё патрыятызму сродкамі мастацкай літаратуры была і застаецца надзвычай надзённай і актуальнай заўсёды. Нельга лічыць па-сапраўднаму культурным і адукаваным чалавекам таго, хто не цікавіцца гісторыяй свайго краю, свайго роду, не шануе сваё роднае, нацыянальнае, духоўна не ўзбагачаецца, не імкнецца да гарманічных адносін з наваколлем. Выхаванне патрыятызму пачынаецца менавіта з любові да сваёй малой радзімы, да бацькоў, дзядуль і бабуль, братоў і сясцёр, з паважлівых адносін да сваіх настаўнікаў, сяброў, калег. А галоўнае — з усвядомленага адчування сябе жывой часцінкай свайго народа, свайго роду, з пачуцця гонару і адказнасці за дзень сённяшні і заўтрашні дзень, жадання зрабіць штосьці важнае, істотнае, знач¬нае для людзей, для таго краю, дзе пачалася твая сцяжына ў вялікі свет. 

Агульнавядома, што наша айчынная літаратура вылучаецца арганічнай, глыбіннай сувяззю з народнымі вытокамі, з прыродай, з жывымі праявамі рэчаіснасці. Асаблівую замілаванасць да свайго роднага кута, зялёных гоняў, шумнаспеўных гаёў і дубраў дэманструе беларуская паэзія, якая вызначаецца разнастайнасцю тэматыкі, багаццем зместу і яркасцю мастацкіх вобразаў. Наша паэзія, па прызнанні даследчыкаў літаратуры, — самая зямная, прыродная, жыццесцвярджальная. Бо людзі беларускага краю вядомыя сваёй шчырай любоўю і прыхільнасцю да дзедавых сядзіб, да родных «вербаў і бяроз». Яны здаўна імкнуліся жыць у гармоніі з прыродай, з яе цудадзейнай і самавітай красой, наталялі сваю душу водарам пахучых траў і пахам лугавых кветак. Вось чаму і я ў сваім вершы «Зямля мая» імкнуся як мага глыбей і паўней выказаць сваю замілаванасць роднымі краявідамі, з вялікай пачуццёвасцю прамаўляю шчырыя словы прызнання, наўпрост абагаўляю святы і непаўторны куточак зямлі: 

Зямля мая — мой звонкаспеўны край, 

Стятая жыватворная крыніца! 

Вяртаюся сюды, нібыта ў рай, 

Каб ля святых вытокаў памаліцца; 

Вачмі лугі аблашчыць і палі, 

Падлесак мой, 

што дружна ў рост пусціўся, 

Сцяжынкі тыя, што ў жыццё вялі, 

Каб не зблудзіў, са шляху каб не збіўся. 

..................... 

О краю мой — святляны, дарагі, 

Прытулак жыццяспеўны, жыццядайны! 

Ты лечыш ад самоты і тугі, 

Ад нематы і немачы адчайнай. 

Табе сыноўскі нізкі мой паклон, 

Табе мая бязмежная удзячнасць 

За несціханы ў сэрцы перазвон, 

Душой адчутую радзімы значнасць. 

Я веру, калі стане золка мне 

Ад ветру злога, сцюжы і завеі, — 

Мая зямля, бы маці, прыхіне 

І, як ніхто на свеце, зразумее. 

Таму я зноў вяртаюся сюды, 

Да родных ніў, да звонкай той крыніцы — 

Святой і жыватворнае вады, — 

Вячыстай прыгажосцю прычасціцца. 

Патрыятызм — адзін са складнікаў маральнага выхавання. Чалавек, у якім развіта пачуццё любові, спагадлівасці, які беражліва адносіцца да прыроды, да ўсяго жывога на зямлі, ніколі не зможа здзейсніць амаральны ўчынак, быць агрэсіўным, нецярплівым, бяздушным. Наадварот, ён не дасць у крыўду малодшага за сябе, не дасць прапасці птушцы ці любой жывой істоце, якая трапіла ў бяду, а будзе жыць у згодзе і ладзе з усім на зямлі. І ўсяму гэтаму вучыць літаратура, мастацкае слова, якое ў першую чаргу звернута да чалавека, да яго душы і сэрца, да людской памяці, сумленнасці. Літаратура вучыць дабру і праўдзе, вучыць быць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, нераўнадушнымі і неабыякавымі да ўсяго, што адбываецца ў жыцці. 

Як і кожнае сапраўднае, глыбіннае пачуццё, любоў да Радзімы патрабуе велізарных духоўных і фізічных высілкаў, унутранай працы душы, неймавернага самапаглыблення, самарэфлексіі, што ў выніку спрыяе раскрыццю самых шчырых, самых пранікнёных пачуццяў. І такое пачуццё ўласціва перадусім творцу — чалавеку тонкай, уражлівай, балючай і чулай душы. 

Мая Айчына! Беларусь мая! 

Прасветлы кут, навекі блаславёны! — 

Цябе сардэчна зноў вітаю я — 

Прачула, задушэўна, пранікнёна. 

Куды б мяне дарогі ні вялі, 

Не здраджвае ніколі адчуванне, 

Што тут, на гэтай любаснай зямлі, 

Прытулак мой, і лёс мой, і прызванне; 

................................................ 

О, Бацькаўшчына любая мая! 

Я твой гаючы водар удыхаю, 

І цешуся тваёй раскошай я, 

І кожнай жылкай у цябе ўрастаю. 

На вялікі жаль, у наш спажывецкі час любоў да Радзімы, нацыянальныя і агульначалавечыя каштоўнасці, якія культывуюцца здаўна нашымі продкамі, патрыятычныя пачуцці ўвогуле спакваля пачынаюць дэвальвавацца, пераходзіць у разрад другасных. А такога быць не павінна! Гэта вельмі небяспечная, пагражальная тэндэнцыя, з якой ніякім чынам нельга мірыцца, бо ў адваротным выпадку можа наступіць смерць духоўная, аняменне душы. Пазбаўлены магчымасці атрымліваць асалоду ад судакранання з каранёвым, спадчынным, чалавек можа страціць здольнасць быць арганічнай часцінкай вечнажывой прыроды. У родным — выратаванне, у родным — збавенне, у родным — крыніца ўзбагачэння духоўнай скарбніцы, духоўнай моцы. Як тут не прыгадаць словы Я. Коласа з паэмы «Новая зямля», дзе малітоўна гучыць услаўленне зямлі як вечнажывога дару, найкаштоўнейшага скарбу: 

Зямля не зменіць і не здрадзіць, 

Зямля паможа і дарадзіць, 

Зямля дасць волі, дасць і сілы, 

Зямля паслужыць да магілы, 

Зямля дзяцей тваіх не кіне, 

Зямля — аснова ўсёй айчыне. 

Урбанізаваны лад жыцця, безумоўна, мае свае перавагі, звязаныя найперш з уладкаваннем нашага побыту, з магчымасцю арганізаваць вакол сябе зручную, камфортную прастору, больш эфектыўна выкарыстоўваць час. З гэтым ніхто не спрачаецца. Вёска, на жаль, саступае гораду ў плане камфорту, узроўню і якасці жыцця. Але размова не пра тое. Вёска мае шмат іншых пераваг, якія тычацца душэўнага, эмацыянальнага пачування, шчаслівай магчымасці пазбыцца гарадской мітусні, непамыснага тлуму, мітрэнгі. Важна тое, што вясковае жыццё, жыццё на прыродзе настройвае на ціхамірны лад і згоду, на сумоўе душ, стымулюе жаданне палепшыць, акультурыць сваё родавае гняздо-цяпельца, засцерагчы яго ад запусцення. Іншымі словамі, зрабіць з яго маленькі райскі куточак, дзе б вольна і лёгка дыхалася, узнёсла марылася, спеўна працавалася. І — прыносіла радасць і задавальненне вачам і сэрцу. 

На ўлонні прыроды як нідзе абуджаецца прага тварыць, удыхаць жыццё ў кожны ссірацелы, ссамочаны лапік зямлі, спрыяць таму, каб кожная кветка, дрэўца, куст загаварылі любай і мілай сэрцу мовай. І калі кожны з нас прасякнецца гэтакім адчуваннем, гэтакім сыноўскім клопатам і ўвагай, наша родная Беларусь сапраўды ператворыцца ў квітнеючы сад, у найлепшы куточак на зямлі! 

Шмат хто з сучасных паэтаў — выхадцы з вясковага, сялянскага асяроддзя, з жытнёвага роду, продкі якіх звязалі свой лёс з зямлёю, з прыродай, з традыцыйным укладам жыцця. Вясковая стыхія сфарміравала іх светапогляд, іх духоўныя якасці, навучыла быць назіральнымі, дапытлівымі, эмацыянальна чулымі, тонкаадчувальнымі, суперажывальнымі. Вось чаму іх вершы ўвабралі ў сябе непаўторныя фарбы і гукі роднай зямлі, прыгажосць і непаўторнасць мілых сэрцу краявідаў, сфарміравалі па-сапраўднаму абагаўлёныя адносіны да ўсяго роднага, крэўнага, спаконвечнага. 

Ва ўсе часы беларусы шанавалі спадчыну продкаў, зберагалі родавую памяць, культывавалі беражлівае, замілаванае, ушанавальнае стаўленне да свайго роднага кута, сваіх першародных крыніц. Гэтая традыцыя аказалася выключна жыццястойкай. Падобныя адносіны абумоўлены як прыродна-ландшафтнымі, так і геапалітычнымі, гістарычнымі акалічнасцямі. Даволі часта нашым продкам выпадала перажываць пакручастыя, віхурыстыя часы, жыць і выжываць у неймаверна цяжкіх, невыносных умовах, многім ахвяраваць. Але, нягледзячы ні на што, яны цвёрда былі ўпэўнены ў адным: каб застацца, каб захаваць сябе, патрэбна трымацца сваіх каранёў, свайго радзінна-спадчыннага котлішча. Менавіта ў такія лёсавызначальныя часы, калі ўзнікала пагроза фізічнага знішчэння, анямення, шма¬кроць узрастала адчуванне духоўнай еднасці, супольнасці, чалавечай і нацыянальнай роднасці, зямляцтва. 

Адзінае, што можа аб’яднаць усіх нас, — гэта бязмежная, самаадданая любоў да роднай зямлі, сваёй малой радзімы, неадольнае жаданне ўславіць прыгажосць, хараство таго куточка, што пакінуў у сэрцы глыбокі след, захаваў удзячную памяць, прывіў пачуццё замілаванасці, зачараванасці, сыноўскай удзячнасці, навучыў беражліва, з пашанай ставіцца да звычаяў бацькоў і дзядоў, паважаць працу чалавека на зямлі. 

Паэт імкнецца засведчыць высокаграмадзянскае адчуванне адказнасці за сваю спадчыну, свой родавы куточак, усведамляе ні з чым не параўнаную гордасць за сваю радзіму, за яе таленавітых і самаадданых людзей, клапоціцца аб пераемнасці і працягу нацыянальных традыцый. Па-сапраўднаму адчуваеш сябе нашчадкам магутнага, непераможнага племені-роду, чытаючы тыя ж рамантычна-ўзнёслыя караткевічаўскія радкі: 

Дзе мой край? 

Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі, 

Што за поліўку носяць ярмо 

ў безнадзейнай турме, 

Дзе асілкі-хлапцы маладымі 

ўзрастаюць дубамі, 

А мужчыны як скалы — ударыш, 

і зломіцца меч. 

Вершы беларускіх паэтаў — ад класікаў да сучаснікаў — пераканаўча дэманструюць свой гуманістычны патэнцыял, жыццясцвярджальную скіраванасць. У іх жывая повязь з глыбінна нацыянальным, сакральным. У імя захавання агульнага, святога нацыянальнага цяпельца, што заклікана ўмацоўваць наш дух, нашу веру, наша сакраментальнае жаданне пачуваць сябе адзінакрэўцамі, братамі і сёстрамі, руплівымі будзіцелямі і годнымі спадкаемцамі славы сваіх бацькоў і дзядоў, каб быць беларусамі, каб не згубіць сябе ў свеце. 

Валерый МАКСІМОВІЧ

Фота Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.