Вы тут

Святлана Сідарава: Навука — гэта цікава і сучасна


«Кожны з нас сам вырашае, як пражыве гэтае жыццё. Хтосьці малюе на белым аркушы чорным алоўкам, а хтосьці — яркімі фламастарамі», — упэўнена наша гераіня. Свой шлях у прафесію яна абрала яшчэ ў дзяцінстве і не згодная з меркаваннем, што гісторыя — неперспектыўная галіна. Дзяўчына ўпэўнена: гэты прадмет можа стаць цікавым для кожнага. Напярэдадні Дня беларускай навукі мы сустрэліся з маладой даследчыцай, кандыдатам гістарычных навук Святланай Сідаравай і пагутарылі пра яе шлях у навуку, даведаліся пра асаблівасці яе прафесіі, пра тое, як мара аб выданні кнігі можа стаць рэальнай.


Аўтар са сваёй першай кнігай «Гісторыя электрасувязі Беларусі»

«Думала — толькі хобі»

Прага да спазнання новага з’явілася ў нашай гераіні ў школе. Паглядзеўшы фільм «Клеапатра» з Элізабэт Тэйлар, Святлана загарэлася вывучэннем гісторыі Старажытнага Егіпта і Антычнасці.

— Гэты перыяд мяне вельмі зацікавіў. 

Я прачытала ўсе кнігі па тэме ў дзіцячай бібліятэцы майго маленькага гарадка (смяецца). Потым прыйшлося прасіць маці дазволіць па яе абанеменце хадзіць у дарослую бібліятэку, — успамінае суразмоўніца. — Пасля захапленне дапамагала на алімпіядах па гісторыі. Я, на маё здзіўленне, займала на іх прызавыя месцы. Хоць раней думала, што гісторыя — толькі хобі — і не стане той дысцыплінай, якая прынясе мне перамогі ў школе. З часам паставіла сабе мэту паступіць ва ўніверсітэт, таму ведала дакладна, над чым трэба працаваць.

Дзяўчына марыла, што ў альма-матар знойдзе аднадумцаў, бо гісторыяй у двух паралельных класах цікавілася толькі яна.

— Усе ў асноўным здавалі матэматыку, фізіку, біялогію, а «гісторыкаў», блізкіх мне па духу, я не знаходзіла. Паступленне на гістарычны факультэт Віцебскага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава падарыла мне сяброў, з якімі мы маглі гадзінамі спрачацца, абмяркоўваць цікавыя для нас рэчы, — дзеліцца Святлана. — Не ўяўляла, што магу дзесьці яшчэ вучыцца, акрамя гістарычнага факультэта. Праўда, было жаданне паступаць на тэле-, аўдыяжурналістыку, але Мінск здаваўся далёкім горадам, ды і матулі было спакайней, што вучуся недалёка ад роднага дома.

Падчас вучобы Святлана паспявала ўдзельнічаць у грамадскім жыцці ўніверсітэта і факультэта, актыўна займалася творчасцю, хадзіла ў «зорныя» паходы па мясцінах баявой славы П. М. Машэрава. ...Пяць гадоў ва ўніверсітэце праляцелі як адзін дзень. Скончыла навучальную ўстанову з чырвоным дыпломам.

— Дзякуючы сваёй зацікаўленасці гістарычнай літаратурай, я магла фантазіраваць, распавядаючы пра іншыя гарады, цывілізацыі, стварала свае старажытныя светы, са сваімі парадкамі, уплятаючы прыдуманых герояў у рэальнае жыццё, — успамінае яна.

У дзяцінстве марыла напісаць кнігу. Маці падтрымлівала дачку і купляла ёй агульныя сшыткі з прыгожымі вокладкамі. У іх дзяўчынка занатоўвала свае вершы і апавяданні. Напісаным рэдка дзялілася, аднак былі выпадкі, калі аднакласнікі, прачытаўшы тыя радкі, патрабавалі працягу. Цяпер гэтыя сшыткі беражліва захоўвае ў хатнім архіве маці Святланы, Таццяна Сямёнаўна. Любоў да літаратуры дапамагала ўмела ператвараць думкі ў сказы, занатоўваць іх на паперы, пісаць сачыненні, прыгожа будаваць сваё маўленне. І таму школьніца без праблем магла гаварыць на публіцы на любую прапанаваную тэму.

«Гісторыкі — гэта найперш даследчыкі»

Кожная прафесія патрабуе ад чалавека пэўных якасцяў, якія, на думку гісторыка, фарміруюцца падчас атрымання адукацыі. Але немалую ролю ў станаўленні прафесіянала іграе характар.

— Мая зацікаўленасць гісторыяй была адразу бачнай. Я ніколі не шкадавала часу на пошукі кнігі ці нейкай інфамацыі. Выбіраючы паміж дыскатэкай і кнігай, аддавала перавагу чытанню, паколькі ведала, што ад такога занятку атрымаю больш задавальнення, — кажа Святлана. — Для гісторыка дапытлівасць, цікаўнасць, настойлівасць — галоўныя рысы натуры, бо ён найперш даследчык. Калі яму не ўдаецца знайсці нешта з першага разу, то характар усё роўна штурхае на пошук новага. Для чалавека нашай прафесіі важна не проста шукаць, аналізаваць інфармацыю, закрываючы белыя плямы ў гісторыі, а яшчэ і ўмець данесці факты проста і зразумела.

Святлана ўдзячная сваёй маці, што яна ніколі не дыктавала дачцэ, што рабіць, не спрачалася з яе рашэннем. Нягледзячы на свой юны ўзрост, дзяўчына ведала, чаго хоча і што для гэтага трэба рабіць. Многія, у тым ліку і аднагодкі, з насцярожанасцю ставіліся да яе выбару. Лічылі Святлану недальнабачным чалавекам і не разумелі, навошта столькі гадоў яна аддае на атрыманне прафесіі даследчыка. Спачатку дзяўчына тлумачыла, у чым прычына працяглага атрымання адукацыі, навошта пяць гадоў вучылася, затым у магістратуру і ў аспірантуру пайшла, а потым ужо проста аджартоўвалася і маўчала пра свае планы.

— Выбар быў невыпадковы, бо я ведала, на што падпісваюся. Справа была не ў грошах і не ў прэстыжнасці прафесіі. Гэта было тое, да чаго ляжала душа, — кажа даследчык.

«Камфортна працаваць з дарослай аўдыторыяй»

У студэнцкія гады Святлане хацелася хутчэй пачаць на практыцы прымяняць свае веды, каб зарабляць грошы на любімыя падарожжы.

— У мяне ёсць вопыт работы ў школе, у аздараўленчым летніку, у дзіцячым садку, і, натуральна, гэта ўсё накладае свой адбітак. Паступова адчула, што мне камфортна працаваць з дарослай аўдыторыяй, бо люблю, калі ідуць дыскусіі на занятках, калі студэнты абменьваюцца думкамі, ёсць зваротная рэакцыя і можна дзяліцца сваімі ўражаннямі аб прачытанай гістарычнай кнізе ці прагледжаным фільме, — разважае яна.

Назаўсёды застанецца ў памяці суразмоўніцы яе першае месца працы — Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, тады гэта быў каледж сувязі — там малады спецыяліст набыла вопыт працы ў асяродку высакакласных спецыялістаў.

— Гэта дало новы досвед адносін з калегамі-практыкамі, — згадвае яна. — У каледжы ладзілася мноства мерапрыемстваў. Менавіта там я знутры ўбачыла братэрства і згуртаванасць сувязістаў, зразумела ўнікальнасць сферы індустрыі сувязі.

Работа ва ўстанове адукацыі, дзе вучацца студэнты з матэматычным складам розуму, прымусіла мяняцца саму Святлану. Гэты вопыт навучыў гісторыка расказваць проста аб складаных рэчах. Тлумачыць нешта так, каб разумелі з першага слова, каб у аўдыторыі заставаўся ў памяці не проста набор сухіх фактаў, прозвішчаў, а з’яўлялася разуменне прычыны той ці іншай гістарычнай падзеі. 

У той жа час для педагога важна, каб студэнт павышаў свой узровень ведаў па прадмеце. Каб пасля заняткаў выходзіў напоўнены, каб вярнуўшыся дадому, мог з цікавасцю расказаць бацькам пра тое, аб чым даведаўся. Наша суразмоўніца ўпэўнена, што добры прыклад натхняе, таму яна працуе са студэнтамі не толькі падчас лекцый.

— Мае студэнты актыўна ўдзельнічаюць у навуковых канферэнцыях, займаюць першыя месцы на міжнародных конкурсах і алімпіядах, — кажа выкладчыца. — Хачу на сваім прыкладзе паказаць, што навука — гэта цікава і сучасна. Што дзякуючы навуковай дзейнасці можна знаёміцца, вандраваць, атрымліваць бясцэннны досвед.

Святлана з матуляй Таццянай Сямёнаўнай

Дзяўчына не збіраецца стаяць на месцы і плануе не толькі працягваць працаваць над прыярытэтнай тэмай гісторыі электрасувязі, але і даследаваць новыя тэмы.

— Ці будзе прафесія гісторыка запатрабаванай у будучыні?

— Думаю, што гісторыкі будуць актуальнымі заўсёды. Пакуль жыве чалавек, пакуль пішацца гісторыя чалавецтва, заўсёды спатрэбяцца такія спецыялісты, — упэўнена даследчыца.

«Разумею, чаму вучні часта падобныя на сваіх настаўнікаў»

— У пэўны момант зразумела, што хачу працягваць займацца навукай і павысіць сваю кваліфікацыю, — расказвае Святлана. — Добрым варыянтам было паступленне ў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Маім навуковым кіраўніком стаў Аляксандр Генадзьевіч Каханоўскі. Вучні часта падобныя на сваіх настаўнікаў, бо арыентуюцца на іх і бяруць самае лепшае.

З моманту паступлення ў аспірантуру і да яе заканчэння навуковае светаўспрыманне будучага кандыдата навук вельмі моцна памянялася. Святлана ўдзячна БДУ і кафедры гісторыі Беларусі новага і навейшага часу за калектыў моцных выкладчыкаў, якія дапамаглі не проста асвоіцца ў новым для яе ўніверсітэце, але і далі магчымасць выйсці на абарону, атрымаць дыплом кандыдата навук, сталі для яе правадырамі ў свет навукі. Летась у Святланы выйшла яе першая кніга «Гісторыя электрасувязі Беларусі».

— Пра неабходнасць напісання падобнай кнігі пачала думаць адразу пасля абароны дысертацыі, — тлумачыць Святлана. — Айчыннага выдання такога роду не хапала. Разумела, што будуць пэўныя складанасці, бо хацелася, каб выйшла сапраўды годная кніга. Таму звярнулася ў РУП «Белтэлекам». Аказалася, генеральны дырэктар «Белтэлекама» Юрый Мікалаевіч Петручэня і калектыў арганізацыі якраз пачалі працу над падрыхтоўкай кнігі. Мне прапанавалі стаць аўтарам.

Згадвае, што бачанне сутнасці выдання ў іх супаў, і яна чарговы раз упэўнілася, што і цяпер, у эру інтэрнэту, гісторыя ў папяровым варыянце можа быць цікавая:

— Калі ўзялася за напісанне кнігі, гэта быў выхад з зоны камфорту, бо мне трэба было выйсці за межы часавага перыяду дысертацыйных даследаванняў.

Па словах Святланы, каштоўнасць кнігі ў тым, што гэта не перадрукоўка пэўных існуючых фактаў і ведаў, а першае комплекснае навукова-папулярнае выданне, якое паказвае перыяд з моманту зараджэння, развіцця тэлеграфа і тэлефона ў Беларусі да сёння. У выданні сабраны раней неапублікаваныя факты, дакументы і фотаздымкі, якія доўгі час захоўваліся ў архівах, музеях і прыватных калекцыях. Таксама ў працэсе работы былі алічбаваны і захаваны рукапісныя ўспаміны ветэранаў-сувязістаў, знойдзены аўдыя- і відэадакументы.

Бачыць вынік сваёй працы

— А як вы адпачываеце, дзе бераце натхненне для новых ідэй?

— Мне падабаецца бываць у Нацыянальнай бібліятэцы, там ціха і спакойна, заўсёды ёсць доступ да кніг, недалёка знаходзіцца архіў. Люблю адпачываць у Мінску, асабліва летам, калі ўсё квітнее. Магу проста гуляць па сталіцы альбо сесці на лаўцы ў цэнтры горада ці на тэрасе ў кавярні і глядзець на мінакоў. Дома баўлю час з любімымі кнігамі, у адзіноце і цішыні, бо гэта дазваляе падумаць, памарыць і прыйсці да новых ідэй.

— Святлана, а што вас радуе ў прафесіі?

— Навукоўцу прыемна бачыць вынік сваёй працы: надрукаваны артыкул у часопісе альбо зборніку, перамогу сваіх студэнтаў у навуковым конкурсе, трымаць у руках сваю кнігу. А яшчэ ў нашай дзейнасці ўсё ж такі вялікае значэнне мае прызнанне як прафесіянала.

— У завяршэнне нашай размовы што вы параілі б маладым людзям, якія таксама, як і вы, мараць звязаць жыццё з навукай?

— Мы ўсе мастакі свайго жыцця, і кожны сам прымае рашэнне, як гэтае жыццё пражыве. Лічу, што не трэба ніколі апускаць рукі, а, наадварот, заўсёды дасягаць пастаўленых мэт, ператвараць мары ў рэальнасць, каб потым не шкадаваць. Спрабуйце, не бойцеся рызыкнуць, бо паспрабаваць лепш, чым не зрабіць гэтага. Не бойцеся ставіць нерэальныя мэты, таму што яны нерэальнымі бачацца на адлегласці. Як толькі пачынаеш нешта рабіць, пакрыху ісці да сваёй мэты, у выніку абавязкова дасягнеш жаданага.

Апытанка

Без чаго не ўяўляеце сваёй раніцы?

— Без кавы з малаком і карыцай.

Любімая пара года і месяц…

— Лета, май.

Кінафільм?

— «Прыручэнне свавольнага», «У джазе толькі дзяўчаты», «Дзяўчаты» і многія іншыя цудоўныя старыя фільмы.

Ваша любімае месца ў Мінску?

— Любыя пешаходныя вулачкі.

Апошняя кніга, якую прачыталі?

— Кніга Стывена Кінга «Бура стагоддзя».

Тры якасці, якія больш за ўсё цэніце ў чалавеку?

— Інтэлект, прыстойнасць і пачуццё гумару.

Ваш ідэальны адпачынак?

— Вандроўка і абавязкова парачка экскурсій.

Тры любімыя славутасці Беларусі?

— Касцёл у Гервятах, Нясвіжскі замак і Спаса-Ефрасіннеўскі сабор у Полацку.

Быць выкладчыкам — значыць…

— Пастаянна вучыцца самому.

Надзея ЗУЕВА

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.