Вы тут

Пісьменнік і тэатр. Вечная тэма


Спярша крыху пра аўтараў двух дакументаў, якія знайшліся ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь і прысвечаны фактычна адной тэме — развіццю беларускага тэатра, стану зносін літаратараў Беларусі, пісьменнікаў, драматургаў. Напісаны яны, лічы, у адзін час. Дакладная запіска ад міністра культуры БССР Міхаіла Мінковіча прыйшла ў ЦК Кампартыі Беларусі 19 сакавіка 1968 года. Аўтар другога дакумента — «Даведка аб некаторых пытаннях стану беларускай драматургіі, музыкі і падрыхтоўкі кадраў» — намеснік міністра культуры БССР Юрый Міхневіч.


«Несцерка» Віталя Вольскага дагэтуль паспяхова ідзе на беларускай сцэне

Міхаіл Аляксандравіч Мінковіч (1914–1971) нарадзіўся ў вёсцы Кіраёва Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Закончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка ў 1935 годзе. 

З гэтага ж года працаваў выкладчыкам Мінскага ваеннага вучылішча. У 1936–1937 гады ў Чырвонай Арміі. З 1939 года — намеснік загадчыка аддзела студэнцкай моладзі, сакратар ЦК ЛКСМБ. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1944 года — старшыня Камітэта па радыёвяшчанні пры Саўнаркаме БССР. З 1946 года — старшыня Камітэта культасветустаноў Савета Міністраў БССР. У 1953–1956 гадах — першы сакратар Бягомльскага РК Кампартыі Беларусі. З кастрычніка 1956-га — намеснік, першы намеснік міністра, з красавіка 1964 года — міністр культуры БССР. Узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, іншымі ордэнамі і медалямі, у тым ліку — медалём «За адвагу». Кандыдат філалагічных навук. Тэма дысертацыі: «Развіццё культурна-асветніцкай работы ў БССР і яе асноўныя формы: па матэрыялах пасляваеннага перыяду». У 1967 годзе выдаў брашуру ў серыі «Матэрыял у дапамогу лектару» — «Росквіт сацыялістычнай культуры беларускага народа за гады Савецкай улады».

Юрый Міхайлавіч Міхневіч (1925–1998) нарадзіўся ў Мінску. У лютым 1943 года добраахвотна пайшоў у рады Чырвонай Арміі. Вайну скончыў на Эльбе ў раёне горада Магдэбург. Быў паранены. У 1951 годзе скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Быў на партыйнай рабоце. У 1955–1962 гады — намеснік дырэктара Мінскага індустрыяльнага тэхнікума працоўных рэзерваў, намеснік загадчыка аддзела культуры Мінскага гарвыканкама, намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Мінскага гаркама КПБ, начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама. У 1962–1966 гады — загадчык аддзела прапаганды і агітацыі Мінскага абкама КПБ. 

З 1966-га — намеснік міністра культуры БССР. З лістапада 1971 года — міністр культуры рэспублікі. На гэтай пасадзе — 17 (!) гадоў. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Чырвонай Зоркі. Многія дзеячы культуры ўспамінаюць Міхневіча і цяпер як найбольш яркага, дзейснага кіраўніка галіны, чалавека, які імкнуўся дапамагаць мастакам, музыкантам, тэатральным работнікам…

З дакладной запіскі Міхаіла Мінковіча: «Міністэрства культуры БССР звярнула ўвагу на тую абгрунтаваную заклапочанасць, якая была выказана ўдзельнікамі V з’езда пісьменнікаў Беларусі пры абмеркаванні праблем нацыянальнага рэпертуару, культуры сцэнічнай мовы ў тэатрах і канцэртна-эстрадных калектывах, а таксама рэкламы на беларускай мове. Мяркуючы, што ўсё гэта з’яўляецца адным з важных бакоў вытворчай дзейнасці, творчага працэсу ўстаноў мастацтва рэспулікі, Міністэрства культуры прыняло шэраг мер па далейшым узбагачэнні нацыянальнага тэатральна-канцэртнага рэпертуара і па другіх пытаннях нацыянальнай культуры і мовы».

Што ж зрабілі ў міністэрстве, каб выканаць задачу?.. У 1966–1967 гады былі праведзены Рэспубліканскі конкурс на найлепшую шматактную п’есу і Рэспубліканскі семінар драматургаў, п’есы якіх былі адзначаны ў час гэтага конкурсу. 

«...У выніку, — чытаем у запісцы міністра, — тэатры рэспублікі атрымалі новыя творы беларускіх драматургаў, у тым ліку ўжо і паказаныя гледачу п’есы „Дзеці аднаго дома“ І. Шамякіна, „Першы ўрок“ К. Губарэвіча, а таксама „Антон на Галгофе“ А. Петрашкевіча, „Сын нарадзіўся“ Я. Рамановіча і шэраг іншых».

Падзеяй называе міністр пастаноўку ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры п’есы «мясцовага аўтара» Івана Ісачанкі «Мурын бор». Акрамя тэатра спектакль «Мурын бор» быў паказаны і на Беларускім тэлебачанні. Забытая творчая праца!.. І аўтар таксама малавядомы. Хіба што адно імя яго засталося ў гісторыі тэатра. Нават у шэрагах членаў Саюза пісьменнікаў няма Івана Ісачанкі... Не прынялі калегі-літаратары? Ці сам не пажадаў зліцца з «прафесійнай супольнасцю»?.. Журналіст і драматург Іван Ісачанка нарадзіўся ў вёсцы, якая дала назву яго фальклорна-этнаграфічнаму драматычнаму партрэту беларускага вясковага жыцця, — Мурын Бор Касцюковіцкага раёна, на Магілёўшчыне. Аўтар працаваў у газетах «Сталінскі прызыў» (Касцюковічы), «Советская Белоруссия» , «Палеская праўда» (Пінская вобласць), «Магілёўская праўда», дырэктарам Вендаражскай сярэдняй школы, у выдавецтве «Беларусь».

З запіскі М. Мінковіча: «... на гэты момант вядзецца падрыхтоўчая работа па стварэнні новых нацыянальных спектакляў: пра Рудабельскую рэспубліку і па творах Янкі Купалы (тэатр імя Янкі Купалы), па матывах рамана І. Мележа „Людзі на балоце“ (тэатр оперы і балета), „Месца дзеяння — Віцебск“ (тэатр імя Якуба Коласа) і шэрагу іншых».

Тагачасны міністр звяртае ўвагу на беларускі рэпертуар у праграмах Лекцыйнага бюро і эстрадных брыгад Белдзяржфілармоніі («Поруч з мэтавымі тэматычнымі праграмамі „Беларускія галасы“, „Вечар беларускай паэзіі“, „Цымбалы“ і інш.). У бягучым рэпертуары артыстаў прадстаўлена мноства твораў беларускай паэзіі і прозы — Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, П. Броўкі, К. Крапівы, М. Лынькова, П. Панчанкі, А. Вялюгіна, К. Кірэенкі, Н. Гілевіча, У. Корбана, М. Скрыпкі, Р. Барадуліна, Э. Валасевіча, С. Дзяргая. Актыўна прапагандуюць творы нацыянальнай класікі і сучаснай беларускай літаратуры артысты Белдзяржфілармоніі М. Шышкін, Г. Рыжкова, Г. Дзідэнка, Г. Бандарэўскі і З. Сысоева...»

У Белдзяржфілармоніі была сфарміравана спецыяльная канцэртная брыгада, якая ажыццявіла пастаноўку мэтавай тэатралізаванай эстраднай праграмы-рэвю «Лявоніха». Пашыраўся таксама нацыянальны рэпертуар выканаўцаў-вакалістаў. Размова — пра Дз. Зубрыча, А. Самарадава, Э. Міцуля, А. Цвятаеву, С. Машынскага, М. Селіванава... Цікавая адмеціна ў запісцы міністра: «У тэатрах рэспублікі, якія працуюць на беларускай мове, наладжваецца паўсядзённы кантроль за чысцінёй і культурай нацыянальнай сцэнічнай мовы. Ён ажыццяўляецца як у рэпетыцыйны перыяд, так і шляхам назірання за спектаклямі бягучага рэпертуара». І яшчэ: «Рэклама ў беларускіх тэатрах выконваецца на нацыянальнай мове, у Дзяржцырку — на рускай і беларускай, у Белдзяржфілармоніі — таксама на дзвюх мовах: рэкламныя шчыты — на беларускай, зборныя афішы — на рускай...»

Другі дакумент не меней цікавы. Цяпер ужо намеснік міністра — Юрый Міхневіч у «Даведцы аб некаторых пытаннях стану беларускай драматургіі, музыкі і падрыхтоўкі кадраў» разглядае здабыткі, здзяйсненні ажно з 1946 года па час напісання... Крыху болей як за два дзесяцігоддзі ў тэатрах Беларускай ССР было пастаўлена 115 новых арыгінальных п’ес беларускіх аўтараў. «...За гэты ж перыяд змешчана ў друку 104 творы, — піша Ю. Міхневіч. — На разгляд Упраўлення па справах мастацтваў паступіла больш за 300 твораў. Варта заўважыць, што творы прафесійных пісьменнікаў, як правіла, ставіліся на сцэнах тэатраў рэспублікі. Вялікі адсеў адбываўся за кошт твораў аўтараў непрафесійных. У пасляваенныя гады нашымі тэатрамі былі пастаўлены п’есы пісьменнікаў старэйшага пакалення — К. Крапівы („З народам“, „Спяваюць жаваранкі“, „Зацікаўленая асоба“), В. Вольскага („Несцерка“, „Машэка“), П. Глебкі („Святло з Усходу“), К. Чорнага („Ірынка“)». І далей: 

«У драматургію прыйшлі А. Макаёнак, К. Губарэвіч, А. Маўзон, І. Козел, А. Дзялендзік. Шэраг п’ес напісаны пісьменнікамі В. Палескім („Песня нашых сэрцаў“, „Калі зацвітаюць кветкі“), А. Кучарам („Гэта было ў Мінску“), В. Віткам („Шчасце паэта“), П. Данілавым („Лявоніха“), І. Шамякіным („Не верце цішыні“, „Крыніцы“, „Сэрца на далоні“), А. Вольскім і П. Макалём („За лясамі дрымучымі“), А. Звонакам („Навальніца будзе“), І. Тарасавым („Гэта было ў Магілёве“) і інш. 

Многія з гэтых твораў з’явіліся значным этапам у развіцці беларускай нацыянальнай драматургіі». Складваецца ўражанне, што літаральна ўвесь Саюз пісьменнікаў, усе празаікі, якія працавалі і ў жанрах рамана і аповесці, пісалі і п’есы... 

З сённяшнім часам, калі ідзе пошук беларускай п’есы для беларускага тэатра, не параўнаць!.. З даведкі Ю. Міхневіча: «Беларускія драматургі ўнеслі значны ўклад у развіццё савецкай драматургіі ўвогуле. Творы нашых аўтараў шырока ставіліся за межамі рэспублікі. Найболей часта паказвалі гледачам:

„Спяваюць жаваранкі“ К. Крапівы (РСФСР, УССР, Літоўская, Латвійская і Эстонская ССР, Грузінская ССР);

„Выбачайце, калі ласка“ А. Макаёнка (РСФСР, УССР, Літоўская, Латвійская, Эстонская ССР, Казахская, Кіргізская, Узбекская ССР, Грузінская ССР);

„Лявоніха на арбіце“ А. Макаёнка (РСФСР, УССР, Армянская ССР, Таджыкская, Туркменская ССР, Малдаўская ССР, Літоўская, Латвійская ССР);

„Выклік багам“ — А. Дзялендзіка (РСФСР, УССР, Грузінская, Армянская ССР, Туркменская, Узбекская і Казахская ССР).

П’еса „Лявоніха на арбіце“ А. Макаёнка была пастаўлена ў 170 тэатрах. П’еса „Выклік багам“ — А. Дзялендзіка — у 85. 

У 1967 годзе па колькасці спектакляў, паказаных гледачам, яна заняла другое месца па Саюзе».

«Алазанскую даліну» Кастуся Губарэвіча нават у Аргенціне паставілі…

Юрый Міхневіч нагадвае, што спектаклі па п’есах беларускіх аўтараў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР: «Несцерка» Віталя Вольскага (тэатр імя Якуба Коласа); «Канстанцін Заслонаў» Аркадзя Маўзона (акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), «Спяваюць жаваранкі» Кандрата Крапівы (акадэмічны тэатр імя Я. Купалы). Дзяржаўная прэмія БССР прысуджана спектаклю тэатра імя Я. Коласа «6-га ліпеня» М. Шатрова і стваральніку оперы «Алеся» Я. Цікоцкаму. Прэмія ЦК ВЛКСМ — спектаклю Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра імя ЛКСМБ «Брэсцкая крэпасць» Кастуся Губарэвіча. Высокія адзнакі — яшчэ адна характарыстыка росквіту, паспяховых здзяйсненняў драматургаў і тэатральных калектываў. Гісторыя нагадвае нам пра тое, што, відавочна, гэтым здабыткам спрыяла сістэмная ўвага да тэатральнай справы і з пункту гледжання працы з аўтарамі. Намеснік міністра адзначае, што «варта заўважыць актывізацыю дзейнасці беларускіх аўтараў, а таксама павышэнне ўвагі тэатраў да твораў нацыянальнай драматургіі. На сцэнах тэатраў значна павялічылася колькасць беларускіх прэм’ер. Калі з 1962 па 1966 гады тэатры ў сярэднім выпускалі 4 беларускіх спектаклі, то ў 1967 годзе іх было 11, а ў 1968 годзе — 18. Зараз у бягучым рэпертуары тэатраў маецца 34 п’есы беларускіх драматургаў, што складае 26 працэнтаў усяго рэпертуара тэатраў...» 

«<...> Адной з выразных асаблівасцяў апошніх гадоў у галіне драматургіі з’яўляецца прыцягненне да гэтага жанру дзеячаў першага атрада беларускай літаратуры — буйнейшых беларускіх празаікаў і паэтаў. Створаны шэраг п’ес на матэрыяле лепшых раманаў І. Мележа („Людзі на балоце“), І. Шамякіна („Сэрца на далоні“), А. Адамовіча („Вайна пад стрэхамі“), С. Грахоўскага („Рудабельская рэспубліка“) і інш....» 

І далей: «У апошнія два гады праца тэатраў ішла пад лозунгам падрыхтоўкі да 50-годдзя БССР і Кампартыі Беларусі. Асноўную ўвагу калектывы надавалі ідэялагічнай скіраванасці рэпертуара, стварэнню яскравых, высокамастацкіх пастановак. Поруч з другімі мерапрыемствамі, у рэспубліцы быў праведзены агляд спектакляў. Кожны тэатр падрыхтаваў да агляду новы спектакль па п’есе беларускага драматурга...»

У міністэрстве шукалі шляхі, за кошт якіх можна было б ажывіць, яшчэ больш пашырыць удзел пісьменнікаў рэспублікі ў тэатральнай справе... «Зрухі, якія абазначыліся ў галіне актывізацыі працы па стварэнні беларускага нацыянальнага рэпертуара стымулююцца і зараз. 

У рэпертуар тэатраў на 1969 год уключаны новы балет „Сон на кургане“ (лібрэта А. Вярцінскага па паэме Я. Купалы), новая п’еса А. Маўзона <...> п’еса І. Шамякіна „Снежныя зімы“ (па матывах аднайменнага рамана), „Палёт“ У. Мехава. Заключаны дамовы з драматургамі А. Макаёнкам, В. Зубам, А. Петрашкевічам. Плануецца правядзенне конкурса на найлепшую п’есу, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння У. І. Леніна. Праводзяцца індывідуальныя сумоўі з аўтарамі аб іх планах па стварэнні новых п’ес. Будзе арганізаваны ў другой палове 1969 года семінар драматургаў рэспублікі...»

Два дакументы, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, у некаторай ступені прыадкрылі нам механізмы, якія, магчыма, і сёння не лішнім было б улічыць дзеля развіцця нацыянальнай тэатральнай, драматургічнай, ды і ўвогуле культурнай, асветніцкай справы…

Кастусь ЛЕШНІЦА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Фота kolastheatre.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.