Вы тут

Рэтраперспектыўны нумар часопіса «Маладосць»: што цікавага пачытаць?


Апошні ў мінулым годзе нумар «Маладосці» бачыцца рэтраспектыўным. Апавяданні Алесі Мялік, Ягора Жукоўскага, Алеся Дубоўскага і Алены Брава, «проза паэтаў» Казіміра Камейшы і Навума Гальпяровіча. Вершы Кацярыны Шчаснай, Кацярыны Стройлавай, Таццяны Абухоўскай і Змітрака Марозава. Для тых, хто чакаў, — завяршэнне публікацый з запісных кніжак Уладзіміра Караткевіча ў апрацоўцы Пятра Жаўняровіча ў «Знаках эпохі». Штрыхі да партрэтаў Міколы Купрэева і Рыгора Барадуліна — у «Люстэрку лёсу». Музейныя старонкі ад Міколы Труса прысвечаны пісьменніцкім віншаванням са святамі, архіўныя — Ігара Запрудскага — ілюстрацыям у часопісе «Маладняк», мясцовасці і постацям, якія з імі звязаны, а таксама дакументам з даўніны Мсціслава і ваколіц Міхала Несцяровіча. Алесь Карлюкевіч заснаваў свой матэрыял на прозе Віктара Шніпа, прасачыў у ёй выяўленне постаці пісьменніка і перакладчыка Пятра Бітэля. Ксенія Зарэцкая завітала на фестываль «Лістапад» і дзеліцца ўражаннямі аб кітайскіх кінастужках. Снежаньская «Маладосць» — своеасаблівае падвядзенне вынікаў, аб чым сведчыць грунтоўны спіс публікацый за 2023 год. Традыцыйна на старонках часопіса можна знайсці адказы аўтараў на пытанні.


Нараджаць вершы

У Кацярыны Шчаснай — зімовая нізка свабоднага нораву. «Прабач» гучыць гімнам упушчанаму імгненню, калі, на вялікі жаль, ужо адбыліся незваротныя змены. Кажуць, зімой у Сан-Паўлу ідуць сапраўдныя трапічныя навальніцы, але ніяк не скеміць, як жа на Каляды там пайшоў снег, а ці пайшоў менавіта там?

Сенсацыя — сто гадоў

Не было ў Бразіліі снегу!

Дзед сам сабе не паверыў,

Хацеў выгукнуць «Nossa!»,

Ды вырвалася простае,

Век знаёмае «Уга!».

Хто ты, дзед Антоніа? Чаму ж мроіцца табе беларуская зіма? 

Замыкае нізку верлібр аб нараджэнні вершаў. 

Кацярына Стройлава адлюстроўвае ў паэзіі самыя важныя для сябе каштоўнасці: Радзіма, маці, бацька, Бог. Светлыя і ўзнёслыя вершы, дзе ў знешняй прастаце адчуваецца глыбіня веры, праглядаюцца сюжэты з жывапісу ці сцісла і ёміста інтэрпрэтуецца подзвіг пастуха Давіда:

Войска ворагаў. Бой. 

                                  Волат злы Галiяф i Давiд.

Першы ў латах, з мячом, 

                                  у магутнай руцэ цяжкi шчыт.

Галiяф пацяшаецца. 

                                  Молiцца Богу хлапчук.

Ратаваць ён жадае народ 

                                   ад варожых злых рук.

Вось да бою сiгнал. Галiяф набiрае 

                                   разгон.

Хлопчык камень у прашчу паклаў, 

                                   раскруцiў прашчу... Стогн.

Пераможаны волат ля ног пераможцы

                                   ляжыць.

Бог святы дапамог, каб народ Яго 

                                   мiрна мог жыць.

Верш «Княжаводцы» Таццяна Абухоўская прысвячае жахлівым падзеям, якія адбываліся на радзіме паэтэсы, у Мастоўскім раёне, улетку 1943 года. 

Нізка Змітрака Марозава быццам супрацьпастаўляе смерці неўміручасць. Ад смерці нікуды не падзецца, усё мае канец, а за ім — боль страты, боль расстання, боль непапраўнага. Роспач. Мастак працягвае, падаўжае жыццё сваё, сваёй каханай, усяго дарагога, што яго атачае. Не даруючы лёсу, вядзе гаворку ў вершы «У вянок маёй незабыўнай Таццяне» з жанчынай, якой наканавана быць даўно ў іншым свеце: 

Раўнавала да музы. Казала:

«Як памрэш, я спалю твае вершы».

Не паспела...

На неба пайшла без мяне.

Боль мінуў...

Я б спаліў свае кніжкі

За адно — адзінае спатканне 

                         з табой.

Жывой...

Перспектыва мінулага

Проза распачынаецца творам Алесі Мялік «Шчаслівы год», у аснове сюжэту якога — шэраг здарэнняў у жыцці вясковай жанчыны Таццяны. Маладая пісьменніца выбудоўвае паслядоўнасць апавядання такім чынам, што фінал бачыцца ўзнагародай для лірычнай гераіні за яе страты. Але ці напраўду бачыццца шчаслівым такі час, дзе дарэмна пакутуе і заўчасна сыходзіць з гэтага свету родны чалавек?

«Суседзі, што калісьці жылі перад намі, ніколі не былі благімі. Яны былі з нейкімі асаблівасцямі, з нейкімі дзівацтвамі, але дрэннага нічога не рабілі». «Людзі, звяры, ваўкалакі» Ягора Жукоўскага — апавяданне, якое ад пачатку прымушае чакаць маштабную гісторыю, але мы бачым усё ж лакальную, тым не меней абагульненую. Што калі вы з вёскі (хаця, пэўна, можа быць і гарадскі двор)? Прыгадайце сваіх суседзяў! Ёсць такія нармальныя сярэднестатыстычныя жыхары (відаць, у іх шэрагах і вы самі), якія бадай фарміруюць цягам дзясяткаў і соцень гадоў пэўны лад на мясцовасці — тут і межы двароў і зямельных надзелаў, і традыцыі святаў, і гаспадарчы графік, і іншае... Абавязкова знойдзецца той, каго ўсе навокал лічаць мясцовай бясшкоднай звар’яцелай знакамітасцю. І той, ад чыйго імя прабягае халадок па спіне, з кім ніхто не хоча звязвацца...

«Нават нягледзячы на тое, што кожны раз Актор граў трагічную ролю, заўсёды перад спектаклем ён быў вясёлы». Алесь Дубоўскі разважае аб фартуне акцёраў, складанасцях у прафесійным станаўленні, як рамантызаваны знешні вобраз куміра гледачоў ператвараецца ў вобраз стомленага чалавека, які паступова губляе цікавасць да сваёй працы і сілы змагацца. У процівагу персанажу апавядальніка — маладога акцёра, які хутка выгарае, вымалёўваецца зусім іншы — дарослы, мудры, на першы погляд, заўжды натхнёны і поўны імпэту, дасведчаны. Аўтар задае пытанне, чаму ва ўзнёсласці і любові да справы сталы акцёр памірае.

«Хлеб — задумка чыста Божая, але ствараць і спажываць яго належыць чалавеку». У роздуме «Чорная скібка» Казіміра Камейшы — кругабег чалавечага існавання, традыцыйнага, найперш сялянскага, у повязі з вялікай каштоўнасцю, сімвалам жыцця, тытанічнай, карпатлівай, цярплівай працы — Хлебам. Паслядоўнасць стварэння яго (так, не нарыхтоўкі прадуктаў і іх прыгатавання) суправаджае чалавека, праходзіць з ім свой асаблівы цыкл. Аўтар дзеліцца сваімі ведамі аб тым, як даставалася «чорная скібка», аб прыладах працы ў яго сям’і і мясцовасці, якія дапамагалі хлебаробу, якімі значнымі былі, напрыклад, плуг: «А плуг укралі. Драмаў ён спакойна ў прысклепку, ды драмаў нядоўга. Глянулі аднойчы — а плуга няма. Плакала па ім мама, злаваліся мы з братам. Я нават верш напісаў пра гэта». Тэкст філасафічны, але падобны да белетрызаванага і глыбока асабістага этнаграфічага даведніка, напоўненага кранальнасцю і павагай да свайго мінулага. Аповед расквечваецца і дзякуючы засвоеным пісьменнікам з маленства народным песенькам, прыказкам, прымаўкам, а таксама фрагментам твораў мастацкай літаратуры яго паплечнікаў-паэтаў.

«Усё спраўдзілася — рукапісы і кнігі. І словы — гарачыя, жывыя. Яны па-ранейшаму нараджаюцца ў глыбіні яе сэрца. Хіба гэта не цуд?». Алена Брава апавядае пра тое, як праз перашкоды жанчына спраўджвае мары і дасягае таго, што з вышыні гадоў падаецца складаным і немагчымым. У адным з даўніх інтэрв’ю пісьменніцы (знойдзенага мною на старонках газеты «Звязда», прымеркаванага да выхаду першай кнігі «Каменданцкі час для ластавак», 2004) ёсць выказванне, што «не паспытаўшы ўсё «на ўласнай скуры», немагчыма напісаць рэч, якая б адпавядала жыццёвай праўдзе і эмацыянальна кранала чытача». Акурат, адкрываючы пакрысе чарговыя публікацыі Алены Брава, разумееш, што яны кранаюць — праз дэталі, апісанні пачуццяў, якія можна зафіксаваць такім дасканалым чынам, толькі пражыўшы.

«Імёны герояў гэтай аповесці могуць не супадаць з рэальнымі, але гэта праўдзівая гісторыя адной сябрыны». Так званую «Сагу юнацтва» Навума Гальпяровіча «Чырвоны мост» можна лічыць лагічным працягам празаічных твораў, што друкаваліся ў «Маладосці». Гэта аповесць, у якой прага еднасці, прага мець аднадумцаў, паплечнікаў, сапраўдных сяброў. У тэксце — пошук іх, знаходкі і аб’яднанне, і суіснаванне ў пэўным гамеастазе з усімі вартасцямі таго сяброўства — і з добрымі, і з дрэннымі, а потым — аддаленне і расстанне — страшнае, балючае, непапраўнае і незваротнае. Важнае праглядаецца ў творы: аўтар абсалютна не прыхарошвае ўласны вобраз — няёмкія здарэнні з мінулага, штосьці з таго, у чым ты не быў героем, у чым не стаў пераможцам, у чым ты хібіў, спрабаваў шмат разоў, павінен быў саступаць, быў безабаронны, але біўся як мог (ва ўсіх сэнсах). «Чырвоны мост» — пра неідэальнае рэальнае. 

Дакранацца да жыцця іншых

Публікацыя нататак з запісных кніжак Уладзіміра Караткевіча за 1971 год, апрацаваных і каментаваных даследчыкам Пятром Жаўняровічам, завяршаецца ў чарговых «Знаках эпохі» (пачатак — у папярэдніх двух нумарах). Гэтым разам размова ідзе аб паездцы пісьменніка ў экспедыцыю «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў Бешанковіцкі, Чашніцкі і Лепельскі раёны Віцебскай вобласці з Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. 

Бязмежна сардэчныя, прыватныя і цёплыя ўспаміны, штрыхі да партрэтаў Міколы Купрэева і Рыгора Барадуліна са слоў Уладзіміра Ягоўдзіка ў «Люстэрку лёсу». Маюцца і прафесійныя заўвагі пра адметнасці творчасці калег, напрыклад: «Паэзія Купрэева мяне ўразіла дзіцячай заварожанасцю жыццём і роднай прыродай, адметнай інтанацыяй, яго думкі і вобразы не ўкладваліся ў звыклыя ямбы і харэі», альбо пра нястомнае пачуццё гумару «дзядзькі Рыгора»: «Сам дзядзька быў нястомны жартаўнік і рагатун, ён валодаў чароўнай палачкай бенгальскага агню, адкуль сыпаліся то пякучыя іскрынкі, то калючыя ільдзінкі». Аўтар дзеліцца асабістымі ўражаннямі ад перасячэнняў з пісьменнікамі, асобных выпадкаў сустрэч, яны выклікаюць дзесьці ўсмешку, а дзесьці і сум. Такая захапляльная ў чытанні мемуарыстыка дазваляе паглядзець зусім іначай на звыклых і нібыта недасяжных класікаў са старонак біябібліяграфічных даведнікаў, Вікіпедыі, збораў твораў ці падручнікаў. І гэта няпроста — раскрываць падрабязнасці чужога жыцця ў кантэксце ўласнага. Далей пра асабістае — традыцыйныя музейныя знаходкі ад Міколы Труса з фонду старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Гэтым разам, паколькі нумар мяжы года, — віншавальныя. Напрыклад, паштоўкі Алеся Адамовіча да Леанілы і Галіны Гарэцкіх, ліст Васіля Быкава да Эдзі Агняцвет (маецца і ілюстрацыя), ці цэлы верш-прысвячэнне Максіма Лужаніна Кузьме Чорнаму, «каб акрыяў» (датаваны 1943 г., месца стварэння — Масква), вядучы рубрыкі пазначае, што «твор можа разлядацца як працяг бурлескна-травестыйных традыцый беларускіх паэм ХІХ ст. — «Энеіды навыварат» і «Тараса на Парнасе». 

Што прынёс «З архіваў» Ігар Запрудскі? У апошні нумар 2023 паспеў матэрыял «Няхай усе бачаць, якая пекная наша вёска...»: да 100-годдзя выдання часопіса «Маладняк». А заснаваны ён на ўражанні аўтара ад убачаных графічных ілюстрацый, змешчаных на старонках выдання яшчэ ў 1923 годзе, якія звязаны з «паўднёвым прысталіччам» — Сенніцай, Канючыцамі, Ігнацічамі. Матэрыял пра часопіс, пра аднаго з яго ілюстратараў — Паўла Макаравіча Гуткоўскага, пра тое, як названыя геаграфічныя пункты і іх насельнікі адзначыліся ў «Маладняку». Знаходкі з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Міхала Несцяровіча тычацца мінулага Мсціслаўшчыны і ваколіц. Два апублікаваныя з тлумачэннямі дакументы адносяцца да перыяду канца XVII — сярэдзіны XVIIІ стст. і апавядаюць перадачу маёмасці ў спадчыну. 

«Пабачыў, на якой паперы (на паперы ад мяхоў з-пад цэменту) пісаліся зялёнкай пераклады А. Міцкевіча». Літаратурна-крытычныя старонкі адведзены ў часопісе артыкулу Алеся Карлюкевіча, прысвечанаму выяўленню постаці паэта, празаіка, перакладчыка, краязнаўцы, святара Пятра Бітэля ў «дзённікавай прозе» пісьменніка і рэдактара Віктара Шніпа на матэрыялах кнігі «Трава бясконцасці» (2018). 

«Не дакрануцца нават. Падгледзець». Такую заўвагу робіць аглядальніца Ксенія Зарэцкая ў дачыненні да мастацтва. У прыватнасці да кінематографа. Гаворка ідзе аб кітайскіх кінастужках, прадстаўленых на фестывалі «Лістапад», «Цёмны лес» Цуй Чжэ і «Воін месяцовага святла» Інг Хонга (дарэчы згадаць, што апошняя атрымала прыз за найлепшую аператарскую работу ў Мінску). 

Кацярына ЦІМАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.