Вы тут

Як адбылася прэзентацыя другой выставы цыкла


Другая выстава цыкла «Зара вызвалення займаецца над Беларуссю», прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.


У кальцавым калідоры трэцяга паверха паступова пачынае выбудоўвацца паўнацэнная дакументальная хроніка вызвалення Беларусі. Другая выстаўка прадстаўляе падзеі са студзеня па сакавік 1944 г. Тут сабраны факты аб Калінкавіцка-Мазырскай і Рагачоўска-Жлобінскай наступальных аперацыях Беларускага фронту, вынікам якіх стала вызваленне 2 з 10 абласных гарадоў і 36 са 188 раённых цэнтраў, што прыкладна складае 1/5 частку тэрыторыі Беларусі. 

На мерапрыемстве прысутнічалі гісторыкі, журналісты, пісьменнікі, музейшчыкі і нават акцёры.

— Студзень — гэта асаблівы час. Роўна 80 гадоў таму ён пачынаўся з вялікіх чаканняў. Чаканняў хуткай перамогі, чаканняў вызвалення нашай краіны, — так пачаў свой выступ на мерапрыемстве генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін.Таксама ён дадаў, што тая гадзіна і тыя падзеі ніколі не забудуцца.

— Цяпер таксама непадалёк адбываюцца баявыя дзеянні. Гэта страшна, — адзначыў Вадзім Гігін, — Але разам з тым на фоне гэтай трагедыі Вялікая Айчыная вайна не адыходзіць на другі план. Наадварот, яна застаецца вельмі важным для нас успамінам.

На адкрыцці выставы былі прадстаўлены ўнікальныя дакументы: арыгіналы газет і ўлёткі таго часу. Дырэктар Нацархіва Андрэй Дземянюк падкрэсліў, што важна не проста захаваць для сучаснікаў і будучых пакаленняў гэтыя дакументы, але і паказваць іх.

— На выставе прадстаўлена толькі маленькая частка дакументаў аб баявых дзеяннях, партызанскіх фарміраваннях, дакументаў, якія сведчаць аб генацыдзе беларускага народа, — дадаў ён.

На мерапрыемстве таксама прысутнічаў чалавек, які каля 40 год прысвяціў вывучэнню гісторыі тых дзён. Размова ідзе аб загадчыку цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН доктары гістарычных навук Аляксеі Літвіне, які зараз займаецца навуковым суправаджэннем крымінальнай справы, узбуджанай Генпракуратурай, па фактах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Падзеі Вялікай Айчыннай вайны кожны беларус успрымае асабліва блізка. Асабіста для мяне гэтая справа жыцця, — адзначыў ён, — Мы паднялі такую масу, тысячы дакументаў, якія ляжалі ў архівах і якія, на жаль, доўгі час былі засакрэчаныя. Тысячы дакументаў вярнуліся ў Беларусь з тых архіваў, якія знаходзяцца ў Расіі.

Таксама на адкрыцці выставы адбылася прэзентацыя двух унікальных выданняў рэдактара аддзела культурнага жыцця газеты «Гомельскія ведамасці» Дзмітрыя Чарняўскага, прысвечаных памяці герояў-вызваліцеляў Беларусі. Першая пад назвай «Баявыя дарогі Рыгора Ільіна, ці 300 дзён на Захад» — гэта мастацкі твор, па якім можна літаральна за адзін вечар атрымаць яскравае ўяўленне пра тое, як адбывалася вызваленне Беларусі ад Камарына да Брэста. З гэтай кнігай звязана цікавая гісторыя. Першапачаткова вобраз галоўнага героя быў зборным, а імя абсалютна выдуманым.

— Прозвішча «Ільін» было ў рамане Талстога «Вайна і мір», а імя Рыгор я ўзяў з «Ціхога Дона», — прызнаецца аўтар.

Але вось у размове адзін з франтавікоў згадаў у сваім аповедзе нейкага Яўгена Ільіна.

— Мяне зацікавіла тое, што ён быў аднафамільцам майго героя. Я вырашыў знайсці, кім быў у сапраўднасці гэты чалавек, — падзяліўся Дзмітрый Чарняўскі. — Знайшоў яго ўзнагародныя лісты. Так атрымалася, што ён і Ордэн Чырвонай зоркі атрымаў пад Бабруйскам, і ў фарсіраванні Сожа ўдзельнічаў у 1943 годзе. Атрымліваецца, што ён паўтарыў біяграфію абсалютна выдуманага героя, як быццам той ветэран, які даўно сышоў з жыцця, заявіў аб сабе праз маю кнігу.

Так і атрымалася, што на вокладцы мы бачым малюнак з фатаграфіі рэальнага чалавека Яўгена Ільіна, што надзяляе яе асаблівай каштоўнасцю.
Над другім выданнем «Вуснамі франтавікоў» аўтар працаваў ажно 10 гадоў. Яму дапамагала 70 фатографаў. Гэта фундаментальная журналісцкая праца, якая складаецца з партрэтаў ветэранаў і іх успамінаў.

Фінальным акордам мерапрыемства стала выступленне акцёраў Драматычнага тэатра Беларускай Арміі з урыўкам са спектакля «Ты памятаеш, Алёша...» па п’есе Аляксея Дударава.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.