Вы тут

Чалавек і рак: хто каго?


Злаякасныя наваўтварэнні, як і многія іншыя захворванні, вядомыя яшчэ са старажытных часоў. Самай старажытнай лічыцца пухліна, выяўленая ў шкілеце дыназаўра. Пры даследаванні мумій Старажытнага Егіпта ў адным выпадку былі выяўлены прыкметы раку яечнікаў, у іншым — злаякаснае паражэнне чэрапа.


 

Злаякасная пухліна — гэта аўтаномнае, аўтадынамічнае разрастанне тканак, якія нясуць у сваіх клетках стымул для разбуральнага або агрэсіўнага хаатычнага росту.

У прыродзе ўсе жывыя істоты складаюцца з клетак, якія з’яўляюцца, адпрацоўваюць належны ім тэрмін і паміраюць. У арганізме чалавека прысутнічае два механізмы іх гібелі. Апаптоз — генетычна запраграмаваная фізіялагічная гібель клетак, пры гэтым запаленне вакол клеткі адсутнічае. Гэта працэс знішчэння непатрэбных клеткавых груп у перыяд індывідуальнага развіцця, які суправаджаецца зморшчваннем і фрагментацыяй структуры ядра клеткі. Другі механізм гібелі клеткі — некроз, г.зн. паталагічная масавая гібель клетак, «смерць ад няшчаснага выпадку», і маюцца запаленчыя змены вакол ачагу некрозу. Некроз назіраецца пры вонкавых уздзеяннях у выглядзе рэзкага набракання або разбурэння клеткавых структур. Праява некрозу вызначаецца яго сутнасцю: «мясцовай смерцю» зон некрозу, важных для арганізма органаў чалавека — інфаркт, інсульт і інш. Такім чынам галоўнае адрозненне некрозу ад апаптоза ў тым, што апоптоз — праграмаваная гібель клеткі, а некроз — гэта паталагічны працэс, які запускаецца ў адказ на вонкавыя ці ўнутраныя ўздзеянні.

Але, на вялікі жаль, існуе яшчэ адзін шлях развіцця клетак, самы страшны і не заўсёды прадказальны. У кожнай жывой істоты ў арганізме перыядычна ўзнікаюць атыповыя клеткі, якія адрозніваюцца ад нармальных. Гэтыя клеткі заўважае імунная сістэма і знішчае іх. Але часам, па нейкіх прычынах такая клетка не гіне і тады ўзнікае пухліна, калі адна такая або некалькі клетак выходзяць з-пад кантролю арганізма і пачынаюць паскорана хаатычна дзяліцца і размнажацца. Пры гэтым ужо ні нервовая, ні эндакрынная, ні імунная сістэмы справіцца з такімі клеткамі не могуць.

Працэс выхаду клеткі з-пад кантролю арганізма называецца пухліннай трансфармацыяй. Ракавыя клеткі некантралюема дзеляцца, затрачваючы вялікую колькасць энергіі. У структуры пухліны могуць быць разнастайныя па будове клеткі. Яны губляюць частку прыкмет і становяцца падобнымі на зародкавыя клеткі. Гэтыя клеткі часам страчваюць здольнасць да цеснага счаплення з суседнімі клеткамі, могуць адлучацца ад іх і пераносіцца ў іншыя часткі цела і органы, даючы пачатак узнікненню і развіццю новых пухлін, г.зн. метастазіраваць.

Але ў большасці сваёй пухліны проста так не ўзнікаюць. Для з’яўлення пухліны неабходныя яшчэ ўнутраныя прычыны: генетычная схільнасць, пэўны стан імуннай сістэмы і знешнія фактары: механічныя, фізічныя, хімічныя, біялагічныя канцэрагены (рэчывы ад лацінскай назвы cancer — рак). Працэс ператварэння нармальных клетак у злаякасныя называецца канцэрагенэз. Калі чалавек нічога не робіць, то пухліна хутка разрастаецца, захоплівае іншыя органы і тканкі і прыводзіць да пакутлівай смерці.
Большасць пухлін 1-й і 2-й стадый выяўляецца на медыцынскіх аглядах

Такім чынам, рак гэта цяжкая хвароба, але ў цяперашні час яна вылечная ў 100 % выпадкаў у пацыентаў у 1-й і 2-й стадыях. Што да хворых у 3-й і 4-й стадыі, прагноз на жыццё ў іх практычна неспрыяльны. Ім можна часова дапамагчы толькі ў плане стабілізацыі ракавага працэсу на пэўны перыяд і палепшыць якасць жыцця.

Таму выйсце ў нас адно ў плане недапушчэння развіцця рака ў арганізме. Ён вельмі каварны і на пачатковых стадыях працякае бессімптомна, а выявіць яго ў ранніх стадыях магчыма, калі рэгулярна праходзіць прафілактычныя агляды ў медыцынскіх установах агульналячэбнай сеткі. І не трэба ўнушаць самому сабе ў першую чаргу, што нідзе не баліць, моцная загружанасць на працы і інш. Гэта проста банальныя адгаворкі, якія могуць прывесці да цяжкіх наступстваў (раку), калі сучасная медыцына ўжо не ў стане дапамагчы. Задумайцеся над гэтым сур’ёзна! А ўсяго толькі трэба зрабіць аналізы крыві на анкамаркеры, рэнтгенаграфію лёгкіх, УГД органаў брушнай поласці і забрушыннай прасторы, фібрагастраскапію (ФГДС) страўніка, калонаскапію тоўстага кішэчніка.

І калі ва ўрачоў, якія праводзяць абследаванне здаровых людзей на медыцынскіх аглядах, узнікаюць нейкія падазрэнні, то гэты чалавек трапляе ў так званую «групу рызыкі». Такія пацыенты надалей праходзяць дэталёвае абследаванне ў анкалагічных дыспансерах краіны. Дыягнастычныя магчымасці ў анкалагічных установах дазваляюць у цяперашні час выявіць перадпухлінны стан і пухліны малых памераў. Дарэчы, асноўная маса пухлін 1-й і 2-й стадыі выяўляецца менавіта пры медыцынскіх аглядах. Наш Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. Н.Н.Аляксандрава валодае суперсучаснымі дыягнастычнымі апаратамі для дыягностыкі раку і яго распаўсюджанасці па арганізме, што дазваляе ўстанавіць дыягназ у самых складаных выпадках.

У цэнтры распрацаваны і прымяняюцца унікальныя метады лячэння, якія не маюць аналагаў у краінах СНД і свеце. Што да лячэбнай базы для правядзення комплекснай і камбінаванай тэрапіі, у структуры цэнтра ёсць 4 аддзяленні прамянёвай тэрапіі, 3 аддзяленні хіміятэрапіі і 11 хірургічных аддзяленняў.

РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава займае адно з вядучых месцаў у краінах СНД, а па некаторых пазіцыях — і ў свеце. Як следства, на базе нашага Цэнтра праходзяць стажыроўку ўрачы з краін СНД (Расія, Казахстан, Узбекістан, Азербайджан, Кыргызстан) і краін Блізкага Усходу. Аб папулярнасці Цэнтра сведчыць і той факт, што на лячэнне да нас едзе вялікая колькасць пацыентаў як з блізкага, так і далёкага замежжа. Лічу, што нашым грамадзянам, маючы ў сваёй краіне ўнікальную магчымасць лячыцца на ўзроўні сусветных стандартаў, бессэнсоўна ехаць лячыцца за мяжу, гэта пустая трата грошай.

Мы, медыкі, у сваёй рабоце вырашаем, у асноўным, тактычныя задачы. Але наўрад ці мы мелі б такія магчымасці ў дыягностыцы і лячэнні анкалагічных пацыентаў у Рэспубліцы Беларусь, калі б Прэзідэнт нашай краіны А.Р. Лукашэнка не рэалізаваў шматпланавую стратэгію адносна аховы здароўя. Што я маю на ўвазе? Па-першае, толькі дзякуючы А.Р.Лукашэнку пабудавана вялікая колькасць сучасных, не саступаючых сусветнаму ўзроўню, будынкаў для лячэбных устаноў. Толькі ў нашым Цэнтры за апошні час пабудавана пяць спецыялізаваных камфартабельных будынкаў і рэканструявана яшчэ 3 карпусы.

Па-другое, толькі дзякуючы Прэзідэнту медыцына атрымала вялікую колькасць суперсучаснай дыягнастычнай апаратуры і цяжкай лячэбнай тэхнікі для абследавання і лячэння пацыентаў.

Па-трэцяе, нашыя супрацоўнікі ў розны час за кошт дзяржавы маглі прайсці стажыроўку ў вядучых медыцынскіх цэнтрах свету. Цяпер яны плённа працуюць і навучаюць медыцынскіх работнікаў, якія прыехалі да нас з іншых краін. Анкалогія — вельмі затратная вобласць не толькі ў медыцыне, але і ў краіне. Лекавыя прэпараты розных груп і класаў каштуюць вялізных грошай. Прэзідэнт вырашыў і гэту праблему. Фармацэўтычная прамысловасць перабудавалася і стала вырабляць вялікую колькасць цытастатыкаў, гармонаў, імунамадулятараў і інш. Аналагі імпартных прэпаратаў, якія выпускаюцца ў краіне, нашмат таннейшыя, а па эфектыўнасці ў плане лячэння не саступаюць імпартным.

Такім чынам, усе мы павінны зразумець і засвоіць, што за нашае здароўе мы нясем адказнасць у першую чаргу перад самім сабой, сваёй сям’ёй, грамадствам. Не пайшоў на медычны агляд адзін раз, другі, з’явілася пухліна, і чалавек пра гэта не ведае. Пухліна паступова з’ядае арганізм, нарастаюць сімптомы інтаксікацыі, становіцца цяжка жыць і працаваць. Пацыент ідзе да ўрача, а там ужо рак, які далёка зайшоў і бачны доктару няўзброеным вокам. І рабіць нешта ўжо позна з-за нядбайнага стаўлення да свайго здароўя. Я не запалохваю, а папярэджваю, якая можа скласціся жыццёвая сітуацыя.

Сям’я таксама пакутуе — маральна, матэрыяльна, фізічна ад гора, якое прыйшло да іх. Чалавек працаваў, прыносіў карысць, быў запатрабаваны ў калектыве, а з-за абыякавага стаўлення да свайго здароўя становіцца інвалідам. Грамадства павінна яго ўтрымліваць, даваць групу інваліднасці... Фактычна чалавек сам давёў сябе да такога стану, не сачыў за сваім здароўем. А дзяржава магла выдаткаваць гэтыя грошы на будаўніцтва школ, устаноў і іншыя карысныя для людзей аб’екты, а таксама на паляпшэнне дабрабыту грамадства.

Людзі! Змяняйце стаўленне да свайго здароўя і будзьце больш арганізаваныя і адказныя!

Анкалагічны музей стане унікальным на постсавецкай прасторы 

Я прапрацаваў у анкалогіі каля 50 гадоў, з іх 32 гады — на пасадзе намесніка дырэктара па лячэбнай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М.М.Аляксандрава. Станаўленне, развіццё анкалагічнай службы краіны праходзіла на маіх вачах і пры маім удзеле. Выяўлены кантраст таго, што было раней і якіх вышынь дасягнула анкалогія да цяперашняга часу ў Рэспубліцы Беларусь, садзейнічаў з’яўленню ў мяне думкі аб стварэнні музея анкалагічнай службы ў нашай краіне. Музей такога профіля з’яўляецца першым праектам у краіне і на постсавецкай прасторы.

Статыстыка кажа, што да 2030 года кожны 25-ы жыхар Беларусі будзе захворваць на рак. Такая тэндэнцыя характэрна для большасці краін свету. Актуальнасць музея на сучасным этапе абумоўлена пастаянным ростам захваральнасці насельніцтва Беларусі на злаякасныя новаўтварэнні і ў той жа час разуменне, якое ўсё больш пашыраецца ў грамадстве, што сёння «рак — не прыгавор, а дыягназ, сур’ёзны і небяспечны». Пры абмеркаванні маёй ідэі аб стварэнні такога музея на базе Цэнтра з яго дырэктарам, прафесарам, доктарам медыцынскіх навук Сяргеем Львовічам Паляковым, урачамі, якія працуюць працяглы час у анкалогіі, была падтрымана мэтазгоднасць і неабходнасць гэтага праекта. Я далажыў Міністру аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрыю Леанідавічу Піневічу і губернатару Мінскай вобласці Аляксандру Генрыхавічу Турчыну (Цэнтр знаходзіцца на тэрыторыі Мінскага раёна) аб ідэі стварэння музея анкалагічнай службы Рэспублікі Беларусь. Яны падтрымалі прапанову і абяцалі ўсялякую дапамогу ў стварэнні музея і рэканструкцыі будынка. Таксама абмеркаваў гэтую ідэю з губернатарам Гродзенскай вобласці Уладзімірам Сцяпанавічам Каранікам, які доўгі час працаваў у анкалогіі і добра ведае гэтую службу, які пацвердзіў, што такі музей патрэбны і ён будзе садзейнічаць яго стварэнню. Дарэчы, Гродзенская вобласць ужо аказала пасільную спонсарскую дапамогу для рэканструкцыі будынка будучага музея.

Зыходзячы з сацыяльнай значнасці праблемы, якая ўяўляе сабой сур’ёзную пагрозу для дэмаграфічнай бяспекі краіны, музей, які ствараецца, будзе арыентаваны на шырокую аўдыторыю. Натуральна, што рэканструкцыя будынка і стварэнне яго ўнутранага інтэр’еру будуць весціся на спонсарскія грошы. Таму анколагі звяртаюцца да ўсіх кіраўнікоў устаноў і проста грамадзян нашай краіны аказаць, па магчымасці, спонсарскую дапамогу ў гэтым высакародным мерапрыемстве.

Музей стане інфармацыйна-адукацыйным ядром комплекснага ўяўлення аб гісторыі і сучасным стане анкалагічнай дапамогі, фарміраванні прывабнага іміджу айчыннай аховы здароўя, выхавання ў маладога пакалення пачуцця гонару, патрыятызму і жадання ўмацоўваць, захоўваць і памнажаць шматгадовыя традыцыі і дасягненні анкалагічнай службы на карысць здароўя. 

Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь, доктар медыцынскіх навук, прафесар Анатоль Сяргеевіч Маўрычаў. 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.